• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Толькі ён і я.
    ДРУГІ РАЗДЗЕЛ
    Туга па дзеду бы пялёнка засціла вочы. Я падняўся з вялікага скуранога фатэля і стаў бадзяцца па пакоях дому. Вялікая віла, якую я купіў пасля таго, як, пахаваўшы ў садзе дзеда і ягоных сяброў, разбагацеў ды пакінуў вёску. Гэты сказ Пінэса — “Толькі ты і Барух”, — што выбраўся на паверхню, цяпер не надта спяшаўся схавацца назад у сваю шуфлядку. Пачуўся пошум хваляў. Я выйшаў на падстрыжаны газон і разваліўся на беражку.
    Камяніцу з мэбляй і зямлёй я купіў у аднаго банкіра, які даваў драла з краіны. He ведаю, з якой прычыны. Я ніколі не сустракаў падобных яму і ніколі не хадзіў у банк. Грошы, што плацілі мне сем’і нябожчыкаў, я пакідаў у кароўніку ў старых мяхах для рэштак хімікалій. Пад цыноўкай старога Зайцэра, для якога жыць побач з каровамі было справай прынцыпу.
    — Нават у першых кібуцах я жыў у загончыку, — абвясціў ён.
    Вялікія вушы Зайцэра вытыркаліся абапал старой KenKi. Ён мог варушыць імі і раз-пораз, калі перабываў у гуморы, адгукаючыся на просьбы дзятвы, дэманстраваў сваё ўмельства. У Зайцэра былі цвёрдыя прынцыпы і “праграма”, якая змінала рэальнасць, нібы тая была сцяблінкай канюшыны.
    “Зайцэр, — занатаваў дзед, — гэта адзіная працоўная партыя, якая не зведала расколу, бо ў яе шэрагах усяго адзін чалец”.
    Бускіла, наглядчык маіх могілак Дом Вечнасці для Першапраходцаў, прыехаў да майго новага дому ў пікапе, на якім
    перавозіў дамавіны з аэрапорта і дамоў састарэлых, а таксама транспартаваў помнікі ад старых каменяроў з Галілеі.
    Гэта была прасторная белая віла, аточаная жываплотам са смоланасенніка. Перш чым націснуць на кнопку электрычнага замка ля брамы, Бускіла задаволена агледзеўся. Калі я паведаміў яму, што першапасяленцы памерлі ўсе да апошняга, поле цалкам запоўнілася помнікамі, а я закрываю басту і з’язджаю з вёскі, дык Бускіла выправіўся на пошукі і знайшоў для мяне новае жытло. Ён заняўся пакупкай: таргаваўся з пасярэднікамі, ад’ядаючы адвакатам сэрца сваёй атрутнай прыязнасцю.
    Стоячы з Бускілам перад гіганцкай брамай, я думаў, што мне ніколі не даводзілася жыць у сапраўдным доме. Дагэтуль я туліўся ў дзедавай хаце, старым драўляным бараку, які большасць гаспадароў даўно ператварылі ў камору або свіран.
    Я прыйшоў у сіняй спяцоўцы. Бускіла — у светлым ільняным гарнітуры, несучы ў руцэ мех. Банкір, таўсмаценькі і ўвішны, кінуўся яму напярэймы. Мяккія цягліцы неслі яго цела па паліраваных гранітных плітках.
    — А-а! — гукнуў ён. — Вось і далакопы.
    Бускіла не адгукнуўся. Гады заўзятай барацьбы з вясковым інстанцыямі і кібуцнымі ўстановамі навучылі яго, што нашы могілкі гадуюць у сэрцах пагарду і зайздрасць усіх за вылікам пахаваных на іх нябожчыкаў.
    Ён развязаў горла меха. Вытрас запыленыя банкноты на дыван. Задушлівая аблачына сульфату выпырхнула са стоса. Бускіла падышоў да банкіра, які закашляўся. Моцна ляпнуўшы па спіне адной рукой, працягнуў для поціску другую.
    — Бускіла Мардэхай, наглядчык. Усё ў далярах, як дамаўляліся, калі ласка палічыце.
    Бускіла — мая правая рука. Старэйшы за мяне на цэлае пакаленне і мой добры сябра. Нізенькі, востры на язык, з вытанчаным станам і станчэлымі валасамі. Ад яго заўсёды прыемна патыхае хвойным мылам.
    Банкір лічыў купюры, а Бускіла тымчасам павёў мяне на агледзіны: паміж дарагімі крышталёвымі сервізамі і калекцыяй срэбных кубкаў, па роўнядзі тоўстых дываноў. Са сцен здзіўлена і дакорліва на мяне глядзелі персанажы карцін і фотапартрэты.
    Вызірнуўшы з пакоя-шатні, у якім віселі доўгія шэрагі гарнітураў, Бускіла жэстам знаўцы і ацэньшчыка памацаў тканіны.
    — Навошта табе гэта? — запытаўся. — На цябе ж нічога не налезе.
    Я сказаў Бускілу, каб браў сабе колькі душы заманецца. Ён паставіў кружэлку, і раскаты голасу опернай прымадонны скаланулі белую прастору. Банкір злосна кінуўся да нас:
    — Можа, адкладзяце пагулянку да майго ад’езду?
    — Хутчэй палічыш, хутчэй паедзеш, — усміхнуўся яму Бускіла. — Табе ж яно так лепш.
    Ён абвіў рукой укормленыя сцёгны банкіра, у танцавальным руху развярнуў яго тулава і асцярожненька пхнуў у кірунку стоса з грашыма.
    Праз каторы час прыйшлі адвакаты і прынеслі паперы на подпіс. Банкір напакаваў валізы і паспяшаўся да выхаду, а Бускіла, у чыёй руцэ бліснуў кілішак, выйшаўшы на гаўбец, загукаў услед блаславенні на шчаслівую дарогу. Вярнуўшыся ў пакой, убачыў маю прыгнечанасць.
    — Можа, я тады паеду?
    — Заставайся, — сказаў я яму, — пераначуеш, разам паснедаем, і тады ўжо...
    Прасторны ложак банкіра быў першым ложкам, з якога не вытыркаліся мае ногі. Маё цела было не гатовае да пакорлівага матраца, да чорных дотыкаў ядвабу, які напойваў паветра духмянасцю і бязволлем у памяць пра ўсіх тых распластаных жанчын, што пакінулі барозны асалоды на ягоных плашчынях. Але абарончыя муры, што ўзвялі вакол мяне Пінэс і дзед, стаялі непахісна. Загрубелая скура
    ступакоў выдзірала валокны з тканіны, а пахі натуральнай абіўкі і дрэва, бляск крышталя і хрому да мяне не ліплі.
    Заснуў я за чвэртку гадзіны да світанку на якія лічаныя хвіліны. Дзядоўскі расклад дня ўсё яшчэ смылее ў ва мне, як вытутаяваны на скуры гадзіннік. Дзед заўсёды ўскручваўся першы. Пакінуўшы сняданак на стале, даваў мне адзін востры штурхель ды выпраўляўся на працу ў сад.
    — Грушы добра збіраць да таго, як яны прачнуліся, — тлумачыў ён мне.
    Бускіла яшчэ спаў. Я адсунуў вялікія шкляныя дзверы і выйшаў на двор. Як на мяне, банкіраў сад быў надта пахнючы, напоўнены знарочыста-дэкаратыўнымі кветкамі, якіх я раней і не бачыў. Пінэс зрабіў з нас знаўцаў выключна палявых кветак і карысных, гаспадарчых раслін.
    — Вяргіні і фрэзы — гэта буржуазная флора, — абвясціў ён. — Наскія дэкаратыўныя кветкі — гэта зяновец і нарцыс. Нашы культурныя расліны — канюшына і вінаградная лаза. “Твой Бэрбанк заняўся хрызантэмамі”, — цвяліўся ён з дзеда ў старасці.
    Я паглядзеў — і ўпершыню ў жыцці ўбачыў мора. Яно заўсёды хавалася па-за гарой, і з ім я таксама пазнаёміўся завочна, з аповедаў.
    Менавіта на яго хвалях прыбылі дзед і бацька ў Зямлю Ізраіля. Мора сыпала свае аскабалкі на прыгожы твар майго зніклага дзядзькі Эфраіма, калі ён адплываў на вайну.
    Праз паўгадзіны на газоне паявіўся Бускіла, абгорнуты ў халат, ён нёс паднос, устаўлены падсмажанымі скібамі булкі-пляцёнкі і высокімі кубкамі з сокам.
    Мы паселі на краі кветніка. Mae вочы, блукаючы між хмызамі, адразу ж згледзелі павучыныя карункі. У гэтую пару сетка яшчэ зіхцела ад расы. Калі я падпоўз і стаў шукаць самога павука, ашчэр на твары Бускілы пашырыўся. Павук стаіўся ў малюпасенькім намёціку, звязаным з ссохлай лістоты ніткамі павуты. Замаскаваны, у чаканні ахвяры.
    Упершыню павука паказаў мне Пінэс у дзедавым садзе. На пачатку лета ён почасту браў мяне ў “Акадэмію матухныпрыроды” шукаць казурак і павукоў.
    Яго старэчая рука надзіва спрытна тарганулася. Злавіла муху, што замарудзілася была на адным з лісткоў, і шпурнула яе ў павуту.
    — Бач! — загадаў Пінэс.
    Павук подбегам выскачыў на павуту. Спавіў ахвяру ў белы саван. Абгарнуў і абкруціў маленькую мумію паміж сваіх валахатых ножак. Потым далікатна даў атрутную буську і спрытна пацягнуў здабычу ў хованку.
    Падняўшыся на ногі, я павярнуўся да Бускілы.
    — Ну, ты шчаслівенькі? — запытаўся, узвяселены ён. — Віла — нармуль? Маім абавязковым патрабаваннем было, каб у тваім новым садзе корпалася прусаччо і чарвяччо.
    Калі мне было пяць, дзед і Пінэс узялі мяне ў мігдаловы гай Эліезэра Ліберзона. Дзед падышоў да аднаго дрэва, пакорпаўся ля карэння і паказаў мне сляды — нехта тачыў і грыз, паглыбіўшыся ад кары да сарцавіны. Ён паклаў пальцы на камель. Асцярожна шнарыў, пакуль не знайшоў што хацеў. I тады дастаў складанчык і выразаў у кары роўны квадрат. Інсекта, якую мы знайшлі, была даўжэзная, сантыметраў дзесяць, блякла-жоўтая, з цёмнай галоўкай, шырокая і цвёрдая. Калі да яе дакрануліся сонечныя промні, інсекта стала шалёна звівацца і голасна брыдкасловіць.
    — Златка, — сказаў дзед. — Вораг мігдаля, абрыкоса, слівы. Любога плода з косткай.
    — “У цемры чыняць свае злачынствы”, — дадаў Пінэс.
    Кончыкамі ляза дзед выкалупаў паўзуна з чарвяточыны і шпурнуў на зямлю. Я адчуў, як поўнюся агідай і гневам. Пінэс сказаў:
    — Прывялі мы цябе сюды, бо ў дзедавым садзе ты вусеняў златкі не знойдзеш. Маман-златка ніколі не атакуе моцнае і дагледжанае дрэва. Яна будзе шукаць кволую авечку ў стат-
    ку і менавіта ў ёй адкладзе свае яйкі. Убачыўшы пад зямлёй прышчэпленае дрэва, чые сокі бруяцца і шумяць, яна хутчэй скіруецца да зняверанага і засмучанага сухастою. У яго закіне сумненні свае, а шчупальцы раздзяруць кволую душу.
    Дзед адвярнуўся, каб не было відаць усмешкі. Пінэс спыніў мяне — не даў мне растаптаць вусеня.
    —	Кінь дурное, — сказаў ён. — Сойкі выбавяць яго ад пакутаў. “Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на тым чалавеку”.
    Мы вярнуліся дадому. Адна мая рука была заціснутая ў дзедавай, а другая — у настаўніцкай. Абодвух клікалі Якаў. Якаў Міркін і Якаў Пінэс.
    Падчас адной выправы паказаў мне Пінэс саму маман, жучка златкі, што гойсала па галінах дрэва.
    —	Жучок маскуецца пад мігдаловы арэх, які нібыта пачарнеў, — прашаптаў ён.
    Калі я працягнуў да яго руку, ён падціснуў лапкі і бязвольна паваліўся на дол. Настаўнік нахінуўся і паклаў яго Ў вядро.
    —	Такая цвёрдая, — патлумачыў ён. — Каб загнаць у яе шпільку, патрабуецца маленечкі малаточак.
    Дзяды на дваіх выпілі тузін шклянак гарбаты і струшчылі паўкіло аліваў, і а трэцяй ранку Пінэс сказаў, што пойдзе дадому. I дадаў, што калі зловіць пералюбніка, дык таго чакае “незайздросны лёс і сумны фінал”.
    Ён адчыніў дзверы, спыніўся насупраць цямрэчы, абярнуўшыся, і сказаў дзеду, што яму ніякавата, бо прыгадаў гіену.
    —	Гіена ўжо здохла, Якаў, — сказаў дзед. — I ты гэта ведаеш найлепш. Можаш быць спакойны.
    —	Кожнае пакаленне гадуе сваіх драпежнікаў, — змрочна адказаў Пінэс і выйшаў.
    У гарачай тоўсці ночы, па-над “тонкай плёнкай, з якой паўстала наша жыццё”, пацёгся дадому, разважаючы, а я ведаў напэўна, пра матывы шкодніцтва і пагроз. Яны нараджаліся штохвіліны і пырхалі вакол, распускаліся ў цемры, як жахлівыя пухіры каламутнай і здзічэлай мінуўшчычы.