• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    — Я таксама ледзь не зрабіла памылку, — рашуча аб’явіла яна. — Ледзь не выйшла за аднаго яўрэйчыка, які некалькі гадоў да мяне заляцаўся. Хоць і ведала, што да мяне яму далёка. Усе мне так і казалі: «Люсіль, яму да цябе далёка!» He сустрэнь я Чэстара, ён бы дакладна мяне ўгаварыў.
    — Так, але слухайце, — пахітала галавой Міртл Ўілсан, — вы ж за яго так і не выйшлі.
    — Вядома, не.
    — А я выйшла, — двухсэнсоўна прамовіла Міртл. — Вось і ўся розніца паміж вамі і мною.
    — Навошта тады выйшла? — спытала Кэтрын. — Цябе ж ніхто сілком не цягнуў.
    Падумаўшы, Міртл сказала.
    — Я выйшла за яго, бо лічыла яго джэнтльменам. Я думала, што ён ведае, як паводзіцца з жанчынамі, але ён не варты нават злізваць пыл з маіх чаравікаў.
    — Але ж пэўны час ты кахала яго да страты розуму, — сказала Кэтрын.
    — Я? Да страты розуму? — абурылася Міртл. — Хто табе такое сказаў? Я кахала яго не болей, чым вось яго.
    I яна тыцнула пальцам у мой бок, усе ўтаропілі ў мяне асуджальныя позіркі. Я ўсім сваім выглядам сіліўся паказаць, што мяне нішто не звязвае з яе мінулым.
    — Калі я і траціла розум, то толькі тады, калі выходзіла за яго. Але я адразу зразумела сваю памылку. Ён пазычыў у некага гарнітур на вяселле, мне ж нічога не сказаў. I вось аднаго дня сяджу я дома адна, і тут прыходзяць па гарнітур, — яна разгледзелася, нібы правяраючы, ці ўсе ў пакоі яе слухаюць. — «Дык гэта ваш гарнітур? — кажу я. — Упершыню чую». Гарнітур я яму аддала, а потым упала на ложак і прараўла да самага вечара.
    — Ёй сапраўды трэба пайсці ад яго, — працягвала Кэтрын мне на вуха. — Яны адзінаццаць гадоў пражылі над тым гаражом. Да Тома яна ж нікога і не кахала.
    Цяпер да віскі — ужо другой пляшкі — прыкладаліся ўсе, акрамя Кэтрын, якой «было добра і так». Том выклікаў парцье і паслаў яго па нейкія знакамітыя сэндвічы, якія быццам маглі замяніць сабой паўнавартасную вячэру. Я ўсё хацеў вырвацца адтуль і пайсці ў парк развеяцца ў мяккім сутонні, але варта было толькі ступіць да выхаду, як мяне зацягвалі
    ў чарговую нястрыманую і грымучую спрэчку, якая нібы вяроўкамі прывязвала мяне да крэсла. А недзе там, у вулічных прыцемках, які-небудзь выпадковы назіральнік уздымаў позірк да радка нашых вокнаў, з якіх услед за жоўтым святлом выліваліся людскія сакрэты. Я ўявіў сябе такім назіральнікам — як і ён, я глядзеў угару і дзівіўся. Я быў адначасна і звонку, і ўнутры, прасякнуты і агідай, і захапленнем перад невычарпальнай разнастайнасцю жыцця.
    Міртл падсунула сваё крэсла бліжэй да мяне і раптам, горача дыхаючы, выплюхнула на мяне гісторыю свайго знаёмства з Томам.
    — Здарылася гэта ў цягніку, мы сядзелі адно супроць аднаго на месцах ля выхаду, яны звычайна да апошняга застаюцца вольныя. Я ехала ў НьюЁрк да сястры і планавала ў яе заначаваць. Ён быў у выхадным гарнітуры і лакавых чаравіках, я вачэй не магла ад яго адвесці, але штораз, калі ён пазіраў на мяне, я ўдавала, быццам разглядваю рэкламную аб’яву ў яго над галавой. Калі мы прыехалі і ўсталі выходзіць, ён раптам апынуўся ля мяне, ягоныя грудзі ў белай кашулі прыціснуліся да мае рукі — я прыгразіла, што паклічу паліцэйскага, але ён здагадаўся, што я хлушу. Я настолькі расхвалявалася, што, калі мы сядалі ў таксі, я нават не ўсведамляла, таксі гэта ці вагон метро. У галаве зноў і зноў праносілася: «Жыву толькі раз, жыву толькі раз».
    Яна абярнулася да місіс Маккі, і сцены пакоя задрыжэлі ад яе няшчырага смеху.
    — Любая мая, — усклікнула яна, — ды падару... падару я вам гэтую сукенку, хай толькі яна мне надакучыць. Усё адно заўтра куплю сабе новую. Трэба скласці спіс усіх спраў: масаж, завіўка, купіць аброжак сабачку, і тую гожанькую папяльнічку са спружынкай, і вянок з чорнай шаўковай стужкай на магілу матулі, такі, каб да восені не выцвіў. Абавязкова ўсё запісаць, каб нічога не забыць.
    Была дзявятая гадзіна, праз імгненне я адвёў позірк і зноў глянуў на гадзіннік — той паказваў дзясятую. Містар Маккі задрамаў у крэсле, склаўшы на каленях сціснутыя кулакі — зусім як паважны дзялок перад тым, як сфатаграфавацца. Я выцягнуў насоўку і сцёр з ягонае шчакі рэшткі засохлае пены, якія ўвесь вечар не давалі мне спакою.
    Сабачка сядзеў на стале, вырачыўшы невідушчыя ад дыму вочы, і раз-пораз ціха скуголіў. Людзі заходзілі і выходзілі, дамаўляліся паехаць некуды яшчэ, потым губляліся, шукалі і знаходзіліся за пару крокаў адно ад аднаго. Недзе апоўначы Том Б’юкэнан і місіс Ўілсан, стаўшы твар у твар, запальчыва заспрачаліся, ці мае місіс Ўілсан права згадваць імя Дэйзі.
    — Дэйзі! Дэйзі! Дэйзі! — крычала місіс Ўілсан. — Хачу — і гавару! Дэйзі! Дэй...
    Кароткі трапны ўдар раскрытай далонню — і Том Б’юкэнан расквасіў ёй нос.
    Потым былі скрываўленыя ручнікі на падлозе ў ванным пакоі, сварлівыя галасы жанчын і доўгае перарывістае екатанне ад болю, якое перакрывала ўвесь вэрхал. Дрымоту містара Маккі як рукой зняло, ашаломлены, ён кінуўся да дзвярэй. Але напаўдарозе стаў, абярнуўся і, здзіўлены, агледзеў разгорнутую перад ім сцэну: ягоная жонка і Кэтрын з аптэчкай у руках, сварачыся і спатыкаючыся аб нагрувашчаную мэблю, ніяк не маглі суцешыць залітую крывёй роспачную постаць, якая ляжала на канапе і ўсё глядзела, каб хоць неяк прыкрыць старонкамі «Таўн тэтла» габелены з версальскімі краявідамі. Містар Маккі адвярнуўся і выйшаў. Я зняў свой капялюш з жырандолі і выйшаў услед за ім.
    — Давайце як-небудзь паабедаем разам, — прапанаваў ён, калі ліфт з рыпеннем павёз нас уніз.
    — Дзе?
    — А дзе захочаце.
    — Рукі прэч ад рычага! — гыркнуў ліфцёр.
    — Прашу мяне прабачыць, — з годнасцю ў голасе прамовіў містар Маккі. — Я не заўважыў, што крануў яго.
    — Добра, — пагадзіўся я. — 3 задавальненнем.
    .. .Я стаяў ля ягонага ложка, а ён сядзеў на ім у адных майтках з вялізнай папкай у руках.
    — «Прыгажуня і пачвара»... «Самотнасць»... «Старая кляча бакалейшчыка»... «Бруклінскі мост»...
    Потым была лава на золкім ніжнім пероне Пенсільванскага вакзала, мае асалавелыя вочы ўперыліся ў ранішні «Трыб’юн», а сам я чакаў цягнік, які адпраўляўся а чацвёртай раніцы.
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    Летам музыка, якая даносілася ад дома майго суседа, грала да позняе ночы. У сінечы ягонага саду сярод сцішаных галасоў, шампанскага і зорак то з’яўляліся, то знікалі мужчыны і жанчыны, нібы начныя мятлікі. Па абедзе, падчас прыліву, я назіраў, як ягоныя госці скачуць у ваду з вышкі на прычале альбо загараюць на гарачым пяску ягонага прыватнага пляжа і як дзве ягоныя маторныя лодкі разразаюць воды праліва і ў пенным шлейфе цягнуць за сабой вадналыжнікаў. Па выхадных ягоны «ролс-ройс» ператвараўся ў рэйсавы аўтобус і з дзявятае раніцы да поўначы вазіў людзей з горада ў горад, а ягоны лімузін гойсаў, як няўрымслівы жоўты жук, да станцыі сустракаць кожны цягнік. Штопанядзелак восем слуг і адзін дадаткова наняты садоўнік браліся за швабры, шчоткі, малаткі і садовыя нажніцы і цэлы дзень прыбіралі сляды разрухі ад мінулае ночы.
    Штопятніцы ад аднаго нью-ёркскага гандляра прывозілі пяць скрынь апельсінаў і лімонаў, і штопанядзелак тыя самыя апельсіны і лімоны, складзеныя ў піраміду са спусцелых палавінак, пакідалі дом праз чорны ход. На кухні стаяла машына, здольная за паўгадзіны выціснуць сок з двухсот апельсінаў, варта толькі пальцу лёкая дзвесце разоў націснуць на кнопачку.
    Прынамсі двойчы на месяц да майго суседа прыязджаў цэлы ўзвод пастаўшчыкоў і прывозіў сотні метраў парусіны і дастаткова каляровых ліхтарыкаў, каб ператварыць агромністы сад Гэтсбі ў калядную ёлку. На сталах, застаўленых бліскучымі французскімі закускамі, высіліся запечаныя ў спецыях кумпякі, якія акружалі ўсялякага роду салаты, парасяты ў цесце і індычкі, неверагодным спосабам даведзеныя да цёмна-залацістага колеру. У вялікай зале ўсталявалі барную стойку са стальніцай з сапраўднай медзі, і той бар быў пад столь забіты рознымі джынамі, лікёрамі і каньякамі такога даўняга паходжання, што большасці запрошаных дзяўчат не хапала гадоў досведу, каб адрозніць Ha­noi адзін ад аднаго.
    А сёмай прыбываў аркестр — не абы-які ансамблік на пяць насоў, а цэлая аркестравая яма: габоі і трамбоны, саксафоны і віёлы, карнеты, флейты і барабаны з літаўрамі. Тым часам з пляжа вярталіся апош-
    нія купальшчыкі і пераапраналіся наверсе; машыны з Нью-Ёрка паркаваліся перад домам у пяць шэрагаў, а залы, салоны і веранды заходзіліся ўсімі колерамі вясёлкі ад дзівосных прычосак на апошні піск моды і ад шаляў якія кастыльскім прыгажуням маглі толькі сніцца. Ля бара было не праціснуцца, у садзе раіліся купкі людзей з келіхамі ў руках, само паветра, падавалася, вось-вось ажыве ад балбатні, смеху і міжвольнае двухсэнсоўнасці, толькі што названыя імёны адразу ж забываліся, а жанчыны з радасцю ўсіх віталі, хоць нікога тут не зналі.
    Чым далей зямля адварочвалася ад сонца, тым ярчэй ззялі ліхтары; аркестр зайграў пранізліважоўтую кактэйлева-вечарынавую мелодыю, і хор галасоў перайшоў на тон вышэй. Смех з кожнай хвілінай усё мякчэў: кінеш дасціпнае слаўцо, і ён разліваецца густымі патокамі. Людзі гуртаваліся кампаніямі, склад якіх хутка мяняўся: яны то разрасталіся новымі тварамі, то — выдыхнуць не паспееш — рассейваліся, каб праз імгненне з’яднацца зноў. З’явіліся і перабежчыцы — самаўпэўненыя дзяўчаты, заблукалыя сярод мажнасці і заможнасці. Зрабіўшыся на кароткае радаснае імгненне цэнтрам увагі, яны, акрыленыя трыумфам, тут жа выслізгвалі з кампаніі ў нястомную плынь з твараў, галасоў, фарбаў і губляліся пад няспынна пераменлівым святлом.
    I вось раптам адна такая непрыкаяная душа ў зіхоткай як апал сукенцы выхоплівае проста з ніадкуль келіх з кактэйлем, адным махам куляе яго для смеласці і, рухаючы рукамі а-ля Джо Фрыска, вытанцоўвае на сцэну пад парусінавым дахам. На імгненне залягае ціша; дырыжор паслужліва падладжваецца да рытму танцоўшчыцы, у натоўпе нарастае перашэптванне, і вось ужо калясіць неверагодная чутка, быццам гэта дублёрка Гілды Грэй з «Фоліз». Сапраўдная вечарына пачынаецца толькі цяпер.
    Тым вечарам, калі я ўпершыню прыйшоў у дом Гэтсбі, я быў, відаць, адным з нешматлікіх гасцей, Ka­ro сапраўды запрасілі. Запрашэнняў увогуле не існавала — людзі прыязджалі самі. Сядалі ў аўтамабілі, выязджалі на Лонг-Айленд і нейкім чынам аказваліся ля дзвярэй Гэтсбі. Нехта з прысутных, хто знаў Гэтсбі, прадстаўляў новапрыбылых гаспадару, пасля чаго кожны паводзіў сябе так, як прынята паводзіцца ў парках адпачынку. Часам здаралася, што людзі прыязджалі і з’язджалі, зусім не пазнаёміўшыся з Гэтсбі, — душэўная прастата, якая вяла іх сюды, сама па сабе была іхнім уваходным квітком.