За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— “Блізняты і пачвара”! — выдыхнуўУры, прыліпшы да маёй спіны і намагаючыся душыць мяне за шыю, пакуль Ёсі скакаў перада мной, наносячы ўдары лбом і кулакамі. Мы трое безупынку смяяліся. Салома наліпла на скуру, застрэміўшыся ў валасах, на галаве і грудзях. Зрэшты я пхнуў Уры на салому, паставіў на яго нагу, каб не рухаўся, а Ёсі схапіў за пояс і падняў над галавой. Цяпер ён ужо не плакаў. Разявіў рот, выкрыкваючы ваяўнічыя, уперамешку са здушаным рогатам, воклічы.
3 боку Барака Першых стаў набліжацца дрыготкі ў цямрэчы агеньчык нафтавага каганца. Мешулам, узбураны пачуццямі, зайшоў у пуню.
— Стаць на зважай! — скамандаваў Ёсі.
Уры накінуўся на Мешулама і выхапіў каганец:
— Вяртаешся ад сямейнай разборак з вентылем? Ці проста так прыйшоў спаліць пуню?
Мешулам раззлаваўся.
— Што вы тут робіце?
У Песіным пеньюары, чорным і вільготным, ён выглядаў як маленькае харашмянае крумкачаня.
— Артыст, — вынес прысуд Ёсі.
— Мы проста гуляліся, Мешулам, — сказаў я. — Хадзем, хлопцы.
Уры спінай падаўся назад, а саркастычным тварам — да Мешулама.
— Ты ведаеш правілы. Перш чым даганяць нас, мусіш палічыць да дзесяці.
Мая радасць выпарылася. Мы вярнуліся дахаты, але па дарозе Ёсі папрасіў, каб мы схадзілі яшчэ разок на могілкі.
— Там, мусіць, вельмі прыгожа ўначы, з усімі тымі белымі кветкамі і надмагіллямі.
Я адчыніў браму. Пад нашымі нагамі храбусцеў жвір. Наўкола музыкавалі конікі. Блізняты абаперліся на помнік дзеда, а я сеў на ружовым помніку Розы Мунькінай.
— Колькі ты бярэш за кожную магілу? — пацікавіўся Ёсі.
— Па-рознаму. 3 багатых амерыканскіх дзядоў і бабак бяру тысяч сто. Дакладна скажа Бускіла.
— Ты мільянер! — сказаў Ёсі вышэйшым чым зазвычай голасам. — Далібог, мільянер. Ты ў курсе?
— Які такі мільянер? Я проста пераняў гаспадарку. Раблю, што сказаў рабіць дзед.
— Тут прыгожа, — сказаў Уры. — Страшэнна прыгожа.
Уры ўстаў і адышоўся. Мы пачулі, як ён сікае за плотам.
— Цябе ў войску хіба не вучылі мачыцца бязгучна? Трэба вадзіць яго з боку ў бок, — загукаў Ёсі.
— Я спрабую. Але ўсё жыццё ён мяне водзіць, — з цемры пачуўся голас Уры. — Усё, іду спаць. Усім да заўтра.
— От дзе шэльма! — сказаў Ёсі. — Які жучыла гэты Уры.
Цяпер, у цемры, калі партрэт ягонай маці не ўпіваўся з яго твару на мяне, пасля таго як мы як след пабавіліся ўтрох, я нарэшце пачуўся вальней у Ёсінай прысутнасці.
— Ну і што з табой будзе? — спытаў ён.
— А чаго ты турбуешся? Я ж мільянер.
— Ты чаго, як вожык, ашчэрваешся, калі бачыш мяне?
— Ты ўмееш раздражніць.
— А ты не ўмееш?! Ты стрэмка ў срацы. Заўсёды такі быў. Праз цябе з нас смяяліся ў школе. Уся вёска аж да сёння глядзіць на цябе як на прыпыленага.
— Хай глядзяць! — аскірзнуўся я. — Яны зайздросцяць. Гэта яны выгналі адсюль Эфраіма. Хай цяпер ведаюць.
— Досыць увесь час цытаваць дзеда, — сказаў Ёсі. — Увогуле падазрона, што ты адзін, хто чуў, як дзед выказвае гэтую дзіўную просьбу.
— Што ты хочаш сказаць?
— Што ты лёгка адкруціўся.
— Пінэс таксама чуў.
— Пінэс... — прамовіў Ёсі. — Яшчэ адна таемная спружына.
Немавед з якое прычыны гутарка мне падабалася.
— Гэта ўвогуле першы раз, што мы размаўляем, — сказаў Ёсі.
Ён падняўся, павярнуўся, нагнуўся панюхаць кветкі. Абгледзеў помнік Саламеі. Зрабіў пару крокаў туды і назад і сеў поплеч.
— Нахалеру ты пахаваў яе тут? Хто яна такая ўвогуле?
— Так хацеў дзед, — адказаў я.
— “Так хацеў дзед, так хацеў дзед!” Табе яшчэ не абрыдла?
— Так ён хацеў.
— Дык ты проста прыйшоў і забраў яе?
Так, забраў. Яе труна — адзіная труна, якой я не адчыняў перад пахаваннем.
— У Ізраілі ў яе нікога не было. Ніводнай жывой душы.
— Якое чалавекалюбства!
— ...Скажы, — пачаў дапытваць Ёсі, — ты ж часам бачыў іх разам, у доме састарэлых, што ў іх, паміж ім і гэтай Саламеяй, там было?
— Я на гэтых тэмах невялікі знаўца, — адпарыраваў я, у гэты момант убачыўшы зморшчаную шыю дзеда, яго лысую галаву, якая ўнурылася паміж напятай скуры жаночых сцёгнаў.
— Што ты сказаў?
— Нічога.
Ёсі зіркнуў на мяне падазрона.
— Але ж ты, ясна, як заўсёды падслухоўваў.
Ён пачакаў маёй рэакцыі і зрэшты дадаў:
— Ты думаў, мы не ведаем, што ты падслухоўваеш за дзвярыма і цікуеш пад вокнамі?
— Ну ведалі, і што?..
— Калі мы былі малымі, мама казала, што калі яна яшчэ раз зловіць цябе, то цябе адлупцуе, а тата сказаў, што калі яна толькі пальцам да цябе дакранецца, то ён рукі-ногі ёй паломіць.
Я замаўчаў. Прыгадаў, як Рыўка глядзела на мяне, калі дужаўся з буйнымі быкамі, і як ненавідзела маю маці, ажно матчыны гонкія ногі, якія біліся пад спадніцай, як языкі звона, і яе вясельная сукенка па-ранейшаму атручвалі Рыўцы жыццё, нават пасля таго, як іх зжор агонь.
— Я заўсёды зайздросціў табе, — раптам вымавіў Ёсі. — Што ты жыў з дзедам, што быў яго маляткам.
— Я тады таксама думаў, што я яго малятка, — я зглынуў з горла камяк сухой сліны, — але цяпер я не вельмі пэўны.
— Я зайздросціў табе, калі ты быў сіратой, — працягваў ён. — Аднойчы, калі нам было шэсць ці сем, я сказаў Уры, што калі б нашы бацькі памерлі, дык нас бы Пінэс таксама браў на праходкі ў палі, а дзед бы гадаваў нас таксама ў сябе.
— Але вы б не змаглі пахаваць яго, як я, — адгукнуўся я. — Ты б напалохаўся Якубі, а Уры на ўсё гэта пляваць хацеў.
— Ты заўсёды быў такі дзіўны, заўсёды з дзядамі. 3 Пінэсам і дзедам, Цыркіным і Ліберзонам. А з другога класа ўсе цябе ў школе баяліся. Ведаеш, нас нават асцерагаліся чапаць. Праз цябе. Баяліся.
Ён злез з капца. Сеў на зямлю, мелючы яе пальцамі. Пальцы ў яго бацькавы — кароткія, расплясканыя. Цяпер крышыў маленькія камякі, расціраючы адзінцом і сярэднікам. Гэты рух прыўлашчылі першапраходцы, калі прыехалі ў Даліну. Потым навучылі яму сыноў, а трэцяе пакаленне ўжо з тым рухам нарадзілася.
— Я б тут застаўся, — сказаў пасля паўзы. — Далібог, я б застаўся ў машаве і, як табе вядома, мог бы быць нядрэнным
селянінам. Толькі праз гэтыя магілы я прыняў рашэнне з’ехаць адсюль, дый Уры сюды не вернецца. Толькі ты застанешся, і адпомсціш усёй вёсцы і ўсяму свету, і заробіш столькі грошай, колькі гэтым дзядам не снілася ў іх самых мядовых снах.
— Чаму ўсе гавораць толькі пра грошы? — запытаў я. — Ты ж сам бачыш, што я тымі грашыма не карыстаюся. Я хіба купіў мэблю? Вопратку? Пабудаваў тут басейн? Я нават за мяжу ні разу не ездзіў.
— Гэта знак, што ты сапраўдны вясковец, — захіхікаў Ёсі. — У вёсцы ніхто не ўмее цешыцца жыццём. Я таксама не ўмею. Вяскоўцы не любяць раскідвацца грашыма. Іх трымае страх перад неўраджаем, саранчой, грызунамі. Ногі ўпіраюцца ў зямлю, а вочы выглядаюць град, дождж — адным словам, халяўную ваду. Адзін Уры выслабаніўся ад гэтай спадчыны.
— Я на варце, — адказаў я. — Я ахоўваю дзеда. Я абяцаў, што яго адсюль не выкінуць.
— Самая мая любімая гісторыя — пра тое, як дзед выратаваў цябе ад хворага на шаленства шакала, — прашаптаў Ёсі.
— Тата апавядаў яе перад сном. Ты сядзеў на падворку, сыпаў пыл на кацянят, а дзед наваліўся на шакала і паламаў яму ўсе косткі.
— Гэта была гіена, — азваўся я. — Нават у газеце напісала, што гіена. А яе чэрап выставілі ў школе, у краязнаўчым кутку.
— Ну, вялікая розніца! — адмахнуўся Ёсі. — Галоўнае, дзед цябе выратаваў.
— Што я застаўся на падворку — гэта выпадковасць, — сказаў я. — Што, ты думаеш, цябе дзед не выратаваў бы?
— Ты не разумееш?! Да мяне б гіена не прыйшла. Думаеш, яна там проста так апынулася? Выпадкова?
Я ўразіўся. Я і не думаў, што Ёсі так усё бачыць.
— Час ад часу, у гэтых доўгіх засадах на дзяржаўнай мяжы, калі не спіш начамі навылёт, то пачынаеш бачыць постаці і відзежы. Тады з’яўляецца страх, што прыйдзе стары
Шыфрыс, наступіць ля калючага дроту на міну, або нейкі наш памежнік гыркне яму: “Стаяць!”, а гэтага ж злузнутага з розуму дзеда-рэпатрыянта не спыніць, не стрымаць, і тады ў цемнаце ён нарвецца на кулю.
— Ён не прыйдзе, — сказаў я яму. — Шыфрыс — проста дзедава прыдумка.
— Дзед сапраўды быў адметным чалавекам, тытанам, — сказаў Ёсі. — Інакш усе гэтыя людзі не прыязджалі б сюды з усяго свету, каб тут пахавацца.
— Тады, з гіенай, стаяў летні дзянёк, ясны і празрысты, — апавёў я. — Дзякуючы Пінэсу я ўсе падзеі цяпер помню паводле пор года.
— Хадзем, паходзім трохі, нешта я змёрз.
— Калі нарадзіўся твой бацька, стаяў месяц сіван, — працягваў я. — Падвойнае вяселле адгулялі ўвосень. Бабуля памерла ўвесну, Рылава выбух разарваў узімку, Цыркін таксама памёр узімку, Фаня — на згоне лета, а дзед сышоў увосень. А я сядзеў ля яго тры дні і тры ночы, — апавядаў я.
Упершыню ў жыцці я таксама апавядаў гісторыю.
— Ваш тата прыходзіў і сыходзіў, прыходзіў і сыходзіў. Лекар — туды-сюды таксама. Круціліся таксама дзедавы сябры — Цыркін, і Ліберзон, і Шыфрыс, і Пінэс. Ад моцнай стомы, мусіць, я не разумеў, што адбываецца.
Ёсі лёг у ложак, на калючы, набіткаваны водарасцямі, матрац, белая скура спавітая ў новую піжаму. Я з цяжкасцю падняўся і выйшаў на двор, на пыльныя шляхі, якія мяне ніколі не расчароўвалі.
Восень, як зазвычай, апанавала вёску пры дапамозе праліўнога лістапада, настрашана-жахлівых кліканняў птушанят рудахвостай слаўкі, якая ганарліва адмовіліся ляцець у вырай. Я ішоў па каляінах, якія збягалі ў палі. Таптаў апошнія рудыя травы, якія тапырыліся на гарбатай сцежцы пасярэдзіне дарогі. У пладовых садах і на вадасцёках развальваліся гнёзды сініц і прыній. Па-за стойлам я ўбачыў
зненавідную шасціколку гандляроў скацінай, гружаную трыма прыгнечанымі бычкамі з выкручанымі хвастамі, што церабіла дарогу сярод упрэжаных у коней вазоў і ніколі не бачаных тут марак амерыканскіх аўтамабіляў. Мужчыны і жанчыны, апранутыя ў выкшталцоныя строі з высокімі круглымі каўнярамі, пахаджвалі там дзеці ў чорных лакаваных туфліках. Я здзівіўся, хто ж паведаміў гэтым староннім людзям пра смерць дзеда, аднак не спыняўся. Я ішоў па алеях ражковых дрэваў, ад якіх тачыўся бессаромны белы пах, які ўганяў мінакоў у чырвань.
— Фінікавае, як і ражковае дрэва, — двухдомная расліна, мужчынскія органы на адным, жаночыя — на іншым. Адно дрэва-мужчына можа апладніць дзясяткі дрэў-жанчын, — сказаў Пінэс прама над вухам.
Я чуў гук крыніцы, якая на апошнім здыханні лета сілілася вывергнуць вонкі струмень. I пахнючае браджэнне далікатных гнілушак, якія апалі ў належны час на глебу, і цяпер ад іх сыходзілі тонкія патрэскванні дурману. Усё лета ў пакетах з камбікормам мы хавалі жаўтаватыя ігрушы гатунку “джэнтыль”, якія, сугрэўшыся, выпускалі салодкія духі браджэння. Унутры мязга растрэскалася і падтаяла, увосень уфармаваліся такія сабе яйкі з тонкай плеўкай, набрынялыя ад п’янкой вадкасці. Тады мы асцярожліва тыя грушкі даставалі, надкусвалі плёнку зубамі і высмоктвалі з сярэдзіны духмяны нектар.