Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
Я ж быў запрошаны па ўсіх правілах. Ранкам у суботу мой лужок перайшоў кіроўца ў форме колеру блакітнага галубінага яйка і ўручыў мне надзіва афіцыйнае паведамленне ад свайго гаспадара:
для яго будзе высокім гонарам, пісаў Гэтсбі, калі ўвечары я завітаю на ягоную «невялічкую вечарыну». Маўляў, ён не раз бачыў мяне раней і ўжо даўно меўся нанесці мне візіт, але збег пэўных абставін усё гэтаму замінаў. I размашысты подпіс: Джэй Гэтсбі.
Апрануўшы белы фланелевы гарнітур, я на пачатку восьмай прайшоў у ягоны сад і праз хвілю адчуў сябе даволі ніякавата ў віры-віхуры незнаёмых мне людзей, хоць сям-там я і заўважаў твар, які бачыў раней у прыгарадным цягніку. Мяне адразу ж уразіла, колькі маладых англічан было паўсюль — усе добра апранутыя, з крыху галодным выглядам, яны ўпэўнена вялі ціхую гутарку з саліднымі заможнымі амерыканцамі. Я вырашыў, што яны нешта прадаюць: аблігацыі, страхавыя полісы або аўтамабілі. У кожным разе, было бачна, што прадчуванне лёгкіх грошай дрэнчыць іх і што, каб тыя грошы атрымаць, ім застаецца толькі падабраць пару слушных слоў.
Прыйшоўшы, я першым чынам паспрабаваў знайсці гаспадара, але пара-тройка гасцей, якіх я спытаў, дзе ён, здзіўлена на мяне вырачыліся і заўзята запярэчылі, што ведаць не ведаюць, куды ён дзеўся, і я тады хуценька рэціраваўся да кактэйльнага бара — адзінага месца ў садзе, дзе адзінокі мужчына мог крыху затрымацца, не прыцягваючы ўвагі сваёй адзінотай ці непрыкаянасцю.
Збянтэжаны, я ўжо хацеў набрацца да страты прытомнасці, як з дома выйшла Джордан Бэйкер. Яна спынілася на верхняй прыступцы мармуровых сходаў, злёгку адхілілася назад і з пагардлівым інтарэсам глянула ўніз, у сад.
Узрадуецца яна ці не, але мне трэба было хоць да кагосьці прымкнуць, пакуль я не завёў душэўных гутарак з мінакамі. Я сарваўся да яе.
— Вітаю! — крыкнуў я. Мой голас надзіва гучна разлёгся па садзе.
— Я так і думала, што сустрэну вас тут, — рассеяна мовіла яна, калі я ўжо быў наверсе. — Прыгадала, што вы жывяце побач з...
Яна безуважна патрымала маю руку, быццам абяцала, што праз хвіліну зноў зверне на мяне ўвагу, сама ж павярнулася да дзвюх дзяўчат, якія стаялі ля падножжа сходаў у аднолькавых жоўтых сукенках.
— Вітаю! — хорам усклікнулі дзяўчаты. — Так шкада, што вы не выйгралі.
Гэта яны пра гольф. Тыдзень таму Джордан прайграла ў фінале турніру.
— Вы нас не памятаеце, — сказала адна дзяўчына ў жоўтым, — але мы з вамі тут пазнаёміліся недзе месяц таму.
— Вы перафарбавалі валасы, — заўважыла Джордан. Я здрыгануўся, але дзяўчаты як нічога Hi-
якага рушылі далей, і яе заўвагу мог пачуць толькі паспешлівы месяц, якога, несумненна, разам з вячэрай заўчасна выцягнулі з кошыка пастаўшчыкоў. Тонкая бронзавая ад загару далонь Джордан лягла ў маю, мы спусціліся па сходах і пайшлі па садзе. 3 прыцемак да нас выплыў паднос з кактэйлямі, і мы падселі за столік да тых дзяўчат у жоўтым і трох спадароў, кожны з якіх прадставіўся як містар Мямл.
— Вы часта тут бываеце? — звярнулася Джордан да дзяўчыны, якая сядзела побач.
— Апошні раз тады, калі пазнаёмілася з вамі, — жвавым упэўненым голасам адказала дзяўчына і павярнулася да сяброўкі: — Ты ж таксама, Дюсіль?
Выявілася, што і Дюсіль таксама.
— Я люблю сюды прыязджаць, — сказала Люсіль. — Мне б хоць які занятак, таму я ніколі не сумую. Мінулым разам я зачапілася за крэсла і парвала сукенку, а ён спытаў, як мяне завуць і дзе я жыву, і на наступным тыдні мне прысылаюць пакунак ад «Круар’е», а ў ім — новая вячэрняя сукенка.
— Вы пакінулі яе сабе? — спытала Джордан.
— Анягож. Я збіралася апрануць яе сёння, але яна мне шыракаватая ў бюсце, трэба будзе яе падшыць. Яна такая светла-блакітная, расшытая перлінкамі лавандавага колеру. Дзвесце шэсцьдзясят пяць долараў.
В Я Л I К 1 ГЭТСБІ
— Неяк дзіўна, калі чалавек робіць такое, — ажывілася іншая дзяўчына. — Пэўна, ён не хоча нажываць лішніх непрыемнасцей.
— Хто? Хто не хоча? — спытаў я.
— Гэтсбі. А яшчэ я чула...
Дзяўчаты і Джордан па-змоўніцку схілілі галовы.
— Яшчэ я чула, што некалі ён забіў чалавека.
Усіх нас перасмыкнула. Містары Мямлы выцягнулі шыі, з цікаўнасцю прыслухоўваючыся.
— He, ну такому я ў жыцці не паверу, — скептычна запярэчыла Люсіль, — хутчэй, ён быў нямецкім шпіёнам падчас вайны.
Адзін са спадароў сцвярджальна кіўнуў.
— Я сам чуў ад аднаго чалавека, які разам з ім рос у Германіі і ўсё пра яго ведае, — катэгарычна запэўніў ён.
— Ды не, — сказала першая дзяўчына. — Быць такога не можа, бо падчас вайны ён быў у амерыканскім войску, — заўважыўшы, што мы верым ёй болей, яна ўзрадавалася і нахілілася. — А вы звярталі ўвагу на ягоны твар, калі ён думае, што на яго ніхто не глядзіць? Я гатовая пайсці ў заклад, што ён кагосьці забіў.
Яна прымружыла вочы і ўздрыгнула. Уздрыгнула і Дюсіль. Мы ўсе абярнуліся і пачалі шукаць вачыма Гэтсбі. Ён быў крыніцай столькіх авантурных тэорый, што нават той, хто звык гаварыць уголас
пры любых абставінах, ціхім шэптам абмяркоўваў ягоную асобу.
Падалі першую вячэру — другую пададуць пасля поўначы, — і Джордан запрасіла мяне далучыцца да яе кампаніі, якая сядзела за сталом у іншым канцы саду. У кампаніі былі тры сямейныя пары і кавалер Джордан, назойлівы студэнт, які ўвесь час кідаў недвухсэнсоўныя намёкі і, відавочна, быў перакананы ў тым, што раней ці пазней Джордан уручыць яму ў той ці іншай ступені правы на сваю асобу. Іхняя кампанія не рассеялася, а наадварот — захавала годную згуртаванасць, узяўшы на сябе ролю прадстаўніка хоць і правінцыяльнае, але паважанае арыстакратыі: то-бок Іст-Эг такім чынам ушаноўвае Вэст-Эг сваёй прысутнасцю, але трымае ветлівую дыстанцыю ад ягонага стракатага святкавання.
— Хадзем адсюль, — шапянула Джордан, калі мы не самым належным чынам змарнавалі паўгадзіны. — Для мяне ўсё тут занадта прыстойна.
Мы падняліся з-за стала, і яна аб’явіла, што мы пойдзем шукаць гаспадара, бо мне, маўляў, няёмка, я ж з ім так і не пазнаёміўся. Студэнт кіўнуў з цынічна-меланхалічным выразам на твары.
У бары, куды мы перадусім зазірнулі, таўклася процьма народу, але Гэтсбі там не было. Джордан не ўбачыла яго са сходаў, на верандзе яго таксама не было. Мы наўгад пхнулі салідныя з выгляду дзверы
і апынуліся ў бібліятэцы, пакоі з высокім гатычным скляпеннем і разнымі панэлямі з англійскага дубу. Верагодна, яе цалкам перавезлі з нейкага паўразбуранага замка па той бок акіяна.
На рагу стала сядзеў каржакаваты мужчына сярэдняга веку, яўна на падпітку, з вялізнымі і круглымі, як савіныя вочы, акулярамі на носе, і няўстойліва-засяроджана вадзіў вачыма па паліцах з кнігамі. Калі мы ўвайшлі, ён узрушана абярнуўся і змерыў Джордан позіркам з галавы да ног.
— Што вы на гэта скажаце? — узрушана спытаў ён.
— На што?
— На гэта, — ён махнуў рукой у бок кніжных паліц. — He турбуйцеся, можна не правяраць. Я праверыў. Яны сапраўдныя.
— Кнігі?
Ён кіўнуў.
— Сапраўдныя, цалкам — старонкі і ўсё астатняе. Я думаў, гэта прыгожы кардонны муляж. Але насамрэч яны цалкам сапраўдныя. Старонкі і... Вось! Я вам пакажу.
Упэўнены, што мы не верым, ён рынуў да кніжнае шафы і вярнуўся з першым томам «Нататак Стодарда».
— Бачыце? — пераможна ўсклікнуў ён. — Самае што ні на ёсць сапраўднае друкаванае выданне. Гэта
і збіла мяне з панталыку. А вось гэты таварыш — арыгінальны Беласка. Неверагодна. Такі кнігазбор! Гэта не выдумка! I ведаў, на чым спыніцца — старонкі не разрэзаныя. Чаго яшчэ патрэбна? Болей і не пажадаеш.
Ён вырваў кнігу ў мяне з рук, спехам паставіў яе назад на месца, усё буркочучы сабе пад нос, што, калі выняць адну цаглінку, то ўся бібліятэка можа рухнуць.
— Хто вас прывёў? — спытаў ён. — Ці вы прыйшлі самі? Мяне прывялі. Сюды амаль усіх прыводзяць.
Джордан нічога не адказала, толькі глянула на яго жывым бадзёрым позіркам.
— Мяне прывяла сюды адна дама па прозвішчы Рузвельт, — працягнуў ён. — Місіс Клод Рузвельт. Вы з ёй не знаёмыя? Я пазнаёміўся з ёй учора ўвечары. Я ўжо тыдзень як п’ю і вырашыў сабе — пасяджу-ткі ў бібліятэцы, можа, працверазею.
— I як? Дапамагло?
— Здаецца, трошкі дапамагло. Дакладна пакуль не скажу. Я ж тут толькі гадзіну пасядзеў. А я казаў вам пра кнігі? Яны сапраўдныя. Яны...
— Вы казалі.
Мы, як і належыць, паціснулі яму руку і зноў выйшлі вонкі.
Тым часам на сцэне ў садзе пачаліся танцы. Спадары паважнага веку нязграбна перасоўвалі маладых дзяўчат па бясконцым коле, а пары, больш дасведчаныя ў модзе, трымаліся ў абдоймах ці пераседжвалі ў кутах. Шмат адзінокіх дзяўчат танцавалі на самоце, кожная сваёй манерай, часам адбівалі чачотку, даючы невялічкую перадышку музыкантам, якія гралі на банджа або ўдарных. Апоўначы ўсёахопная весялосць узрасла яшчэ мацней. Вядомы тэнар праспяваў штосьці італьянскае, знакамітае кантральта — штосьці з джазу, паміж выступленнямі госці ладзілі свае «нумары» па ўсіх кутках саду, і выбухі разгульнага смеху ўзляталі ў летняе неба. На падмостках пара «блізнятак-немаўлятак», якімі аказаліся дзяўчаты ў жоўтым, паказалі касцюміраваную сцэнку, тым часам шампанскае пачалі падаваць у келіхах, большых за місы для абмывання пальцаў. Месяц узняўся яшчэ вышэй і расплыўся ў праліве трохкутнікам з срэбных лускавінак, які падрыгваў у несціханы такт металічнага пабрыньквання банджа ў садзе.
Я заставаўся з Джордан Бэйкер. Мы селі за столік да спадара прыблізна майго веку і адной гаманлівай маладой дзяўчыны, якая з любой найдрабнейшай нагоды залівалася нястрымным смехам. Я ўжо быў у гуморы — выпіў дзве місы шампанскага, і ўсё навокал на маіх вачах набыло важнага, глыбокага і надзвычайнага значэння.
Калі ў разгары вечарыны ўзнікла часовая замінка, спадар за сталом зірнуў на мяне і ўсміхнуўся.
— Ваш твар мне знаёмы, — ветліва прамовіў ён. — Вы не служылі ў Трэцяй дывізіі падчас вайны?
— Так, дакладна. У Дзявятым кулямётным батальёне.
— А я быў у Сёмым пяхотным да чэрвеня васямнаццатага года. Так і ведаў, што ўжо недзе вас бачыўшы.
Хвілінку мы паўспаміналі золкія шэрыя дні ў французскіх вёсачках. Відавочна, ён жыў недзе паблізу, бо распавёў мне, што надоечы набыў гідраплан і заўтра ранкам мае яго выпрабаваць.
— Калі хочаце, дружа, то ляцім са мной? Цераз праліў і над узбярэжжам.
— А якой гадзіне?