За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Бускіла прызначыў прадстаўніка нашых спраў у Флорыдзе.
— Там! — сказаў ён. — Усе яны і сядзяць. Усе габрэйскія старцы. Ёсць там і балоты. Сядзяць і чакаюць, што сонца прыкончыць іх.
Ён таксама купіў чорны пікап, нанёсшы на дзверцы залатымі літарамі назву “Дом Вечнасці для Першапраходцаў”, кіруючы тым пікапам, справамі і мною з вялікім умельствам.
* Ёсэф Трумпельдор (1880-1920) — аднарукі герой габрэйскай самаабароны, забіты ў баі з арабамі пры паселішчы Тэль-Хай.
— Так не мусіць быць: я сяджу ў офісе, а ты капаеш ямы і паліваеш са шланга! — заўважыў ён мне. — Ты бос, Барух. А для чорнай працы я найму чалавека.
Я патлумачыў яму, як мы разумеем працу на зямлі, і апавёў пра наша светагляднае непрыняцце наёмнай працы. Але Бускіла, які пільнаваўся суботы і кашэрнасці, паставіўся да прынцыпаў сацыялістычнага руху з паблажлівай пагардай.
— Ты тут мяне не ўразіш. Я таксама рэлігійны чалавек, — зазначыў ён. — У кожнага свая Тора і свае прыказанні, і вы часта нават больш апантаныя за нашага брата.
Іншым разам:
— Дык чаго ты не едзеш за мяжу, на адпачынак, пагуляць, пазнаёміцца з дзяўчатамі?
Па каторым часе запытаўся:
— Што такое?! Табе грошай мала?
У Бускілы ёсць дачка, маладзейшая за мяне. Дзяўчына ў целе, прыязная і паглядная. Некалькі раз Бускіла намякаў, што хоча нас пазнаёміць.
— Навошта? — пачырванеў я. — Мне і так добра.
— Я дашлю яе прынесці абед Пінэсу, і ты там будзеш, — прапанаваў ён ужо наўпрост. — Яна будзе табе добрай жонкай, не тое што вашыя тут жанчыны.
— Ат, кінь гэта! — адказаў я, і станожкі замітусіліся ў маіх скронях.
— Нядобра, што ты так жывеш. Ты здаровы хлопец, трэба ажаніцца.
— Hi ў якім разе! — горачна адрэагаваў я.
— Калі мараканец сватае табе сваю дачку, ты не можаш сказаць “не”, — засцярог мяне Бускіла.
— Я не люблю дзяўчат, — адказаў я.
— Сына я табе не аддам, — засмяяўся ён, аднак тварам пазмрачнеў.
Раз-пораз кідаў позірк на мяне падчас працы, уражаны фізічнай моцай і габарытамі.
— Ты не падобны да сваіх сямейнікаў, — казаў. — Ты чарнявы, мажны, шмат плоці і валосся, і ты не апантаны любоўнай ліхаманкай. Твой стрыечны брат, такі акрут, такі бабнік, пераспаў тут з усімі жанчынамі, а ты — ціхмяны такі.
— Досыць, Бускіла! — сказаў я. — Закалоты сям’і і вёскі — гэта не твой клопат.
— ...У вас ва ўсіх нешта не тое, — цвяліў ён, выпрабоўваючы межы маёй цярплівасці.
Часам апавядаў пра свае першыя дні ў вёсцы.
— Глядзелі на мяне крыва. Увесь час правяралі. Паставілі на сарціроўку цыбулі, нібыта гэта такі іспыт для паштальёна. Нават Зіс думаў, што праз тое, што яго бацька-асёл вазіў ваду, ён лепшы за мяне. Пакуль я не даў яму “бычка”, каб пачаў паводзіць сябе як чалавек.
3 непрыхаванай цікаўнасцю Бускіла назіраў за людзьмі, лавіў найменшыя павевы, што разляталіся ў вёсцы, і прыдумляў крылатыя выразы, якія часцяком мяне злосілі.
“Чалавек, які пастаянна сядзіць у яме, ясная рэч, нечага асцерагаецца”.
“Жанчына ніколі не забудзецца на першы палец, які дакрануўся да яе”.
“Добры дзед лепшы за бацьку. Але калі ён кепскі, то горш не бывае”.
“Чаму ўвесь час — зямля, зямля, зямля?.. Дастаткова, што адтуль родзяцца і туды сыходзяць. Паміж гэтымі дзвюма падзеямі ад яе трэба адпачываць”.
“Вы, калі чалавек у дзевяць гадоў вярзе лухту, лічыце яго дурнем да смерці. Ставіце на ім крыж”.
У дні, калі служыў лістаношам, наведаў усе дамы ў вёсцы і выдатна памятаў, дзе яму далі напіцца халоднай вады ці пачаставалі садавіной, а дзе сустрэлі зачыненымі дзвярыма і касымі позіркамі праз аконную шыбу. Бускіла быў першы, хто даведаўся, што аднавіліся зносіны паміж Маргулісам і Тоняй, скеміў, што дзед атрымлівае лісты з-за
мяжы не толькі праз пошту і што ігнараванне паштовых паслуг не выцякае з крыўды на паштальёна, а ёсць прычынай засмучанасці і нянавісці іншага парадку. Бускіла ведаў, што Мешулам рэгулярна атрымлівае публікацыі аб гісторыі габрэйскага паселішча на Зямлі Ізраіля. Яго канверты мусілі быць запячатаныя, аднак іх змесціва блішчэла і зіхцела хромавымі і вясёлкавымі пералівамі.
Ён усміхаўся сам сабе кожны раз, калі атрымліваў пошту на імя сям’і Ліберзонаў, бо болыпая колькасць лістоў, а таксама нібыта замежныя лісты, якія дасылаў сам Ліберзон Фані.
— Ён дасылае ёй лісты, не пішучы на адвароце імя адпраўшчыка, каб быў сюрпрыз.
СОРАК ДРУГІ РАЗДЗЕЛ
Пасля тэрміновай службы ў войску Ёсі падпісаў кантракт, а Уры вярнуўся ў дом да дзядзькі і стаў працаваць там на бульдозерах і самазвалах. 3 гэтай прычыны ў Міркінскай гаспадарцы не паўстала праблемы сына-спадкаемцы.
Калі бацькі-заснавальнікі прыехалі ў Ізраіль, гэтак патлумачыў Мешулам, то ўбачылі надзелы арабскага фелаха, нажамі тастамента пакроеныя на вузкія дзялкі. Таму пастанавілі, што на гаспадарцы працягне ўвіхацца толькі адзін сын.
Каб з цягам часу прыняць рашэнне, хто з сыноў будзе пераемнікам, ад нараджэння вывучалі дзяцей. Цэпкія вочы бацькоў, настаўнікаў і суседзяў ацэньвалі першыя крокі немаўляці па падворку, цягліцы шыі, а таксама поспехі ў развіцці, здольнасць прагназаваць дождж, наяўнасць ці адсутнасць “чарадзейнага дотыку”, якім абдораны кожны прыстойны селянін. Ужо ў веку дзесяці гадоў хлопчык ведаў, ці застаецца ён у вёсцы, ці пойдзе на вольны хлеб.
Зацятае маўчанне адсеяных пасля вынясення вердыкту змянялася магутным жаданнем усё адыграць назад і пазмагацца за месца на гаспадарцы.
Аднак выбар быў зроблены. Па павароце з вайсковай службы іх высылалі ў шырокі свет. Вясковы лад і сялянскія завядзёнкі смылелі на іх сэрцы, як таўро скаціны. Некаторыя з выгнаных сыноў рабіліся аграрыямі ў іншых месцах, іншыя пайшлі ў прадпрымальнікі ці навукоўцы, але ўсе яны выславіліся ў сваёй прафесіі. Дзіцячыя і юнацкія гады, прабаўленыя ў вёсцы, доўгія дні цяжкой працы, адказнасць і глыбокае разуменне жывёльнай натуры ў любой сферы церабілі ім шлях да поспеху.
Тым жа часам бацька пакрысе перакідваў усю працу на абранага хлопчыка, засыпаючы яго пытаннямі стасоўна ўраджаю і ўгнаення, ацэньваў адказы і ідэі. Як вулей, які гадаваў каралеў, гэтаксама вёска расціла пакаленне пераемнікаў.
Але сям-там пракідваліся памылкі. Даніэль Ліберзон, чыё дзіцячае каханне да маёй мамы спярша вытлумачылася як няздатнасць да сельскай гаспадаркі, урэшце стаў выдатным аграрыем. Пасля смерці маіх бацькоў у яго не засталося каго любіць і каго ненавідзець, таму ён скіраваў усе свае здольнасці і імпэт на сельскія клопаты. Потым пераехаў у толькі што створаныя машавы новых рэпатрыянтаў і выславіўся як першарадны і дабітны інструктар, а калі вярнуўся адтуль са сваёй “румынкай-румынкай, а нармуль”, дык паказваў поспехі ў гадоўлі птушак, бавоўны і далікатэсных грыбоў. Мешулам у абмен на аўтэнтычнае вядро для даення Хагіт даў яму царскую яшчэ кнігу па сельскай гаспадарцы. Там Даніэль вычытаў рэцэпт сакрэтнай сумесі з саломы, дзірвану і конскага гною, на якой растуць найлепшыя грыбы. Тэрмін збору грыбоў, так было напісана ў кнізе, у той час, калі з дзялянкі пачнецца пах “славянскага лесу”. Аднак Даніэль ніколі не ветрыў водару тых шырот і раз на некалькі тыдняў, калі грыбніца давала чарговую серыю ўраджаю, бег да старых бацькоў. Адцягваў іх ад іх мілункаў-пацалункаў, запрашаючы на сутонлівыя грады — паветрыць носам. I тыя ні разу не схібілі ў сваім экспертным меркаванні.
У процівагу Даніэлю Мешулам ужо ў юным веку расставіў усе кропкі над “і”. Паводле пераказаў Уры заявіў, што “адзіная крыніца яго схільнасці да зямлі — гэта гравітацыя, а іншых сіл прыцягнення няма і не будзе”.
Сам Уры заставацца ў вёсцы не збіраўся, але гэта нікога не здзівіла. Ён прагнуў кніг, цягнуўся да ног дзетсадаўскай выхавацелькі Рут і быў няздатны ўпрэгчыся ў цяжкую фізічную працу. Досціпы, якія Уры падпускаў тут і там, як наконт абрывістасці жыцця курэй-нясушак або фрывольнасці
звычак каровіных асемяняльнікаў, а таксама стасоўна іншых тэмаў, якія не цярпяць легкадумнага стаўлення, — узбудзілі падазрэнне яшчэ да серыі ягоных пералюбаў на воданапорнай вежы. Хаця на бацькава рашэнне паўплывалі менавіта апошнія.
Усе любілі Уры, але было ясна, што Аўрагамавы гумовікі для даення ўспадкуе Ёсі. Быў ён хлопцам памяркоўным і адказным, тэхнічна падкаваным, з прыроджанымі схільнасцямі да праектавання і парадку. Хіба нейкі схаваны ў хлопцы гвалт бянтэжыў бацьку. Ён баяўся, што Ёсі можа ўчыніць шкоду быдлу, якое занатурыцца ці не выканае сваіх абавязкаў. Але ўжо ў чатырнаццаць гадоў можна было пакінуць на Ёсі ранішнюю змену даення. Дзед таксама, бачачы ў Уры далёкі адбітак свайго сына Эфраіма, калі паўстала патрэба ўзорна прайсціся культыватарам па садзе, не датыкаючыся да камлёў, то звярнуўся менавіта да Ёсі.
Цяпер, калі нават Ёсі паведаміў, што ў ягоных планах няма вяртання ў гаспадарку і яго вабіць вайсковае жыццё, Аўрагам падняў вочы ад зямлі. Паколькі да таго ён рабіў гэта не так часта, то тутсама жахнуўся ад выгляду свайго жыцця-быцця, што разляглося на аднастайным і нудным абшары ажно да самага далягляду смерці.
Стуль ім апанавала роспач. Я з усяе змогі падтрымліваў яго, але прадметам майго сапраўднага інтарэсу быў догляд нябожчыцкай нівы ў раскіданым садзе дзеда.
— Ніхто з Міркінскіх унукаў не будзе земляробам, — сказаў Рылаў. — Няма рады, трэба выстаўляць гаспадарку на продаж.
— He бяры яго словы ў галаву! — сказаў мне Бускіла. — Які вар’ят купіць гаспадарку ў такім выглядзе? Хто з зямлі стане выцягваць косткі дзядоў? Хто зможа працаваць тут паміж магільных пліт?
Дзедава помста набыла форму і змест. Магілы мулялі вяскоўцам. Калолі вочы сваім здзеклівым і пачварным эрзацам. Узвышаліся выклікам усяму ідэалагічнаму праекту,
выпраменьвалі пратэсныя пахі. Калі я ішоў па вуліцах машава, у мяне цалялі позіркамі і шушуканнямі. 3 ацэнкай пазіралі на маю патыліцу, якая не схацела сунуцца ў хамут мроі. А ва ўяўленні лічылі грошы, што назапасіліся ў маіх мяхах.
Я не звяртаў на аднавяскоўцаў увагі. Іхнія позіркі былі не чым іншым, як фальшыва намаляванымі вачыма, якія мяне не палохалі.
А Бускіла, які захоўваў дэталі дасудовых угодаў з вясковымі інстанцыямі ў адной з ахайненькіх кардонных тэчак, з асалодай разглядаючы іх, таксама запэўніў, маўляў, тымі пагрозамі пераймацца не варта.
— Вы, можа, і знаецеся на сельскай гаспадарцы лепш за мяне, — сказаў, — але я таксама знаюся на магілах. У нас у Марока пахаваныя шэсцьсот шэсцьдзясят праведнікаў і святых, але нашы дзяды, каб пахавацца, усе гэтыя гады ездзілі ў Святую Зямлю.