За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Пазачарговы сход патлумачыў Рыве, што грамада не пацярпіць такой раскошы ў тутэйшай хаце габрэйскага селяніна. Ёй далі выбар: або даслаць куфар назад, або пакінуць машаў з ім у абдымках.
— Ёсць лепшая прапанова, — дружалюбна сказаў Маргуліс. — Мы тут з Рывай абмеркавалі. Аддамо пасаг у грамадскі ўжытак.
Рыва, здушаная слязьмі, кіўком пацвердзіла мужавы словы. Рылава з Ліберзонам паслалі апісаць маёмасць. У наступныя гады Рыва бачыла сялян у выцвілай апратцы, якія елі з крыштальных сервізаў, трымаючы бруднымі рукамі пазалочаныя відэльцы яе бацькоў. Яны называлі адно аднаго “пані” і “пан”, адвешвалі паклоны, абменьваліся гжэчнасцямі і танчылі мінуэты на жніўі. Добра памятаю слова “народнікі”, якое пастаянна ўжываў у сваім аповедзе Пінэс. Ліберзон, які вокамгненна ўбачыў магчымасць рассмяшыць жонку і спадабацца ёй яшчэ больш, прыклеіў да шчок даўгія кукурузныя
валасы. Пасля, пераапрануўшыся ў графа Талстога, выйшаў да сваіх таварышаў, што працавалі ў полі, у белай світцы. Стаў гукаць іх “халопамі” і паіць прахалодным ліманадам з памешчыцкіх крышталёвых графінаў.
Тумбачка, пакрытая кітайскім лакам, прастаяла ў намёце сакратарыята, ажно пакуль яе не згрыз жук-вусач.
За сталовы набор са срэбра Камітэт выменяў шэсць кароў і галандскага бычка, наравістага і распешчанага. За дываны Рылаў набыў разабраную гаўбіцу, а гусіны пух Камітэт пароўну падзяліў паміж усімі вясковымі коўдрамі. Тоня і Статут задаволіліся. Але Рыва хадзіла змрочная і маркотная. Маргуліс сказаў ёй, што яго мёд смачнейшы, калі злізваеш яго з пальцаў, а не з залатых лыжачак. Ён нашмараваў Рывіны далоні воскам і накапаў на яе жывот даўгія залацістыя струменьчыкі. Але сэрца Рывы не змякчэла і не супакоілася. Яна нібыта скарылася з рашэннем вёскі, “але ўначы мы чулі, як крысо Маргулісавага намёта трасецца і калоціцца ад яе плачу”.
— Тое, што тата здолеў выратаваць ад расійскай рэвалюцыі, прысабечылі ізраільскія бальшавікі! — заявіла яна мужу.
За два гады ўвесь крышталёвы посуд пабіўся. Быў нагэтулькі празрысты, ажно калі ў ім нічога не было наліта, ён рабіўся фактычна нябачны, і тады цяжкія рукі сялян папросту змяталі пустыя фужэры са стала.
Маргуліс штодня сыходзіў на луг з кветкамі, і калі апошні фужэр пакалоўся, то Рыва апынулася сам-насам з пылам, потам, будучыняй, што кішэла нечыстотамі і паразітамі.
— I тут яна з’ехала з глузду, — сказаў Пінэс. — Звычайная жаночая ахайнасць, якая ёсць не чым іншым, як рэінкарнацыяй інстынкту гнездавання, у Рывы ператварылася ў шаленства.
Экіпіраваная шчыльна ўкручанай вакол галавы касынкай, а таксама фартухом, анучамі і гумовікамі, выходзіла Рыва на поле бітвы.
Насамперш выставіла з дому сметніцу, бо прысутнасць бруду, нават прыхаванага пад вечкам, родзіла ў ёй пачуццё жудаснага неспакою. Па-за кароўнікам, сто пяцьдзясят метраў ад дому, высілася вялікая купа каровінага смецця і бруду, і менавіта туды Рыва пасылала малодшых сваіх дзяцей па сто разоў на дзень — выкінуць шалупайку ад агурка, парэшткі ад абеду, сабраныя пад сталом драбкі.
— Яна безупынку паглядала ў неба, — апавёў мне дзед.
— Усё роўна як бабуля? — запытаў я, але дзед не адказаў.
— У гэтай вёсцы ўсе глядзяць на неба, — сказаў мне Ліберзон. — Шукаюць навальнічныя хмары, паштовых галубоў, саранчу...
— ...і пералётных пеліканаў, — працадзіла Фаня.
Адна Рыва паглядала на неба, бо ўсё жыццё чакала з пустэльні раптоўнай навалы пылавых аблокаў, а з поўначы — зграяў паскудлівых шпакоў. “Загаўнючаныя галубы” — так называла яна шпакоў. Па абводзе барака ўсталявала мо з тузін вялікіх пастак для мух: драцяныя скрыні з невялічкімі дзірачкамі, а ўнутры — кавалак гнілога мяса ці садавіны. Мухі залятаюць усярэдзіну, а вылецець не ў стане. Аж да сёння тыя пасткі паспяхова працуюць у вёсцы, але ў Рывы яны стаялі заўсёды пустыя, бо мухі ўжо пазнавалі яе дом і абляталі яго за вярсту.
Перад абедам яна патрабавала, каб разуваліся. Брытанскія археолагі весела аглядаліся, паважна елі боршч і курыцу з бульбай, казалі “дзякуй” за смачны абед і вярталіся ў пячору. Пінэс хадзіў да іх кожны дзень.
— Час ад часу я абедаў з імі, бо любіў слухаць іх размовы, але аднойчы Ліберзон намякнуў, што сябру машава нягожа аб’ядацца смажанай курачкай, якую багатыя брытанскія буржуі купляюць на свае грошы, у час, калі астатнія сябры харчуюцца печаным гарбузом і ачышчанымі сцяблінамі сунарыі.
Брытанцы не разумелі, з якое прычыны Пінэс перастаў хадзіць на іх абеды, гэтаксама, як яму было няўцям, як можна махаць матыкай і пры гэтым не спяваць.
Пасля таго як вынеслі і прасеялі трыццаць кубоў, археолагі дапялі да цяжкай пліты крышталічнага лупняка, якая заваліла ўваход у другую, глыбейшую, частку пячоры. Калі паспрабавалі тую пліту ссунуць, пачулі нейкі злавесны пошум. Пінэс параіў запрасіць адмыслоўца, які ўмее чытаць каменныя жылы. З’ездзіўшы ў Назарэт, ён прывёз адтуль старога арабскага каменяра. Той спусціўся ў пячорныя глыбіні, прытуліў вуха, пакалупаў разцом, пакінуўшы далікатныя драпінкі, пастукаў пазногцем і вынес прысуд. Скала — біткая, як шкло, і што калі яна расколецца, то будзе агульны абвал, які пахавае пад сабой саміх археолагаў. Гэтак другая камера пячоры засталася недаследаванай.
Археолагі, спакаваўшы транты і знаходкі, вярнуліся ў сваю краіну. На ўваходзе ў пячору акруговы афіцэр брытанскай каланіяльнай службы ўсталяваў жалезныя дзверы. Замкнуўшы, аддаў ключ Пінэсу.
Адразу ж прыскакаў Рылаў з патрабаваннямі і пагрозамі аддаць яму пячору для падпольных прынясенняў клятвы, а таксама пад хованку для трупаў і выбухоўкі. Пінэс упёрся рогам. У нечаканым прыліве нахабства паведаміў Рылаву, што калі, бронь божа, убачыць сляды ўзлому, дык неадкладна паведаміць пра тое каланіяльнай адміністрацыі.
Пячора сталася прытулкам Пінэса.
— У кожнага свая яма, — сказаў ён мне і выскаліўся.
Зазвычай сядзеў ён ля ўвахода і пазіраў на Даліну з нязвыклага — як з гледзішча месца, так і з гледзішча часу, — ракурсу. Усярэдзіне ён спаць не наважваўся, бо баяўся лаймбарэліёзу, але яшчэ больш асцерагаўся, што клешч, які пакаленне за пакаленнем жыў там, заразіць яго хваробамі, якія бадай зніклі з зямнога аблічча, — якім-небудзь невылечным неандэртальскім тыфам ці першабытнай чумой.
Таму Пінэс унутры пячоры не спаў, але ж заходзіў дзеля даследаванняў, дакументавання і медытацый.
Там, у чэраве зямлі, выявіў Пінэс сляпых змеек, якія звіваліся ў грыбніцы цвілі. Бляклых трытонаў, з якімі адбываліся метамарфозы значна павольней, чым з іхнімі братамі пад сонцам. Ніколі не бачаных у Ізраілі афрыканскіх станожак з сямейства ракападобных. “Жывыя акамянеласці” — так называў іх Пінэс.
Неяк яго асляпіла адна ідэя. Непадалёк ад пячоры квітнеў гай белаватай акацыі, “адзінай мільёнагадовай адшчапенкі афрыканскай флоры ў нашай краіне”.
Пінэс зрабіў дапушчэнне, маўляў, станожкі — яшчэ адзін рэлікт тых часоў. Калі ён нахіліўся і ўбачыў дагістарычных рачкоў, што сноўдалі па падлозе, пячора ўвачавідкі ператварылася ў фантастычны партал у штольні Часу. Убачыўшы жывучасць “нашых ізраільскіх разумнят”, якія без усякага бачання будучыні, традыцыі або адпаведных інстанцый стварылі настолькі ўпартае і карпатлівае грамадства, адчуў, як па целе разлілася ўцешная млявасць. Гай афрыканскіх акацый з пячорай былі, на яго думку, мікрасветам, які прыплыў ад дапатопных крыніц і раскалоўся. Часам Пінэс адчуваў, як, заходзячы ў зямныя нетры, мімаволі глыбока-глыбока ўдыхае, напампоўваючы лёгкія так, нібыта збіраецца даць нырца ў бурштынавыя глыбіні, густыя і дзівосныя.
Шмат гадоў Пінэс вадзіў вучняў у тую пячору. Ішлі мы дзве гадзіны па нівах, караскаліся на стромым схіле і давалі нырца ў адну з расколін скалы. Пінэс даставаў ключ, адмыкаў жалезныя рыпучыя дзверы. Халодная важкая пара вылятала навонкі, мацаючы нашы твары і сцёгны, нібыта выпрабоўвала, якія мы трывалыя.
Спярша Пінэс пакідаў нас ля ўвахода. Тут была глыбокая купалка з нагэтулькі старажытнай вадой, што ўсе рэчывы, што былі ў ёй, даўно выпалі ў асадак, ажно тая зрабілася зусім без смаку. Малыя невідушчыя істоткі слізгалі па яе
паверхні сюд-туд. Нябачныя воку, бо працяглая цемра, што сабралася ў іх слаях, ператварыла таксама тых, хто глядзеў на іх, у слепакоў. Але можна было адчуць іх цельцы тыльным бокам далоні.
Пінэс паказваў вучням, як з крэменю вычасаць лязо, спрабаваў развесці вогнішча церцем палачак, а потым завабіў нас на горныя тэрасы, які выходзілі на Даліну і вёску.
— Тут сядзеў першабытны чалавек і глядзеў на нашую Даліну, — паведаміў ён. — Тут раслі воцатавыя дрэвы і магутныя дубы, а таксама ясені і жалезныя дрэвы. У іхнім гушчары пахаджвалі леапарды, рыкалі львы і лазілі спрытнюгімядзведзі.
Ён падняўся са свайго месца.
— “I зямля была ўся як напой”, — паведаміў ён. — Ручай Зох тады цёк у глыбокім рэчышчы. Белая пара ўздымалася з Даліны, ахутваючы чарот і глебу. На доле, у высокай траве, пасвіліся гіганцкія жывёлы. Дзікі і лані, парнакапытныя і буйвалы. Першабытны чалавек спускаўся ў Даліну і паляваў на іх, а косткі ламаў каменнымі малаткамі і нажамі тут, на скалістым плато.
Вушы Пінэса чулі енкі загнанага быка і трэск разадранага дзіковымі ікламі жывата паляўнічага. Яго вочы раздзявалі паверхню і заглыбляліся ў зыбучую мантыю мінуўшчыны. Ён апавядаў нам пра вільготныя лясы, што пакрывалі зямное аблічча, пра тыляпій, пра горных трусоў і першабытных страусаў, якія імігравалі ў Даліну з Афрыкі значна paHeft за чалавечых першапраходцаў. Высоўваў дапушчэнне, што землярыйка, гэты дробны душагубца, спусцілася сюды са сцюдзёнай Поўначы, а яшчарка-гардун і заяц прыбылі з-за мора, тады як тхор і верабей — з азіяцкіх абшараў.
Птушыныя крылы, чалавечыя ногі, звярыныя кіпці ды капыты ўздымалі наўкола слупы пылу. Ханаанцы, туркмены, пліскі, габрэі, рымляне, дзікія казлы, арабы, балотныя каты, нямецкія дзеці, дамаскія каровы і брытанскія салдаты змагаліся пакінуць свой след на забыцці сыпкай зямлі.
Гісторыкам ён не быў. Ён быў сціплым дапытлівым выхавацелем, называў сябе “народным настаўнікам”. Выкладчыкам прыродазнаўства і Бібліі, школьных прадметаў, які маюць справу са зменай сезонаў і знікненнем відаў. Смерцю і ўваскрэсеннем мараў ды бога Тамуза.
— Я застылы ў вечнай мерзлаце мамант, — казаў ён, і шматкі ежы выляталі ад смеху з рота. — Хто мяне размарозіць, убачыць, што я цалкам ядомы.