• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    За колькі тыдняў да смерці мяне паклікаў Цыркін-Мандаліна. Ён быў у сваёй хаце, наадрэз адмаўляючыся пераязджаць у дом састарэлых.
    —	He трэба мне ніякай фізіятэрапеўткі, якая паламае мне пальцы! Або смаркатых інтэрнаў, якія засунуць мне ў мой прычындал трубкі.
    Цыркін ужо ледзьве соваўся, быў нервозны і на зле. Мешулам вазіў яго з месца на месца на абкладзенай падушкамі аднаколай тачцы.
    — У гэтага гультая ёсць час, каб даглядаць свайго старога бацьку, — злаваўся сам Цыркін. — Віншую, знайшоў сабе занятак!
    Мешулам прапанаваў яму купіць электравазок, на якіх перасоўваюцца пенсіянеры ў кібуцах.
    — Я не паеду на каламажцы адэскіх гімназістак! — заўпарціўся Мандаліна.
    Млявасць ламала яго косткі. Больш працаваць не мог. Яго блаславёныя палеткі, якія прыносілі ўраджай, яго вышуканы сілас, жыта і бавоўна, счэзлі. Бярозка палявая, гумай і мескіт уварваліся на Цыркінскія палі і ахінулі яго злавесным саванам заняпаду. Цэлыя мышыныя сем’і, выпладкі з сумежных палёў, знайшлі на пакінутай зямлі прытулак, а адтуль пратачыліся на суседскія дзялкі. Некалькі разоў Камітэт звяртаўся да Мешулама з энергічнымі патрабаваннямі абрабляць зямлю і знішчаць мышэй, але ў Мешулама, як звычайна, усё валілася з рук. Звярнуліся да Ліберзона. Той пачухаў патыліцу і прыгадаў, што ў былыя дзянькі ў вёску завітаў эксцэнтрычны егіпецкі аграном, паведаміў сялянам, што мыш гідзіцца бабоў. Цяпер па загадзе Ліберзона ўчастак Мешулама ўзялі ў аблогу бабовых. Мышы ж, з моцы нявытлумачанага чараўніцтва, не наважыліся выйсці за перыметр. Тут яны пладзіліся і множыліся, пакуль голад, агарода, перанаселенасць і варожасць не выгадавалі ім даўгія іклы і не ператварылі іх у драпежнікаў, якія нішчылі адно аднаго. Па начах чуліся сіпатыя выгукі пераможцаў і перадсмяротныя енкі ўпаляваных. Пінэс казаў, што з навуковага гледзішча жываплот з бабовых ператварыў дзялянку Цыркіна ў эвалюцыйны тупік. I што з гэтай нявыкруткі ніякая мутацыя яе тутэйшых насельнікаў ужо не выбавіць.
    Каровы Цыркіна-Мандаліны з напухлымі вымямі злосна рыкалі і ад болю лаяліся. Сам гаспадар сядзеў на аднаколай тачцы і тлумачыў свайму сыну, як даіць. Мешулам датуль ніколі не трымаў смачка ў руках.
    — Мы даілі рукамі! — роў стары. — РУКАМІ! А ты не ў стане адкрыць крану даільнай машыны.
    — ...У яе запаленне вымя, даўбень! Хіба не бачыш?! Навошта ты катуеш гаротную душу?
    Артрытныя болі зводзілі Цыркіна з розуму. Яго пальцы загрубелі і скарлючыліся, як кіпцюры каршуна. Скура на яго замазалелых далонях ссохлася і пакрылася сеткай расколін, што сягалі мяса і выклікалі жудасныя болі. Даіць, абцінаць суччо і граць на мандаліне ён ужо не мог. Рымар Танхум Пекер апавёў, што на паўвыспе Крым старыя сяляне для лекавання запалення суглобаў ужывалі пчаліную атруту.
    Раніцай мы адвезлі старога на тачцы да помніка Маргуліса. Цыркін зняў кашулю, з цяжкасцю вылез з тачкі, спусціў штаны і выпрастаў плечы. Блішчучы на сонцы, абапіраючыся на помнік, чакаў ён жалобных пчолак Маргуліса, каб тыя прыляцелі сюды і пакусалі.
    Тоня злосна паглядзела на Цыркіна, але прамаўчала. Адно дастала з рота абмылак пальца, паднялася на ногі і знікла за дрэвамі. Там, павіслая на манер гронак садавіны, у густой лістоце таксама хавалася вясковая дзятва — унукі і праўнукі, якія прыйшлі пабачыць азадак бацькі-заснавальніка.
    Цыркін нецярпяча і цяжка лаяў пчол, махаў рукамі — усё без выніку. За доўгія гады працы і музыкавання ён выгадаваў вакол сябе прыемны пах. I кузуркі не бачылі ў ім раскрадальніка вуллёў, на якога трэба бліскавічна накінуцца. Хутчэй — гігантычнае суквецце. Таму яны паселі Цыркіну на плечы і сталі поўзаць па спіне, па азадку, не нападаючы.
    Праз гадзіну стары паклікаў мяне, каб я адвёз яго дахаты. Зморшчыны на патыліцы і цясніна паміж клубамі напоўніліся кветкавым пылком аранжавага колеру, які застаўся ад пчол, і Бускіла вычысціў яго піпідастрам, дапамог адзець кашулю і навязаць вяроўку-рэмень ды пайшоў яго праводзіць.
    Утрох мы сядзелі на ложку пад смакоўніцай. Летнімі ночкамі Цыркін ішоў спаць на падворку, бо праз гарачыню вяртаўся кляты пах Песінай парфумы, які выпраменьвалі
    сценкі. Ён уздымаўся, зводзячы з розуму нос і прынцыпы старога.
    — Паслухай, Барух, гэта доўга не працягнецца, — сказаў ён мне. — Мне трэба зацішнае месцейка ў цябе, побач з дзедам.
    — Вам не трэба нават прасіць, — адказаў яму Бускіла.
    — Дазволь ты мне пагутарыць з міркінскім маляткам! — сцюдзёным тонам вымавіў Цыркін і замаўчаў. Ён заўсёды працягваў казаць толькі пасля таго, як розум суразмоўцы асэнсуе прамоўленае.
    — А мандаліну пахавай побач са мной, гэтаксама, як ты зрабіў з Маргулісам і мёдам. Як маленькіх фараонаў з іхнімі цацкамі са слановай косткі і залатымі жукамі.
    — Дамова.
    — Гэта будзе не так проста, бо пасля таго, як я перастаў на ёй граць, Мешулам забраў яе ў свой музей.
    Выдраць гістарычны артэфакт з рук Мешулама было немагчыма, але Цыркін усё абдумаў.
    — У нашай пуні, за цэнтральнай бэлькай пад страхою, у куце, ёсць маленькая скрынка. Ідзі прынясі яе. He хвалюйся, Мешулам цябе не зловіць, ён ходзіць у пуню, толькі калі прыпячэ.
    Я адмыў скрынку ад галубінага памёту і павуціння павука-сенакосца і прынёс яе Цыркіну.
    — Унутры тут — усялякія дакументы ды іншая лухта, — усміхнуўся Цыркін. — Спіс пакупак Працоўнай Сябрыны за 1919 год. Ліст Ханкіна мне і ліст Шыфрыса, які прынеслі з Анатоліі пеліканы дзесяць гадоў таму. Толькі мы з Ліберзонам ведаем пра гэты ліст. Так, Шыфрыс, гэты шаленец, моцна пасунуўся. Ён ідзе!
    — Даць усё гэта Мешуламу?
    — Hi ў якім разе! — закрычаў ён. — Толькі скажы, што ён атрымае гэтыя паперы за мандаліну. Наколькі я ведаю свайго дурня, той пагодзіцца. Дакументы — яго пункцік. Забярэш у яго мандаліну і пахаваеш са мной. У той жа труне, каб чарвякі музыкавалі на ёй для мяне.
    СОРАК ПЕРШЫ РАЗДЗЕЛ
    Праз два тыдні, у начной імгле, як падаецца, ні стуль ні ссюль, Зайцэр адвязаўся ад вяроўкі, якая мацавала яго да смакоўніцы, і пасунуўся да дома Шлёмы Левіна. Падняў падкаваны капыт. Далікатна пастукаўшы ў дзверы, стаў чакаць крыху наводбег. Левін выйшаў на двор і, калі згледзеў агромністы абрыс мула, які з цямрэчы імчыць на яго галопам, уцяў: вось ён, гамон. Зайцэр круціў галавой, каб лепей бачыць свайго ворага адным-адзіным вокам. Ашчэрыў жоўтыя зубы і ўпіўся імі ў плоць Левіна. Укусіў яго руку з усяе змогі і нянавісці, якія заставаліся ў старой сківіцы. Ён сашчапіў зубы так, ажно парваўся кволы біцэпс, паламаліся пухкія костачкі пад ім, і вадзяністая кроў спешчаных банкіраў забулькатала паміж аскепкаў і аскабалкаў.
    Левін не паспеў нават рэкнуць. Страціў прытомнасць, а Зайцэр пайшоў сабе, ціхусенечка барабанячы капытамі, і вярнуўся да сваіх ясляў і смакоўніцы.
    На досвітку Рахэль заўважыла ў ложку мужаву адсутнасць. Выбегшы, яго ўбачыла. Левін ляжаў спаміж садовых раслін, пазелянелы і сіпаты ад енку.
    Яе лямант абудзіў усю вёску. Ёсі адымчаў Левіна ў шпіталь. Спярша падумалі, што завялася новая гіена. Але апоўдні ў сакратарыят прыйшоў Аўрагам з чыстасардэчным прызнаннем пра ўчынак мула. Экстранна выклікалі акруговага ветэрынара, і пасля следства той загадаў застрэліць Зайцэра, як таго патрабуе закон.
    Усчаўся вэрхал. Аўрагам што шалёны пабег дахаты, плачучы і раскідваючыся землянымі камякамі. Калі ветэрынар прыехаў у суправаджэнні паліцыянта, Зайцэра на падворку ўжо не было.
    М ЭІ Р Ш АЛ ЕЎ
    Мой дзядзька адвёў яго ў хмызнякі ля крыніцы і там схаваў.
    У тую раніцу я займаўся заліўкай бетону і ўсталяваннем двух помнікаў на свежых магілах і толькі адвячоркам, вярнуўшыся дадому, даведаўся пра закалот. Аўрагам адмовіўся паведамляць, дзе схаваў мула, але назаўтра, калі я пайшоў пабыць ля крыніцы на самоце, адшукаў яго там. Яго вачніца поўнілася павольным слёзатокам гною.
    — Я прынясу табе ячменю, — сказаў яму я, але Зайцэр ужо занурыўся ў іншы свет. Пахаджваў па прасёлачных дарогах мінуўшчыны, у одуме нюхаў кветкі, якія ўжо ніхто не памятае і якія трапляюцца адно ў гербарыі маёй мамы. Увечары прыйшоў туды Аўрагам пільнаваць Зайцэра ад драпежных звяроў і дзяржаўных службоўцаў, але блізу поўначы апанавала ім дрымота. Зайцэр скарыстаўся магчымасцю і даў драпака ў палі.
    Заўтра на світанку мы адцягнулі раздушаную тушу з цэнтральнай шашы. Зайцэр ведаў, што а трэцяй ночы ў горад едзе вялікая фура з малаком, і чакаў яе на ўзбочыне.
    — Ён скокнуў і распластаўся проста перад коламі майго “Мэка”, — бедаваў агаломшаны шафёр Моцік. — 3 дваццаццю васьмю тонамі малака ўсярэдзіне, дзе ты што зробіш!
    Зайцэр, біткі і парэпаны ад цяжкае працы і прамінулых гадоў, пасля ўдару аб бампер амерыканскай фуры разляцеўся на тысячы друзачкаў, як старая парцалянавая лялька. Сляды ад шын, жмуты грыўкі, крывяны пыл, акраўкі мяса і лапікі старой і шарготкай скуры разляцеліся ў радыусе дзвесце пяцідзесяці метраў. Аўрагам сноўдаўся па шашы і лямантаваў, адганяючы зграю шакалаў.
    Праз месяц, калі Шлёма Левін вярнуўся са шпіталя, а ў пустым рукаве боўталася кукса, то сардэчнага прыёму ад вяскоўцаў не атрымаў. Бо нябожчык Зайцэр быў “адной з цэнтральных постацяў пакалення бацькоў-заснавальнікаў”, як было сказана ў прамове Эліезэра Ліберзона, які ад-
    мыслова прыцёгся з дома састарэлых на жалобны вечар памяці ў Дом сходаў.
    Жалю годны Левін, якога вясковыя блазны адгэтуль менавалі Трумпельдорам*, больш не акрыяў. Заняхайваўся. Сядзеў у садзіку Рахэлі і жаваў прасціны камардзіна. Асабліва злаваўся, што Зайцэр, яшчэ пры жыцці пазбавіўшы яго грамадскай павагі, прымудрыўся пры смерці скрасці ў яго аўру самагубцы. Толькі Аўрагам, які згадваў мілоту дзядзькавых рук і радасць ягоных падарункаў, час ад часу наведваў старога, а таксама Уры, пасля таго як вярнуўся ў вёску.
    Калі Левін адчуў, што канец бліжэе, паклікаў мяне. Прапанаваўшы мне вялікія грошы — адразу ж мной адпрэчаныя, — папрасіў, каб я пахаваў яго ў сябе, сярод першапраходцаў.
    — Як “дублёра чалавека”, — з горыччу дадаў ён.
    Гэтак я і зрабіў. Урэшце, Левін быў з другой аліі. На яго помніку красуецца наказаны ім надпіс:
    “Тут пахаваны першапраходзец Шлёма Левін, прадстаўнік другой аліі, які пазбыўся жыцця ўкусам аслюка”.
    Штотыдня спрачаліся са мной Бускіла і адвакат Шапіра стасоўна патрэбы талкова інвеставаць прыбыткі, але я на іх намовы не зважаў.