За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
сустрэўшы чарговую пагрозу тварам да твару. Гэтаксама, як каларадскія жукі, як розыгрышы латарэі, каровіны кляшчы, трасцавае камар’ё, навала саранчы і ідэйна чужыя джазбэнды разбіваліся ўдруз аб чорны хвалярэз ягонага сэрца, пакідаючы адно тонкую пену.
Пінэс усхапіўся з ложка. Выцер пальцы аб калматыя грудзі. Узлаваны. Уражаны. Чаму гэта вясковае жыццё працягваецца як нічога ніякага, калі гэткае буянства кідае голасны выклік грамадскаму парадку?
Усе да аднаго вяскоўцы спалі, як кажуць тут у Даліне, што жыта прадаўшы. Аслы — у загоне, дойныя каровы — у кароўніку, нясушкі — у куратніку, а “свядомыя змагары за ўраджай” — у сваіх сціплых ложках. Як у старой машыне, чые дэталі дасканала прыцерліся адна да адной, працягвалі жыхары вёскі сваю начную руціну.
Вымі напаўняліся малаком, грэйпфруты брынялі сокам. На плячах вялікіх быкоў, якіх мусілі неўзабаве выправіць на разніцу, нарастала першарадная плоць. Працавітыя бактэрыі, “нашы аднаклеткавыя сябры”, як удзячна называў іх Пінэс на занятках біялогіі, рупіліся забяспечыць вугляродам карэнне раслін.
Аднак стары настаўнік, чалавек хоць і паблажлівы, але педагог да шпіку косткі, і ў дадатак вядомы сваёй педантычнасцю, не дазволіў бы нікому, пагатоў сабе, спачыць на лаўрах здзяйсненняў і дасягненняў.
“Я злаўлю цябе, поскудзь!” — прамармытаў ён раз’юшана і з цяжкасцю ўскруціўся з панцырнага ложка. Дрыготкімі рукамі зашпіліў старыя штаны колеру хакі. Абуў працоўныя чобаты — яны падвысілі ўзровень ягонай абароненасці да лытак — і вырушыў на бітву. Праз цемру і спешку не знайшоў акуляраў. Але месяцовае святло, што ўварвалася ўсярэдзіну дому праз шчыліны ў вушаку, асвятляла дарогу.
Знадворку ногі спатыкнуліся аб грудок, вырыты кратом, што вёў у садзе сваю падкопную дзейнасць. Пасля падзення
настаўнік падняўся. Абтрэсіўшыся ад пылу, загукаў: “Хто тут? Хто тут?” — і наструніў слых. Блізарукія вочы шнапарылі па цямрэчы. Вялікая галава вагалася з боку ў бок як мазгаўня начнога птаха, якая балансуе, каб захаваць раўнавагу.
Паскудны вокрык не паўтарыўся.
“Як заўсёды, — прамармытаў самому сабе. — Піскнуў раз і — шась у норку”.
Пінэс устурбаваўся. Грубы крык быў яскравым сведчаннем, што нехта пацёгся крывой дарожкай нікчэмнага геданіста, паставіў асабістыя інтарэсы па-над грамадскімі. Адным словам, яўны падрыў статутаў. Стары настаўнік, які “выхоўваў у сваіх гадаванцах замілаванне да працы і любасць да побытавай сціпласці”, мімаволі ўспомніў Вялікае Выкраданне Чакаляты, учыненае некалькімі яго вучнямі ў вясковай краме. Прыгадаў таксама куфар Рывы Маргуліс, які колісь прыехаў з Украіны і поўніўся збыткоўнасцямі, спакусамі ды ўсякімі “раскошнымі цацкамі-пецкамі”, якія да дна душы скаланулі ўсіх сяброў сельскагаспадарчага таварыства. Таксама на думку настаўніку прыйшоў шатанскі смех гіены, які колісь разносіўся па кібуцных палях, гэты “трыумф здзеку і пыхі”.
Паколькі настаўнік прыгадаў гіену менавіта ў момант, калі акуляры на носе адсутнічалі і вочы шнарылі невідушча, дык яго збянтэжанасць ператварылася ў вусціш.
Ён амаль што сшэрх ад раптоўнае жуды.
Тая гіена раз-пораз адведвала вёску. Мярзотная пасланніца краёў, якія разлягліся па-за жытнімі палеткамі і Сіняй Гарой. Цягам доўгіх гадоў, што мінулі з часу заснавання вёскі, чуў настаўнік колькі разоў яе здзеклівы брэх, які падымаўся з цясніны: ясны, востры, шчымлівы.
Шкода ад гіены была вялікая. З’явіліся пакусаныя, навука якіх азам сельскай гаспадаркі пайшла сабаку пад хвост. Сеялі афрыканскае проса ўвосень і абціналі вінаграднік улетку. Іншых праз крык гіены пачалі тачыць сумненні, пыха,
адчай. I яны пакінулі працу на зямлі: ўцяклі ў горад, сышлі ў магілу, выехалі за мяжу.
Ад хвалявання Пінэс не знаходзіў сабе месца. Ён ужо бачыў у сваім жыцці людзей, якія збочылі з простай дарогі, — згорбленыя постаці ўцекачоў у порце, кашчаватыя самагубцы, якія знерухомеліся ў магілах. Бачыў ён невяртанцаў і вычварэнцаў. “Ерусалімскіх дармаедаў з ешывы, якія жывуць на ласкавым хлебе амерыканскіх габрэяў-мільянераў”. Цфацкіх кабалістаў, што бавяць жыццё ў арыфметычным вылічэнні прыходу Месіі. Прыдуркаватых камуністаў: мічурынцаў і ленінцаў, якія разрываюць на часткі “наш Працоўны батальён”*. Доўгія гады развагаў і ацэнкі чужых здольнасцяў навучылі Пінэса, наколькі лёгка можа змарнавацца чалавек, пазбаўлены гарту і маральнага стрыжня.
— Асабліва гэты крык паражае дзяцей, бо іх светагляд яшчэ не ўфармаваўся, — папярэдзіў ён вяскоўцаў, як толькі ля хат з’явіліся сляды пачвары. I настаяў, каб арганізавалі варту. Уначы ён сам далучаўся да ўзброеных мужчын, сваіх былых вучняў, якія выходзілі ў поле знішчыць падбухторшчыцу. Але гіена блытала сляды — злавіць сябе не давала.
— Гэтаксама, як кожны вядомы навуцы шкоднік, — пракаментаваў яе паводзіны на вясковым сходзе Пінэс.
Адной ночы, выйшаўшы лавіць землярыек і драўнінных квакш для жывога кутка ў школе, Пінэс убачыў гіену, якая перабягала пасевы праз канал і стала набліжацца тым уласцівым дзікім жывёлам лёгкім трушком, які, здавалася, жор адлегласць.
Пінэс спыніўся. Звяруга кінула на яго позірк іскрыстых аранжавых вачэй і інтымна гыркнула. Пінэс убачыў магутную шыю, што пераходзіла ў шырокія плечы, а таксама жаўлакі сківічных цягліц. Паласатую поўсць, якая зіхцела, стаўшы дыбам на канцы хрыбціны.
* Працоўны батальён — рабочыя арцелі скаральнікаў Зямлі Ізраіля сацыялістычнай скіраванасці.
Гіена паскорыла хаду, растаптаўшы далікатныя парасткі мышынага гароху. Перад адступленнем, перш як знікнуць у жываплоце з арапкі, гіена зноў глянула на настаўніка і, здзекліва ўсміхнуўшыся, ашчэрыла іклы. Пінэс спярша не зразумеў сэнсу “гэтага паскуднага смяшочка”, пакуль урэшце да яго не дайшло, што ён забыў стрэльбу дома.
“Пінэс заўсёды забывае стрэльбу дома”, — загаварылі вяскоўцы, калі стала вядома пра гэтую начную сустрэчу. I прыгадалі, як шмат гадоў таму, калі бацькі-заснавальнікі заклалі вёску, памерла ад трасцы ягоная жонка Лея. Жонка і дзве дачкі-блізнючкі ва ўлонні. Пінэс уцёк ад цела каханай жонкі, якая працягвала вылучаць зялёны пот нават пасля таго, як спруцянела і схаладнела. I прыпусціў да вярбовага гаю, дзе ў тыя дні звычайна канчалі жыццё самагубствам. Некалькі сяброў пабеглі ратаваць. Знайшлі яго ляжачым паміж хмызамі сунарыі, аблітага слязьмі. “Тады ён таксама забыў стрэльбу дома”.
Цяпер, калі плямістая звяруга ўзвярэдзіла памяць, а таксама прыйшла да думкі мёртвая жонка і сіняватыя бязгрэшныя дочачкі-народкі, Пінэс спыніў свае “хтотуты”. Вярнуўся ў пакой, намацаў акуляры і паспяшаўся да майго дзеда.
Пінэс ведаў, што дзед амаль ніколі не спіць. Пастукаў у дзверы і, не чакаючы адказу, зайшоў. Ляпанне драцяных дзвярэй па вушаку разбудзіла мяне. Я глянуў на дзедаў ложак. Як заўсёды, ён стаяў пусты, а пах ягонай папяросы цягнуўся з кухні.
Было мне тады пятнаццаць. Большасць гэтых гадоў прайшла ў дзедавым бараку. Яго рукі, рукі садоўніка, выгадавалі мяне. Яго вочы ацэньвалі рост і гарт. Яго вусны спавівалі мяне ў пальмавае мачула гісторый. “Міркінскі сіротка” — менавалі мяне ў вёсцы, але ж ён, мой літасцівы, раўнівы і помслівы дзед, клікаў мяне “маё малятка”.
Быў стары і змрочны. Нібыта акунуўся ў бялілы, якімі мазаў увесну камлі ў садзе. Камлюкаваты, жылісты, вусаты і лысы.
Гады ўтрамбавалі вочы назад у чэрап, згасіўшы зіхценне. У зрэнках клубіліся дзве лужыны шызага туману.
Летнімі начамі дзед зазвычай сядзеў пры кухонным стале, у выцвілай спяцоўцы і сініх шортах, вывяргаючы дым і салодкія пахі дрэваў ды малака. Варушачы перакручанымі — як вінаградная лаза — спрацаванымі нагамі, дзед гартаў успаміны і падлічваў грахі. Заўсёды пісаў сам сабе кароценькія сказы на паперках, і тыя пасля луналі ў пакоі, нібы чародкі бяляноў-капуснікаў. Штохвіліны чакаў вяртання ўсіх адсутных.
“Хай стануць-паўстануць напроці маіх вачэй”, — знайшоў я напісанае на цыдулцы, якая прыляцела проста мне ў рукі.
Шмат разоў, стуль як я настаяў і да дня яго смерці, я пытаўся ў яго:
— Дзед, пра што ты ўвесь час думаеш?
I ён адказваў заўсёды:
— Пра сябе і пра цябе, маё малятка.
Жылі мы ў старым бараку. Казуарынавая хваіны пакрылі яго дах шорсткімі дыванамі з ігліцы. I двойчы на год, на загад дзеда, я залазіў на верхатуру і зграбаў назапашаны слой. Падлога барака была трохі вышэйшая за ровень зямлі, каб вільгаць і прусакі не зжэрлі масніц. 3 прымглёнага і вузкага пралазу я заўсёды чуў гукі вайны вожыкаў са змеямі ды мяккі шоргат лускавак мядзянкі. Аднойчы гіганцкая станожка, ускараскаўшыся праз парог, залезла ў адтуліну. Узяўшы цагліны, дзед з усіх бакоў замураваў пралаз. Перадсмяротныя ўздыхі і ўмольнае румзанне, якія пачуліся адтуль, прымусіліся яго ўзламаць цэглу і больш ніколі сваіх эксперыментаў не паўтараць.
Наш барак — ці ж не апошні ў вёсцы. Калі бацькі-заснавальнікі прыпалі да роднай зямлі, дык першыя свае капіталы ўклалі ў будаўніцтва бетонных кароўнікаў, бо каровы менш прызвычаеныя да перападаў надвор’я — прыручаныя безліч пакаленняў таму, яны не мелі ніякай ахвоты вяртацца ў дзікую прыроду. Самі першапраходцы жылі ў намётах з матэрыі,
потым — у драўляных бараках. Мінула ладна часу, перш чым яны пераехалі ў цагляныя дамы. У пабудаваным на нашай гаспадарцы доме жыў дзядзька Аўрагам, яго жонка Рыўка ды іх сыны — мае стрыечныя браты, блізняты Ёсі і Уры.
Дзед пастанавіў застацца ў драўляным бараку. Садаўнічы, ён меў любасць да дрэва.
“Драўляны дом рухаецца і хістаецца, пацее і дыхае. Кожны, хто ступае па ім, набывае свой адметны рып”, — сказаў ён мне і з гонарам паказаў масіўную крокву па-над ягоным ложкам, якая штовясну выпускала зялёны парастак.
Было ў бараку два пакоі і кухня. У першым я спаў з дзедам на панцырных ложках і калючых сенніках, якія называліся “матрацы з водарасцяў”. Тутсама стаяла простая вялікая шафа, а поруч камода, у якой мармуровая патрэсканая пліта была нашлёпнутая на шуфлядкі. У верхняй шуфлядцы дзед пакінуў вяроўкі з пальмавага мачула і ліпучую стужку. На цвіку па-за дзвярыма вісела скураная папруга, у ёй — садовыя нажніцы з чырвонымі ручкамі. Складанчыкі і цюбік самаробнай “чорнай мазі” для лекавання абрубкаў галін. PamTa прыладаў — секатар, парашкі, лекі і атруты, рондалі, у якіх замешваў сваю “бурду” — пякельную мяшанку мыш’яковай суспензіі, нікаціны і пірэтру, — захоўваў за замком у сумежнай з кароўнікам прыбудове. У ёй запіраўся мой дзядзька Эфраім. Яшчэ да таго, як уцёк і бясследна знік.