• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Мешулам з пагардай і пачуццём маральнай вышэйшасці паставіў бот на ружовую пліту.
    — У часе Першай сусветнай вайны, калі твой дзед і бабуля, мой бацька і Эліезэр Ліберзон малай драбніцай не
    памерлі ад голаду, а Зайцэра гвалтоўна мабілізавалі ў войска султана, Роза Мунькіна ўжо набывала чацвёртую краму гарсэтаў у Бронксе. Калі Працоўная Сябрына імя Фэйгі Левінай атабарылася на землях нашай вёскі, Роза Мунькіна навярнулася ў рэлігію, узяла ў Балтыморы шлюб з тамтэйшым галоўным рабінам і стала друкаваць за свой рахунак антысіянісцкія пашквілі. У часе Другой сусветнай, калі твайго гаротнага дзядзьку Эфраіма паранілі немцы падчас службы ў брытанскіх камандас, Роза Мунькіна аўдавела, пасялілася ў люксе маямскага гатэля і адтуль стала кіраваць некалькімі казіно свайго брата. Да сёння ў тэчках ФБР яна фігуруе як “Чырвовая краля”.
    — I цяпер во яна пахаваная ў цябе! — зноў збіўся на крык Мешулам. — У зямлі легендарнай Даліны! Як першапраходніца, будаўніца, як маці-заснавальніца!
    — Хай ёй зямля будзе пухам, — адгукнуўся Бускіла. Падышоўшы да помніка, ён ветліва спіхнуў нагу Мешулама. Дастаў фланелевую хустачку з кішэні і працёр літару А на імені “Роза”.
    — Забі ты зяпу, Бускіла! — пабялеў Мешулам. — Гаўнюк! Стаяць на зважай, калі размаўляеш пра заснавальнікаў!!
    — Нябожчыца, між іншага, заплаціла сто тысяч, — сказаў Бускіла, якога падобныя абразы даўно ўжо не краналі.
    — Даляры мафіі!
    — Чаго ты хочаш, Мешулам? Яна таксама рэпатрыявалася падчас другой аліі, — заўважыў я.
    — А Саламея? Хіба яна таксама прыехала падчас другой аліі?!
    — Э-э, не пераходзь край! — узлаваўся я. — Саламея — Ha­ma сямейная справа.
    Калі прыйшоў ліст ад Розы Мунькінай з Амерыкі, дзед і Саламея — каханне яго старасці, што рэпатрыявалася пяцьдзясят гадоў пасля яго (“крымская шлёндра”, як менавала яе Фаня Ліберзон), — былі адзіныя, каго я пахаваў у садзе.
    Бускіла, які тады рабіў вясковым лістаношам, галопам прыскакаў на Зісе, паштовым асле, і загарлаў яшчэ з дарогі:
    — Аэраграма, аэраграма, ліст з Амерыкі!
    Я паліваў ружы “бэрбанка”, што квітнеюць круглы год. Я пасадзіў іх вакол магілы дзеда і Саламеі.
    Лютэр Бэрбанк таксама пакінуў дом праз засмучанае каханне. Дзед заўсёды апавядаў мне пра пладовыя дрэвы Бэрбанка, ягоныя кактусы без калючак і рудую бульбу, але ўрыўкі, прысвечаныя каханцы Бэрбанка, дзед прачытаў чамусьці Уры і Ёсі, блізнюкам дзядзькі Аўрагама. Маё сэрца тады напоўнілася страшэннай рэўнасцю — я малай драбніцай не плакаў. Я пляснуў з сілай дзверы барака, выскачыў на двор і праз акно пабачыў і пачуў, як дзед працягвае чытаць, нібыта ігнаруючы мае пакуты:
    “У тыя дні я з усёй юнацкай палкасцю закахаўся ў адную гожую асобу, якая выявілася не такой узрушанай на пачуцці. Наяўнасць упартай козачкі і козліка, што ўзяліся ў рожкі, сваркі, узмоцненай парай-тройкай крыўдных фразаў, сказаных у любоўнай гарачцы, было дастаткова, каб пераканаць мяне, што маё сэрца разбітае ўшчэнт. Выдае на тое, я шмат каму ўжо казаў, маўляў, гісторыя гэтага кахання спрычынілася да маіх блуканняў і перасялення на Заходняе ўзбярэжжа Штатаў”.
    — He крычы! — загырчаў я. — Тут крычаць няможна.
    Бускіла перадаў канверт і застаўся стаяць поплеч.
    Бускіла праехаў у паселішча на пачатку пяцідзясятых. Дзед быў яшчэ жывы, а я яшчэ хадзіў у “ягоных маляткахнемаўлятках”. Бускіла зайшоў у вясковую краму і спыніўся ля касы, за якой сядзеў Шлёма Левін.
    Абуты ў паўботы, на галаве — смешны блакітны берэт, Бускіла зазірнуў у рахункі і з голаснай асалодай сёрбнуў грэйпфрутавы сок. Левін, мармычучы і лічачы ў думках, пісаў на цыдулцы спіс пакупак кліенткі, што стаяла ля касы.
    —	Дзве ліры і пяцьдзясят грашэй, — прамовіў Бускіла цераз плячо, яшчэ датуль, як Шлёма Левін ужыў аловак для напісання першых лічбаў.
    Асабістая гісторыя рэпатрыяцыі зрабіла Левіна чуллівым да заўваг. Асабліва не любіў ён, калі ягоным дзеянням давалі ацэнку. Ён павярнуўся назад, упіўшыся ў някліканага госціка лютым зіркам. Ліберзон адразу згледзеў, што гэты чалавек прыйшоў з намётавага лагера, пабудаванага на пагорку паза эўкаліптавым лесам для новых рэпатрыянтаў з арабскіх краін. Лагер, які ўзняў у вёсцы, населенай ашкеназамі, хвалю пагарды і спагады. Вяскоўцы выклікаліся апекавацца новымі рэпатрыянтамі: давалі ім збыткі і дапамагалі з прыладамі. Аднак па павароце дадому апавядалі, што нізкарослыя людзі ў сініх берэтах піячаць дзень навылёт, гуляюць у карты і нарды, “сумуюць па сваіх пячорах і выціраюць дупу камянямі”.
    Ад нечуванай нахабства ў Левіна растуліўся рот, але як нічога ніякага звярнуўся да наступнага пакупніка.
    —	Ліра сямнаццаць, — сказаў Бускіла, калі Левін занатаваў цэны прадуктаў, але яшчэ не паспеў падвесці рысу.
    Шлёма Левін, які трымаў прадуктовую краму дваццаць гадоў, падняўся, зняў коркавы шалом і выказаў жаданне дазнацца, з кім ён мае гонар.
    —	Бускіла Мардэхай, — прадставіўся нягеглы чужаніца. Шумна высмактаўшы рэшткі соку, ён дадаў:
    —	Новы рэпатрыянт з Марока. Шукаю працу.
    —	Гэта я бачу, — сказаў Шлёма Левін. — Тлумачыць не трэба.
    У мараканскім Мекнэсе Бускіла быў настаўнікам арыфметыкіі пісаў лісты натрох моваху суды ды іншыя інстанцыі. Цяпер шукаў працу ў бухгалтэрыі, школе або ў інкубатары.
    —	Я заўсёды любіў куранят, грошы і дзетак, — сказаў ён.
    Левін раз’юшыўся, але апавёў Ліберзону — ён быў бухгалтарам машава — пра гэтага рэпатрыянта. “Нахаба, але лічыць умее”.
    Просьбу Бускілы ўзважылі з найвялікшай зычлівасцю, хоць грошалюбства большасць сяброў Камітэта палічыла безумоўнай заганаю. “I гэта не кажучы пра берэтку, — кажа Уры. — Толькі людзі без каштоўнасцяў носяць шапкі без брыля”.
    — Мы абмеркавалі ягоную кандыдатуру, выходзячы з нашых прынцыпаў, увагі да патрэбаў новай аліі ўвогуле і да здольнасцяў Бускілы ў прыватнасці, — апавядаў потым Ліберзон.
    — I ўрэшце паставілі хлопца на ўборку ссохлай цыбулі.
    Два гады пасля гэтага Бускіла вучыўся шанаваць гістарычную радзіму пры дапамозе самых утомных прац: апырсквання, праполкі, сяўбы і збору ўраджаю — пакуль вясковы паштар не пачуў рогат гіены ў палях і не з’ехаў з глузду. Купіў чорную туш і пачаў цэнзураваць усю пошту, якая выходзіла з вёскі. Камітэт адхіліў вар’ята ад працы. Гэтак Бускіла ўспадкаваў паштаровую пасаду і асла.
    Па абводзе паштовага аддзялення Бускіла пасадзіў хмызы з бліскучымі лістамі. Стаў гатаваць гарбату — яе водар даводзіў да шалу ўсіх, хто набліжаўся, — і ўбіўся ў ласку жыхароў тым, што стаў збіраць лісты проста з іхняга дому, вызваліўшы іх ад патрэбы цягацца да будынка пошты.
    Я адляпіў канверт. Стуль, як з Савецкага Саюза рэпатрыявалася Саламея, з замежжа да нас лісты не прыходзілі.
    — Што пішуць, Барух? — лагодна запытаўся Бускіла.
    — Гэта асабістае, — адказаў я.
    Бускіла адышоўся на колькі крокаў назад і прыхінуўся да помніка Саламеі. Чакаў, калі я папрашу перакласці мне ліст з англійскай.
    — Гэта старая кабета з Амерыкі, — сказаў ён, глянуўшы напісанае. — Клічуць яе Роза Мунькіна. Яна гэтаксама, як твой дзед з Макарава, жыла тут шмат гадоў назад, працавала з ім у Рышон-ле-Цыёне і Рэховаце. Багоміла яго. Ёй напісалі
    з Ізраіля, што ты пахаваў дзеда ўдома, і яна хоча, калі памрэ, каб ты пахаваў яе тут, побач з дзедам.
    Ён працягнуў мне канверт.
    — Тут яшчэ сёе-тое ўкладзена, — дадаў ён.
    Унутры ляжаў чэк на маё імя. На чатырохзначную суму ў далярах.
    — Гэта задатак, — сказаў Бускіла. — Вельмі хворая жанчына. Ёй тры чвэрткі да смерткі. I тады адвакат прывязе яе цела разам з рэштай грошай.
    — I што мне з гэтым рабіць? — збянтэжаны перапытаўся я. — Гэта ж не грошы.
    — Табе спатрэбіцца дапамога, Барух, — паволі вымавіў Бускіла. — Гэта справы з вялікімі грашыма, з іншаземцамі. Гэта англійская мова, гэта юрыспрудэнцыя, гэта хаджэнні да вясковага Камітэта і падаткавай інспекцыі. Адзін ты не здужаеш.
    За дзясяткі тысяч даляраў, падумаў я, можна пасадзіць прыгожыя дрэвы на магіле дзеда — каралеўскі дэлонікс, юдава дрэва, алеандр. Я змагу выправіцца на пошук майго зніклага дзядзькі Эфраіма, вылекаваць бруха старога Зайцэра.
    — Нікому нічога не расказвай, Барух, — сказаў мне Бускіла. — Нікому! Нават стрыечнаму брату.
    Увечары Бускіла прыйшоў у барак, несучы друкарскую машынку, і напісаў мне ліст па-англійску. Роза Мунькіна даслала адказ і праз тры месяцы, адной ноччу, прыехала сама. У бліскучай дамавіне, якую суправаджаў пэтлаты адвакат, што насіў гарнітур з адлівам, выліўшы на сябе нечуваныя для нашых мясцін аб’ёмы ласьёну пасля галення. Калі я капаў яміну, адвакат стаяў наводдаль, выпраменьваючы самавітасць і агіду.
    — Глянь на яго! — прамовіў Бускіла. — Ведаю я гэтых. Яўна не першы раз, што ён хавае чалавека сярод ночы.
    Адвакат сеў на магіле дзеда, нашмараваныя штыблеты боўталіся па-над пылам. Ён жаваў саломінку. 3 пагардай
    ветрыў вясковыя пахі, які заляталі праз гарачае паветра ночы з кароўнікаў і куратнікаў. Мы спусцілі Розу Мунькіну ў зямлю Ізрээльскай даліны.
    Амерыканец дастаў з кішэні цыдулку і ярмолку. Узнёс куртатую малітву на нечытэльным іўрыце. Пасля даў распараджэнне выліць на магіле бетонны куб. 3 задніх дзвярэй гіганцкага “стэйшэна” выцягнуў чорны кейс.
    Бускіла палічыў купюры намочаным спрытным пальцам і паставіў подпіс пад квітанцыяй.
    Праз колькі дзён адвакат вярнуўся, з ім — крыху цацачны такі помнік, ружовы і глянцаваны. Дагэтуль сярод помнікаў, вычасаных з белых і шэрых мясцовых камянёў, вылучаецца помнік Розы Мунькінай, які нагадвае каробку цукерак.
    Купюры я схаваў у кароўніку. Зайцэр спаў сном праведніка, нахінуты вайсковай коўдрай, якая засталася ад часоў Першай сусветнай, таму мяне і маіх маніпуляцый не чуў. Я пайшоў з Бускілам у барак. Мы паселі пры кухонным стале дзеда, папілі гарбаты і паелі хлеб з алівамі.
    —	Ты, ясная рэч, захочаш пагаварыць пра гэта з дзядзькам Аўрагамам і Пінэсам. He размаўляй пакуль што, крыху счакай — і ўжо тады, — параіў ён.
    Назаўтра Бускіла звольніўся з пошты і прыйшоў да мяне.
    —	Я буду весці твае справы, і ты будзеш плаціць мне, колькі палічыш належным, — сказаў ён.
    Так пачалася дзедава помста вёсцы. Прыспела помста, якую дзед напрарочыў з усёй грунтоўнасцю і скрупулёзнасцю, уласцівымі добраму садоўніку. Набіткоўваючы свае мяхі грашыма, я раніў вёску ва ўсе яе чуллівыя кропкі.