• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    — Няўжо?
    Том павярнуўся да мяне.
    — Ты жывеш непадалёк, Ніку?
    — У суседнім доме.
    — Няўжо?
    Містар Слоўн у размове не ўдзельнічаў, ён велічна разваліўся на фатэлі; дама таксама спачатку маўчала, але пасля двух віскі раптам палагаднела.
    — Мы ўсе прыйдзем на вашу наступную вечарыну, містар Гэтсбі, — абазвалася яна. — Вы не будзеце супраць?
    — Абавязкова прыязджайце. Буду рады вас прыняць.
    — Вось і цудоўна, — сказаў містар Слоўн без ценю ўдзячнасці ў голасе. — Тады... думаю, час выпраўляцца дадому.
    — Прашу вас, не спяшайцеся, — настойваў Гэтсбі. Ён зноў авалодаў сабой, і яму хацелася як мага болей вызнаць аб Томе. — Можа... Можа, застаняцеся на вячэру? Напэўна, заскочыць яшчэ хто-небудзь з Нью-Ёрка. Я ўжо звыкся з такімі сюрпрызамі.
    — He, вячэраць вы паедзеце ўжо да мяне, — з захапленнем усклікнула дама. — Вы абодва.
    Апошняе датычыла і мяне. Містар Слоўн падняўся.
    — Хадзем, — сказаў ён, звяртаючыся толькі да дамы.
    — Сур’ёзна, едзем да мяне! — не сунімалася яна. — Я буду радая, калі вы прыедзеце. Месца ўсім хопіць.
    Гэтсбі запытальна глянуў на мяне. Ён хацеў паехаць, але не заўважаў, што містар Слоўн усім сваім выглядам раіў таго не рабіць.
    — Баюся, у мяне не атрымаецца, — сказаў я.
    — А ў вас жа атрымаецца, — накінулася яна на Гэтсбі.
    Містар Слоўн зашаптаў ёй нешта на вушка.
    — Калі паедзем зараз, — ва ўвесь голас запярэчыла яна, — то не спознімся.
    — У мяне няма каня, — сказаў Гэтсбі. — У войску мне даводзілася ездзіць верхам, але каня я так сабе і не купіў. Тады я паеду за вамі на машыне. Выбачайце, я на хвілінку.
    Мы ўчацвярых выйшлі на веранду, Слоўн адвёў даму ўбок, між імі ўсчалася перапалка.
    — Божа, няўжо ён сапраўды збіраецца паехаць? — сказаў Том. — Хіба ён не бачыць, што ён ёй там не патрэбны?
    — Але ж яна запрашала яго.
    — Яна дае званую вячэру, а ён там нікога не ведае, — ён насупіўся. — Розуму не дабяру, дзе ж, халера на яго, ён пазнаёміўся з Дэйзі. Далібог, можа, мае погляды і старамодныя, але па-мойму, сучасныя жанчыны дужа шмат сноўдаюцца дзе трэба і дзе не трэба. Яшчэ сустрэнуць не зразумей якога цемрашала.
    Тут містар Слоўн і дама спусціліся па сходах і селі на коней.
    — Едзем, — сказаў містар Слоўн Тому, — мы спазняемся. Час ехаць, — а потым да мяне: — Перадайце яму, што мы не маглі чакаць, добра?
    Мы з Томам паціснулі адзін аднаму рукі, з астатнімі я абмяняўся халодным кіўком, потым яны пусцілі коней хуткім трушком і зніклі ў жнівеньскай лістоце якраз у тое імгненне, калі ў дзвярах з’явіўся Гэтсбі з капелюшом і лёгкім плашчом у руках.
    Відаць, Тома сапраўды непакоіла, што Дэйзі сноўдаецца недзе адна, таму ў наступную суботу ён прыйшоў на вечарыну Гэтсбі разам з ёй. Мабыць, ягоная прысутнасць надала вечару досыць гнятлівае атмасферы — у маёй памяці ён такі непадобны на іншыя вечары ў Гэтсбі. Людзі былі тыя самыя — ці, прынамсі, той самы тып людзей, — шампанскае гэтак сама лілося ракой, натоўп стракацеў на ўсе галасы і колеры, але ў паветры вісела штосьці непрыемнае, штосьці пранізлівае і рэзкае, чаго я не заўважаў тут раней. А можа, я проста пакрысе з усім звыкся, звыкся прымаць Вэст-Эг як свет, замкнуты ў сабе, са сваімі законамі і сваімі знакамітасцямі, свет непараўнальны ні з чым, бо іншым ён сам сябе не ўсведамляў, — і вось цяпер я глянуў на гэты свет па-іншаму, Дэйзінымі вачыма. Як жа гэта тужліва — расходуеш апошнія сілы, каб звыкнуцца з нечым, а потым пачынаеш глядзець на яго іншымі вачыма.
    Яны прыехалі, калі ўжо вечарэла; мы чацвёра праходжваліся ў іскрыстым натоўпе гасцей, і Дэйзін голас ліўся бесклапотным журчаннем.
    — Усё навокал такое ўзбуджальнае, — шаптала яна. — Ніку, калі сёння табе захочацца мяне пацалаваць, то дай толькі знак, і я з радасцю ўсё спраўлю. Толькі вымаві маё імя. Ці пакажы зялёную картку. Сёння я раздаю зялёныя...
    — Прайдзіцеся, разгледзьцеся, — прапанаваў Гэтсбі.
    — Што я і раблю. Проста цудоўна, тут...
    — Вы можаце ўбачыць некага, пра каго вы не раз чулі.
    Томаў пагардлівы позірк блукаў па натоўпе.
    — Мы рэдка выходзім у свет, — сказаў ён. — Сапраўды, я толькі што падумаў, што не бачу тут ніводнага знаёмага твару.
    — Магчыма, вам знаёмая вунь тая дама, — Гэтсбі паказаў на незвычайную прыгажуню, падобную больш да архідэі, чым да жанчыны, якая ў велічнай позе сядзела пад слівінай. Том і Дэйзі ўзіраліся ў яе вачыма, ахопленымі тым нязвыклым пачуццём нерэальнасці, якое ўзнікае, калі ў звычайным чалавеку пазнаеш недасяжную дагэтуль кіназорку.
    — Яна чароўная, — сказала Дэйзі.
    — Мужчына, які якраз схіліўся да яе, — гэта яе рэжысёр.
    Гэтсбі цырымонна падводзіў іх то да адной, то да другой кампаніі:
    — Місіс Б’юкэнан... і містар Б’юкэнан... — і аднаго разу, павагаўшыся, дадаў: — ...гулец у пола.
    — О не, — хуценька запярэчыў Том, — ніякі я не гулец.
    Але Гэтсбі, відаць, прыйшлося даспадобы, як гэта гучыць, бо да канца вечара Том так і застаўся «гульцом у пола».
    — Зроду не бачыла столькі славутасцей! — усклікнула Дэйзі. — Мне вельмі спадабаўся вунь той... як яго там?.. каторы з сінім носам.
    Гэтсбі назваў ягонае прозвішча і дадаў, што гэта малавядомы кінапрадзюсар.
    — Нічога, ён усё адно мне спадабаўся.
    — А можна не прадстаўляць мяне як гульца ў пола? — ветліва папрасіў Том. — Лепей глядзець на гэтых славутасцей проста, застаючыся ў цені.
    Гэтсбі запрасіў Дэйзі танцаваць факстрот. Памятаю, як мяне здзівілі ягоныя грацыёзныя, хоць і крышку старамодныя, рухі — я пакуль яшчэ не бачыў, як ён танцуе. Затым яны прашпацыравалі да майго дома і з паўгадзінкі прасядзелі на сходах, а я тым часам, на Дэйзіну просьбу, трымаў варту ў садзе: «На выпадак пажару або паводкі, — патлумачыла яна, — ці яшчэ якой-небудзь кары Божай».
    Том вынырнуў з ценю, калі мы сядалі вячэраць.
    — He будзеце супраць, калі я сяду за той стол? — спытаў ён. — Там адзін дасціпнік расказвае такія анекдоты.
    — Ідзі сабе, — лагодна адказала Дэйзі. — I на, вазьмі мой залаты аловак, калі захочаш запісаць які адрасок...
    Праз хвілю яна азірнулася да таго стала і сказала мне:
    — Канешне, прасцячка, але гожанькая.
    I я зразумеў, што за выняткам тых трыццаці хвілін, якія яна прабавіла сам-насам з Гэтсбі ў мяне на ганку, яе тут нічога не цешыла.
    Мы селі за столік, дзе ўсе госці былі ўжо на добрым падпітку. Гэта была цалкам мая віна — Гэтсбі паклікалі да тэлефона, а я два тыдні таму акурат з гэтымі людзьмі цудоўна прабавіў час. Але што мяне весяліла тады, цяпер нібы з’ялчэла на языку.
    — Як сябе пачуваеце, міс Бэйдыкер?
    Дзяўчына, да якой звярнуліся, усё спрабавала — зусім марна — задрамаць на маім плячы. Пачуўшы пытанне, яна схамянулася і расплюшчыла вочы.
    — Га?
    Мажная разамлелая жанчына, якая дагэтуль угаворвала Дэйзі пагуляць з ёй заўтра ў гольф у мясцовым клубе, прыйшла на дапамогу міс Бэйдыкер:
    — О, ёй ужо стала лепей. Пасля пяці-шасці кактэйляў яна заўжды пачынае так верашчаць. Я ўвесь час ёй кажу, што ёй нельга піць.
    — Я і не п’ю, — глуха абазвалася абвінавачаная.
    — Мы пачулі ваш ёкат, таму я сказала доктару Сывету: «Доктару, камусьці спатрэбілася вашая дапамога».
    — Пэўна, яна вам вельмі ўдзячная за турботы, — без тону падзякі ў голасе мовіла іншая дама. — Але акунаючы яе галавой у ваду, вы цалкам намачылі яе сукенку.
    — Болын за ўсё не люблю, калі мяне акунаюць галавой у ваду, — прамумліла міс Бэйдыкер. — Аднойчы ў Нью-Джэрсі мяне так ледзь не ўтапілі.
    — Тады кідайце піць, — заўважыў доктар Сывет.
    — На сябе паглядзіце! — узвілася міс Бэйдыкер. — У вас жа рукі калоцяцца! Каб я легла да вас на аперацыйны стол! Нізавошта!
    Такім ладам усё ішло далей. Бадай, апошняе, што згадваецца — гэта як мы з Дэйзі стаялі і назіралі за рэжысёрам і ягонай кіназоркай. Яны, як і раней, сядзелі пад слівінай, іхнія твары вось-вось былі гатовыя сустрэцца, раздзеленыя бляклым танюткім праменьчыкам месяца. Мне падумалася, што рэжысёр, каб дамагчыся гэтае блізкасці, на працягу ўсяго вечара патрошку схіляўся да яе, і толькі я так падумаў, як ён адолеў апошні бар’ер і пацалаваў яе ў шчаку.
    — Яна мне так падабаецца, — сказала Дэйзі. — Па-мойму, яна чароўная.
    Але ўсё іншае было ёй гідкае — канчаткова і беспаваротна, і гэтая гідкасць заставалася ўнутраным пачуццём без аніякае вонкавае праявы. Вэст-Эг — гэтае нібыта мястэчка, а нібыта і не, сумесь Брадвея і лонг-айлендскае рыбалавецкае вёсачкі — наводзіў на яе жуду, жахаў сваёй неўтаймаванай моцай, якая аж выпірала з непрамоўленых грубасцей, страшыў непазбежнай фатальнасцю,
    якая вяла ягоных жыхароў з адной пустэчы напрасткі ў пустэчу наступную, пужаў самою сваёй простасцю, якую Дэйзі не магла зразумець.
    Я сядзеў з імі на парадных сходах, пакуль усе чакалі свае машыны. Тут было цёмна, толькі з дзвярэй падала некалькі квадратных метраў яркага святла, якія патаналі далей у мяккім чорным ранку. Pas-nopas па фіранцы гардэробнай прабягаў чыйсьці цень, за ім — іншы, і ўрэшце — бясконцае шэсце ценяў, якія напамаджвалі сабе вусны і пудрыліся перад нябачным воку люстрам.
    — А хто гэты Гэтсбі насамрэч? — знянацку спытаў Том. — Кароль-бутлегер?
    — Хто табе такое сказаў? — спытаў я.
    — Ніхто. Проста падумалася. Ведаеш, большасць з гэтых наваспечаных багацеяў — звычайныя бутлегеры.
    — Толькі не Гэтсбі, — адрэзаў я.
    Ён памаўчаў якую хвілю. Жвір, пасыпаны перад домам, рыпеў у яго пад нагамі.
    — Так ці іначай, яму, пэўна, давялося добра напружыцца, каб сабраць тут увесь гэты звярынец.
    Ветрык крануў шэрае як туман футра на Дэйзіным каўняры.
    — Прынамсі, усе тут нашмат цікавейшыя за нашых знаёмых, — насілу вымавіла яна.
    — Нешта я не бачыў, што табе было аж так цікава.
    — Яшчэ як было.
    Том засмяяўся і павярнуўся да мяне.
    — А ты бачыў Дэйзін твар, калі тая дзяўчына папрасілася пад халодны душ?
    Дэйзі пачала падпяваць пад музыку. Яе ціхі рытмічны прышэпт укладаў у словы такое значэнне, якога яны ніколі раней не мелі і ніколі больш не займеюць. На высокіх нотах яе голас мілагучна ламаўся, але мкнуў услед за мелодыяй — зусім як кантральта, — і штораз пры такім пераходзе ў паветры быццам разлівалася трошку яе чароўнага цяпла.
    — Многа хто з’явіўся без запрашэння, — раптам сказала яна. — Тую дзяўчыну ніхто не запрашаў. Усе ўрываюцца да яго, а ён занадта ветлівы, каб пярэчыць.
    — А мне ўсё ж цікава, хто ён такі і чым займаецца, — не сунімаўся Том. — I думаю, што я тое вызнаю.