За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— I камардын таксама? — запытаў я.
Збіты з панталыку, Левін смутна пасміхнуўся.
— Ды не, — зрэшты адказаў ён. — Тады ў мяне ўжо назапасілася крыху грошай.
“Саладзенькім Левінам” назвала яго аднойчы прыгожая русавалоска, першапраходніца з аблупленым носам. Яна засмяялася і дала Левіну буську пасля таго, як ён раптам набраўся адвагі і паклаў ёй у рот ліпнючы, абцукраны драбок.
“Маё сэрца амаль што спынілася”. Уначы ён мроіў пра русавалоску і вясковую хату, якую ён пабудуе для яе ды іхніх дзетак. Мроіў пра квітнеючыя грады з зелянінай, увішных курэй, карову і простую працу.
— Аж да сёння я чытаю сельскагаспадарчыя часопісы гэтаксама, як жанчыны вывучаюць кулінарныя кнігі, — сказаў мне Левін з горкай усмешкай.
— Цяпер, выходзячы на дарогу, я шукаў паміж дрэваў і лозаў пляму блакітнай хусткі залатавалоскі.
Праз месяц Левін набраўся смеласці дазнацца пра дзяўчыну. Яму адказалі, што тая памерла ад тыфуснай ліхаманкі. Левіна зноў агарнула чорная маркота.
“Нават імя русавалоскі я даведаўся пасля ейнай смерці”, — напісаў ён сястры, якая ў той час навучылася кіраваць парай валоў, а таксама араць.
“Мая першая баразна ў Зямлі Ізраіля, — напісала яна яму. — Спярша я была не ў стане нават абаперціся на плуг. He магла трымацца разам за абедзве лейцы. Дзеля мяне трымаў быкоў за аброць Ліберзон. Але цяпер я здольная заараць баразну простую, як страла”.
Яе таксама хапіла ліхаманка. “Але салодкая кроў хлопцаў выратавала мяне”, — паведаміла яна брату.
На сцёгнах асла вёз Шлёма Левін самапіскі і каламары, пісчую паперу, пёры, гандлёвыя бланкі і алоўкі. Двойчы яго рабавалі і вязалі вяроўкамі. Аднак Левін вёў справы найлепшым чынам і хутка зрабіўся ў краме кампаньёнам.
У той год Зямельны Фонд Ізраіля выкупіў у арабскіх землеўласнікаў землі Даліны, а Працоўная Сябрына пастанавіла, што сябра Міркін і сябра Левіна пабяруцца шлюбам.
У адзін час з пчаляром Хаімам Маргулісам і ягонай менскай дзяўчынай, што мелася ў будучым закахацца ў ахоўніка Рылава.
Якава Пінэса, які меўся стаць настаўнікам, яго цяжарную жонку Лею, што мелася памерці яшчэ ў тым самым годзе, залічылі ў першы атрад. Атрад прыбыла на агледзіны дзялкі, “разведаць абстаноўку”. Тыя прыбылі ў Даліну і зрабіліся бацькам-заснавальнікамі вёскі-машава.
“У нас быў асёл па мянушцы Качке. Удзень прыносіў Качке ваду са студні, а ўначы, калі ўсе спалі, Качке апранаў фрак, шмараваў капыты. Праціраў акуляры, распростваў вушы і ляцеў у Лондан”.
...Англійскі кароль трушчыць сняданак, і тут трах-бах — прызямляецца Качке і стукае ў палацавай браму падковай. Кароль адразу ж упускае яго ўсярэдзіну, прапануе яйка ў падставачцы і сітнага хлеба. Качке прымаецца апавядаць Яго Вялікасці пра вёску. А кароль загадвае сваім служкам адмяніць усе наступныя сустрэчы.
— Але, Ваша Каралеўская Мосць, балгарскі цар Барыс чакае ў прыёмнай залі!
— Няхай пачакае, — адказвае англійскі кароль.
— Бельгійская каралева знудзілася ў садзе.
— Хай нудзіцца! — адразае кароль. — Сёння я гутару з Качке, габрэйскім аслом з Зямлі Ізраіля.
СЁМЫ РАЗДЗЕЛ
— ІЭабуля Фэйга хадзіла ў сукні па нарцысавым полі ўсё роўна як украінская сялянка, без майткоў, — сказаў Уры, і яго вочы затуманіліся. — Яна зацяжарала ад дотыку тычынак. Ажно дагэтуль, калі нарцысы пачынаюць квітнець ля крыніцы, мой тата плача і кашляе.
Вясковыя інстанцыі зрабілі падлік і прыйшлі да высновы, што бабуля народзіць на Шавуот, “і сваім пасільным унёскам — першынцам — зробіць гэтае Свята першых пладоў адметным”.
— Цяжарнасць бабулі вельмі ўзрушыла Цыркіна і Ліберзона, — апавёў дзед умеркаваным тонам, які не выклікаў у мяне ніякіх падазрэнняў. — Абодва выправіліся на небяспечныя вылазкі і прынеслі ёй цытрын з Хамат-Гадэра, парасткі каперцаў з Самарыі і куранятак курапатвы з Кармэльскіх гор. 3 Ярданскай даліны прывезлі дзвюх адданых сябровак, якія меліся карміць бабулю на апошніх, найскладанейшых, месяцах цяжарнасці. Яны таксама меліся чытаць ёй выбраныя раманы і “мысленчы наробак працоўнага і сіянісцкага рухаў”.
— Культ першынца ў вёсцы першапасяленцаў, якім бы ён сёння ні падаваўся дзіўнаватым, ужо зрабіўся фактам гісторыі, — абвясціў Мешулам Цыркін, які не прабачыў тату Мандаліне і маме Песі, што сам у машаве нарадзіўся толькі ДРУгім.
— Жывот бабулі Фэйгі горача абмяркоўвала ўся вёска.
Фэйга ішла паміж намётаў, па гразкіх вясковых сцяжынках, а яе твар зіхцеў. Голас зрабіўся ўмеркаваным ды глыбокім і займеў чароўны ўплыў на скаціну і чалавека.
— Нават Міркін, які ўмеў любіць яе толькі тады, калі яна знаходзілася разам з Эліезэрам Ліберзонам і ЦыркінымМандалінай, нават у прысутнасці гаротнай Фэйгі ў сваім намёце, летуценячы пра сваю “крымскую шлёндру”, глядзеў цяперака на жонку з пяшчотай і абажаннем.
— Ён расціраў яе жывот зялёным алеем, — Уры дадае свае падрабязнасці.
Калі Фэйга адчула, што вось-вось народзіць, яе хуценька пагрузілі на фурманку і павезлі да чыгуначнай станцыі — з вёскі дарога на колькі кіламетраў, — але, толькі выехаўшы, здаля ўбачылі, што цягнік паспеў адбегчыся ад хрыбта Сіняй Гары і ўжо прыбывае на станцыю.
Гісторыя пра народзіны Аўрагама карысталася ў Даліне гучнай папулярнасцю. Падчас пяцідзясятых угодак нашага машава тую гісторыю нават інсцэніраваў рэжысёр з ТэльАвіва, якога адмыслова прывезлі ў Даліну. Рэжысёр уразіў вяскоўцаў фіялетавымі штанамі і энергічнымі спробамі пераспаць пагалоўна з усімі дзяўчатамі.
Цыркін-Мандаліна і Рылаў-ахоўнік залезлі на коней і пусцілася наўскач — “як двое казакаў”, “як пошуг маланкі” — і дагналі цягнік. Машыніст спрабаваў пратэставаць — нават пагрозліва замахнуўся шуфлем, але Рылаў на жарабцы заскочыў у рубку. Тыцнуў у машыніста цяжкім пальцам, утаропіў у яго грозны позірк ды рвануў стоп-кран.
— Мы табе не прыблуды, мы з Камітэта! — пракрычаў ён машыністу ды яго мурзатаму качагару. Пагрозлівая фраза і раптоўнае спыненне цягніка адкінула чыгуначнікаў на купу вугалю.
— Калі хочаш памерці ў сваёй пасцелі, шлімазл, падымайся — і стырно ў рукі! — закрычаў Рылаў. — Поўны ход!
Цягнік, чмыхнуўшы, ссунуўся з месца, пакідаючы за сабою неймаверны шлейф з яскарак, клубоў дыму, двух асядланых коней, бабулю Фэйгу ды ўсіх яе спадарожнікаў, што з лямантам беглі да чыгуначных шляхоў.
Бабуля вось-вось мусіла нарадзіць пасярод поля. Праз якую гадзінку прыйшоў у свет мой дзядзька Аўрагам, першынец дзеда і бабулі, а таксама першае дзіця вёскі. “Ён нарадзіўся на нашым полі, на нашай зямлі, пад нашым сонцам. Дакладна на тым самым месца, дзе цяпер вытыркаецца той масіўны вентыль Маргуліса”.
Уначы гулі бясконцым рокатам цыкады, а першапраходцы сядзелі і спявалі. Уранні прыдыбалі Рылаў і Цыркін, якія ўсю дарогу назад адолелі бегма.
Рылаў нават не прабачыўся. Ён папіў трохі вады і папрасіў склікаць агульны сход, каб выбраць для немаўляці імя. Яму сказалі, што парадзіха ўжо назвала дзіця Аўрагамам, у гонар бацькі. Эліезэр Ліберзон прамармытаў нешта, маўляў, зусім ужо страх страцілі, і ў вясковай насценгазеце пазначыў, што “хлопчык — найперш дзіцятка ўсіхняе, і толькі пасля гэтага — матчынае”. Але зрэшты змірыўся.
Фаня Ліберзон, якую пару тыдняў таму звялі з суседняга кібуца, ведала, што пасля нараджэння першынца мужчыну хапае адчуванне будучай смерці, і таму дзеда з намёта адсяліла.
— Яна сядзела з Леяй, гаротнай маёй жоначкай, яны разам шылі малому Аўрагаму пялюшкі з лапікаў тканіны, а таксама плялі калыску са зрэзанай ля крыніцы лазы.
Праз тыдзень з горада, які знаходзіцца за Сіняй Гарой, прывезлі магэля*.
Сябры машава апрануліся ў белае, прычасаліся і пачысцілі пазногці. Селі паўколам паміж гумном і намётам Міркіна. Дзед вынес сына і падняў на рукі. Пачуліся рэзкія зыкі цырыманіяльнага рога.
— Твой дзядзька Аўрагам быў нашым першым ураджаем. Ён нарадзіўся яшчэ да таго, як пасаджаныя намі дрэвы далі першыя плады.
* Адмысловец, які праводзіць рытуал абразання.
Аж да сённяшніх дзён на Шавуот мы падымаем перад грамадой усіх дзетак, што нарадзіліся ў гэты год. У памяць пра святы, калі ў нас нарадзіўся першынец.
Грамаду на каторы час асляпіла бель тварыку немаўляці, які ўсміхаўся прысутным “такім бліскучым ратком, ажно хацелася прысягнуць, што там ужо выгадаваліся зубкі”. Хлопчык у сваіх пялюшкавых прылістках “падобны быў да вялікага нарцыса”. Аўрагам прыйшоў у свет без дзвюх глыбокіх барознаў, што цяпер рассякаюць яго лоб, ды з пакуль яшчэ прыязным выразам твару. 3 скурай гладзенькай, як лупіна вялікага яблыка.
— Адразу ўсе пашыхтаваліся ў шэраг, — працягваў Пінэс. Рукі ляглі на плечы і стан, а ногі пусціліся ў скокі.
У тое імгненне ўсе адчулі, што вёску агарнула мілота і ёсць той, “хто пяройме паходню ў эстафеце пакаленняў”. I што нават пасля іх прышлага сыходу ў зямлю справа іх жыцця ўзбуяе і будзе каласіцца.
Усмешка Пінэса была пяшчотная, і ўвесь яго твар выразна казаў, што згадкі яго цешаць.
— Гэты хлопчык на векі вечныя звязаў нас непарыўнымі путамі! — сказаў ён, і словы павысыпаліся з рота, усё роўна як плады старой слівы-дзічкі, што расла на дзялцы Маргуліса, — дробныя, ахайныя, салодкія.
— Мы перадавалі яго з рук у рукі, даўшы патрымаць кожнаму сябру і кожнай сяброўцы нашага працоўнага задзіночання. На адно трапяткое імгненне мы, напоўненыя багавейнасцю і асалодай, адчулі абяцанні, якія з радасцю выпраменьвае яго плоць, і нават удыхалі на поўныя грудзі той прыемны водар. Адно з адным, нібыта перадаючы найсвяцейшую рэліквію, мы бралі яго і адно за адным бласлаўлялі: хто — на поўны голас, хто — ціхусенечкім уздыхам. У кожнага з нас была з першынцам агульная доля і дзялянка.
— Я калісьці пакажу табе пратакол цырымоніі абразання, — паабяцаў Мешулам. — Ліберзон пажадаў немаўляці, каб
яно ў будучыні заарала першую баразну ў пустэльні Нэгеў. Рылаў запатрабаваў, каб немаўля вызваліла ад арабаў-захопнікаў землі Заярдання, а мой тата прысягнуў, што навучыць дзіцятка граць на мандаліне. Яны ўяўлялі, як яно арэ і сее, прыводзіць забытыя Богам габрэйскія калены з Уральскіх гор і Арабійскай пустэльні ды распрацоўвае ўстойлівыя гатункі кампосту. I што з гэтага ўсяго атрымалася? Твой дзядзька Аўрагам!
Тое была блаславёная часіна. Яе мілата і шчасце сілкавалі людзей — каб яны змаглі перанесці доўгія тыдні гароты і гаркоты. Усе хадзілі адухоўленыя і ціхмяныя, акрамя Шлёмы Левіна, брата маёй бабулі, які прыбыў на цырымонію абразання з Тэль-Авіва на цягніку. Ён утрымаўся ад таго, каб прыехаць у сваім белым гарадскім гарнітуры. I таму апрануў грубую працоўную світку, якая намуляла на целе чырвоныя плямы, і начапіў на галаву шэрую кепку.