• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    У дні жыцця свайго — імгненне з гледзішча эвалюцыі — паспеў пабачыць, куды з неба Даліны знікаюць вялікія арлы, а таксама сустрэць парнакапытных, якія разумеюць людскую мову. Пачуць трэлі чорных драздоў, якія пакінулі арэал пражывання на пагорках Ніжняй Галілеі і перасяліліся ў нашу вёску.
    Ягоныя мазгі тады былі цэлыя і гладкія, са спраўным падводам току, — тады яго хвароба яшчэ не працерабіла ў іх тоўшчы канальчыкаў ерасі. Але ўжо тады падсвядома адчуваў кароткасяжнасць існага. Шырокі марскі тракт, па якім пераходзілі Даліну полчышчы захопнікаў і гандляроў, ператварыўся ў прыпыленую драпіну на зямной скарынцы. Горад-крэпасць са схаванымі зернясховішчамі і трывушчымі мурамі перамалоўся ў пагорак з руінамі ля ўзножжа Сіняй Гары. Ручай, “старажытны ручай”, у якім патанула дзевяцьсот калясніц, ператварыўся ў брудную завадзь. Вайскаводцы і паганскія ахвярнікі распусціліся ў невараці. Палацы і косткі рассыпаліся. Гэтаксама, як акведукі, горныя тэрасы і кібуцныя вінаграднікі. Мінулася адно-два пакаленні з часоў, як Ліберзон скраў Фаню спаміж лоз, і вось вінаграднік павырубалі, гісторыю забылі, закаталі ў бетон, і ўсё абгарадзіла фабрыка па вырабе пластмасавых крэслаў.
    Цяпер ён зайздросціў першабытнаму чалавеку, які не чуў галасоў, што загадвалі: “Пакінь сваю краіну, радзіну, бацькоўскую хату, ідзі ў зямлю, якую Я пакажу табе”.
    Чалавеку, які прыйшоў у нерушную краіну, якую не парушылі ні крывавыя сляды суполення, ні крыхоткія адбіткі адданасці і любові. “Яго вялі адно смага і голад, і мусіць, тая няхітрая любасць да вільготнай цяплосці на імя жыццё, якая захавалася аж да сёння ў кожнай жывой клетцы”.
    Пінэс таксама зайздросціў Мешуламу, які цалкам ігнараваў размах крылаў Часу. Які сачыў за ягоным палётам толькі ад дня прызямлення на зямлю Даліны бацькоў-заснавальнікаў. Мешулам не асягаў розумам працэсы завядання і гніцця, заплюшчваў вочы на крэйдаваныя косткі, акамянелыя яйкі страусаў і зломкі гіганцкіх ракавак. Усё, што папярэднічала году заснавання вёскі, падавалася яму доўгім і нудным шэрагам адмоўных лічбаў.
    — Мешулам упэўнены, што бацькі-заснавальнікі выгналі адсюль першабытнага чалавека, вырубілі мезазойскі гушчар, падсыпалі атруту мастадону і пячорным мядзведзям, выпалілі пырнік, а пад ім выявілі зямлю, якая ўсе гэтыя гады чакала толькі іх з трымценнем, бы сарамлівая нявеста, — сказаў Пінэс.
    I чакае, і чакае...
    Каго? каго? каго? —
    прапяяў стары настаўнік надтрэснутым галаском. На схіле дзён асвоіў усе адценні сарказму. Цяпер зразумеў, што зямля выплёўвае са свайго чэрава спавітыя ў саван прыдумкі аб ёй самой.
    — Яна папросту набор няўдалых выдумак, — вымавіў ён. — Пад яе тонкай скарынкай можна знайсці толькі самазаспакаяльныя меркаванні чалавека пра самога сябе. Зямны шар — адно квітнеючае зярнятка на выселках другараднай галактыкі.
    — Зямля ашукала нас, — паведаміў ён мне з крывой пасмешкай. — Яна не была цнатлівіцай.
    ТРЫЦЦАЦЬДЗЯВЯТЫ РАЗДЗЕЛ
    ІДяпер стары цяжкі Пінэс мог вострым позіркам цёмных вачэй працінаць прастору і зямныя глыбіні, ажно яму закруцілася ў галаве. Ён паваліўся на падлогу свайго пакоя і страціў прытомнасць паміж шарэнгамі надкушаных катлет, высушаных паўзуноў і ссохлых скарынак хлеба.
    Гэтак знайшоў яго Мешулам, які прыйшоў да яго дашчэнту абураны новым даследаваннем, прысвечаным наўпрост нашай вёсцы. Патросшы Пінэса, вярнуў старога да прытомнасці. Пасадзіў на ложак. Сунуў пад нос адзін з тых часопісаў, што выпісваў, і раз’ятрана памахаў ім. Гэта быў бюлетэнь, які называўся “Пытанні гісторыі і засялення Зямлі Ізраіля”, на чыёй вокладцы была выяўленая вялікая рыба, чырванаватая і дзіўнаватая, якая сваім целам абкружала выяву пячоры Махпелы, а рыбіны губы краналіся лускі ля хваста.
    — I цяпер яны кажуць, што ніякіх балот не існавала! — раз’ятрана загаласіў Мешулам. — У іх, бач ты, новыя звесткі!
    Сівымі кудламі і скарлючанымі пальцамі нагадваў Мешулам расцвеленага грыфа. Стаў раздражнёна гартаць старонкі, пакуль не натрапіў на артыкул з назваю “Балоты Ізрээльскай даліны — легенда і рэчаіснасць”. I пачаў цытаваць, а яго дрыготкі палец сноўдаўся між радкоў.
    — Палюбуйся! “Дзеля выхаваўчых і палітычных патрэб для апісання Ізрээльскай даліны былі ўзятыя ў абег вобразы дрыгвы, трасцы і смерці, якія па каторым часе ператвараліся ў трывалы міф... Але дзевяноста дзевяць адсоткаў зямлі насамрэч балоцістай мясцовасцю не з’яўляліся”.
    Пінэс, якога ў тыя часы экзальтаваныя журналісты ўганаравалі званнем “апошняга аскепка першапраходніцкага
    руху”, убачыў у словах Мешулама свой ратунак. Яны мусілі вярнуць яму страчаную прытомнасць і арыенціры. Мусілі стацца якарам, за які можна ўхапіцца і выбавіцца з пячорнай кругаверці часу ды здрадлівай слізкасці прасторы. Вярнуцца да сваіх звыклых і надзейных вераванняў.
    — Чытай, чытай! — загадаў ён.
    — “Рэчаіснасць у Ізрээльскай даліне на пачатку габрэйскага засялення сведчыць пра невялікі аб’ём балотных плошчаў, — прачытаў Мешулам. — I гэта супярэчыць карціне, што малююць іншыя крыніцы, якія стварылі «балотны міф Даліны». Колькасць наяўных балот была малая, але іх уяўны ўплыў — надзвычай магутны”.
    Словы “ўяўны ўплыў” Мешулам паўтарыў некалькі разоў з ледзь схаваным гневам.
    Глытнуўшы крыху гарбаты, Мешулам сказаў: “I гэтыя гайдамакі называюць сябе гісторыкамі!” Маўляў, насамрэч яны цытавалі ўрыўкі з мемуараў яго бацькі і Ліберзона, “каб завуаляваць падман”, займаліся маніпуляваннем, бо выдзіралі словы з кантэксту, цытавалі ўхваткамі і прыхваткамі.
    — Але яны не ўсведамляюць, з кім пачалі барукацца! — пагразіў ён пакаёвай прасторы. — У мяне тут поўны камплект дакументаў і пісьмовых доказаў. Недарэмна я збіраў усе тыя цыдулкі, якія вас смяшылі.
    — Вось! — сказаў ён і паказаў на бюлетэнь. — Гэтыя круцялі таксама пішуць пра бацьку.
    I пачаў чытаць зноў:
    — “Незадоўга да заснавання машава на агледзіны прыехаў авангардны атрад. Адзін з першапраходцаў, Цыркін, вядомы пад мянушкай Цыркін-Гітара, піша ў сваіх успамінах: «Усе падышлі да першага балота. Тут высілася некалькі зялёных і сакавітых вербаў. Знаўцы патлумачылі нам, што гэтае балота — невялікае што, паколькі ваду можна хутка й лёгка сагнаць пры дапамозе правядзення стандартнай нескладанай сістэмы каналаў, і ніякай багны тут не застанецца»”.
    — “Гітара”! — працадзіў Мешулам з агідай і паглядзеў на Пінэса, ці ж ён таксама абураны.
    — Чытай, Мешулам, чытай!
    — Зараз я прачытаю, што напісаў тата, а гэтыя псеўданавукоўцы не працытавалі, — паведаміў Мешулам і адгарнуў том бацькоўскіх мемуараў. — Усім вядомы зялёны том з назваю “На пуцявінах Айчыны”, які бацька сам адрэдагаваў, надрукаваў і колькі гадоў таму раздаў кожнай сям’і ў вёсцы.
    — “Каламутная вада, якая збіраецца ў калюгі і ямы і затапляе зялёным кілімам, — і ўсялякія паразіты звіваюцца ў ёй”.
    Ён пагартаў і знайшоў таксама вядомы ўрывак аўтарства бацькі, які ў свой час перадрукавалі штотыднёвік ‘Тапаэль Гацаір” і пратачыўся на старонкі дзіцячых чытанак:
    “Мы прагна абглядалі азярыны з гнілою вадой, і радасці ў нас не болела. Трыснёг увышкі з чалавека, зелянее густычасты. Балота таксама зелянее, бяздоніцца і як бы нешта абяцае. Вакол — шмат балоцішч і балацінак, у якіх сноўдаецца камар’ё”.
    У той жа вечар, калі я вярнуўся са сваіх могілак і дапамог Аўрагаму ў даільнай зале, Мешулам прыйшоў таксама да мяне. Перакрыкваючы гуд электрычных рухавікоў і пнеўматычнае штурханне паветра, апавёў, як стаялі бацькізаснавальнікі, “загрузлыя ў гразюцы па паяс”, як пракладалі гліняныя трубы паводле сістэмы дрэнажу прафесара Броера і як спявалі шлягер “Я не жаба піць ваду” падчас спускання “праклятай вады” ды рабілі свідравіны, пакуль “цела не скруціла дрыготка”.
    “Асаку зразалі косамі, пакуль плечы не здзервянелі, а рукі не пачалі смылець. I ўсё гэта насуперак асцярогам доктара Ёфэ і трасцы, што апанавала людзей”, — прачытаў уголас бацькоўскіх мемуараў.
    “Hi ў якім разе на гэтым месцы нельга засноўваць паселішча!” — працытаваў Мешулам таксама доктара Ёфэ. Большасць здабытых дакументаў Мешулам ведаў на памяць.
    Мы пыхцелі над адкруткай і закруткай вентыляў ды рубільнікаў. У момант, калі Аўрагам выключыў кампрэсар “альфа-лаваль”, Мешулам ужо выплыў на светапоглядны прасцяг і пырскаў слінай пра эпідэмію пагарды, што “пашырылася сярод усяе грамады”, і пра “абрыдлівую прагу прыцягнення ўвагі і сенсацыі з боку нехлямяжых даследчыкаў, прагу, якой хутка заразіцца ўсё грамадства, і вёска выключэннем не стане”.
    У тыя часы Аўрагам перастаў вазіць бітоны ў малачарню, яго каровы давалі такое мора малака, ажно на падворку давялося змайстраваць халадзільны рэзервуар, і штодня прыязджала аўтацыстэрна, высмоктваючы яго змесціва. У гэтую самую хвіліну правяраў тэмпературу ахалоджвання і мармытаў, што варта даслаць ліст у газету, але Мешулам са злосцю выплюнуў, што газетчыкі “таксама ў змове”, і сказаў, што “трэба жорсткія захады, каб зямля задрыжала”.
    — Скандал! — вымавіў Пінэс, які сапраўды на каторы час выбавіўся з парэштак першабытнага чалавека, забыўся пра крышэнне марскога тракту і пачуўся задаволеным у сусвеце, які скурчыўся да ўтульных маштабаў мясцовага скандалу.
    — Сёння яны клічуць Цыркіна Гітарай, а заўтра апавядуць, што мы наагул у Ізраіль не рэпатрыяваліся! Хаця доктар Ёфэ ўласнай персонай прыходзіў сюды і абвяшчаў, што нашыя мясціны нічым не лепшыя за Гадэрскія Топі.
    Ён напісаў доўгі артыкул і паслаў яго ў газету, але той артыкул не апублікавалі, нават рукапісу не вярнулі. Пінэс абурыўся да глыбіні душы. 3 горыччу прыгадаў свае артыкулы і артыкулы іншых настаўнікаў, якія даволі часта з’яўляліся ў газетах сацыялістычнага руху. Калі заснавалі вёску, Пінэс уклаў “Малую песеньку”, якую надрукаваў “Гапаэль Гацаір”, аздоблены рамкай з кветкавым арнаментам. ІДыркін-Мандаліна напісаў да песенькі музыку. Усе дзеці Даліны любілі спяваць прыпеў тоненькімі, але пераканаўчымі галасамі:
    Мо досць ужо скаргаў,
    I сябра, і брат?
    Каманда, наперад, адставіць “назад”!
    Мы першапраходцы,
    Свідруем прастор,
    He знаючы ў руху
    Hi меж, ні разор!
    Ён звярнуўся ў сакратарыят машава і запатрабаваў бюджэт, каб апублікаваць артыкул у якасці аплачанага матэрыялу. Артыкул, можа, і быў надрукаваны, але дробная пазнака ў самы нізе “на правах рэкламы” смылела ў яго сэрцы ганебным таўром.