За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Пінэс пачуў ціхусенечкія корпанні мангуста, убачыў ашчэраны твар дзікага ката, які ступіў сваімі шоўкавымі падушачкамі на крывую сцежку забойцы і рабаўніка. На нівах палявыя мышкі ніштожылі плады сялянскае працы. Пад мазаічным слоем — ужатай нівай і галерэямі садовых барознаў — драмала найвялікшая тутэйшая легенда— Балота. Яго колісь утаймавалі бацькі-заснавальнікі. Цяпер яно стоена чакала іх першых прыкмет слабізны. Калі твар настаўніка звярнуўся на захад, дык бліснула аранжавае сяйво, як мора Мілавіц, — то былі агні вялікага горада, што разлёгся па-за Сіняй Гарой. Спакуслівы бляск эксплуататарства і маральнага гніцця. Зіхценне лёгкай нажывы, юрлівай плоці і пажадлівых падміргванняў.
Яшчэ колькі хвілін дзед прыбіраў кухонныя прылады, потым патушыў святло і зайшоў у спальню. Перш чым ён улёгся на сваё месца і прытуліўся да мяне, я заплюшчыў вочы, нібыта сплю.
— Маё малятка-немаўлятка... — прашаптаў ён, а яго губы шнарылі па маёй шчацэ і роце.
Было мне пятнаццаць гадоў. Сто дваццаць кілаграмаў мясістых цягліц і калючых чорных валасоў. Але кожную ноч дзед рупіўся нахінуць мяне. Так, як зрабіў і ў тую ноч, калі занёс мяне ў дом. Гэтаксама зрабіў сёння. Потым падышоў да свайго ложка і са скрыні з прасцінамі дастаў піжаму. Я назіраў за ім, калі ён раздзяваўся. Гады не ссушылі і не заплямілі ягонай плоці. Нават калі я хаваў цела ў цемры ночы і зняў з дзеда новую піжаму — паводле ягонай просьбы перад самай смерцю, — дык цела працягвала зіхцець таямнічай беллю, якая ахутвала яго пры жыцці. Усе яго сябры былі зага-
рэлыя: іх скура абвуглілася і патрэскалася ад шматгадовага смажання на сонцы і працоўных дзесяцігоддзяў. Але ж дзед, абаронены даўгімі рукавамі, заўсёды пахаджваў па сваім садзе ў саламяным брылі. Яго твар не праціналі промні сонца, і ён застаўся бледны нібы палатно.
Дзед адчыніў акно і, уздыхнуўшы, лёг у пасцель.
ТРЭЦІ РАЗДЗЕЛ
Мешулам Цыркін вагаў галавой пры канцы кожнага сказа, а чупрына сівых валасоў цягнулася следам, нібы шлейф. Горкія зморшчыны на шчоках сабраліся ў столкі. Змалку не любіў я гэтага гультая, што жыў на другім канцы вёскі. Заўсёды ён ляпаў мяне па плячы і вымаўляў:
— Вырас да неба, а дурань як трэба!
I тонка хіхікаў.
Мешулам быў сынам Цыркіна па мянушцы Мандаліна, які разам з дзедам, бабуляй Фэйгай і Эліезэрам Ліберзонам заснавалі Працоўную Сябрыну імя Фэйгі. Цыркін-Мандаліна — руплівы селянін, першарадны музыка, і сёння ён пахаваны ў мяне.
Песя Цыркіна, мама Мешулама, грамадская дзяячка, дома была рэдкім госцем. Мешулам пад’ядаўся ў літасцівых суседак, сам праў сваю і бацькаву бялізну. Аднак багоміў маму і ганарыўся яе ўнёскам у росквіт працоўнага руху. Яна адведвала Мешулама раз-два на месяц, прыбываючы са сваімі вялікімі грудзьмі і важнымі гасцьмі, “калегамі з Тэль-Авіва”. Толькі нам, дзецям, якія гойсалі па вёсцы без справы, выпадала іх бачыць. Заўважыўшы шэры “кайзер”, які паркуецца ля дзялкі Цыркіна, мой стрыечны брат Уры паведамляў, што “тэль-авіўскія дармаеды прыехалі зноў: панюхаць гной і пафоткацца з цялятамі і пучком радзіскі”.
У свеце, дзе мама — сыходзячая натура, Мешулам шукаў печкі-лавачкі ў іншых месцах. Звычайным дзіцячым мроям не аддаваўся. Паколькі валодаў учэпістай памяццю і магутнай прагай ведаў, дык старыя першапраходцы аплялі яго павутай успамінаў, якая адрознівалася ад той, якой
яны спавілі мяне. Мешулам прыпаў да даследаванняў, збору артэфактаў і дакументаў. Вывучаў старыя кібуцныя статуты, расшыфроўваў лісты. Гартаў паперы, што былі нагэтулькі старыя, ажно рассыпаліся падчас гартання, — і гэтак суцяшаўся.
Ужо ў юнацтве ў яго атрымалася назбіраць колькі экспанатаў. Да кожнага наляпіў напісаную ад рукі цыдулку.
“Цяпка Ліберзона”, “Малочны бітон эпохі першых гадоў брытанскага панавання”, “Першы плуг — выраб кузні братоў Гольдман” і вядома ж — “Першая мандаліна майго бацькі”.
Калі вырас, дастаў з колішняга барака іржавыя дыскі культыватара і старыя бацькоўскія апырсквальнікі. Паправіў страху і запоўніў два малыя пакоікі дзіравым посудам і спарахнелай мэбляй. Гэта паўстаў “Барак Першых”. Мешулам зрабіў рэвізію на падворках і па хатах, сабраў паедзеныя шашалем рэшаты для мукі, пральныя дошкі, медзяныя рондалі, якія ўжо пазелянелі. Нават адкапаў санкі, які ездзілі па балотнай твані.
— Трэба, каб людзі ведалі, што тут было, — казаў ён. — Каб ведалі, што колісь, да таго, як сюды праклалі дарогу, тут узімку топлі вазы. А вяскоўцы везлі малако на малачарню балотнымі санкамі.
Асабліва ён ганарыўся нехлямяжым пудзілам Хагіт, каровай Эліезэра Ліберзона. Быўшы бейруцка-галандскіх крывей, Хагіт у свой час зрабілася чэмпіёнкай краіны па надоях і працэнце тлушчу. Калі Хагіт састарылася і Даніэль, сын Ліберзона, надумаў здаць яе на кляйстар, дык Мешулам выскачыў як Піліп з канапель. Запатрабаваў тэрміновага сходу вясковага Камітэта, на якім выказаў думку, што “нашу працавітую рагатую сябру нельга пускаць на кілбасу і жэлацін”.
— Хагіт не ёсць феноменам выключна сельскагаспадарчым — яна колісь паслужыла вымоўным доказам кіраўніцтву габрэйскага паселішча, што ва ўмовах Блізкага
Усходу не варта рабіць стаўку толькі на чыстакроўных гальдштэйнаўскіх кароў.
Камітэт кампенсаваў Ліберзону перадачу старой каровы Мешуламу і нават паабяцаў узяць на сябе частку выдаткаў па яе ўтрыманні. Але Мешулам неўзабаве ўмярцвіў “працавітую сябру” ладнай дозай мыш’яку і пры дапамозе ветэрынара набіў з вялізнага трупа пудзіла.
Цяпер Хагіт — з чыйго рота вытыркаліся сцябліны люцэрны — каторы год стаяла набіткаваная смярдзючымі сродкамі муміфікавання на пярэдняй верандзе дома Цыркіна. Са смочкаў яе пакрытага славай вымя тачыўся фармалін. Мешулам паліраваў ёй поўсць, у якой мышыная атрута пакінула след у выглядзе вялікіх пралысін. Чысціў яе здзіўленыя вочы-шкельцы і зашываў разрывы ў скуры, бо вераб’і для пабудовы гнёздаў цягнулі адтуль саломінкі і вату.
Пудзіла наганяла жуду на ўсё паселішча, а асабліва засмучала старога Зайцэра, які колісь вельмі сябраваў з Хагіт і бачыў у аб’ёмах яе малака “сімвал узварушэння духу народнага”. Каб пабачыць яе, ён калі-нікалі прабіраўся з нашага падворка. Штораз, як ён апынаўся перад ёй, дык, паводле ягоных словаў, у ім “агіда мяшалася са спагадаю”.
— Горкая гарота наша Хагіт! — мармытаў ён сабе пад нос. — Пасля смерці ў Мешулама Цыркіна ёй давялося праглынуць сена больш, чым пры жыцці ёй адшкадоўваў яе гаспадар Ліберзон.
Але мой стрыечны брат Уры, які пляваць хацеў на ўсіх з высокай вежы і паглядаў на ўсё паселішча з птушынага палёту кпіны, высунуў версію, маўляў, у гісторыі з музеяфікаванай каровай калекцыянерства і даследаванні Мешулама тут ні пры чым.
— Хоць вы рэжце мяне — смочкі Хагіт нагадалі Мешуламу матулю, — пастанавіў ён.
I стуль я глядзеў на яго гэтаксама, як гляджу і сёння — з зайздрасцю і замілаваннем.
У нашу вёску прыязджае шмат наведнікаў. Набіткаваныя турыстамі і школьнікамі аўтобусы — усе хочуць пабачыць справу рук бацькоў-заснавальнікаў. Расчуленыя, турысты паволі едуць па вясковых вулках. Захапляюцца кожнай ігрушкай і курыцай. Удыхаюць пахі зямлі і малака. Экскурсію яны заўсёды заканцоўваюць у гаспадарцы Міркіна, на маіх могілках.
Мешулам высунуў патрабаванне, каб аўтобусам забаранілі заязджаць у Дом Вечнасці для Першапраходцаў, пакуль тыя не наведаюць Барак Першых і карову-рэкардсменку, а таксама пакуль не пабачаць на напакаванай сенам шыі медаля, якім уганараваў Хагіт брытанскі каланіяльны генерал-губернатар.
Дом Вечнасці для Першапраходцаў калоў вочы вёсцы і яе ўстановам, але асабліва ненавідзеў мае могілкі Мешулам Цыркін. Аўтобусы прыбывалі ў гасгіадарку Міркіна, дзеці з шырока раскрытымі вачыма, уражаныя турысты як зачараваныя блукалі паміж памытымі помнікамі і ружавымі кустамі, шэптам чытаючы па бронзавых літарах легендарныя імёны і п’ючы халодны сок, які малодшы брат Бускілы прадаваў наведнікам ля брамы — усе гэта рабіла Мешулама злосці поўныя косці.
Мешулам Цыркін ненавідзеў мае могілкі, бо я адмовіўся хаваць побач з ягоным бацькам яго матку, актывісткуветэранку кібуцнага руху Песю Цыркіну. Я хаваў тут толькі дзедавых сяброў, прадстаўнікоў другой аліі. Песя Цыркіна была з трэцяй.
— На жаль, — сказаў я Мешуламу, які махаў перад маім носам прафсаюзным штогоднікам, у якім пісалася пра справу ўсяго жыцця ягонай маці — узаемнага крэдыту сеткі агульнаізраільскіх універсамаў. — Твая матка — не з другой аліі.
— Нябожчыца не адпавядае ўмовам прыёму ў замагільны калектыў, — патлумачыў яму Бускіла.
Мешулам стаў пагражаць, што будзе скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі. Я нагадаў пра ягоную колішнюю скаргу,
калі стары Ліберзон укладаў “Альбом першапраходцаў”. Дык вось, Ліберзон не пагадзіўся надрукаваць у ім Песін здымак з тае самае прычыны.
— I акрамя таго... — дадаў Бускіла. — Твой тата яшчэ пры жыцці адмовіўся класціся поплеч з Песяй.
Найбольш злавалі Мешулама цынкавыя дамавіны, якія я прывозіў з аэрапорта. Ён ведаў — кожная труна, якая прыбывала з Амерыкі, прыносіла мне дзясяткі тысяч даляраў.
— Якім правам ты хаваеш тут гэтых здраднікаў-капіталюг, а маю маці — не?! — з’ехаўся на крык Мешулам.
— Кожны, хто прыбыў сюды з другой аліёй, мае права купіць у нас магілу, — адказаў я.
— Кожнага старпёра, які колісь прыцёгся сюды з Усходняй Еўропы, два тыдні памахаў матыкай і даў драпака ў Амерычку, цяпер хаваюць у нас як героя?!
— ...Калі ласка — Роза Мунькіна! — загаласіў Мешулам і паказаў на адзін з помнікаў. — Матка ўсіх грахоў!
Роза Мунькіна, якая ведала дзеда яшчэ з Макарава, была маім першым гешэфтам.
— Я апавяду табе пра Розу Мунькіну, — прамовіў Мешулам з пагардай у голасе, убачыўшы ружовы помнік, сумежны з дзедавай магілай.
— Роза Мунькіна рэпатрыявалася з Макарава. Пазавіхалася які тыдзень на мігдалавых плантацыях у ваколіцах Рэховата і ўбачыла, што тыя ўвіханні дрэнна адбіваюцца на скуры яе далікатных пальчыкаў. Тады Роза закідала ўвесь свет сваімі крамзолямі, маўляў, вызваліце мяне з гэтай катаргі. У яе быў брат, ювелір, які яшчэ раней эміграваў у Амерыку. Дык вось, гэты брат зрабіўся габрэйскім першапраходцам па крымінальнай лініі. Іншымі словамі, стаў бруклінскім гангстарам. Ён і даслаў Розе квіток да Нью-Ёрка.