За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
У другім пакоі шыхтаваліся кнігі, якія тады можна было знайсці ў любым вясковым доме. “Прусачыная кніга для селяніна” Будгаймера і Кляйна, брашуры “Гонь” і “Садоўнік” ў блакітных вокладках, “Яўгеній Анегін” у светлым пераплёце з ільну, чорная Біблія, кнігі серыі “Маяк” і “Штысель” і, бадай, улюбёная яго кніга — два зеленаватыя тамы “Жніво майго жыцця”, кніга амерыканскага садоўніка-чарадзея Лютэра Бэрбанка.
“Кату па пяту, худы, крыху згорблены, калені і суставы скарлючаныя ад цяжкай фізічнай працы” — гэтак апісваюць
Бэрбанка сучаснікі. Рыхтык дзед. Хіба ў Бэрбанка вочы сінія, а ў дзеда — шызыя.
Поплеч з Бэрбанкам цясніўся шэраг мемуараў, якія напісалі дзедавы сябры. Некаторыя назвы я па-ранейшаму памятаю: “Ростані жыцця“, “Ад Дона да Ярдана”, “На пуцявінах Айчыны”, “Мая зямля”.
Гэтыя сябры былі героямі майго дзяцінства. Усе яны (гэтак апавядаў дзед) нарадзіліся ў далёкім еўрапейскім краі, “прарваўшыся праз межы і кардоны”, рэпатрыяваліся ў Ізраіль шмат гадоў назад. Некаторыя ў запламбаваных сталыпінскіх (я тады не ведаў значэння гэтага слова) вагонах. Ехалі спасярод снягоў і дзікіх яблынь, уздоўж скалістых берагоў, салёна-нішчымных азярын, сярод голых грудоў і між пясчаных віхур. Некаторыя — вярхом на паўночных гусях, седзячы на белых крылах шырынёю “як ад сіласнай ямы да майстэрні”, слізгаючы і віскочучы ад шчырай асалоды па-над бязмежнымі нівамі і Чорным морам. Іншыя сказалі чароўнае слова, ды іх — зачараваных, з заплюшчанымі вачыма, — “перанесла з напірыстым вятрыскам на Няблізкі Усход”. А яшчэ быў Шыфрыс.
— Калі мы стаялі на вакзале горада Макараў, кандуктар засвістаў. Мы палезлі ў вагоны, але Шыфрыс знянацку абвясціў, што не едзе... Даеш памідорку, Барух.
Я разявіў рот, і дзед увапхнуў туды таматны скрылік, пасыпаны соллю грубага памолу.
— Шыфрыс сказаў нам: “Сябры! У Зямлю Ізраіля трэба рэпатрыявацца сваімі нагамі!" Тамсама, на вакзале, ён з усімі намі развітаўся, напакаваў хатуль, памахаў рукой і знік у аблачыне паравознае пары. Аж да сённяшніх дзён ён крочыць у Зямлю Ізраіля: цярэбіць свой шлях і некалі зробіцца апошнім першапраходцам.
Дзед апавёў мне пра Шыфрыса, каб на зямлі застаўся прынамсі адзін чалавек, які чакае і рыхтуецца сустракаць яго. Я стаў чакаць Шыфрыса нават пасля таго, як усе яго сяб-
ры зняверыліся і, не ўбачыўшы ягонага прыходу, плюнулі ды перасяліліся ў лепшы свет. Мне хацелася стаць менавіта тым чалавекам, які пабяжыць Шыфрысу напярэймы, калі ён урэшце дойдзе да вёскі. У кожнай фігурцы на хрыбціне далёкай гары я бачыў постаць Шыфрыса, што набліжаўся. Купкі прыску, знойдзеныя мной на мяжы поля, падаваліся астылым вогнішчам, на якім ён гатаваў гарбату. Ваўняныя ніткі на шыпах глогу — павыдзіранымі з ягоных анучаў. Чужыя сляды на пыльных дарогах — адбіткамі ягоных ступакоў.
Я папрасіў дзеда, каб ён на мапе паказаў мне маршрут прасоўвання Шыфрыса, межы і кардоны, праз якія ён прарываецца, рэкі, які ён фарсіруе. Толькі калі мне споўнілася чатырнаццаць, дзед асадзіў мяне: “Завязвай з Шыфрысам!”
— Ён сапраўды абвясціў, што прыйдзе пехатой, — дадаў ён. — Але пэўна, выбіўся з сілы і застаўся там. Або нешта здарылася па дарозе — ён захварэў, закахаўся, аступіўся ці ўступіў у камуністычную партыю... Хто яго ведае, маё малятка... Шмат што можа прыкуць чалавека да месца.
На адной з цыдулак, дробнымі літаркамі, знайшоў я такую фразу: “Квецень, а не плод. Шпацыр, а не рух наперад”.
Кнігі прыціскаліся да вялікага радыёпрыймача “Філько”, якія падпісчыкі “Гоні” куплялі, разбіўшы, як тады казалі, “на зручныя ўнёскі”. Насупраць стаяла канапа і два фатэлі, якія мой дзядзька Аўрагам з жонкай Рыўкай перанеслі ў барак пасля таго, як купілі ў дом новую мэблю. Гэты пакой называў дзед гасцёўняй, але сваіх гасцей заўсёды прымаў на кухні, ля вялікага стала.
Зайшоў Пінэс. Я адразу ж пазнаў ягоны голас, гучны голас, які выкладаў мне геаграфію і Біблію.
— Міркін! — сказаў ён. — Ён зноў крычаў.
— 3 кім на гэты раз?
— Я пярдолюся з унучкай Ліберзона! — выгукнуў Пінэс моцным голасам, націскаючы на кожнае слова, і адразу ж сумеўся. Зачыніўшы акно, дадаў:
— У сэнсе, не я, а той, што крычаў...
— Выдатна, выдатна, — прамовіў дзед. — Хлопец яўна шматстаночнік. Запарыць табе гарбаты?
Я ўвесь ператварыўся ў слых. Мяне ўжо колькі разоў лавілі за падслухоўваннем пад адчыненымі вокнамі — я стаяў развесіўшы вушы паміж пладовых дрэваў і сціртаў. Зазвычай я цярэбіўся з рук, да якіх трапіўся ў хапку, і даваў драпака. Выпрастаўшы тулава, рукі па швах, напятыя плечы, у поўнай моўкнасці. Пасля людзі прыходзілі паскардзіцца дзеду, але чужым ушчуванням ён веры не даваў.
Я пачуў, як старыя ногі ціснуць драўляную падлогу, по~ шум вады, якую наліваюць, і блямканне лыжачак па тонкім шкле, а пасля — голаснае сёрбанне. Здольнасць дзядоў трымаць у руках распаленыя шклянкі і спакойненька хлябтаць вар мяне ўжо болып не здзіўляла.
— Отжа нахабства! Крычыць і крычыць... — гарачыўся Пінэс. — Брыдкаслоў! Мацяршчыннік! Самасуй!
— Напэўна, нехта жартуе, — сказаў дзед.
— Штожгэтаробіцца! Штожгэта.... — выдыхнуўнастаўнік са стажам, убачыўшы ў інцыдэнце асабісты недагляд. — Як цяпер людзям у вочы глядзець?
Ён падняўся і стаў няўрымсліва совацца. Я пачуў, як збянтэжана і роспачна ён храбусціць фалангамі пальцаў.
— Ды проста гармон грае, — сказаў дзед. — Дарэмна ты сэрца ад’ядаеш.
Усмешка, што пратачылася ў дзедавы голас, раз’ятрыла Пінэса. Той загаласіў:
— Крычаць такое? На ўсюю ваколіцу? Каб усе чулі?!
— Паслухай, Якаў, — дзед намагаўся супакоіць настаўніка. — Мы жывём у вёсцы. Калі некага панесла па ўхабе, яго ж урэшце зловяць вартаўнікі... Да справы далучыцца Камітэт... Дык нашто так ад’ядаць сэрца?
— Я настаўнік, Міркін, настаўнік! — гарачыўся Пінэс. — Настаўнік, педагог! 3 прэтэнзіямі прыйдуць да мяне.
Да збору дакументаў Мешулама Цыркіна прышытая вядомая заява Пінэса падчас канферэнцыі 5689 (1932) года:
“Біялагічная здатнасць нараджаць дзяцей не дае бацькам здольнасцяў іх выхоўваць”.
— Ніхто табе нічога не скажа праз нейкага юрлівага абэлтуха! — рэзануў дзед. — Ты выгадаваў для вёскі і для кібуцнага руха ўзорнае пакаленне.
— Гляджу я на іх, — растаяў Пінэс, — як яны прыходзяць у школу, у першую камуну, далікатныя, як веснавыя ручаінкі, як кветачкі, якія я ўпляту ў грамадскі вянок.
Пінэс ніколі не казаў “клас”, а толькі “група”. Я пасміхнуўся ў цемры, бо ведаў, што будзе пасля. Пінэс любіў параўноўваць выхаванне з сельскай гаспадаркай. Апісваючы сваю працу, паслугоўваўся выразамі “некранутая глеба”, “маладыя лозы”, “насычэнне крыніц”. Вучні прыпадабняліся да пасеваў, а “камуны” — да градаў.
— Міркін! — працягваў узрушаны Пінэс. — Я селянін, як вы. Я сею і жну. Яны — яны! — мой вінаграднік, мой сад. I адзін вырадак... — ён ужо амаль задыхаўся, бо роспач караскалася ўверх па горле. — Адзін такі... “Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў ваўчыныя ягады...” Бач ты, пярдоліцца ён! “Стручок да неба, а дурань як трэба!”
Як і рэшта ягоных вучняў, я прызвычаіўся да біблійных цытат, якія выляталі з рота настаўніка, але ж апошні выраз прагучаў упершыню. Я ціха-ціхенька вярнуўся ў ложак і стаіўся. Маснічыны пад вагой майго цела рыпелі, і дзяды на хвілю перапынілі гутарку. У тыя дні, калі мне споўнілася трынаццаць, я ўжо важыў за сто. Мог схапіць цяля за рогі і прыціснуць яму галаву да зямлі. У вёсцы мае габарыты і канстытуцыя рабілі моцнае ўражанне, ажно пракідваліся вяскоўцы, якія, пакепліваючы, казалі, маўляў, дзед поіць мяне калострумам, першаковым малаком, што гартуе і мацуе цяля-пярэзімка.
— He падымай голасу, — сказаў дзед. — Малятка прачнецца.
Гэтак называў мяне да самай смерці — “маё малятка” і “маё малятка-немаўлятка”. Нават пасля таго, як чорныя валасы пакрылі ўсё цела, плечы абцягнулася тоўстым слоем плоці, а голас паламаўся. Калі нашы галасы пачалі ламацца, стрыечны брат Уры прыснуў ад смеху, заўважыўшы, што я, відаць, адзінае немаўлятка ў Ізраілі, чый голас памяняўся з фальцэту на бас.
Пінэс працадзіў колькі сказаў па-славянску, на мове, на якую пераходзілі ўсе бацькі-заснавальнікі кожны раз, калі паўставала патрэба ў абураных шушуканнях. Пасля паследаваў металічны скрыгат. Гэтак азвалася накрыўка ад бочкі з душанымі алівамі, якую дзед адтыкнуў пры дапамозе адкруткі. Цяпер ён ставіў перапоўнены алівамі сподак на стол. Пінэс, які меў моцны поцяг да вострага, кіслага і салёнага, стаў трушчыць на ўсе застаўкі. Ягоны настрой імгненна палепшыўся.
— Памятаеш, Міркін, калі мы прыехалі, неапераныя местачкоўцы з Макарава, і елі гешмак маслінэс у яфскай карчме, дык прыгожая маладзіца, у сіняй хустцы, што ішла па вуліцы, памахала нам рукой?
Дзед не азваўся — выразы кшталту “а памятаеш?” заўсёды затыкалі яму рот. Акрамя таго, я ведаў, што ён не ў стане размаўляць, бо трымае ў роце аліву, якую паціху-патроху смокча ў прыкуску з гарбатай.
— Зоймемся або ядой, або ўспамінамі, — сказаў ён аднойчы. — Нельга адначасова перажоўваць і гэтае, і тое.
Меў накшталт завядзёнкі: адсёрбваючы гарбату і трымаючы раздушаную аліву ў роце, далікатна адкусваў ад кубіка цукру, заціснутага ў кулаку. Цешыўся пяшчотнай мяшанкай слодычы і горычы. ‘Тарбата і алівы. Русь і Юдэя”.
— Добрыя алівы, — прамовіў Пінэс, чый голас трохі залагаднеў. — Смаката! Як жа мала засталося радасцяў, Міркін, як мала! I як мала таго, што сапраўды хвалюе. Мне цяпер восемдзесят гадоў. “Ці спазнае твой раб смак у тым, што буду
есці, і ў тым, што буду піць? I ці змагу чуць голас спевакоў і спявачак?”
— Мне падалося, што калі ты забег сюды, дык быў усхваляваны, — заўважыў дзед.
— Гэткі нахаба! — сплюнуў Пінэс.
Я пачуў, як з ягонага рота выскачыла аліўная костка, блямкнулася аб стол і зляцела ў рукамыйнік. Запанавала маўчанне. Я ведаў, што новая аліва расціскаецца паміж зубнымі пратэзамі дзеда, душыцца і точыцца сваім горка-лагодным сокам.
— А Эфраім? Ад Эфраіма нешта ёсць? — раптам запытаў Пінэс.
— Hi слыху ні прадыху, — адказаў дзед з заўсёдным халадком.
— Толькі ты і Барух, га?
— Я і малятка.
Толькі я і дзед.
Нас было двое. Ад дня, у які ён перацягнуў мяне на руках з дому маіх бацькоў, да дня, калі я нёс яго на руках і пахаваў у садзе.