За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— Яны выгналі майго сына Эфраіма! — паўтараў ён мне і Пінэсу перад смерцю. — А я нанясу ўдар ім па самым балючым. Па зямлі.
Але тады мы не разумелі, што ён мае на ўвазе.
Вясковы Камітэт узважыў кандыдатуры на замену Бускілу, і ўрэшце выбар быў зроблены на карысць самога Зіса.
Асёл жа як след вывучыў усе адрасы, і калі пазбудзецца цяжару паклажы, дык зможа несці пасылкі назад. Зіс быў унукам легендарнага Качке, які рэпатрыяваўся разам з бацькамі-заснавальнікамі і насіў ваду з крыніцы, пакуль яго не звёў у магілу ўкус змяі.
Пасля двух месяцаў працы Зіса звольнілі.
— Сябры з Камітэта выявілі, што Зіс злізвае маркі з канвертаў, — кажа Уры, мой здзеклівы кузэн.
Камітэт звярнуўся да Бускілы, каб той павяртаўся на пошту. Аднак, надрукаваўшы сабе візітоўкі па-габрэйску і па-англійску, на якіх красавалася “Дом Вечнасці для Першапраходцаў, наглядчык”, мараканец “ужо пасвіў статак у сто нябожчыцкіх галоваў” (як любіў сказаць з пагардай Ліберзон) — ажно пакуль каханне ўсяго жыцця Ліберзона, жонка Фаня, не выправілася ў лепшы свет і не зрабілася сто першай кліенткай Бускілы.
ЧАЦВЁРТЫ РАЗДЗЕЛ
У вёсцы гаспадарка Міркіных лічылася мо самай удалай. Гэтак шапталі ўсе з прыдыханнем, калі пладовыя дрэвы ўздымалі пялёсткавыя завеі. Гэтак казалі, калі з вымяў дзядзька-Аўрагамавых кароваў выцякалі малочныя рэкі. I гэтаксама шапталі, уражана і зайздросліва, калі кароўнік напаўняўся запыленымі панцырамі жукоў і пульхнымі грашовымі мяхамі, пакуль сад заняхайваўся і брыняў косткамі ды магіламі.
Помнікі, шэраг за шэрагам. Чырвоныя і белыя сцежкі са жвіру. Зацененыя ў зацішку куточкі. Зялёныя лавы, дрэвы і кветкі. I раптам у прасвеце — белая магіла дзеда. Уся грамада сплялася з лёсам гэтай зямлі. Тая мусіла выгадаваць гной і плады, але ператварылася ў ніву жудаснай помсты.
“Гісторыя ясная, — кажу я сабе самому, блукаючы цэлую гадзіну па вялікіх пакоях свайго новага дому. — Гісторыя простая як венік. Дык чаму ты корпаешся ў ёй і ладзіш ператрус? 3 якое прычыны падслухоўваеш, цікуеш і патрабуеш адказаў на пытанні?”
Але менавіта дзеля гэтай мэты і гадаваў мяне дзед. Ад прыроды — вялікі і дужы, як бык. Адданы і агрэсіўны, як сабака-пастух. Абыякавы і таўстаскуры. Цяпер ён пакоіцца ў магіле, аточаны памерлымі сябрамі. Сочыць за нажаханай вёскай і тае ад асалоды.
— Ат, не дурыце мне галавы! Гэты хлапчук — папросту мех, напакаваны здубавеццямі і трызненнямі, — адмахнуўся Пінэс, калі яму паведамілі, што я не маю намеру з’явіцца на разбіральніцтвы перад вясковым Камітэтам.
Але хлапчукоўства маё мінулася. Багаты і нязграбны, я проста быў напампаваны мамонай і плоццю. Аднак Пінэс упарта павышаў планку дзяцінства ўсіх сваіх вучняў да непрыстойных лічбаў, працягваючы лашчыць іх па ссівелых і аблыселых галовах.
— Колькі ўспамінаў тоіцца ў гэтым вялікім целе, аж пакуль яно не напакуецца дашчэнту, лопне і яго жоўць не пральецца на зямлю, — казаў ён пра мяне.
Калі б дзед быў жывы, ён бы адказаў на гэта выказваннем кшталту таго, што “ў Пінэса заўсёды назапашаная прыгожая гісторыя з мараллю, але настаўнік часта забываецца, у чым мараль”.
Я зазвычай адказваў усім тым, хто патрабаваў, каб я спыніў магільны бізнес, што гэтага хацеў дзед. На разбор справы ў вясковым Камітэце я даслаў Бускілу і нанятага мною адваката. Яны людзі звонку — у іх далікатная скура і чэрствае сэрца. Каменяпад гісторый не прыціскае іх плеч да зямлі. Падэшвы служаць перагародкай паміж іх целам ды тонкім пылам шляхоў Даліны.
У сваім уяўленні я намаляваў простыя рыпучыя крэслы ў актавай залі Камітэта. Рукі з паламанымі пазногцямі, што барабаняць па стале як падковамі. Гэтыя двое кіруюць позіркі на бясстрашныя вочы, на важкія пальцы, якія завісаюць у паветры. Дык я ж усяго толькі яго малятка-немаўлятка, якое робіць, што скажа дзед. Сваё я ўжо сказаў.
У Адэсе дзед і ягоны брат Ёсэф уступілі на палубу “Эфратаса”, бруднага карабельчыка, “набіткаванага ліхімі людзьмі”, які гойсаў паміж Чорным і Міжземным морамі. Як два бакі манеты, глядзелі Якаў і Ёсэф Міркіны на два розныя кантыненты.
— Брат быў запальчывы, ва ўзбураных пачуццях. Безупынку лётаў на нос карабля і паглядаў наперад.
Ёсэф песціў мроі пра фермы ў біблійнай зямлі Галаад, белых аслянят і габрэйскі дух. Дзед жа думаў пра Саламею, якая
падманам і рэўнасцю застрэмілася ў ягонай плоці, засталася там. А таксама пра Зямлю Ізраіля, якая зробіцца не чым іншым, як часовым прытулкам для пасвараных каханкаў, далёкай краінай, якая адпудзіць успаміны. Месцам, дзе можна ачуняць, нажывіць на раны новую скуру.
Дзед сядзеў на карме, перыўся на ваду і ў адкрытым сэрцы размотваў капіляры, якія ў пене валачыліся за караблём.
Дзед занатаваў у цыдулцы, шмат гадоў пасля:
“Зірні ж на нашае гарачае сэрца, разблытанае і разматанае, як нітка!”
Падчас усяго плавання Якаў і Ёсэф Міркіны, спажываючы адно хлеб і сушаныя фігі, безупынку ванітавалі.
Мы прыехалі да берагоў бацькаўшчыны і выправіліся ў Галілею. А ўлетку мы ўжо сядзелі з братам Ёсэфам на беразе Кінэрэта, Галілейскага мора.
Яго рука бегае сюд-туд, наладоўвае мой рот пюрэ, замяшанае на свойскай смятане і падсмажанай цыбулі.
— Ноч навылёт мы вартавалі нівы, а на досвітку сядалі паглядзець, як устае сонца над Зямлёй Ізраіля. Сонца падымалася а палове на пятую. А пятай з чвэрткай яно ўжо цягнулася, каб нас спапяліць. Тады Ёсэф забедаваў і заплакаў плачма. Далібог, не так ён уяўляў Абяцаную Зямлю!
Цяпер лыжка напоўнілася салатай з гародніны.
— Нас было тры сябры. Цыркін-Мандаліна, Эліезэр Ліберзон і я. Мой брат Ёсэф, у хваробе і скрусе, даў драла ў Амерыку і больш не вярнуўся.
Цела дзеда — гарачае, сярдзітае і кволае. Трасцавыя курчы змяняліся прыпадкамі злосці ды настальгіі.
— У Амерыцы Ёсэф дамогся поспеху. Калі ўзімку, дзеля таго каб сагрэцца, мы апраналі праз галаву мяхі і хадзілі па гразюцы ў абгорнутых газетамі шкарпэтках, Ёсэф дапамагаў амерыканскім буржуям прымяраць гарнітуры.
Калі баба Фэйга яшчэ была жывая, за некалькі месяцаў да яе смерці ў вёску правялі электрычнасць. Дык Ёсэф даслаў
ёй у лісце грошы, каб купіла на іх лядоўню. Дзед выкінуў ліст у сцёкавую канаву кароўніка і сказаў бабулі, што аніколі не возьме грошы ад здрадніка-капіталюгі.
Тады Ёсэф паехаў ва ўлюбёны куток селекцыянера Лютэра Бэрбанка, на маленькае ранча Санта-Роза, куды з усяго свету зляталіся госці, карэспандэнцыя і жукі, і даслаў адтуль дзеду фотаздымак з аўтографам гэтага вялікага садоўніка. Я бачыў той здымак у куфары, што быў пад ложкам. У саламяным капелюшы, галыптук у гарошак, з мясістымі вушнымі храсточкамі.
“Але нават гэты прымірэнчы жэст не змякчыў сэрца Міркіна”.
Фаня Ліберзон была найлепшай сяброўкай бабулі.
— Фэйга, ужо калі была хворая і кволая ды пакутавала на дыхавіцу і адсутнасць кахання, прыйшла да нас з мокрымі вачыма. Але нават мы не здолелі пераканаць твайго дзеда. I Фэйга вымушаная была па-ранейшаму цягаць для прадуктаў лядовыя камлыгі... апавяла яна мне, пасля таго як я дакучаў некалькі гадзін, завітаўшы да яе і кідаючы на заахвочвальныя позіркі.
— Твой дружбак Міркін быў ейнай найвялікшай лядовай камлыгай, сказала Фаня мужу. Смерць і пакуты бабы Фэйгі па-ранейшаму мулялі і распальвалі злосць.
Ад Ліберзона адказу я так і не дачакаўся. Схаваўшыўся за рагом іх дома, прыціснуўся тварам да адтулін у вільготных аканіцах і ўбачыў яго губы, што варушыліся, а таксама зіхценне Фанінай старой прыгожай галавы, якая ляжала на ягоным плячы.
Дзед так і не дараваў брату здрады — больш яны не бачыліся. Толькі пасля смерці я дазволіў рэпатрыяваць у нашу даліну з Каліфорніі парэшткі Ёсэфа. Яго сыны, абодва дырэктары лос-анджэлескага гандлёвага дома па вытворчасці тканін “Міркін энд Міркін”, былі вымушаныя даслаць мне чэк на дзевяноста тысяч даляраў.
“Ваш бацька — здраднік-капіталюга, — напісаў Бускіла ў афіцыйным лісце пад «шапкай» Дома Вечнасці для Першапраходцаў. — Але вы атрымаеце дзесяць тысяч зніжкі — і толькі таму, што вы — сваякі”.
Нябожчыкі прыбывалі ў вымытых мотаблоках, на прычэпах, якія цягнуў трактар, у багажных аддзяленнях самалёта, у драўляных дамавінах і цынкавых трунах.
Раз-пораз на маіх могілках ладзіліся пышныя пахаванні. Жалобная працэсія: журналісты, полчышчы важных персон і грамадскіх дзеячаў. На пахаваннях рэй вёў Бускіла. Ён слаўся перад імі лістом — выдаваў рухі, якія мяне брыдзілі. Яны назіралі, як я капаю яміну. Падаваліся назад ад фантана камячкоў, што ўзлятаў са дна, і прасілі Бускілу закругляцца.
Некаторыя нябожчыкі прыбывалі самі-адны — іх суправаджалі толькі транспартныя квітанцыі і цыдулкі са словамі, якія яны прасілі напісаць на помніку. На некаторых пахаваннях прысутнічалі толькі заплаканы сын або ўзлаваная дачка. Іншыя прыходзілі яшчэ жывыя. Паўзлі па палёх, на апошнім здыханні, — толькі каб пахавацца ў Доме Вечнасці для Першапраходцаў.
— 3 сябрамі... побач з Міркіным... — напрамілы Бог прасілі яны. — У зямлі Даліны.
Перад пахаваннем у каморы побач з офісам Бускілы я адчыняў дамавіны і ўглядаўся ім у твар. Я рабіў гэта, асцерагаючыся, што мяне хочуць ашукаць і пранесці ў магілу “левага” нябожчыка.
Нябожчыкі, якія прыбывалі з Амерыкі, “здраднікі-капіталюгі”, ужо трохі пагнілыя, ужо стрэслі з сябе абалонку задаволенасці і бесклапотнасці, зазіралі ў вочы з нямым прабачэннем. У процівагу ім працаўнікі з Даліны былі вельмі супакойныя, выглядалі, нібыта ляжаць-спачываюць пад дрэвам у полі. Я шмат каго з іх ведаў, тых, што хадзілі да дзеда і Зайцэра. Калі я быў хлопчыкам, яны прыходзілі пагаманіць і параіцца, трымаючы ў руках паедзеныя галінкі, пажухлы
або паточаны чарвяком ліст. Іншых я ведаў з аповедаў. 3 таго, што пачуў, і з таго, што дамалявавалася ва ўяўленні і сплялося ў гатовы партрэт.
Калі мне было два гады, дзед прынёс мяне ў дом, ухутанага ў коўдру. Адмыў да куродыму і дастаў са скуры шкляныя і драўляныя стрэмкі. Ён гадаваў мяне, карміў, утаямнічваў у садовыя і лясныя сакрэты.
Ён апавядаў мне гісторыі. Падчас яды, падчас праполкі, падчас абцінання ад камля гранатавага дрэва пустазельных галінак, перад сном.
— У майго сына Эфраіма было малое цялятка, якога клікалі Жан Вальжан. Эфраім падымаўся ранкам, браў Жана Вальжана на плечы і выходзіў на шпацыр, а вяртаўся папаўдні. Рабіў гэтак штодня. Я сказаў яму: