• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    — Калі вам будзе зручна.
    Я ўжо хацеў спытаць ягонае прозвішча, як Джордан азірнулася і з усмешкай спытала:
    — Ну, як вам бавіцца цяпер?
    — Нашмат лепей, — я зноў абярнуўся да свайго новага знаёмца. — Ведаеце, для мяне гэта ўсё надта незвычайна. Гаспадара я пакуль у вочы не бачыў. Мой дом вунь там... — я махнуў рукой у бок нябачнае ўдалечыні агароджы. — А гэты Гэтсбі паслаў да мяне шафёра з запрашэннем.
    Імгненне мой суразмоўца разгублена глядзеў на мяне, а потым раптам прамовіў:
    — Гэтсбі — гэта я.
    — Што! — вырвалася ў мяне. — О, прашу, прабачце мне.
    — Я думаў дружа, што вы ведаеце. Баюся, гаспадар з мяне кепскі.
    Ён прыязна ўсміхнуўся — не, нават болей, чым прыязна. Гэта была адна з тых рэдкіх усмешак, у якой адчуваецца невычэрпная спагада і якая ў жыцці сустракаецца разы чатыры-пяць, не больш. За кароткае імгненне яна здолела ахапіць — прынамсі так падавалася — увесь навакольны свет, пасля вылучыць з яго цябе і аддацца табе цалкам і бясспрэчна. У ёй адчувалася, што цябе разумеюць так, як табе патрэбна, вераць у цябе настолькі, наколькі табе таго хочацца, успрымаюць цябе так, што пасля дакладна застануцца толькі лепшыя аб табе ўражанні. Усмешка раптам знікла, і я зноў убачыў перад сабой элегантнага, крыху хуліганістага маладога чалавека гадоў трыццаці з нечым, які меў амаль смяхотную звычку выказвацца да скрупулёзнасці правільна. Тое, як старанна ён падбірае словы, мяне ўразіла яшчэ да таго, як ён прадставіўся.
    Амаль у тое ж імгненне, як ён назваўся, да яго падбег лёкай з паведамленнем, што Чыкага на про-
    вадзе. Гэтсбі папрасіў прабачэння з лёгкім паклонам, прызначаным кожнаму з нас.
    — Дружа, калі вы нечага захочаце, то проста скажыце, — сказаў ён мне. — Даруйце. Неўзабаве я зноў да вас далучуся.
    Ён сышоў, а я тут жа павярнуўся да Джордан — мне карцела выгаварыцца пра сваё нечаканае знаёмства. Я ўяўляў сабе містара Гэтсбі румяным таўстуном немаладога веку.
    — Хто ён такі? — спытаў я. — Вы ведаеце?
    — Толькі тое, што ягонае прозвішча Гэтсбі.
    — Але адкуль ён? Чым займаецца?
    — Ну, вось цяпер і вам стала цікава, — з цьмянай усмешкай адказала яна. — Неяк ён сказаў, што вучыўся ў Оксфардзе.
    Яго невыразная постаць набыла першыя абрысы, але наступныя словы Джордан зноў іх развеялі.
    — Аднак я ў гэта не веру.
    — Чаму?
    — He ведаю, — працягнула яна. — Проста не верыцца, што ён там быў.
    Штосьці ў яе тоне нагадала мне словы тае іншае дзяўчыны: «Я чула, ён забіў чалавека», — і гэта толькі падахвоціла маю цікаўнасць. Калі б нехта заявіў, што Гэтсбі родам з Луізіянскіх балот альбо з дна нью-ёркскага Іст-Сайда, я без разваг з тым пагадзіўся б. I гэта магло быць праўдай. Але ж маладыя
    людзі не могуць — прынамсі мой правінцыяльны розум верыў, што не могуць, — проста так узяць з’явіцца з ніадкуль і купіць сабе палац на беразе праліва Лонг-Айленд.
    — Ва ўсякім разе вечарыны ён ладзіць вялікія, — Джордан з тыповай для гараджаніна непрыяззю да канкрэтыкі пераключылася на іншую тэму. — А я люблю вялікія вечарыны. На іх можна пабыць сам-насам з сабою. На малых вечарынах пабыць на самоце немагчыма.
    Грымнулі барабаны, і над людскім гулам раптам залунаў голас дырыжора.
    — Лэдзі і джэнтльмены, — усклікнуў ён. — Па просьбе містара Гэтсбі мы зараз маем сыграць для вас найноўшую кампазіцыю містара Уладзіміра Тостава, якая ў траўні выклікала столькі ўвагі ў Карнегі-хол. 3 газет вам, мабыць, вядома, што яна стала вялікай сенсацыяй, — ён усміхнуўся і з паблажлівай добразычлівасцю дадаў: — Надзвычайнай сенсацыяй!
    На гэта ўсе засмяяліся.
    — Прашу, — бадзёра завяршыў ён, — Уладзімір Тостаў, «Сусветная гісторыя ў джазе».
    Сутнасць кампазіцыі містара Тостава прайшла міма мяне, бо ад самага яе пачатку ўся мая ўвага была скіраваная да Гэтсбі, які стаяў на мармуровых сходах і пераводзіў задаволены позірк з аднае кам-
    паніі гасцей на другую. Гладкую скуру на ягоным твары адцяняў вабны цемнаваты загар, кароткія валасы, відаць, падстрыгалі кожны дзень. Мне не бачылася ў ім нічога кепскага. Цікава: ён настолькі вылучаецца сярод гасцей толькі таму, што зусім не п’е? Бо, як мне падавалася, чым гарачэй усе весяліліся, тым правільнейшымі рабіліся ягоныя абрысы. «Сусветная гісторыя ў джазе» скончылася, і дзяўчаты ўдавана-даверліва прыхілілі галовы да мужчынскіх плячэй, некаторыя дзеля жарту млелі і падалі ў мужчынскія рукі, a то і проста ў натоўп — вядома, нехта іх ды падхопіць. Але каля Гэтсбі ніхто прытомнасці не траціў, ніводная завітая на французскую моду кудзерка не кранала ягонага пляча, ніводзін вакальны квартэт каля яго не вырастаў.
    — Прашу мне прабачыць.
    Знянацку перад намі вырас лёкай Гэтсбі.
    — Міс Бэйкер? — спытаўся ён. — Прашу мне прабачыць, але містар Гэтсбі хацеў бы пагутарыць з вамі сам-насам.
    — Са мной? — здзіўлена ўсклікнула яна.
    — Так, мадам.
    Яна павольна паднялася і, акругліўшы ў подзіве вочы, рушыла следам за лёкаем да дома. Я заўважыў, што сваю вячэрнюю сукенку, як і ўсе сукенкі, яна насіла так, быццам гэта спартыўнае адзенне — у яе рухах таілася пэўная бойкасць, быццам хадзіць яна
    вучылася на занятках па гольфе празрыстай золкай раніцай.
    Я застаўся адзін, блізілася другая гадзіна. 3 шырокага пакоя, шматлікія вокны якога вызіралі на тэрасу, час ад часу даносіўся дзіўны невыразны гук. Каб пазбегнуць студэнта Джордан, які ўпрошваў мяне далучыцца да гутаркі на гінекалагічныя тэмы, якую ён вёў з дзвюма харысткамі, я зайшоў у дом.
    У вялікім пакоі была гурма народу. Адна з дзяўчат у жоўтым грала на піяніна, побач з ёй стаяла высокая рудавалосая дама, салістка знакамітага хору, і спявала. Крыху захапіўшыся шампанскім, дама цяпер па ходзе песні прыйшла да несвоечасовае высновы, што ўсё навокал пранізана вялікім-вялікім смуткам, і таму спявала і залівалася слязьмі. Кожную паўзу ў песні яна запаўняла задушанымі перарывістымі рыданнямі і чарговы радок вяла далей дрыготкім сапрана. Слёзы вольна ліліся па яе шчоках, аднак завісшы на густа падведзеных вейках і ўвабраўшы ў сябе атрамантавую фарбу, яны пазначалі свой далейшы шлях маруднымі чорнымі ручаямі. Адзін дасціпнік прапанаваў ёй праспяваць па нотах са свайго твару, на што яна ўскінула рукі, упала ў фатэль і вокамгненна правалілася ў глыбокі п’яны сон.
    — Яна пасварылася з мужчынам, які называе сябе яе мужам, — патлумачыла дзяўчына побач са мной.
    Я разгледзеўся. Большасць жанчын, што засталіся тут, сварыліся з мужчынамі, якія называлі сябе іхнімі мужамі. Сваркі не абмінулі нават кампанію Джордан. Адзін мужчына з гэтага Іст-Эгаўскага квартэта асабліва захапіўся размовай з маладой актрысай, ягоная жонка спачатку ўсміхалася і ўдавала, быццам нічога не адбываецца, а потым здалася і пайшла ў флангавую атаку — з адладжанай перыядычнасцю яна вырастала разгневаным брыльянтам ля ягонага пляча і шыпела яму на самае вуха: «Ты ж абяцаў!»
    Тым часам ехаць дадому адмаўляліся ўжо не толькі мужы, якія пайшлі ў разгул. У перадпакоі два да жалю цвярозыя мужчыны тапталіся каля сваіх надзвычай абураных жонак, якія зрывістымі галасамі жаліліся адна адной.
    — Толькі ён убачыць, што мне весела, і ўжо дадому цягне.
    — Большага эгаіста свет не бачыў.
    — Мы заўжды сыходзім першымі.
    — I мы таксама.
    —Ну, сёння мы сярод апошніх, — нясмела прамовіў адзін з мужоў. — Аркестр з’ехаў паўгадзіны таму.
    Жонкі ў адзін голас узяліся дакараць, што ўсё гэта нечуванае нахабства, але дыскусія трывала нядоўга, і яны абедзве, як ні супраціўляліся і як ні махалі нагамі, былі вынесеныя ў ноч.
    У перадпакоі я пачакаў на свой капялюш, тым часам дзверы ў бібліятэку расчыніліся, і ўвайшлі Джордан Бэйкер з Гэтсбі. Ён дагаворваў ёй нешта, але толькі да яго наблізіліся пара гасцей, каб развітацца, як увесь ягоны запал у адно імгненне скамячыўся ў сухую фармальнасць.
    Спадарожнікі Джордан стаялі ля выхаду і нецярпліва клікалі яе, але яна затрымалася, каб паціснуць мне руку.
    — Толькі што я даведалася пра такое... — прашаптала яна. — Колькі часу мы там прабылі?
    — Недзе з гадзіну.
    — Проста неверагодная гісторыя, — задумліва паўтарыла яна. — Але я паклялася, што нікому яе не раскажу, не буду болын вас інтрыгаваць, — яна міла пазяхнула мне прама ў твар. — Можа, зазірняце да мяне... Тэлефон ёсць у даведніку... Пад імем місіс Сігурні Говард... Маёй цётухны... — і яна прыспешылася да дзвярэй, яе загарэлая рука па-заліхвацку адсалютавала, і дзяўчына растварылася сярод сяброў.
    Мне стала сорамна, што мой першы візіт так зацягнуўся, таму я падышоў да Гэтсбі, які стаяў у акружэнні апошніх гасцей. Я хацеў патлумачыць, што шукаў яго з самага пачатку, і папрасіць прабачэння, што не пазнаў яго тады ў садзе.
    — Нават і не згадвайце, — паспяшаўся ён мяне Супакоіць. — Дружа, тое не варта ўспаміну, —
    у гэтых ягоных фамільярных словах было не больш фамільярнасці, чым у заспакаяльным дотыку ягонае далоні да майго пляча. — I не забудзьце: заўтра а дзявятай раніцы мы выпрабоўваем гідраплан.
    Потым за ягоным плячом гукнуў лёкай:
    — Філадэльфія выклікае, сэр.
    — Добра, хвіліначку. Скажы ім, я зараз прыйду... Дабранач.
    — Дабранач.
    — Дабранач, — ён усміхнуўся, і мне раптам здалося, што ён задаволены тым, што я адыходзіў разам з апошнімі гасцямі, быццам ён увесь час толькі таго і хацеў. — Дабранач, дружа... Дабранач.
    Сышоўшы па сходах, я ўбачыў, што вечарына зусім яшчэ не скончылася. Крокаў за пяцьдзясят ад ганка тузін аўтамабільных фар асвятлялі гратэскнае хаатычнае відовішча. У прыдарожнай канаве, задзёршы дагары правы бок, якому лютай сілай адарвала адно кола, спачываў навюткі лімузін, які дзве хвіліны таму выехаў з брамы Гэтсбі. Востры выступ муру тлумачыў, чаму адарвалася кола, над якім цяпер скупілася з паўтузіна цікаўных кіроўцаў. Кінутыя імі аўтамабілі заблакавалі выезд, утварыўся затор, і рэзкае бязладнае гудзенне клаксанаў надавала спектаклю раз’юшанае сумятні.
    3 разбітага аўтамабіля вылез мужчына ў даўгім плашчы і, стаўшы пасярод дарогі, вадзіў радасна-
    збянтэжаным позіркам з лімузіна на кола, з кола на гледачоў.
    — Глядзі-тка! — усклікнуў ён. — У канаву заехаў.
    Відавочна, гэта яго надта здзівіла, акурат ягоную манеру здзіўляцца я і пазнаў спачатку — і толькі потым самога мужчыну. Мужчыну з бібліятэкі Гэтсбі.
    — Як гэта здарылася?