Вялікі Гэтсбі
Фрэнсіс Скот Фіцджэралд
Выдавец: Янушкевіч, Кнігаўка
Памер: 251с.
Мінск 2023
— He вер усяму, што тут пачуеш, Ніку, — параіў мне Том.
Я аджартаваўся, быццам наогул нічога не чуў, а праз колькі хвілін устаў, каб паціху выпраўляцца дахаты. Яны правялі мяне да дзвярэй і, пакуль я заводзіў рухавік, стаялі поруч у асветленым прамавугольніку дзвярной проймы.
— Чакай! — усклікнула Дэйзі. — Я забылася ў цябе спытаць, а гэта важна. Мы чулі, што ў сябе на захадзе ты там заручыўся з нейкай дзяўчынай.
— I праўда, — радасна падхапіў Том. — Мы чулі, што ты заручаны.
— Паклёп. На заручыны ў мяне няма грошай.
— Але мы чулі, — настойліва паўтарыла Дэйзі, і мяне здзівіла тое, як яна зноў ажывілася, нібы кветка. — Мы чулі ад трох розных людзей — значыць, гэта яўная праўда.
Ясная рэч, я ведаў, што яны мелі на ўвазе, але я сапраўды не быў заручаны. Насамрэч пагалоска пра мае заручыны была адной з прычын, чаму я падаўся на Усходняе ўзбярэжжа. Калі даволі доўга выходзіш у свет са старой сяброўкай, то чуткі нараджаюцца самі сабой так ці іначай, а я зусім не хацеў, каб гэтыя чуткі давялі мяне да шлюбу.
Цікаўнасць Тома з Дэйзі расчуліла мяне, яны ўжо здаваліся не такімі недасяжна багатымі, аднак паехаўшы ад іх, я крыху разгубіўся, і мяне не адпускала пачуццё агіды. Як на мяне, дык адзінае выйсце для Дэйзі было — дзіцё на рукі і прэч з дому, але яна, мусіць, і думкі такой не дапускала. Што да Тома, то нейкая там ягоная «жанчына ў Ныо-Ёрку» ўразіла мяне меней за кнігу, якая можа вывесці яго з раўнавагі. Штосьці прымушала яго ўгрызацца ў край зачарсцвелае тэорыі, быццам ягоная ўлад-
ная душа больш не задавальнялася адной толькі нязломнай фізічнай самазакаханасцю.
Лета стаяла ў самым росквіце. Яно адбівалася ад дахаў прыдарожных закусачных і сляпіла вочы навюткімі чырвонымі бензакалонкамі на заправачных станцыях. Дабраўшыся да свае сялібы ў Вэст-Эгу, я загнаў машыну пад прыдашак і прысеў на газонакасілку, якую нехта пакінуў у двары. Вецер суняўся, светлая летняя ноч запоўнілася гукамі: у дрэвах лапаталі крыламі птушкі, нястомным арганным зыкам гуў хор жаб, якіх раздзімалі, поўнячы новым жыццём, магутныя мяхі зямлі. У месячным святле мільгануў зграбны сілуэт ката, я азірнуўся, каб прасачыць за ім, і раптам зразумеў, што я тут не адзін — крокаў за пяцьдзясят ад мяне з ценю суседскага асабняка выплыла чалавечая постаць; чалавек спыніўся там, сунуў рукі ў кішэні і ўгледзеўся ў рассыпаныя па небе срэбныя зоры. Нязмушанасць у ягоных рухах і самаўпэўненасць, з якой ён стаяў на газоне, падказалі мне, што гэта сам містар Гэтсбі выйшаў сюды, каб вызначыць, якая дзялянка тутэйшага неба належыць уласна яму.
Я вырашыў гукнуць яго. За вячэрай міс Бэйкер згадала яго, гэтага хапіла б, каб завязаць знаёмства. Але я не паклікаў яго, бо раптам нешта ў ягонай паставе дало зразумець, што ён хоча пабыць на самоце: ён неяк дзіўна працягнуў рукі да цём-
нае вады, і я магу паклясціся, нават нягледзячы на такую адлегласць, — у гэтае імгненне яго перасмыкнула. Я мімаволі перавёў позірк на мора, але не заўважыў нічога, акрамя самотнага зялёнага агеньчыка, маленечкага і надта далёкага; магчыма, гэта быў сігнальны ліхтар на краі нечага прычала. Я азірнуўся — Гэтсбі ўжо знік, і я зноў застаўся адзін у неспакойнай цемры.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Недзе на паўдарозе паміж Вэст-Эгам і Нью-Ёркам аўтастрада раптоўна ціснецца да чыгункі і з чвэрць мілі бяжыць побач, нібы хоча абмінуць вялікую панылую пустку. Так званую даліну попелу — фантасмагарычнае поле, на якім попел узыходзіць як збажына, ён напластоўваецца горнымі градамі і пагоркамі, вырастае ў вычварныя сады, набывае абрысы дамоў з комінамі і дымам, які шугае ўвысь, і ўрэшце, калі прыгледзецца, попел збіваецца ў чалавечыя постаці, якія толькі зробяць рух — і расплываюцца, ліпеючы ў друзлым паветры. Часам па нябачных чыгуначных рэйках прапаўзе гуж шэрых вагонаў. Яны з пранізлівым бразгатам прыпыняюцца, і да іх адразу падскокваюць попельна-шэрыя людзі з цяжкімі рыдлёўкамі, каб узняць густую непранікальную хмару пылу і схаваць ад вачэй сваю цёмную справу.
Але па-над гэтай шэрай пусткай, па-над сутаргавымі клубамі змрочнага туману, які няспынна падпаўзае, неўзабаве вырысоўваюцца вочы доктара Т. Дж. Эклберга. Вочы доктара Т. Дж. Эклберга блакітныя і вялізныя — дыяметр аднае толькі зрэнкі дасягае цэлага ярда. Яны вызіраюць не з твару, а з агромністых акуляраў у жоўтай аправе, якія сядзяць на неіснуючым носе. Відаць, гэтую рэкламу ўстанавіў нейкі звар’яцелы акуліст з Квінса ў спадзеве павялічыць папулярнасць свае клінікі, але потым ці то сам навечна стуліў павекі, ці то з’ехаў прэч, забыўшыся на шыльду. Але вочы гэтыя, шмат дзён не падпраўляныя свежай фарбай і толькі падбеленыя сонцам і дажджом, як і раней завісаюць у одуме панад панурым сметнікам.
3 аднаго боку даліну попелу пераразае каламутная рачулка, і калі мост над ёй разводзяць, каб даць праехаць грузавым баржам, пасажыры затрыманага цягніка ледзь не паўгадзіны могуць любавацца няўцешным краявідам. Прыпынак там заўжды займае прынамсі хвіліну, і дзякуючы гэтаму я аднойчы ўбачыў каханку Тома Б’юкэнана.
Усе навокал сцвярджалі, што ў яго была каханка. Ягоных знаёмых абурала тое, што ён аб’яўляўся з ёй у модных рэстаранах, пакідаў яе за столікам, а сам хадзіў па зале і заводзіў размовы з усім і кожным. Мяне разбірала цікаўнасць паглядзець на яе, і хоць
жадання знаёміцца не ўзнікала, пазнаёміцца ўсё ж давялося. Аднойчы па абедзе мы з Томам выправіліся ў Нью-Ёрк, і калі цягнік спыніўся ля попельных гор, Том раптам ускочыў на ногі і, схапіўшы мяне пад локаць, літаральна сілай выцягнуў з вагона.
— Выходзім! — загадаў ён. — Я хачу пазнаёміць цябе са сваёй дзяўчынай.
Мяркую, за абедам ён добра заправіўся алкаголем, і цяпер упарта, амаль што груба, даводзіў мне, каб я ішоў з ім. I без розніцы, былі ў мяне планы на гэтую нядзелю ці не.
Услед за ім я пералез цераз невысокі пабелены шлагбаум, і пад пільным позіркам доктара Эклберга мы прайшлі назад крокаў сто ўздоўж дарогі. Куды ні кінь вокам, навокал нічога не было, акрамя дамкоў з жоўтай цэглы на краю пусткі — свайго роду цэнтральная вуліца, якая зусім нікуды не вяла. Адну з трох крамак, якія там месціліся, здавалі ў арэнду, другая была кругласутачнай забягальняй, да якой бегла прысыпаная попелам сцяжынка; а ў трэцяй быў гараж «Аўтарамонт. Джордж Б. Ўілсан. Купля і продаж аўтамабіляў». Туды ўслед за Томам я і скіраваўся.
Усярэдзіне было гола і недагледжана; адзіны аўтамабіль — пакрыты пылам ламачына-«форд» — ціснуўся ў цёмны кут. Мне падумалася, што гэтая пародыя на гараж — усяго толькі муляж, за якім ха-
ваюцца таямнічыя раскошныя апартаменты, як раптам у дзвярах канторкі паказаўся, выціраючы рукі анучай, сам уладальнік. Бялявы стомлены мужчына, з бледным, але досыць прыемным тварам. Мужчына заўважыў нас, і ў ягоных блакітных вачах бліснуў агеньчык надзеі.
— Здароў, Ўілсане, старычына, — сказаў Том і добразычліва паляпаў яму па плячы. — Як справы?
— Няма чаго скардзіцца, — адказаў Ўілсан не надта пераканаўча. — Калі вы прадасце мне тую машыну?
— На наступным тыдні, мой механік яшчэ ў ёй пакорпаецца.
— He дужа ён спяшаецца.
— Наадварот не, — холадна прамовіў Том. — Але калі вы так лічыце, то мне, можа, лепей прадаць яе каму іншаму.
— Я не тое меў на ўвазе, — паспешліва патлумачыў Ўілсан. — Я толькі...
Ягоны голас затух. Том нецярпліва разгледзеўся. Потым пачулася, як па сходах нехта ідзе, і праз імгненне таўсматая жаночая постаць засланіла сабой святло ў дзвярах канторкі. Жанчына гадоў трыццаці пяці, крыху паўнаватая, але той пажадлівай паўнатой, якую не ў кожнай жанчыне сустрэнеш. На ёй была цёмна-сіняя крэпдэшынавая сукенка ў бубачку. На твары ані знаку ці намёку на прыгажосць, але
ўся яе існасць прамянілася адчувальнай жывасцю, быццам у кожнай клетачцы яе цела няспынна гарэў усёахопны жар. Яна паволі ўсміхнулася, прайшла паўз мужа, няйначай той быў прывідам, і паціснула Тому руку, шматзначна гледзячы яму ў вочы. Потым аблізнула вусны і, не паварочваючы галавы, сказала мужу прыемным з хрыпоткай голасам:
— Хоць бы крэслы прынёс, a то людзям няма куды сесці.
— Вядома-вядома, — хапатліва адказаў Ўілсан і пашыбаваў у канторку, дзе адразу зліўся з шэрымі цэментнымі сценамі. Ягоны цёмны гарнітур і бляклыя валасы пакрываў тонкі белы слой попелу — як і ўсё навокал. Усё, акрамя ягонае жонкі, якая ўсутыч падступіла да Тома.
— Я хачу ўбачыцца, — настойліва сказаў Том. — Садзіся на першы цягнік.
— Добра.
— Сустрэнемся на ніжнім пероне ля газетнага кіёска.
Яна кіўнула і адступіла, акурат калі Джордж Ўілсан выйшаў з канторкі з двума крэсламі.
Мы пачакалі яе ля дарогі, там, дзе нас не было відаць. Праз некалькі дзён чакалася Чацвёртага ліпеня, і шэры хударлявы хлопчык-італьянчык выкладваў петарды доўгім радком уздоўж чыгуначнага пуці.
— Жудаснае месца, праўда, — Том абмяняўся пахмурым позіркам з доктарам Эклбергам.
— Жах.
— Ёй будзе карысна выбрацца.
— А яе муж не супраць?
— Ўілсан? Ён думае, што яна ездзіць у Нью-Ёрк да сястры. Такі дурань, што нават не ведае, ці жывы ён увогуле.
Вось так і выйшла, што мы разам з Томам Б’юкэнанам і ягонай каханкай паехалі ў Нью-Ёрк. Хаця не сказаць, што разам, бо місіс Ўілсан абачліва села ў іншы вагон. Том пагадзіўся на гэта, збольшага каб паберагчы ўразлівых пасажыраў, якія маглі ехаць з Іст-Эга.
Місіс Ўілсан пераапранулася ў сукенку з карычневага ўзорыстага мусліну, якая напялася на яе шырокіх сцёгнах, калі Том дапамог ёй сысці на перон у Нью-Ёрку. У газетным кіёску яна купіла нумар «Таўн тэтла» і часопіс з кіназоркамі, а ў прывакзальнай аптэцы — колд-крэм і флакончык парфумы. Ля гулкага параднага ўвахода ў вакзал яна прапусціла чатыры таксі і выбрала пятае, новенькае, лавандавага колеру з шэрай абіўкай. У ім мы выслізнулі з вакзальнай мітусні насустрач зіхатліваму святлу горада. Місіс Ўілсан адразу рэзка адвярнулася ад акна і, нахіліўшыся наперад, пастукала кіроўцу ў шыбу.
— Я хачу таго сабачку, — настойліва прамовіла яна. — У кватэру. Сабачка — хіба не слаўна?
Мы здалі назад да сівога дзядка, нейкім недарэчным чынам падобнага да Джона Д. Ракфелера. На шыю ён павесіў кошык, у якім курчыўся тузін малых шчанят неакрэсленае масці.
— Якой яны пароды? — нецярпліва спытала місіс Ўілсан, калі дзядок падышоў да акна таксі.