• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вялікі Гэтсбі  Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Вялікі Гэтсбі

    Фрэнсіс Скот Фіцджэралд

    Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
    Памер: 251с.
    Мінск 2023
    42.83 МБ
    Я не меў на ўвазе нічога асаблівага, але мае словы падзейнічалі нечаканым чынам.
    — Цывілізацыя ўсё адно коціцца пад адхон, — не вытрымаў Том. — У такіх справах я цяпер крайне песімістычны. Ці чытаў ты «Уздым каляровых імперый» Гадарда?
    — Што? He, — адказаў я, здзіўлены ягоным тонам.
    — Цудоўная кніга, кожны мусіць яе прачытаць. Галоўная ідэя ў тым, што калі мы не будзем пільныя, то белая расаапынецца... апынеццапад прыгнётам. Напісана па-навуковаму, з доказамі.
    — Том усё займаецца самаадукацыяй, — з сумам у голасе прамовіла Дэйзі. — Чытае вучоныя кнігі з даўгімі словамі. Што там было за слова, якое мы...
    — Скрозь навуковыя кнігі, — Том раздражнёна глянуў на яе. — Аўтар усё прааналізаваў. Мы як дамінуючая раса мусім быць напагатове, іначай прыйдуць іншыя расы і захопяць уладу.
    — Трэба іх перамагчы, — прашаптала Дэйзі, нястрымана міргаючы пад сляпучым сонцам.
    — Вам толькі ў Каліфорніі жыць... — пачала міс Бэйкер, але Том перапыніў яе і цяжка пасунуўся ў крэсле.
    — Ён зыходзіць з таго, што ўсе мы — нардычная paca. I я, і ты, і ты, і... — хвілю ён павагаўся і ўрэшце лёгкім кіўком далучыў Дэйзі да нашага кола, яна зноў мне падміргнула. — ...і мы вынайшлі ўсё, што робіць цывілізацыю цывілізацыяй: навуку, мастацтва і астатняе. Разумееш?
    У ягонай настойлівай манеры чуліся пэўныя бездапаможнасць і надрыўнасць, быццам ён больш
    не такі самаўпэўнены, як раней. Раптам у доме зазваніў тэлефон, лёкай пайшоў з веранды, Дэйзі выкарыстала нечаканую замінку і схілілася да мяне.
    — Я адкрыю табе сямейную таямніцу, — з захапленнем прашаптала яна. — Пра нос лёкая. Расказаць табе пра нос лёкая?
    — Анягож. Дзеля гэтага я і прыехаў.
    — Ведаеш, лёкай не заўжды быў лёкаем. У Нью-Ёрку ён служыў паліроўшчыкам срэбра ў адной сям’і, якая мела срэбны сервіз на дзвесце персон. Паліраваць сервіз трэба было ад світання да змяркання, пакуль аднойчы паліравальны парашок не стаў уядацца яму ў нос...
    — Становішча рабілася ўсё горшым, — падхапіла міс Бэйкер.
    — Так. Усё горшым і горшым, пакуль яму не давялося звольніцца.
    На хвілю апошні сонечны прамень спыніўся на яе выразным твары, надаўшы яму рамантычнае прывабнасці. Яе голасу немагчыма было наслухацца, ад яго займала дых. Потым усё размылася, святло неахвотна саслізнула з яе, не раўнуючы як дзеці ў шарую гадзіну сыходзяць дадому з шумлівае вуліцы.
    Лёкай вярнуўся і мармытнуў нешта на вуха Тому. Той зморшчыўся, адсунуў крэсла і, не сказаўшы ні слова, прайшоў у пакой. Пакуль яго не было,
    усярэдзіне Дэйзі нешта абудзілася, яна зноў схілілася да мяне, яе голас зайшоўся звонкай мелодыяй.
    — Прыемна бачыць цябе за нашым сталом, Ніку. Ты нібы... ружа, ідэальная ружа, — яна павярнулася да міс Бэйкер, каб тая пацвердзіла. — Хіба ён не ружа? Ідэальная!
    Няпраўда. Ніякая я не ружа. Дэйзі ўсё прыдумала, але ад яе ішла такая ўзбуджальная цеплыня, быццам яе душа, загорнутая ў адно з выказаных трапяткіх і ўражальных слоў, імкнулася вырвацца вонкі да мяне. Раптам Дэйзі кінула сурвэтку на стол, папрасіла прабачэння і прайшла ў дом.
    Мы з міс Бэйкер абмяняліся кароткімі прытворнымі позіркамі. Я хацеў нешта сказаць, але яна, рэзка выпрастаўшы спіну, папераджальна кінула мне: «Тс-с!» 3 пакоя пачулася прыглушанае нястрыманае перашэптванне, міс Бэйкер без кроплі сораму нахілілася бліжэй, каб падслухаць. Шэпт то спадаў, то ўзмацняўся на поўны голас, потым рэзка спыняўся.
    — Гэты містар Гэтсбі, якога вы надоечы згадвалі, гэта мой сусед, — прамовіў я.
    — Памаўчыце. Я хачу пачуць, што там адбываецца.
    — А там штосьці адбываецца? — спытаў я з нявінным выглядам.
    — Вы што, не ведаеце? — міс Бэйкер была шчыра здзіўленая. — Я думала, пра гэта ўвесь свет ведае.
    — Я не ведаю.
    — Ну, — завагалася яна, — у Тома ў Нью-Ёрку ёсць жанчына.
    — Жанчына? — недарэчна паўтарыў я.
    Міс Бэйкер кіўнула.
    — Ужо дзеля прыліку магла б і не тэлефанаваць яму падчас вячэры. Як па-вашаму?
    Толькі я сцяміў, што яна мела на ўвазе, як у тым пакоі зашамацела сукенка і зарыпела скура ботаў, і Том з Дэйзі зноў вярнуліся да стала.
    — Прабачце, была неадкладная справа! — усклікнула Дэйзі з паказной весялосцю. Яна прысела на крэсла, дапытліва глянула на міс Бэйкер, потым на мяне.
    — Я на хвілінку выйшла, — працягнула яна, — а на дварэ так рамантычна. На газоне я заўважыла птушачку, мабыць, салаўя, якога прывезлі «К’юнардам» альбо на «Ўайт Стар». Ён спявае так... — і яна заспявала. —...хіба не рамантычна, Томе?
    — Вельмі, — кінуў ён і панура звярнуўся да мяне: — Калі пасля вячэры яшчэ будзе досыць светла, я хачу звадзіць цябе на стайню паказаць коней.
    У доме пранізліва зазваніў тэлефон, Дэйзі глянула на мужа, рашуча пахітала галавой, і тэма са стайнямі — папраўдзе, усе магчымыя тэмы размоў — растала ў паветры. 3 апошніх пяці хвілін, праведзеных за сталом, у памяці засталіся толькі
    паасобныя абрыўкі. Свечкі невядома навошта запалілі зноў, і я злавіў сябе на тым, што мне карціць зазірнуць кожнаму ў твар і адначасна пазбегнуць іхніх позіркаў. Я не ўяўляў сабе, што ў тую хвіліну круцілася ў галаве Тома і Дэйзі, але мяркую, што нават міс Бэйкер, якая, па-мойму, глядзела на ўсё з рэзкасцю і скептыцызмам, не здолела цалкам выкінуць з галавы неадчэпную сталёвую настойлівасць гэтага пятага госця. Некаму такое становішча здалося б даволі ўзбуджальным, але маім першым жаданнем было схапіць слухаўку і патэлефанаваць паліцыі.
    Коней, вядома, больш не згадвалі. Том з міс Бэйкер — два сілуэты, раздзеленыя смугой прыцемак, — рушылі ў бібліятэку, быццам іхняе ўвагі чакаў сапраўдны мярцвяк. Тым часам я, у памкненні выказаць шчыры інтарэс і ўдаючы невялічкую глухату, праходзіў з Дэйзі па злучаных між сабой тэрасах. Мы селі разам на плеценую атаманку, прыхаваную ў глыбокай цемры.
    Дэйзі занурыла свой твар у далоні, нібы хацела адчуць ягоныя прыгожыя абрысы, яе позірк паціху скіраваўся да аксамітнага сутоння. Яе апанавалі бурлівыя пачуцці, таму, спрабуючы хоць неяк яе супакоіць, я запытаў пра яе дачушку.
    — Мы дрэнна ведаем адно аднаго, Ніку, — раптам сказала яна. — А мы ж сваякі. Цябе не было на маім вяселлі.
    — Я тады яшчэ быў на вайне.
    — Твая праўда, — яна завагалася. — Ведаеш, Ніку, мне столькі ўсяго давялося перажыць, і ад гэтых перажыванняў я зрабілася даволі цынічнай.
    Верагодна, на тое былі свае прычыны. Я пачакаў, але яна больш нічога не сказала, і праз некалькі імгненняў я зрабіў слабую спробу перавесці размову на яе дачку.
    — Мяркую, яна ўжо гаворыць і... есць, і ўсё такое.
    — Та-ак, — яна паглядзела на мяне адсутным позіркам. — Паслухай, Ніку, ведаеш, што я сказала, калі нарадзіла? Сказаць табе?
    — Вядома.
    — Ты тады зразумееш, што я цяпер думаю пра... усё гэта. Ёй не было ад роду і гадзіны, Тома ж насіла бог ведае дзе. Я адышла ад наркозу, пачуваючы сябе бясконца пакінутай, і адразу спытала акушэрку, хлопчык гэта ці дзяўчынка. Яна адказала, што дзяўчынка, я адвярнулася і заплакала. «Ну і добра, — сказала я пасля, — добра, што дзяўчынка. Спадзяюся, яна вырасце дурнічкай, бо ў нашым свеце дзяўчынцы лепей заставацца прыгожанькай дурнічкай». Бачыш, жыццё — гэта скрозь нейкая жудасць, — упэўнена працягнула яна. — Усе так лічаць. Нават самыя адукаваныя. Праўда, я ведаю. Я ўсюды пабыла, усё пабачыла і ўсяго паспрабава-
    ла, — яе вочы заіскрыліся выклікам, амаль як у Тома, потым яна залілася з’едлівым смехам. — Колькі... божа, колькі ўсяго я перажыла!
    Толькі яна замоўкла, як яе голас страціў колішняе прыцяжэнне і ўпэўненасць, а я адчуў, якімі па сутнасці няшчырымі былі яе словы. Мне зрабілася непамысна, быццам увесь гэты вечар задумваўся толькі дзеля таго, каб дамагчыся майго спачування. Я пачакаў хвілю — і сапраўды: праз імгненне Дэйзі глянула на мяне, і на яе прыгожанькім твары мільганула самазадаволеная ўсмешка, якая нібы выдавала, што яе ўладальніца належыць да аднаго з Томам прывілеяванага таемнага таварыства.
    Чырвоны пакой квітнеў у святле лямпы. Том з міс Бэйкер сядзелі ў розных кутах даўгое канапы, дзяўчына чытала яму ўголас з «Сатэдэй Івнінг Пост», яе словы, вымаўленыя манатонным шэптам, зліваліся ў супакаяльную мелодыю. Святло лямпы ільснілася па ягоных ботах, цьмянела на яе валасах колеру восеньскага лісця і слізгала па старонках часопіса, якія міс Бэйкер перагортвала спружыністым рухам зграбнае рукі.
    Калі мы зайшлі ў пакой, яна ўзняла руку на знак таго, каб мы крышку памаўчалі.
    — А працяг, — дачытала яна і кінула часопіс на стол, — будзе ў нашым наступным нумары.
    Яна тарганула плячмі, нецярпліва выпрастала ногі і ўстала.
    — Дзясятая гадзіна, — абвясціла яна, падняўшы позірк да столі, нібы там быў нябачны гадзіннік. — Паслухмяныя дзяўчынкі кладуцца спаць.
    — У Джордан заўтра турнір, — патлумачыла Дэйзі, — у Вэстчэстары.
    — О... Дык вы Джордан Бэйкер!
    Цяпер я зразумеў, чаму яе твар падаўся мне знаёмым — ён, прыцягальна-ганарлівы, пазіраў на мяне са шматлікіх фатаграфій са спартыўных спаборніцтваў у Эшвіле, Хот-Спрынгс і Палм-Біч. А яшчэ я чуў аб ёй адну гісторыю, не вельмі прыемную і даволі далікатную, але я даўно паспеў забыць, пра што там вялося.
    — Дабранач, — пяшчотна сказала яна. — Пабудзіце мяне а восьмай, добра?
    — I ты падымешся?
    — Падымуся. Дабранач, містар Караўэй. Яшчэ ўбачымся.
    —Вядома, убачыцеся, — запэўніла Дэйзі. — Шчыра кажучы, я падумвала над тым, каб звесці вас. Бывай у нас часцей, Ніку, і я вас хуценька... гм... абкручу. Ведаеце... выпадкова зачыню вас у шафе з бялізнай, ці пушчу вас у лодцы ў адкрытае мора, ці яшчэ што-небудзь такое...
    — Дабранач, — азвалася са сходаў міс Бэйкер. — Я нічога не чула.
    — Яна слаўная, — праз хвілю прамовіў Том. — Каб яшчэ бадзялася меней. Куды толькі яны глядзяць?
    — Хто глядзіць? — холадна запытала Дэйзі.
    — Яе сям’я.
    — У яе з сям’і толькі стагадовая цётка. Да таго ж цяпер Нік будзе за ёй наглядаць, праўда ж, Ніку? Летам яна прабавіць у нас шмат выхадных. Думаю, хатняе атачэнне пойдзе ёй на карысць.
    Дэйзі і Том моўчкі пераглянуліся.
    — Яна з Нью-Ёрка? — хутка спытаў я.
    — 3 Дуісвіля. Сяброўка дзяцінства. Нашага беласнежнага цнатлівага...
    — Ну што? Раскрыла Ніку душу на тэрасе? — раптам спытаў Том.
    — Раскрыла душу? — яна глянула на мяне. — Я ўжо не ўспомню, па-мойму, мы гутарылі аб нардычнай pace. Дакладна, аб ёй мы і гаварылі. Тэма неяк узнялася сама сабой, ну ты ведаеш...