Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
— Вітаю, Джордан, — знянацку ўсклікнула яна. — Ходзь сюды, калі ласка.
Мяне ўсцешыла, што яна хоча са мной пагаварыць, таму што з усіх старэйшых дзяўчат яна
мне падабалася найбольш. Яна спытала, ці не іду я ў Чырвоны Крыж рабіць перавязкі. Я туды і ішла. Тады ці змагу я там сказаць, што сёння яна не прыйдзе? Пакуль Дэйзі гаварыла, афіцэр глядзеў на яе так, як таго прагне любая маладая дзяўчына, каб на яе гладзелі, і мне яшчэ гэта падалося вельмі рамантычным, менавіта таму я і дагэтуль памятаю тую сустрэчу. Афіцэра звалі Джэй Гэтсбі, і ад таго я чатыры гады яго ў вочы не бачыла — а калі мы сустрэліся на Лонг-Айлендзе, мне нават на думку не ўспала, што гэта быў той самы Гэтсбі.
Здарылася гэта ў тысяча дзевяцьсот сямнаццатым. А праз год да мяне ўжо заляцалася некалькі мужчын, я акурат пачала ўдзельнічаць у турнірах, таму з Дэйзі я бачылася не вельмі часта. Збольшага яна зналася з трошкі старэйшай кампаніяй, калі ўвогуле з кім-небудзь зналася. Пра яе хадзілі дзікія чуткі: нібы адным зімовым вечарам маці заспела яе за пакаваннем валізы, Дэйзі збіралася ў Нью-Ёрк, каб развітацца з нейкім вайскоўцам, які меў плыць праз Атлантыку. Тады яе ўдалося ўтрымаць, але потым яна некалькі тыдняў і словам не перамовілася з бацькамі. Болей яна з вайскоўцамі не фліртавала, бавілася толькі з парай маладзёнаў з горада, якіх не ўзялі ў войска ці то праз плоскаступнёвасць, ці то праз блізарукасць.
I наступнай восенню яна ўжо зноў весялілася, і весялілася як ніколі раней. Неўзабаве пасля перамір’я яна дэбютавала ў свеце, а ў лютым нібыта заручылася з адным нью-арлеанцам. У чэрвені выйшла замуж за Тома Б’юкэнана з Чыкага, такога пышнага і пампезнага вяселля ў Луісвілі адвеку не бачылі. Том прыехаў з сябрынай на сто галоў у чатырох спецыяльных вагонах і заарандаваў цэлы паверх гатэля «Мулбак», а напярэдадні вяселля падарыў Дэйзі жамчужныя каралі коштам у трыста пяцьдзясят тысяч долараў.
Я была яе дружкай на вяселлі. За паўгадзіны да гасціны я зайшла да яе ў пакой і бачу — Дэйзі ў расшытай кветкамі сукенцы ляжыць на ложку, гожанькая, як чэрвеньская ноч, і ў бэлю п’яная. У адной руцэ яна трымала бутэльку сатэрну, а ў другой — нейкі ліст.
— Павіншуй мян-не, — прамармытала яна. — Н-ніколі ў жыцці н-не піла, але якая ж смаката!
— Дэйзі, што здарылася?
Набралася я тады страху, скажу я вам; я ніводнай дзяўчыны не бачыла ў такім стане.
— Зар-раз, дар-ражэнькая, — яна пашоргала рукой у сметніцы, якая стаяла побач на ложку, і выцягнула адтуль жамчужныя каралі. — Аднясі іх уніз і аддай таму, хто іх пад-дарыў. I скажы ім усім, што Дэйзі пер-рдумала. Так і скажы: «Дэйзі пер-рдумала!»
I заплакала, яна румзала і румзала. Я выбегла з пакоя, знайшла пакаёўку яе маці, мы замкнулі дзверы і зацягнулі Дэйзі ў халодную ванну. А яна ўсё не выпускала з рук той ліст. Узяла яго з сабой у ванну, дзе змяла ў мокры шарык, і толькі тады дазволіла мне адкласці яго ў мыльніцу, калі ўбачыла, што ён разлезся шматкамі, зусім як снег.
Яна ні слова больш не прамовіла. Мы далі ёй нюхнуць нашатыру, прыклалі да скроняў лёд, зноў нацягнулі на яе сукенку, і калі праз паўгадзіны мы выйшлі з пакоя, тыя каралі віселі ў яе на шыі, і ўвесь інцыдэнт быў замяты. Назаўтра а пятай гадзіне яна, і вокам не міргнуўшы, пашлюбавалася з Томам Б’юкэнанам і паехала ў трохмесячнае вясельнае падарожжа на паўднёвыя моры.
Я пабачылася з імі ў Санта-Барбары, калі яны вярталіся назад. Я тады яшчэ падумала, што ніколі не бачыла дзяўчыны, якая так утрапёна кахае ўласнага мужа. Варта яму было хоць на хвілю выйсці з пакоя, як яна занепакоена азіралася і пытала: «А куды дзеўся Том?» — а потым вадзіла навокал разгубленым позіркам, пакуль ён зноў не з’яўляўся ў дзвярах. Бывала, яна гадзінамі сядзела на пляжы, трымаючы ягоную галаву ў сябе на каленях, вадзіла пальцамі па ягоных павеках і, здавалася, не магла ім налюбавацца. Бачыш іх разам — і аж душу кранае і зачароўвае, што міжволі ўсміхаешся. To было
ў жніўні. А неяк увечары — мяне ўжо тыдзень як не было ў Санта-Барбары — Том гнаў па Вентурскай шашы і ўрэзаўся ў грузавік, дый так, што ў ягонае машыны адляцела пярэдняе кола. Дзяўчына, якая была з ім, таксама трапіла ў газеты, бо зламала руку. Гэта была пакаёўка з гатэля ў Санта-Барбары.
У наступным красавіку Дэйзі нарадзіла дачушку, і яны на год з’ехалі ў Францыю. Неяк увесну я сустрэла іх у Канах, пазней — у Давіле, а потым яны вярнуліся ў Чыкага, дзе і аселі. Як вы ведаеце, у Чыкага Дэйзі была мясцовай знакамітасцю. Яны з Томам выбіраліся ў свет у гульной кампаніі — усе спрэс маладыя багацеі і баламуты, але Дэйзіна рэпутацыя заўжды заставалася бездакорнай. Можа, таму што яна не п’е. Цвярозы ў п’янай кампаніі мае вялікія выгоды. Ён — гаспадар свайму языку і, болей за тое, можа ўчыніць якое-небудзь свавольства, пакуль усе навокал панапіваліся так, што нічога не бачаць і не цямяць. А можа, у Дэйзі ўвогуле ніколі не было любоўных інтрыжак, хоць у яе голасе прыхавалася нешта такое...
А месяца паўтара таму яна пачула імя Гэтсбі, упершыню за ўсе гэтыя гады. Памятаеце? Я спытала яшчэ, ці знаёмыя вы ў вашым Вэст-Эгу з Гэтсбі. Вы тады паехалі дадому, а Дэйзі зайшла да мяне ў пакой, разбудзіла мяне і спытала: «Што за Гэтсбі?» А калі я спрасонку апісала яго, яна надзвычай
дзіўным голасам прамовіла, што гэта, мусіць, той самы, з кім яна некалі была знаёмая. I толькі тады я скеміла, што Гэтсбі і ёсць той афіцэр у яе белым аўтамабілі.
Джордан Бэйкер скончыла свой аповед, мы даўно ўжо выйшлі з «Плазы» і недзе з паўгадзіны як каталіся ў фаэтоне па Цэнтральным парку. Сонца закацілася за высокія дамы кіназорак на Пяцідзясятых вуліцах заходніх кварталаў, і толькі тонкія дзявочыя галасы, не раўнуючы цвыркуны ў траве, уздымаліся ў задушлівае сутонне:
«Султан з Усходу я, Твая любоў — мая. Ў пакоі, дзе ты спіш, Япраслізну, якмыш...»
— Дзіўнае супадзенне, — сказаў я.
— Ніякае гэта не супадзенне.
— Чаму?
— Гэтсбі купіў той дом, бо на іншым баку праліва жыве Дэйзі.
Значыць, тае чэрвеньскае ночы яго цягнула не толькі да зорак. Перад маімі вачыма паўстаў жывы чалавек, вызвалены з улоння бязглуздае раскошы.
— Ён хацеў у вас спытаць, — працягнула Джордан, — ці можаце вы як-небудзь па абедзе запрасіць Дэйзі да сябе ў госці і ці не мог ён тады зазірнуць да вас?
Сціпласць гэтае просьбы агаломшыла мяне. Ён прачакаў пяць гадоў, купіў асабняк, дзе святло зорак марнуецца на выпадковых мятлікаў, — і ўсё дзеля таго, каб мець магчымасць «зазірнуць» як-небудзь па абедзе ў чужы сад.
— I мне трэба было выслухаць усю гэтую гісторыю дзеля такое дробязі?
— Ён баіцца. Ён столькі чакае. Думае, што гэта можа вас абразіць. Прыгледзецца, дык натура ён даволі ўпартая.
Мяне ўсё ж нешта непакоіла.
— А чаму ён не папрасіў вас зладзіць сустрэчу?
— Ён хоча, каб Дэйзі пабачыла ягоны дом, — патлумачыла Джордан. — А вы жывяце акурат побач.
— А-а!
— Мяркую, так ці іначай ён спадзяваўся, што калісьці яна завітае да яго на вечарыну, — вяла далей Джордан. — Але яна не завітала. Потым ён пачаў нібы міжволі распытваць, ці ведае яе хто, і першай натрапіў на мяне. Гэта здарылася тым вечарам, Kani ён паслаў па мяне лёкая. Чулі б вы, як ён хадзіў кругом ды навокал, перш чым перайсці да сутнасці.
Вядома, я адразу прапанавала сустрэцца за абедам у Нью-Ёрку, на што ён ледзь розум не страціў. «Але я не хачу нічога такога надзвычайнага! — усё паўтараў ён. — Толькі сустрэцца з ёю ў суседа, і ўсё». Калі я сказала, што вы даўні Томаў сябар, ён ужо быў хацеў кінуць усю задуму. Пра Тома ён амаль нічога не ведае, хоць і сцвярджае, што некалькі гадоў чытаў чыкагскую газету ў спадзеве натрапіць на імя Дэйзі.
Тым часам сцямнела, мы праехалі пад мастком, я прыабняў залацістыя плечы Джордан, прытуліў яе да сябе і запрасіў на вячэру. Раптам я забыў і аб Дэйзі, і аб Гэтсбі, маімі думкамі авалодала адна гэтая чыстая і непарушная душа, абмежаваная прыхільніца ўсёахопнага скептыцызму, якая ў гэтае імгненне нядбайна гарнулася ў мае абдоймы. У маёй галаве імкліва і ўзбуджальна запульсавалі словы: «Ёсць толькі гнаныя ахвяры і пераследнікі-гончыя, нястомныя дзеячы і стомленыя душы».
— Дэйзі таксама трэба мець нешта ў жыцці, — прамармытала Джордан.
— А сама яна хоча ўбачыцца з Гэтсбі?
— Ёй нельга пра гэта ведаць. Гэтсбі не хоча, каб яна даведалася. Вам толькі і трэба, што запрасіць яе на кубачак гарбаты.
Мы прамінулі сцяну цёмных дрэў, слабае бляклае святло высвеціла расплывістыя фасады Пяцьдзясят дзявятае вуліцы, якая спускалася далей у парк.
У адрозненне ад Гэтсбі і Тома Б’юкэнана, я не меў дзяўчыны, чый твар нібы фантом лунаў сярод цёмных карнізаў і сляпучых агнёў рэкламы, таму я мацней прытуліў да сябе тую, што сядзела побач. Яе зняважлівыя вусны расцягнуліся ва ўсмешцы, і я зноў прытуліў яе да сябе яшчэ бліжэй, пакуль яе вусны не сустрэліся з маімі.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Вярнуўшыся той ноччу да сябе ў Вэст-Эг, я на імгненне спужаўся, што мой дом ахапіла полымя. Другая гадзіна ночы, а ўвесь канец мыса зіхацеў — жывая агароджа аточана незямным свячэннем, уздоўж дарогі ільсніліся бліскучыя рысы тэлеграфных правадоў. Толькі завярнуўшы за рог, я зразумеў, што гэта дом Гэтсбі ззяў усімі агнямі ад вежы да падвала.
Спярша мне падалося, што чарговая вечарына перасунулася ў дом, дзе госці дзікім вэрхалам гойсаюць па ўсіх пакоях, гуляючы ў хованкі ці жмуркі. Але адтуль не было чуваць ні гуку. Толькі вецер шумеў у дрэвах і гайдаў правады, ад чаго святло ў вокнах то гасла, то запальвалася — узнікала ўражанне, быццам дом падміргвае некаму ў цемры. Маё таксі завуркатала і паехала прэч, а я ўбачыў Гэтсбі, які ішоў да мяне па газоне.
— У вас ілюмінацыя як на сусветнай выставе, — сказаў я.
— Няўжо? — ён акінуў свой дом няўважлівым позіркам. — Я толькі зазірнуў у пару пакояў. Дружа, а паехалі на Коні-Айленд. На маёй машыне.
— Ужо запозна.
— Тады, можа, скокнем у басейн? Я за лета так у ім і не паплаваў.
— Мне трэба ісці спаць.
— Добра.
Ён чакаў і глядзеў на мяне, ледзь стрымліваючы хваляванне.
— Я размаўляў з міс Бэйкер, — сказаў я нарэшце. — Заўтра я пратэлефаную Дэйзі і запрашу яе на гарбату.
— А, добра, — нядбайна прамовіў ён. — Я не хацеў нарабіць вам клопату.
— Які дзень будзе вам зручнейшы?