• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Я запанікаваў. He ведаў, што тут зрабіць. Паехаў у хасідскі машаў спытаць парады, але там са мной размаўляць адмовіліся.
    “Гэта ўжо нясмешна”, — усё, што я пачуў з вуснаў старога Рэбе, які сядзеў на зямлі з жалобным і разгубленым выразам твару і мыў ланцуг ад матацыкла ў поўнай бензіну і алівы місе.
    — Гэта ўжо не тэалагічная палеміка са спадаром Эліезэрам, — выдыхнуў ён. — Кепства ўчынілася сярод сыноў Ізраілевых, вялікае кепства!
    Уры адмаўляўся мыцца, апранацца і есці. Ночы навылёт енчыў і гукаў Нэхаму. Скарлючанымі пальцамі драпаў
    пахвінне. Драпаў, стагнаў і, як апантаны нячысцікам, нюхаў пальцы, шнапарыў у пошуках паху сцёгнаў той дзяўчыны, што пакінуў там. Цяжкага і салодкага, як кроплі бурштыну, якія адмаўляюцца зацвярдзець.
    Напачатку я намаўляў яго паесці, потым маё цела наладавалася страхам, і я спрабаваў накарміць яго прымусова. Але аб яго зубы зламалася лыжка, і ён вырыгаў на прасціну празрыстую кашку.
    Праз пяць тыдняў пасля таго, як ён страціў дваццаць сем кілаграм і большасць валасоў у інтымных месцах, Нэхаму Вайсберг прывезлі ў суправаджэнні заклапочаных рабінаў у вёску.
    — Яна цяжарная, — абвясцілі яны і забралі Уры з сабою.
    Гэтак я ўпершыню патрапіў у горад. Вяселле Уры і Нэхамы сыгралі ў прасякнутым вільгаццю дворыку-“калодзежы”, заціснутым паміж жылымі дамамі. Вайсберг гасцей запрасіў з куцыя жмені — з вяскоўцаў былі толькі Пінэс і Ёсі. Бускіла, адзіны, хто ўспомніў, што трэба даслаць тэлеграму Аўрагаму і Рыўцы, прыбыў таксама.
    Бацькі Уры прымчалі наўпрост з аэрапорта. Аўрагам быў на нерве, яго біла дрыготка, але як толькі ўбачыў Нэхаму, то зморшчыны на ягоным ілбе разгладзіліся так, нібыта па іх прайшліся прасам. Твар расквеціўся ўсмешкай.
    Рыўка з’явілася загарэлая. Параноіла і лямантавала. Аднак нявестка накінула на яе глухую шаль, і Рыўка, як птушачка ў цемнаце, супакоілася і замаўчала.
    Ультраартадоксы зладзілі вяселле паводле ўсіх суровых правіл і рэгламентаў. Ад нас яны не прынялі нават садавіны. Паставілі на стол гарэлку і салодкае шабатняе віно, крэплах з мясам, кугель з даўгой локшыны. Пачастунак падавалі два кельнеры, а кантар толькі і рабіў, што плакаў мяккім, знаёмым і мілагучным голасам.
    Цяжарнасць яшчэ не разнесла талію Нэхамы, але яе аблічча ўжо зіхцела сцішаным і памяркоўным бляскам спе-
    лай вінаградзіны. Голас зрабіўся разважны і нагбом напаўняў чарамі шчасця. Паводле традыцый ультраартадоксы пагалілі Нэхаме галаву, але прыемны пах вільготнай глебы працягваў выпарацца з яе макаўкі, прыліпаючы да столак вэлюму, што асланяў ёй твар. Таму нават Вайсберг з сябрамі, якім гэты пах быў незнаёмы, дапяў, што нявеста паедзе за мужам у машаў.
    Далей на далей, прыбыў невялікі клезмерскі аркестрык. Сарамлівыя музыкі агоралі некалькі знаёмых нам з дзяцінства мелодый, бо гэта былі песні, якія спявалі бацькізаснавальнікі зімовымі вечарамі — “Рабі Элімэлэх”, “Цябе, Госпадзе, прагне душа мая”, “У дзянёк суботні”, але ніводзін шлягер не сягнуў роўню цыркінскага выканання, які “адным засядам шчыпаў струны мандаліны і душы”. Ёсі, Аўрагам і я крыху пастаялі наўзбоч — збыткоўныя і ўсмешлівыя. Паглядзелі на хасідаў, якія, зміраныя з вердыктам, выходзілі на свае ўтомныя скокі-карагоды. Пінэс драў глотку разам з імі, дурнаваты і шчаслівы, а Бускіла шэптам залагоджваў шахер-махер з нейкім бледным барадачом. Нікому не было смешна, калі вясельны маршалак залез на стол або калі таўсматы брат Вайсберга паставіў на крэсла сем пляшак гарэлкі і шклянак, якія адразу ўпалі і разбіліся.
    Далей на далей, згусціліся хмары і паліўся першы дождж, тоненькі і ўцешны. А мы паехалі дахаты. Ёсі за стырном, а ў Аўрагама рот не закрываўся ўсю дарогу, балбатаў пра цёплыя залевы на экватары і пра неймаверны смак трапічнай садавіны. Бускіла таксама спрабаваў дасціпнічаць. Пінэс працягваў спяваць. Я ведаў, што хутка пакіну вёску, таму аціх. Уры сядзеў з Нэхамай на заднім сядзенні і трымаў яе руку, у якой спаміж пальцаў была заціснутая маленькая ахоўная насоўка.
    Цягам тае зімы я дапамагаў Уры карчаваць дэкаратыўныя дрэвы на тэрыторыі Дома Вечнасці для Першапраходцаў, араць кветнікі, бурыць і перакопваць каменныя сцежкі.
    Уры поўніўся імпэтам і радасцю. Хацеў прывезці дзве бензапілы, каб паскорыць працу. Але я настаяў, каб абцінаць самастойна, сякерай. Я выцягваў навонкі іх важкія целы, бо зноў адчуў, што ў маёй плоці віруе брыда і неспакой і мне трэба цяжкая агрэсіўная праца.
    Баўгінія, цэзальпінія пекная, юдава дрэва і вялікія хмызы гібіскусу падалі пад цяжарам маіх удараў. Лужыны драўнянага соку ўсмоктваліся ў зямлю, а я сек камлі і галіны на невялікія духмяныя дровы і складаў іх у кароўніку роўнымі стосамі.
    Аўрагам з Рыўкай пакінулі дом маладым. Калі настала вясна і Нэхама выйшла ў палі з кароткімі валасамі і ў сукні для цяжарных, якая агаляла яе сцёгны, я бачыў, як сонца крэсліць у лёгкай тканіне акругласці яе прыгожага жывата і далікатную выемку-скляпенне паміж ног.
    Ёсі прыехаў на тыднёвую пабыўку, і мы ўчатырох садзілі пладовыя дрэвы ды сеялі кармавыя травы сярод магіл. Коўзкія насеннікі канюшыны прыемна слізгалі па падушачках пальцаў.
    Планы і пражэкты безупынку расквіталі ў Урынай галаве. Ашчаджэнняў ён не меў, але бацькі, дзядзька і я пазычылі яму неабходныя сумы. Нэхама вычысціла кароўнік Аўрагама, і ў шэраг з жалезнымі парэнчамі вярнуліся каровы. Каб рыкаць і слухаць музыку пад хлюпкі рытм даільнай помпы.
    На згоне лета мы пахавалі Эліезэра Ліберзона. Некалькі тыдняў да таго ён знік з палаты.
    — Ходзіць сабе па палях, — паведаміў Альберт з таямнічай усмешкай на твары. Потым агучыў яшчэ адну прыказку на сваёй версіі ладзіна, аднак Ліберзон, каб перакласці ўзважаныя і далікатныя словы, там адсутнічаў.
    Усе ведалі, што Ліберзон блукае па Даліне, паколькі слупкі вандроўнага пылу з яго ног падымаліся і знікалі ў самых нечаканых месцах, аднак стары на вока шукальнікаў не патрапляў. Пахаджваў па зямлі, канаючы ад голаду і смагі.
    Нават калі бачыў сакавіты плод, якія вырас на дрэвах, быў не ў змозе сарваць яго або адкрыць вентыль. Даніэль пошукаў бацькі не спыняў. Аднак Ліберзон гэтаксама, як дзед перад смерцю, быў такі мізэрны і лёгкі, ажно не пакідаў слядоў. Яго знайшлі толькі праз некалькі месяцаў, калі кібуцніца, што састрыгала кукурузу, знайшла яго курыныя костачкі.
    Цяпер я чакаў Пінэса.
    — Пасля таго як ён памрэ, я адсюль паеду, — паведаміў я. Але Уры і Нэхама сказала, што будуць радыя, калі я вырашу застацца.
    — Барух, Барух! Мы ж хочам горда несці званне адзінай гаспадаркі, у якой служаць не толькі трактары, але і цяглавы бегемот, — сказаў Уры.
    Я пасміхнуўся. Нэхама засмяялася. Эфраім, які ссаў цыцку, настрашана скалануўся. А Пінэс, самы стары і хворы чалавек у Даліне, апошні з пакалення заснавальнікаў, працягнуў пакрысе жаваць фаршырованую бычыную селязёнку, якую прынёс Бускіла і ўрачыста паклаў перад ім. Пінэс ведаў, што я чакаю яго, і ўдаваў, што мяне не існуе.
    — Ты ўжо можаш ехаць адсюль, — натужліва вымавіў ён урэшце. — Нават калі я памру, то не буду хавацца ў цябе, нават задарма.
    Калі я праводзіў яго дахаты, прыкмеціў у рухах страх. Больш ён не размаўляў са мной пра кузурак і дары саду, не клаў рукі на патыліцу. Усе кволыя сілы прысвячаў апошняй у яго жыцці бітве прынцыпаў.
    — Ты мяне не атрымаеш! — сказаў ён. — Скулля!
    Я не адказаў. Я ведаў, што “школа матухны-Прыроды” з аднолькавай доляй уладнай выпадковасці дзейнічае на чалавека і скаціну ды мацнейшая за мяне або Пінэса.
    “Блыха, кухонны прусак, гіена, восаед, гепард, змяяакулярніца ў вачах Прыроды не менш важныя за сабаку, які любіць чалавека і ахоўвае яго, за каня, які разумее чалавека і працуе на яго, а таксама за маладзіцу ў абдымках
    каханка, за малятка, што моліцца ў матчыных абдымках, або за самавітага спадара, ад якога залежаць шчасце і дабрабыт гожай жанчыны і гурбы харашмяных дзетак”, — пісаў Лютэр Бэрбанк.
    — Праз самазакаханасць мы лічым за лепшае голай праўды не зважаць, — сказаў Пінэс, калі я быў малым. — Мы падсалоджваем горкую пілюлю рэлігійнымі казкамі пра месій, майсамі пра існаванне іншасвету, блукаем па эдэмскіх садах забабонаў.
    Я моўчкі хадзіў за Пінэсам, як зграя гіен за параненай казуляй, што чакае, калі тая ўпадзе.
    — Убогі калекцыянер! — павярнуўшыся да мяне, кінуў ён. — Была б твая воля — і ты б уткнуў у нас шпількі, каб далучыць да свайго гербарыя. Аднак сабраць цалкам усю калекцыю ў цябе не атрымаецца!
    Позна занач я бачыў, як ён корпаецца ў шуфлядках тумбачкі, што стаяла пры ложку, дастае старыя ключы і выходзіць з хаты. Пяць кіламетраў ён агораў за два дні. А я ішоў за ім, захоўваючы дыстанцыю ў некалькі метраў, гэтаксама, як сачыў за Ліберзонам, калі той ішоў да кібуцнай фабрыкі. Але ў процівагу Ліберзону Пінэс раз-пораз абяртаўся і з жахам на мяне паглядаў.
    —	Ты можаш пачакаць мяне там, — сказаў ён. — За мной цягацца неабавязкова. Ты цудоўна ведаеш, куды я іду.
    Аднак я працягваў валачыць на плячах успаміны аб старым брытанскім ранцы з фармалінам і пінцэтамі, вайсковым ранцы майго дзядзькі Эфраіма.
    Стары жалезны замок, які ўжо гады не варушылі, адамкнуўся так, нібыта мок у аліве. Пінэс пастаяў крыху на парозе, павярнуўся да мяне:
    —	Са светлай галавой, — паведаміў ён з усмешкай. — I пры цвярозай памяці.
    Потым прыгнуўся і знік у нутры. Я вырашыў, што так і быць: я дазволю яму выканаць абавязковую праграму
    МЭІР ШАЛЕЎ
    развітальных цырымоній — потым ён усё роўна вернецца ў мае цэпкія абдымкі.
    Усярэдзіне пячоры Пінэс пастаяў. Удыхнуў на поўныя грудзі. Рэліктавыя змеі-сляпачкі лашчыліся ля ног, афрыканскія першабытныя станожкі прагна поўзалі ў Пінэса па скуры. А я там, дзе стаяў, раптам адчуў, што адбудзецца, і стаў спехам сунуцца наперад, лямантуючы і енчучы. Аднак настаўнік з нечаканай спрытнасцю ўжо дыбаў наперад, у самае нутро пячоры, шнапарачы і натыкаючыся на сценку, слізгаючы па вільготным доле. Аж пакуль не сягнуў цяжкай пліты крышталічнага лупняка, якая навалілася на недаследаваныя глыбіні. Пінэс дастаў з кішэні дробны малаточак і стаў шнапарыць, пакуль не дапяў да меціны, якую яму пакінуў каменячос з Назарэту.
    Пінэс падняў лядашчую руку, у якой ужо не засталося моцы ўдарыць, і толькі нямогла адпусціў малаток на ўразлівае месца.