Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
— Усякае рознае. Якога лэдзі жадае?
— Мне б нямецкую аўчарку; але ў вас, пэўна, не будзе.
Стары з сумневам утаропіўся ў кошык, занырнуў туды рукой і выцягнуў за шкірку шчаня, якое віхлялася і выкручвалася.
— Гэта не аўчарка, — сказаў Том.
— Так, не зусім аўчарка, — у голасе дзядка чулася расчараванне. — Хутчэй эрдэль, — ён прыгладзіў рукой пухкую поўсць на спіне. — Але толькі гляньце на шэрстку. Што за шэрстка! Такі сабака ніякае прастуды не падчэпіць.
— Які ён міленькі! — захоплена прамовіла місіс Ўілсан. — Колькі ён каштуе?
— Гэты? — Дзядок залюбаваўся на шчанюка. — Вам аддам за дзесяць долараў.
Эрдэль — без сумневу нейкая помесь эрдэля, хоць ягоныя лапы былі надзіва белыя, — перакачаваў у іншыя рукі і прымасціўся на каленях у місіс
Ўілсан, якая ад зачаравання ўзялася гладзіць ягоную воданепранікальную поўсць.
— Гэта хлопчык ці дзяўчынка? — тактоўна запытала яна.
— Гэты сабачка? Гэты сабачка — хлопчык.
— Гэта сука, — адрэзаў Том. — Вось вашыя грошы. Купіце на іх яшчэ дзесяць такіх шчанюкоў.
Мы паехалі на Пятую авеню, якая тым нядзельным днём выдалася амаль па-вясковаму цёплай і прыемнай, і я не здзівіўся б, калі б з-за рага вуліцы выйшла вялізная чарада белых авечак.
— Спыніцеся, — сказаў я. — Я выйду тут.
— He выйдзеш, — хуценька спыніў мяне Том. — Міртл пакрыўдзіцца, калі ты не паедзеш да нас. Праўда, Міртл?
— Ну давайце, — запэўніла яна. — Я патэлефаную сястры Кэтрын. Яна ў нас вельмі прыгожая, як кажуць дасведчаныя людзі.
— Я б з задавальненнем, але...
Мы паехалі далей па Парк-авеню і зноў павярнулі на Заходнюю Сотую. На Сто пяцьдзясят восьмай вуліцы таксі спынілася ля шматкватэрнага дома, падобнага да даўгога кавалка белага торта. Акінуўшы наваколле позіркам каралевы, якая вяртаецца дадому, місіс Ўілсан падхапіла сабачку з іншымі пакупкамі і велічнай хадою зайшла ўсярэдзіну.
— Я запрашу абаіх Маккі, — аб’явіла яна, калі мы падымаліся ў ліфце. — I вядома, я пратэлефаную сястры.
Кватэра была на апошнім паверсе — маленькая гасцёўня, маленькая сталовая, маленькая спальня і ванная. Гасцёўня да самых дзвярэй была застаўленая надта для яе грувасткай мэбляй з габеленавай абіўкай: куды ні сунься, абавязкова зачэпішся за якую-небудзь сцэну з жыцця дам Версальскіх садоў. На сцяне вісела толькі адна карціна — празмерна павялічаная фатаграфія, якая на першы погляд здавалася выявай курыцы, што сядзела на запэцканым камені. 3 адлегласці ў курыцы пазнаваўся капялюшык, з-пад якога на вас вызіраў твар старой матроны. На стале ляжала кіпа старых нумароў «Таўн 'тэтла», асобнік «Сымона, званага Пятром» і некалькі невялічкіх брадвейскіх часопісаў скандальнага зместу. Перадусім місіс Ўілсан занялася сабачкам. Хлопчык-ліфцёр неахвотна пайшоў па скрыню з саломай і малако, да якога ён з уласнае ініцыятывы дадаў бляшанку вялізных каляных сабачых сухарыкаў — адзін такі сухарык да самага вечара безуважна расчыняўся ў сподачку з малаком. Тым часам Том адамкнуў дзверцы секрэтэра і выняў адтуль пляшку віскі.
За ўсё жыццё я напіваўся толькі двойчы, другі раз быў якраз у той дзень. Усё, што там адбывалася,
я бачыў нібы скрозь цьмяную засмужаную павалоку, хоць да восьмай гадзіны кватэру напаўняла радаснае сонечнае святло. Седзячы ў Тома на каленях, місіс Уілсан назвоньвала розным сваім знаёмцам; потым выявілася, што ні ў кога з нас няма пры сабе цыгарэт, і я пайшоў па іх у аптэку на рагу вуліцы. Калі я вярнуўся, у гасцёўні нікога не было. Я ціха сеў у куток і прачытаў раздзел «Сымона, званага Пятром»; не ведаю, ці то кніжка была жахліва напісаная, ці то віскі сказіла маё ўспрыманне, але кніга падалася мне бязглуздай.
Толькі Том і Міртл — пасля першага тосту мы з місіс Уілсан пачалі называць адно аднаго па імені — вярнуліся ў гасцёўню, як на парозе кватэры паказаліся першыя госці.
Кэтрын, сястра Міртл, выявілася зграбнай свецкай жанчынкай гадоў трыццаці з густой капой рудых коратка пастрыжаных валасоў і малочна-белым ад пудры тварам. Яе выскубеныя бровы былі нанава намалёваныя пад больш задзірлівым вуглом, але прырода імкнулася вярнуць ім колішнюю акрэсленасць, ад чаго твар рабіўся крыху размытым. Кожны яе рух суправаджала несціханае лясканне незлічоных керамічных бранзалетаў, якія коўзаліся ўверх-уніз па руках. Яна ўвайшла ў гасцёўню такой хуткай упэўненай хадой і агледзела мэблю такім гаспадарчым позіркам, што я падумаў, магчы-
ма, яна тут жыве. Калі я гэта спытаў, яна залілася нястрыманым смехам, усё паўтараючы маё пытанне, і сказала, што жыве ў гатэлі з сяброўкай.
Бледны, падобны да жанчыны містар Маккі быў суседам знізу. Ён толькі-толькі пагаліўся — на шчацэ ў яго засталася пляма белае пены. Ён з празмернай пачцівасцю павітаў усіх у пакоі і паведаміў мне, што ён з «мастацкіх колаў»; пазней я даведаўся, што ён фатограф і што павялічаны цьмяны здымак Maui місіс Ўілсан, які нібы нешта пазасветнае завіс на сцяне, — ягоны твор. Ягоная жонка была вісклівай, апатычнай, прывабнай і невыноснай. Яна горда заявіла мне, што з дня вяселля муж нафатаграфаваў яе сто дваццаць сем разоў.
Місіс Ўілсан паспела пераапрануцца раней, і цяпер на ёй была вытанчаная вячэрняя сукенка з крэмавага шыфону, які шамацеў, калі яна праходзіла па пакоі. Сукенка падзейнічала на манеру яе паводзін. Палкая жывасць, якая так здзівіла мяне ў гаражы, ператварылася ва ўражальную пыху. Яе смех, жэсты і мова зрабіліся надта ўдаванымі, і з кожнай хвілінай, як яна гэткім чынам раскрывалася, прастора вакол яе змяншалася, пакуль мне не пачало здавацца, што місіс Ўілсан закруцілася ў задымленым паветры на нейкай гуллівай рыпучай восі.
— Даражэнькая, — усклікнула яна да сястры ненатуральна высокім голасам, — гэты люд толькі
і глядзіць, каб цябе ашукаць. У іх наўме адно — грошы. Тыдзень таму прыходзіла адна такая, педыкюр зрабіла, дык такі рахунак выставіла, быццам тут мне апендыцыт выразала.
-— Як яе клічуць? — спытала місіс Маккі.
— Місіс Эберхарт. Яна робіць педыкюр дома ў кліентаў.
— Мне так падабаецца вашая сукенка, — зазначыла місіс Маккі. — Проста цуд.
Місіс Ўілсан камплімента не прыняла.
— Ай, усё старое і зацяганае, — яна пагардліва ўзняла брыво. — Часам я надзяваю яе, калі няма розніцы, як выглядаю.
— Але вам яна неверагодна пасуе, скажу я вам, — не здавалася місіс Маккі. — Калі б толькі Чэстар злавіў вас у гэтай позе, атрымаўся б сапраўдны твор мастацтва.
Мы ўсе моўчкі глянулі на місіс Ўілсан, якая адсунула з вачэй пасмачку валасоў і ўсміхнулася ў адказ асляпляльнай усмешкай. Містар Маккі, схіліўшы галаву набок, уважліва яе разглядаў, потым працягнуў далонь уперад, адвёў назад і зноў уперад.
— Памяняць бы асвятленне, — сказаў ён праз хвілю. — I рысы твару атрымаюцца выразнымі. I абавязкова цалкам захапіць у кадр прычоску.
— А я б асвятлення не мяняла, — усклікнула місіс Маккі. — Як на мяне, дык яго...
— Тшш! — прашыпеў яе муж, і ўсе зноў вярнуліся да былое гаворкі, але Том Б’юкэнан гучна пазяхнуў і ўстаў.
— Маккі, вам трэба выпіць, — сказаў ён. — Міртл, дадай яшчэ лёду і мінеральнае, a то мы тут усе паснём.
— Я ж прасіла ў таго хлопчыка лёд, — Міртл зморшчыла лоб у адчаі ад абыякавасці абслугі. — Што за людзі! За такімі толькі і глядзі ва ўсе вочы.
Яна зірнула на мяне і рассмяялася без дай прычыны. Затым яна схапіла сабачку, дала яму буську і паімчала на кухню, нібы дзясятак кухараў чакаў там яе ўказанняў.
— Я зрабіў некалькі неблагіх работ на Лонг-Айлендзе, — заявіў містар Маккі.
Том глянуў на яго тупым позіркам.
— Два з іх мы аправілі ў рамы і павесілі на першым паверсе.
— Два што? — спытаў Том.
— Фотаздымкі. Адзін я назваў «Мыс Монтак. Чаіцы», а другі — «Мыс Монтак. Мора».
Кэтрын, сястра Міртл, прысела да мяне на канапу.
— Вы таксама жывяце на Лонг-Айлендзе? — спытала яна.
— Я жыву на Вэст-Эгу.
— Сапраўды? 3 месяц таму я была там на вечарыне. У чалавека па прозвішчы Гэтсбі. Вы яго знаеце?
— Ён мой сусед.
— Ведаеце, кажуць, што ён ці то пляменнік, ці то стрыечны брат кайзера Вільгельма. Вось адкуль у яго такія грошы.
— Сапраўды?
Яна кіўнула.
— Страшна мне неяк — з ім не хочацца мець ніякіх спраў.
Гэтыя захапляльныя звесткі аб маім суседзе перапыніла місіс Маккі, якая раптам паказала пальцам на Кэтрын:
— Чэстару, мяркую, з ёй ты б нешта ды зрабіў, — залапатала яна, але містар Маккі толькі кіўнуў з сумным выглядам і пераключыў сваю ўвагу на Тома.
— Я б яшчэ папрацаваў на Лонг-Айлендзе, каб нехта ўвёў мяне ў тамтэйшы свет. Мне толькі даць добры старт, і ўсё, большага не трэба.
— А вы папрасіце Міртл, -— гучна рагатнуў Том, калі тая ўвайшла ў пакой з падносам у руках. — Яна напіша вам рэкамендацыйны ліст. Напішаш, Міртл?
— Што напісаць? — спалохана спытала яна.
— Ты дасі свайму мужу рэкамендацыю, каб Micrap Маккі зрабіў з ім пару здымкаў, — у роздуме ён бязгучна паварушыў вуснамі. — «Бензакалонка. Джордж Б. Ўілсан» ці нешта падобнае.
Кэтрын нахілілася да мяне і прашаптала на вуха:
— Яна не выносіць свайго мужа, а Том — сваю жонку.
— Праўда?
— Цярпець не могуць, — яна перавяла позірк з Міртл на Тома. — Вось я і кажу: навошта жыць далей з тым, каго не выносіш? Як на мяне, даўно б развяліся і пашлюбаваліся адно з адным.
— Яна таксама не любіць Ўілсана?
Адказ прыйшоў нечаканы. Ад самой Міртл, якая пачула пытанне, — адказ рэзкі і з мацюкамі.
— Бачылі? — з трыумфам усклікнула Кэтрын, а потым зноў знізіла голас. — На іхнім шляху ім замінае ягоная жонка. Яна каталічка, а каталікі разводу не вітаюць.
Дэйзі не была каталічкай, мяне ж крыху шакіравала прадуманасць гэтае хлусні.
— Калі яны ажэняцца, — працягнула Кэтрын, — яны крыху пажывуць на Захадзе, пакуль тут усё не парасце травою.
— Тады пажылі б ужо ў Еўропе.
— О, вам падабаецца Еўропа? — здзіўлена ўсклікнула яна. — Я толькі вярнулася з Монтэ-Карла.
— Сапраўды?
— Так, акурат летась. Я была там са знаёмай.
— Доўга там прабылі?
— He, мы толькі заехалі ў Монтэ-Карла і вярнуліся назад. Праз Марсель. У нас з сабой было кры-
ху больш за тысячу дзвесце долараў, але за два дні ў казіно нас абабралі дашчэнту. Прыемная выдалася паездачка назад, скажу я вам. Божа, як жа я зненавідзела той горад!
На хвіліну вечаровае неба за акном зазіхацела міжземнаморскім лазурытам, але потым вісклівы голас місіс Маккі вярнуў мяне ў пакой.