• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Несці дзядзьку было лёгка. Без напругі. Дужы я. Рост таты. Паслухмяны і бязлітасны ўнук. Шырокі, як шула, са сталёвай хрыбцінай. Навошта столькі сіламоцы запхнуў дзед у маё цела? Гэтак нёс я хворага Пінэса і мёртвага дзеда, цягнуў па марскіх водах віндсерфінгістку, што насёрбалася вады. Гэтаксама я цягаю здарожанага Шыфрыса, мяхі з грашыма і гісторыямі. Высокую, прыгожую і спаленую маму.
    Цыркін-Мандаліна памёр у ложку на падворку. Песя, што пайшла з жыцця праз год, пра гэта не дазналася. Ляжала сабе адна ў маленькай палаце герыятрычнага аддзялення прафсаюзнай лякарні ў раёне Тэль-Авіва, спаралізаваная на ўсю правую частку цела. Пранізлівым голасам вяла маразматычныя гутаркі з міністрам фінансаў, Фаняй Ліберзон, а таксама з кімсьці на імя Этынгер. Мешулам не паведаміў ёй пра смерць бацькі — пагатоў яна б не ўспомніла, пра каго гаворка. Зноў і зноў паўтарала: “Кветка ў пупку, кветка ў пупку”, — і прасіла дастаць з агню ейны пеньюар.
    Цыркін паміраў шумна, з лямантам і неахвотай, нават з непрыхаваным пратэстам. Уся вёска чула, як ён змагаўся са спадарыняй Смертухнай.
    — Ніхто не казаў, што будзе так балюча! — здзіўлена і абражана божкаў ён.
    Ля яго ложку стаялі Мешулам і доктар Мунк. Пры ўдзеле Эліезэра Ліберзона, якога прыцягнулі з дома састарэлых, яны пераконвалі яго дазволіць перавезці сябе ў шпіталь. Ён лаяўся, пятляў, катэгарычна адмаўляўся.
    — Хутка ўсё скончыцца, — паўтараў ён. — Практыканты будуць тыцкаць у мяне свае трубкі! — стагнаў ён.
    Потым адышоўся ад памяці. Пасля кароткае паўзы ачуняў:
    — Хадзі, паеш з намі, Фэйга, я запёк у муцэ гарбуз з яйкам. Хадзі! Гэтыя двое сышлі, хадзем разам купацца, вада цёплая.
    Знянацку закрычаў:
    — Сябры Цыркін, Міркін і Ліберзон рук распускаць не буДУЦь!
    Але разумеў яго толькі я.
    Па каторым часе Цыркін трохі суцешыўся. Ягоныя грудзі цяжка падымаліся і апускаліся.
    — Важна дыхаць, — сказаў ён сам сабе. — Дыхаць, дыхаць і яшчэ раз дыхаць.
    Новы прыступ болю скарлючыў цела, і Цыркін загаласіў. Гэтым разам бэсціў Арцель Калькулянтаў, раз за разам паўтараючы гэтую невядомую сёння нікому назву.
    — Усё пачалося з гэтай арцелі! 3 гэтых шлімазлаў! — лаяўся ён.
    — Што за арцель такая? — запытаў я Мешулама колькі тыдняў пасля.
    — Ат, татава выдумка!
    Ліст Мандаліны бабе Фэйзе, які ніколі не быў дасланы, Мешуламу я не аддаў. На бацькавай магіле Мешулам прачытаў рэшту знойдзеных у шкатулцы дакументаў. Ён свяціўся ад шчасця, калі знайшоў арыгінал ліста ад Ханкіна, які выправаджваў сялян-арандатараў з зямель Эйн-Тывона, і спіс пакупак Працоўнай Сябрыны імя Фэйгі:
    “Тры кілі мукі, кунжутны алей, чатыры кашулі з арабскай тканіны, саламяны капялюш для Міркіна”.
    Мешулам палічыў ліст ад Шыфрыса фальшыўкай.
    — Танная падробка! — сказаў ён.
    Але ўсё адно захаваў паперчыну ў архіве, дадаўшы:
    — Калі захочаш памяняць яе на Статут Працоўнай Сябрыны, можам дамовіцца.
    Мы апусцілі труну ў яму, і Мешулам стаў засыпаць яго пылам. Пасля некалькіх удараў матыкай яго падмяніў стары і сляпы Ліберзон, апошні сябар Працоўнай Сябрыны, заканцаваўшы ўсю працу парай спрытных кідкоў рыдлёўкай.
    — Ты што зрабіў з татавай мандалінай?! — запытаўся Мешулам, калі людзі сталі разыходзіцца.
    Я паказаў пальцам на магілу.
    — Чаго?! — гарлаў Мешулам. — Ты паклаў яе ў труну?!
    — Так наказаў нябожчык, — уставіў Бускіла.
    — Гэта было ідэяй твайго таты... — пачаўбыўтлумачыцья.
    Мешулам смалянуў вачыма перуноў. Схапіў рыдлёўку і стаў раскопваць свежую магілу. Я не ўмешваўся. Толькі калі Мешулам заглыбіўся і гукі ўзмацніліся, я спыніў яго.
    — Чуеш, Мешулам, паслухай.
    Ён працягваў капаць. Я вырваў з яго рук рыдлёўку і адкінуў наўзбоч.
    — Паслухай як след, Мешулам.
    У нашай вёсцы заўсёды з-пад зямлі нешта чуваць. Варушэнне чуйных слімакоў, скуголенне нямецкіх дзяцей, якіх ліхаманіць, задушлівы хрып ханаанскага войска Сісры. Цяпер Мешулам чуў гук бацькавых струн, жыл яго рук, варушэнне вачніц.
    Мешулам, старэнькі і лядашчы сірата, якому не лёсіла пасадзіць дрэва ці пазнаць жанчыны, стаў роўма раўці, паваліўшыся тварам у зямлю:
    — Даруй, тата, даруй!
    СОРАК ЧАЦВЁРТЫ РАЗДЗЕЛ
    Улетку гулі на могілках цыкады, прытуліўшыся да галін аліўнага дрзва і язмінавых хмызоў. Свае куцыя хабаткі ўваткнулі ў кару. Смакталі прахаладжальны нектар з кветкавых артэрый, зумкаючы ў тупамернай цягнучай асалодзе.
    Гэты аглушальны гуд суправаджае зямлю і яе насельнікаў спакон веку, ад часоў першабытнага племені, жыхароў Пінэсаўскай пячоры, і да эпохі Працоўнай Сябрыны імя Фэйгі. Той гуд сустракаў полчышчы захопнікаў, кавалькады пілігрымаў і рэпатрыянтаў, караваны гандляроў і трукачоў.
    Чалавек, нязвыклы да даўкага голасу цыкады, можа праз лічаныя хвіліны злузнуцца з глузду, але нам, жыхарам Даліны, яна — мілая пяснярка лета і поля.
    — Навошта цыкада спявае? — папытаўся Пінэс сябе і мяне. — Бо гэта ж не шлюбная песня, бо саміцы не ідуць да самцоў, якія дзяруць горла. Гэта не ахова тэрыторыі, бо цыкады-самцы адзін на аднаго не нападаюць. Апроч таго, цыкада амаль цалкам глухая. Дык навошта ж спявае?
    Ён глянуў на мяне ў чаканні адказу, але было мне тады дзесяць. Трапяткі і жывы мех. Набіткаваны гісторыямі і вытрыбушаны ад адказаў.
    — Вось сапраўдная песня гэтай зямлі, — патлумачыў мне Пінэс. — Упарты крык, без мелодыі і тактаў, без канца і пачатку, мяцежны маніфест і суцэльны трыумф існавання: “Вось яна я!”
    — Каб ты ведаў, Барух, — працягваў Пінэс. — Гэтая сціплая кузурка — першапачатковая гераіня байкі “Страказа і мураш”, якую тупалобыя перакладчыкі прыбралі з іўрыцкай версіі. Аднак рукой аўтара арыгінала таксама вяло непралазнае невуцтва.
    Ён пацягнуў мяне ў сад. Па-над разложыстымі нівамі ззяла сонца, у небе — ніводнай птушкі. Пад квадратнымі ценямі загона цяжка дыхалі бычкі. Павуцінкі зжухлі, а іхнія гаспадары хаваліся між кронамі. Бялёсымі лісточкамі ўслалі дол матылькі-блакітніцы. Калі я браў іх у руку, то крылы былі гарачыя і цяжкія, нібыта толькі што выкаваныя з медзі. Адно цыкада, квадратная і загартаваная, упарта і заложна цягнула палымяныя песні сухавеяў. Яе аранжавы голас, вырываючыся з галін, дзёр вушы, кідаючы выклік распаленаму свяцілу і строячы кпіны з зямнога пекла.
    Быў Пінэс майстрам у лоўлі цыкад. Кожны хлопчык ці дзяўчынка ў вёсцы ведалі, што калі да цыкады набліжаецца чалавек, дык тая змаўкае, спяшаючыся ўзляцець і даць драпака, а яе вострыя зрок кампенсуе амаль поўную глухату.
    — Фабр падрываў выбухоўкі ля каштана ў сваім садзе, а цыкадзе — ані шум баравы, — апавёў ён.
    Жан-Анры Фабр, французскі энтамолаг, прыпаў Пінэсу да сэрца.
    — Невялікі педант і ў тэорыю эвалюцыі не верыў, — прызнаўся Пінэс. — Але на яго карысць скажу, што быў ён няхітры і цікаўны, як дзіця.
    Мы разам падышлі да хмызоў. Рука Пінэса выстраліла пугай. Над галінамі пранёсся адчайны енк. Між пальцаў дрыгатала цыкада.
    Цяпер Пінэс паказваў яе вялікія сятчастыя вочы. Празрыстыя, пранізаныя артэрыямі крылцы і галасавыя клапаны абапал жыватка. Пры дапамозе тонкай саломінкі ён на тых клапанах паспрабаваў музыкаваць, выдзьмуўшы нешта накшталт кароткага цвыркату.
    Тут Пінэс заявіў, якое ж чалавецтва невук. Напрыклад, Арыстоцель верыў, што мухі родзяцца з гнілога мяса. Сярэднявечны каментатар Торы Мошэ Альшэх пісаў, маўляў, трусы і зайцы адрыгваюць, як каровы, жуйку.
    — Жалюгодныя дурні! — прашаптаў ён. Ён заўсёды паніжаў голас, калі трымаў інсекту ў жменьцы. — Цемрашалы!
    Якую непісьменнасць і дуроту маем у байцы пра мураша і цыкаду! Узімку на стадыі лічынкі цыкада жыве сабе пад зямлёй. А там ніякай міласціны ад мураша ёй не трэба! Улетку мураш — энергічны сукін сын, які рабуе цыкад.
    Было мне тады дзесяць. Дагэтуль помню між пальцаў дотык мулкага цельца цыкады і церабленне яе пругкіх ножак, якія пнуліся з майго ўхопу аслабаніцца. Пінэс паказаў, як тая смокча сок з яблычнай скуркі. А доўгая чарга мурашоў — цёмных, асцярожлівых, якія зветрылі сакавітую слодыч, — цякла па камлі дрэва, усё роўна як чорны ручай. Авангард чаргі ўжо прымайстраваўся ля хабатка цыкады, караскаўся ёй на спіну, піў з кропляў нектару, які разліўся з прасвідраванай ёю адтулінкі. Брыдкі і агрэсіўны смурод мурашынай кіслаты разліўся ў паветры.
    — Ну, сам бачыш... — прамовіў Пінэс. — Вось табе і мураш. Гультай, ашуканец, жабрак, паразіт і рабаўнік! У людзей навідавоку, а яго паскудствы пакрываюць уладар Саламон са сваімі фальшывымі мудрасцямі пра мураша-працалюба і крывадушны буржуй Лафантэн.
    Дзеда істоты кшталту цыкад не цікавілі. Казуркі, якія не заміналі і не прыносілі карысці пладовым дрэвам, былі пазбаўленыя ягонай увагі. Часам, праўда, цыкады пакідалі чырванаватую плямку на скурцы плода, але дзед не бачыў у гэтым ніякае заганы. Калі аднойчы мы капалі разам з ім у садзе, мне патрапілася лічынка цыкады ў глыбокай норцы. Там цёрла яна дзянькі ў суцэльнай цемры, прытуліўшыся да аднаго з каранёў і смокчучы з яго свой пажытак. Была яна бляклая і скарлючаная, цемра зрабіла яго вочы каламутнымі, а коўзкае цела слізгала між пальцаў.
    Пры дапамозе Пінэса мне выпала таксама ўбачыць апошнюю рэінкарнацыю цыкады.
    — Тут як пашанцуе, — папярэдзіў мяне настаўнік, і ў той самы момант выпырхнула лічынка на паверхню зямлі, каб адшукаць сабе куст і ўскараскацца. Была павольная і важкая, але вочы яе ўжо пачарнелі і заблішчэлі.
    — Формачкі для выліўкі скуркі і абрысаў ужо гатовыя, — прашаптаў Пінэс і працытаваў:
    — “Бо салодкае святло і прыемна вачам бачыць сонца”.
    Мы абодва паселі на зямлі, і настаўнік паклаў руку мне на далонь. Лічынка прытулілася да кары куста, ускараскалася па ёй і спынілася. Скура ейная луснула ўздоўж спіны так, нібыта яе рассекла нябачнае лязо.
    Пакрысе з гарнітура маленства стала вылазіць выгадаваная цыкада. Ногі — вільготныя і дрыготкія — крыху звіваліся. А крылцы, як вогкі плашч, пакрысе цвярдзелі. Тры гадзіны стаялі ля яе, назіраючы, як напаўнялі сонца і паветра жылы, як мяняецца яе адценне з жаўтавага да зеленаватага, і стуль — да шэра-карычневага. Знянацку тая адлучылася ад дрэва і паляцела сабе, і вокамгненна ў поле ўпоруч з сяброўкамі пачуўся яе гучны мяцежны голас, адурманены прагай жыцця і гонарам за існаванне і дасягненне.
    Пінэс застаўся ў одуме. Прамовіў:
    — Сёння ты бачыў відовішча, якое выпала бачыць адзінкам.