• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Рэбе папрасіў вяскоўцаў, каб яго сасваталі. Тыя ўсцешыліся пазбавіцца ад Тхіі, бо тая сваёй прысутнасцю выпрабоўвала межы прынцыпаў узаемнай дапамогі. Праз два тыдні яна навязала на галаву намітку замужняй жанчыны і пайшла за хасідам, цягнучы за вяроўку нагружанага трантамі і ўпрэжанага ў далікатны вазок асла.
    Мужыкаватая нявеста выявілася бясплоднай, але імпэтнай і дабрадушнай. У кожнай справе надавала важнасці нават найапошнім драбніцам. Працавала ў гаспадарцы Рэбе і замест дароў свайго ўлоння ўрадзіла іншыя цудоўныя плады. Сам Рэбе працягваў гойсаць па ўсёй Даліне, навучыўшыся ў дадатак абразаць каровам аброслыя капыты.
    Спярша хадзіў пешкі па машавах і кібуцах, на кашэрны лад рэзаў курам і скаціне сонныя артэрыі, кружаў зарослыя капыты, абцінаў скрайнія плоці і пасмы валасоў. Пры выглядзе
    непакрытых калень першапраходніц і ўзараных камякоў зямлі ўражана мармытаў нешта над нос. На заробленыя грошы купіў невялікую каламажку, запрэжаную ў кіпрыйскага асла, выгоністага і легканогага. Пасля вайны са збыткаў брытанскага войска прыдбаў патрыманы матацыкл маркі “Бі-ЭсЭй” з вазком.
    Калі я быў малы, то Рэбе наведваўся да нас раз на месяц. На адлегласці, над прасёлачнай дарогай, віравалі клубы пылу, усё роўна як ходзіць восеньскі ўраганчык. Потым чуўся здушаны скрыгат старэчы-поршня, і наступала мінуціна, якой чакалі ўсе дзеці.
    Стары хасід удараў па тармазах, спускаючы матацыкл накатам з горкі. Перабаўляўся па брукаваным бродзе праз горную цясніну, натужна залятаў на стромы грэбень процілеглага берага. 3 яго вуснаў вылупляўся выклічнік “ву-ух!”, а твар блішчэў. Шэрая світка і белыя рытуальныя кутасікі матляліся ў паветры. На галаве сядзеў шалом авіятара, у які збіраў таўсматыя пэйсы, а трактарысцкія акуляры пакрывалі вочы.
    У вазку матацыкла бразгатала чароўная валізка, якая расчынялася і ператваралася ў цырульніцкі столік. 3 днішча выцягваліся тэлескапічныя ножкі, з шуфлядак даставаліся лёзы, нажніцы, заплямленая прасціна і ручная машынка для стрыжкі. Дзед-цырульнік рассцілаў на стол газету, а на плечы кліента — прасціну ды пачынаў мянціць тачыльным каменем і языком, высякаючы хроніку суседніх паселішч.
    Быў Рэбе невычэрпнай крыніцай вестак і плётак з цэлай Даліны. Менавіта ён перадаваў лісты Шлёмы Левіна нанятым у гарадах сватам і ўпотай адвёз яго ў Тыберыю на першае спатканне з Рахэллю. He раз таемна правозіў Рылаўскія цыдулкі — яму і ад яго.
    Менавіта ён данёс, што моладзь з суседняга кібуца рыхтуецца да нападу на машаў, каб закідаць нас камянямі, або тое, што рэпрадуктыўны конь з вопытнай гаспадаркі дэманструе небывалую стойкасць (“Яго сноп падняўся
    і выпрастаўся”, — пасміхнуўся хасід). I менавіта ён з нечуваным імпэтам раздзьмуў скандал з заспетым на гарачым Уры. Пасля таго як людзі навучыліся прапускаць навіны цырульніка праз фільтры логікі і здаровага сэнсу, то змаглі рабіць важныя для сябе высновы. А ён самохаць выклікаўся разведаць усё стасоўна знікнення Эфраіма. Гады шукаў сляды і апытваў, бо менавіта Эфраім, якога хасід стрыг у зачыненым пакоі, здабыў яму скураны шалом ад прыяцеляў на брытанскай базе.
    Гадоў пяцьдзясят ён наведваўся да нас. Стрыг дзеда, Эфраіма, Аўрагама, маю маму і тату, Уры, Ёсі і мяне, усю вёску.
    — Адзін на ўсіх настаўнік, адзін на ўсіх цырульнік, адна на ўсіх зямля, — адзначыў Уры. — Здурнець можна ад такой пераемнасці.
    Я нават працаваў з ім на чале. На згоне вясны, адразу пасля Лаг-Баомэра, да яго прыводзілі ўсіх дзетак, каб пагаліць галаву. Гэтак эканоміліся грошы і паляпшалася якасць валасоў. Малыя дзеткі не слухаліся, соўгаліся ў крэсле і дурэлі, але я, на дзедавы загад, сядзеў ціха-ціха, як “агнец знямелы”. Іншых жа дзетак Рэбе трымаў рукой моцнай, спрытнымі рухамі правіцы правёўшы куслівай машынкай па цемені. Выстрыгаў у валасах шырокую дарожку, здымаў валасы ад ілба да патыліцы, пакідаючы пасмы на скронях, як таго патрабуе Тора, і адразу ахвяру адпускаў.
    — Дзёру, прыяцель! — казаў ён дзіцяці. Ахвяра падымалася і збягала, але праз гадзіну вярталася і настойвала, каб цырульнік завяршыў працу ды згаліў пэйсы.
    Штогод, напярэдадні святаў, Камітэт наймаў Рэбе для тых нешматлікіх, хто наведваўся ў нашу невялікую сінагогу. Пасля святаў ён вяртаўся дахаты з пачкам купюр у руках, парай абезгалоўленых курэй, скрыняй гранатаў, фінікаў і пераспелых гронак вінаграду. А калі год быў тлусты, то з поўным як вока слоікам смятаны.
    Цяпер жа, калі пастарэў, а доўгія годы маленняў і кіравання матацыклам сталі прычынай дрыготкі рук, такіх тонкіх аперацый, як стрыжка і абразанне, яму больш не давяралі. Спяваць і трубіць у рытуальны рог, шафар, быў таксама не ў змозе, і тады хасід сам знайшоў нам новага кантара, свайго крэўніка, — ультраартадокса з горада, што разлёгся за Сіняй Гарой.
    Камітэт паслаў на чыгуначную станцыю Узі Рылава ў адкрытым джыпе, што належаў машаву. Сям’я Вайсбергаў — новы кантар і жонка, дарослая дачка і два малыя блізнюкі — выглядалі нажаханымі ад хуткай пыльнай язды па прасёлачных дарогах і аголеных плячэй Узі.
    Жонка і дачка адмовіліся ад яго рукі, калі Узі прапанаваў дапамагчы злезці з джыпа, і ўжо праз гадзіну па іх прыездзе з дому Рыўкі і Аўрагама цягнуўся, залятаючы ў мае ноздры, салодкі водар нязвыклай стравы.
    Новы кантар быў не роўня старому. Ён тут з нашых нікога не ведаў, і зямля Даліны сваімі чарамі на яго ніяк не ўздзейнічала. Ужо назаўтра яго жонка павесіла на Рыўкіны вяроўкі для сушкі ніколі не бачаныя тут фасоны вопраткі. Потым Вайсберг выйшаў на веранду і стаў практыкаваць трубенне ў шафар, чые гукі пакроілі небасхіл на дрыготкія палоскі і выпудзілі са стрэхаў сотні галубоў.
    Кантарскія блізняты ўразілі вясковых дзетак пэйсамі, доўгімі панчохамі і шырокімі аксамітнымі ярмолкамі, у якіх патаналі паголеныя галоўкі. Агаломшаныя ад вясковага сонца і свежай садавіны, ад пахаў нівы і кароўніка, блізняты пракрадаліся на падворак пабачыць курэй і цялят, безупынку балбочучы. Так дзіўна і хутка вымаўляючы словы, аж іх аніхто не зразумеў. Асабліва блізнят ашаламілі каровы ў ахвоце, якія нахабна наскоквалі адна на заднія ногі другой, а таксама мулы, гэтыя гібрыды, помесь асла і кабылы, якія здаваліся ім пякельнымі выпаўзнямі. Вясковыя дзеці паказвалі на блізнят пальцам і дражнілі з бяспечнай адлегласці. Падыходзіць не падыходзілі, бо кантаравы дзеці
    былі вельмі дзіўныя і завашыўленыя. Пінэс паглядаў на іх нібыта прыгадваючы, але ўласнае дзяцінства ўжо сцерлася з мазгавых дарожак.
    —	Я ведаю гэтых дзяцей, — паўтараў стары. — Але не помню адкуль.
    Дачка, наструненая і суровая, як бацька, з закрытым рукавом і ў даўгіх спадніцах, большасць часу бавілася дома ў самоце, але вечаровымі гадзінамі яе бачылі на праходцы па пальмавай алеі, рука ў руку з маткаю. Надта яны адрозніваліся ад нашых рудых вясковых жанчын і юначак, чые ўрадлівыя спакуслівыя чары надзілі здаля.
    У іх меленькіх і шапоткіх кроках, у іх апушчаных вачох матка і дачка нібыта адпіхваліся ад сустрэтых па дарозе неачасаных мужыкоў і хлопцаў з аголеным торсам, нібыта асланяліся маленькай заціснутай паміж пальцаў хустачкай і безупынным мармытаннем, а таксама панцырам непратачальнай вопраткі, якія глушыла найменшыя намёкі і абгаворы.
    Аднойчы адвячоркам Бускіла запрасіў сям’ю Вайсберг у поўным складзе паглядзець могілкі. Мы з Уры працавалі матыкамі ў кветніку, а Пінэс сядзеў поруч. Бускіла апавёў пра пахаваных. Кантар павагаўшы галавой і зазначыў: “Праведную справу выпала вам зрабіць, праведную!” He ведаў ён, што ў нас хаваюць у труне. Без папрасімцаў і без модлаў.
    Калі Вайсбергі падышлі да нас і з усімі шанаваннямі павіталіся, мы выпрасталіся, ушчэнт збянтэжаныя прыгажосцю кантаравай дачкі. Скура яе твару ўзрушвала трапяткім змяшаннем алівы і персіка, а цёмныя вейкі дрыгацелі пад бровамі, чый серп быў моцны і дзёрзкі. Датуль я бачыў толькі жанчын Даліны. Або старых, або пазбаўленых чар у маіх вачах, бо яны былі ў мяне на вачах ад малку да спеласці.
    — Спадар Якаў Пінэс, настаўнік, — прадставіў Бускіла. — А гэта мой бос, Барух. А той Уры. Шаноўны спадар жыве ў доме яго бацькоў.
    —	Вітаем гасцей! — суха прамовіў Пінэс.
    Кантар усміхнуўся.
    — Вайсберг, — прадставіўся. — Вітаем гаспадароў! Дзякуй за гасціннасць.
    — Асцярожна, каб жа шаноўны спадар, заходзячы на кухню, не сутыкнуўся з квасным, — сказаў Уры.
    — Уры, спыніся! — узвіўся Пінэс.
    — Квасным? — кантар тады яшчэ не пазнаёміўся як след з маім кузэнам.
    — Вы ж у Судны дзень едзіцё толькі мацу* праўда?
    — Як табе не сорамна, Уры! Спыніся! — загырчаў на яго Бускіла. — Няхай шаноўны спадар яму прабачыць.
    — Мы прывезлі сваю ежу, з дому, — зарагаталі малыя блізняты, а іх пазмрачнелы бацька строгім голасам загадаў трымаць языка.
    Меланхолія месяца элюль распаўзалася ў паветры, і ўсе замаўчалі. 3 плантацый моцна тхнула восеньскім перагноем. Жалоба па памерлым леце пачулася ў гусачыным гагатанні. Свойская птушка з гаспадаркі Якубі наскоквала тулавам на сятчастыя сценкі загончыку пры выглядзе птахаў, якія ляцелі ў напрамку егіпецкага выраю.
    — Зіма і лета, “свіргуль і жораў”, — працытаваў Пінэс тым жа самым урачыстым тонам, якім вучыў нас у свой час памерам біблійнай паэзіі, ды з загадкавай усмешкай на вуснах, якая выразна казала нам, што стары зноў у форме і чуйны да змены паравін года.
    — “Я нібы той, хто пасля збору летніх пладоў, пасля зразання вінаграду”, — падтакнуў яму прарокам Міхеем кантар.
    Напруга была знятая, кантар заўсміхаўся.
    Я адчуваў канец лета ў спаленых лістах, што кружлялі ў садзе, у далікатным дотыку вятроў да голага пляча,
    * Уры наўмысна строіць кпіны. Нават заўзятыя сацыялісты-атэісты ведаюць, што мацу, няквасныя праснакі, ядуць у Пэйсах, увесну, а падчас Суднага дня, увосень, анічога не бяруць у рот.
    у знікненні туркавак і раскіданых кублах папяровых вос. Асірацелыя пчолкі Міркіна, страціўшы дзелавітасць, абыякава луналі, шукаючы пераспелыя гронкі вінаграду ці фінікаў, якія ўкрыліся ад позіркаў вінаградараў і плантатараў. На досвітку, па вяртанні з начных бадзянняў, я бачыў спруцянелыя цельцы крумкачанят, што ляжалі пад кіпарысамі на змерзлай глебе. Раса згушчалася, і на трактарных сядзеннях у праседжаных сялянскімі азадкамі выемках збіраліся маленькія і сцюдзёныя лужыцы.