За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Абабраная лупіна, тонкая і суцэльная, такая сабе чырванаватая стужка, бесперабойна выскоквала з-пад нажа, даўжэючы. Потым Ліберзон стаў перамолваць яблык спічастымі, падобнымі да зубоў, дзяснамі.
— Там! — пачаў вымаўляць добра пастаўленым голасам ён. — Там, дзе цяпер пластмасавая фабрыка кібуца, буяў цудоўны вінаграднік. Менавіта там я сустрэў Фаню.
Насупраць ночы Бускіла вёз нас назад у дом састарэлых. Ліберзон сядзеў паміж намі на пярэднім сядзенні чорнага пікапа, млявы і звялы.
— Наступным разам паеду гарызантальна, у заднім аддзяленні, — сказаў ён.
Па павароце я далікатна трымаў яго за локаць і завітаў з ім у палату. Стары балгарын у ядвабным халаце і пры чорным матыльку ляжаў на койцы, пасміхаючыся прыяцелю.
— Здароў, Альберт, — павітаўся Ліберзон.
— Ужо вярнуліся?
— Усё скончылася.
— У нас пасля пахаванняў усе ідуць у дом нябожчыка і ядуць са смакам, — летуценна прыцмокнуў Альберт. — Пастэлікас, салера ў салодкім соусе, халодная шпарага. Ну, і папіць чаго.
— А ў нас пасля пахавання працягваюць жаваць камбікорм, — заўважыў Ліберзон.
Дзяды рассмяяліся.
— У Варне была ў мяне жанчына, — сказаў Альберт. — Мела яна бюст — па тры кілаграмы кожная палоўка. Усё цяпер зямля.
Ліберзон паказаў на мігах, маўляў, пара мне ісці, і я вярнуўся дадому.
СОРАК ШОСТЫ РАЗДЗЕЛ
1 эта быў час, калі старыя паміралі адно за адным, так, нібыта змовіліся і склалі падрабязны план. Тыя, хто прамаўлялі над свежымі магіламі, часта прыгадвалі “вакуум, які пакінуў нябожчык”. Але насуперак прыродзе, якая, паводле словаў Пінэса на занятках па прыродазнаўстве, “не трывае пустаты”, той вакуум нічым не запаўняўся.
Уначы я пайшоў падглядаць у акно Мешулама, які схіліўся над старымі газетамі і канспектамі. Аздоблены жалобнай бародкай* белай ды рэдзенькай. Уганараваны зморшчынамі раскаяння.
Тыя, хто прыходзіў суцешыць, чулі з яго вуснаў пакаяльныя маналогі пра ўласнае гультайства, якое скараціла бацькавы дні, тырады самаганьбавання, маўляў, займаўся ён другарадным, а таксама павучальныя падсумаванні асноўных адрозненняў паміж малярыйным камаром і камаром звычайным, выкладзеныя добра пастаўленым голасам лектара амаль нараспеў. У лічынкі камара звычайнага дыхальныя трубка даўгая, таму яна плавае дыяганальна, а ў лічынкі трасцавага — дыхальная трубка кароткая, і яна плавае гарызантальна. У камара звычайнага вусікі кароткія, а жывот з нізкай пасадкай. У малярыйнага камара вусікі доўгія, а пасадка жывата вышэйшая. Мешулама запыталі, чаму ён згадаў прысутным базавыя звесткі, якія кожны вучань можа прамовіць на памяць, і той нясмела адказаў, што памяць у руках габрэйскага паселішча ператварылася ў нетрывалы замес, але ёсць рэчы, якія трэба помніць і ведаць жалезна.
* Паводле габрэйскай завядзёнкі пасля смерці блізкага каторы час мужчыны не голяцца.
Калі заканцаваліся трыццаць дзён жалобы, глянуўшы ў люстэрка, Мешулам вырашыў барады не галіць.
“Упершыню ў Мешулама атрымалася вырасціць хоць нешта. I цяпер яму цяжка вось так узяць і знішчыць градку, якая ўскаласілася на ягоным твары”, — адрэагаваў у лісце да мяне Уры, упрошваючы мяне пісаць аб усім падрабязна.
Барада Мешулама квітнела і буяла. Як заведзена сярод барод, яна дарыла свайму гаспадару ўнутраную ўпэўненасць і веру ў абраны шлях. Кожны дзень ён прыходзіў да бацькавага капца з нейкімі пытаннямі, і яго з’яўленне прыўносіла наведнікам могілак узрушэнне. У старой спяцоўцы, падпяразаны выцвілай вяроўчынай, якая належала нябожчыку Цыркіну-Мандаліне. Ускудлачанай гарой валасоў з белымі і сівымі пасмамі на макаўцы і твары Мешулам нагадваў адначасова Гордана і Ханкіна, павадыроў практычнага сіянізму, а яшчэ прарока Ярэму. Папрыехалыя сюды на экскурсію амерыканскія турысты і школьнікі пазіралі на яго з абажаннем і прасілі сфоткацца. Бускіла прапанаваў нам заплаціць Мешуламу “якія пару лір”, каб круціўся цэлы дзень тут, у Доме Вечнасці для Першапраходцаў, з матыкай і старадаўняй фуражцы. Бускіла нават планаваў прывезці фатографа і надрукаваць для продажу Мешуламавы партрэт на каляровых паштоўках.
Як на мяне, Мешулам быў стрэмкай у воку. Ад моманту ад’езду Аўрагама і Рыўкі за мяжу пачаў нахабнічаць. Аднойчы запатрабаваў, каб мы, бач ты, “каб мы”, усталявалі пудзіла Хагіт ля бацькава помніка. Але цяпер, калі дзед памёр, а Аўрагам з’ехаў і гаспадарка адышла ў мае рукі, цярпенне лопнула.
— He хачу ставіць гэтую разлезлую кароўчыну паміж маімі магіламі! — заўпінаўся я. — Да таго ж калі б твой тата хацеў, каб яна была побач, то мог бы папрасіць яе ў Ліберзона.
Бускіла ўжо меўся быў дабіць Мешулама сваёй звыклай фармулёўкай пра “неадпаведнасць нябожчыцы ўмовам прыёму ў замагільны калектыў”.
Аднак Мешулам нечакана адступіў. Яго твар ахутала залаціста-празрыстая аўра, якую выпраменьвалі скаральнікі пустэльні і асушальнікі балот. Гэты выраз ён прыўлашчыў, углядаючыся цягам доўгае гадзіны ў старыя фотаздымкі.
Колькі тыдняў пасля выпрабоўваў сілы ў сялянскай працы. Прыцягнуў на падворак некалькі цыпак род-айлендскай пароды. Пасля намысліў пасеяць гарод.
Нясмела ён ступіў на падворак Рахэль Левінай, чыя гаспадарка славілася гароднінай, і паказаў ёй адну з перлін сваёй калекцыі — кнігу нейкага Ліўшыца, селяніна з ПэтахТыквы, “Вырошчванне гародніны ў Зямлі Ізраіля”. Але Рахэль з сумневам зіркнула на звялы фаліянт, чыю вокладку ў якасці маляўнічага абяцання росквіту і ўрадлівасці аздабляла гіганцкая салата і два ўкормленыя маляткі. Яна заўважыла Мешуламу, што кніга старэйшая за машаў, несучасная і недакладная.
Аднак стыль Ліфшыца Мешулама паланіў.
— “Баклажан палюбляе лёгкую і ўгноеную глебу", — прачытаў мне ўголас, а яго вусны склаліся ў трубачку так, нібыта той улюбёны баклажанам гной каштавалі.
Два наступныя вычытаныя ў кнізе сказы зачаравалі яго яшчэ больш:
“Найлепшы гатунак рэдзькі ў Зямлі Ізраіля — гэта неабнімны Белы Штутгарт”.
“Чым драбнейшы жывун, тым каштоўнейшы мае экскрэмент. Гаўнякі парнакапытных лепшыя за ляпёхі скаціны, птушыны памёт лепшы за галубіныя паследкі, а пажыўнейшыя ад усіх — вылучэнні шаўкапрада”.
“Ён мроіць пра арыйскую рэдзьку-гіганта, якую напампуюць калам мікробаў”, — адкаментаваў у лісце Уры і дадаў, што Мешулам усё ж пэўна ўвойдзе ў гісторыю “ў якасці першага селяніна Даліны, які разносіў гной пры дапамозе пінцэта і лупы”.
Мешулам такі здабыў чарвякоў-шаўкапрадаў. Рахэль, чалавек зычлівы і цярплівы, дазволіла яму сабраць з вялікага
тутаўніка, што стаяў на падворку, свежыя лісточкі для кармёжкі яго мікраскапічных скацінак. Але нават цуд-гной не дапамог. Зямля адчула ваганне яго настрашаных рук, скаланулася і выплюнула насенне назад.
Згаладалыя курыцы сталі за вочы яго абгаворваць.
Мешулам не адчаяўся. Запланаваны подзвіг надзьмуў вантробы і аквеціў твар мінай цяжарнасці. Вяскоўцы добра ведалі гэты выраз, хіба толькі з хаты і кароўніка. 3 барадатага твару яны сэнс той міны прачытаць не змаглі, палічыўшы яе смуткам.
Яго плоць умацавалі, напампаваўшы бацькавай упартасцю і матчынай бессаромнасцю. Ён наняў Узі Рылава, каб той заараў яму поле. Потым Мешулам пазычыў вясковую бензакасілку і цяжкую барану, каб выкарчаваць з неўрадлівай дзялкі густыя дываны дзікай морквы, дурнічніка і рэзеды фарбавальнай.
Ацалелыя мышы-драпежнікі, змейкі, станожкі і мангусты з жахам уцякалі з дзялкі, якая ад часоў хваробы Цыркіна-Мандаліны ўжо паспела стаць іх домам. Зялёны трактар маркі “Джон Дыр” раскідаў краціныя рэзідэнцыі, раструшчыў яйкі яшчарак і асляпіў сонечнымі промнямі ўзлаваных секачоў. Узі згроб усё ў вялізную купу край дзялкі. Мешулам падпаліў яе і як зачараваны стаў назіраць звеставанне вялікіх і ачышчальных языкоў полымя.
“Мешулам нарэшце вырашыў стаць селянінам”, — казалі вяскоўцы на вечаровых пасядзелках у малачарні, прапаноўваючы яму дапамогу і добрую параду, бо адзіныя прылады, да якіх ён набліжаўся ў сваім жыцці, былі дапатопныя граблі Аўрагама Кірхнера і Цырле, чые выявы з’яўляліся ў вузкапрафесійных часопісах дваццатых гадоў. Але Мешуламу парады былі без патрэбы. 3 акруговай рады ён наняў вялікі экскаватар і з пылу насыпаў паўтараметровы вал. Уражаным суседзям патлумачыў, што збіраецца зладзіць эксперыментальнае заліўное поле для паўводных культур.
Абвясціў:
— Рыс — важны пажыўны прадукт, які ізраільская вёска пакуль што абыходзіла сваёй увагай.
Але зараз ніхто яму веры не даў. Усе зразумелі, што пад белай барадой, а таксама слаямі землялюбства і жалобы тоіць Мешулам сваю найвялікшую копанку. Пастанавілі абмеркаваць гэтую прапанову на найбліжэйшым сходзе, дзе на павестцы стаялі перамовы з пастаўнікамі ўгнаенняў, цэнтралізаваная пакупка сталёвых рэек для пашырэння кароўнікаў, а таксама, да маёй радасці, просьба Уры прыехаць у машаў.
Ад часу яго выгнання з вёскі мінулася колькі гадоў, і жарсці ўжо абляглі. Жонка Якубі даўно вярнулася дахаты, несучы над галавой ганарлівую аўру замірэння на сваіх умовах і рэвалюцыйных, прыцягнутых з горада, ідэй. Калі Уры даслаў ліст у сакратарыят і папрасіў прыехаць з візітам на святы, было ясна, што вясковыя ўстановы яго просьбу задаволяць.
Але сходу не адбылося, бо неспадзеўкі Мешулам выперадзіў усіх сваёй спрытнасцю. Наконадні, увечары, выйшаў на поле ў бацькавых гумовіках для кароўніка ды з новай кувалдай, якую купіў на інструментальным складзе. Нават калі знайшоў лісты Бэрла Слуцкіна да Ліберзона, якія высыпаліся з кардонных тэчак і луналі па памяшканні сакратарыята, у яго не так запаліліся мазгі, як цяперака, калі брыў уздоўж лініі арашэння і разбіваў вентылі адзін за адным, нават не азіраючыся назад.
Вада пырснула няспынным фантанам. Спярша крыху пратачылася ўглыб зямлі, але па каторым часе, калі дробныя камякі пазліпаліся і ніва ператварылася ў агромністую гразевую сажалку, вада стала падымацца.
Мешулам дахаты не вярнуўся. Ноч навылёт ішоў, захрасаючы ў гразюцы, і, калі вада паднялася да верху гумовікаў, узлез на верхатуру землянога вала і сеў там. Пакуль пачулі
галашэнні з кароўнкаў і куратнікаў, пакуль прачнуліся кампетэнтныя сябры і заўважылі падзенне ціску ў трубах, мулкая зямля паспела ўжо заліцца, а машаў згубіў трохтыднёвы запас вады.
На раніцу мы ўсе стаялі край Міркінскай гаспадаркі, ашаломленыя відовішчам. Дно ўжо зрабілася гразкім. Шматлікія затокі і пратокі пастаральна зіхцелі пад сонцам. 3 вугла, дзе я стаяў, стала відаць, як Сіняя Гара адлюстроўвалася і калывалася ў сцішаных водах. Пад няўцямнай жудой хавалася сімпатыя, якая тоіцца ў сэрцы кожнага селяніна пры выглядзе струменя, гэтай жвавай, празрыстай і сцюдзёнай стыхіі, што адлюстроўвае ў сабе аблачыны.