За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
“Я запаліў невялічкае вогнішча, што гарэла ноч навылёт, адпуджваючы шакалаў, і фарбавала асаку ды маліны ў залацістае адценне. Аўрагам спаў, я — думаў”, — апавёў дзед.
Тройчы на тыдзень да мяне прыходзіць жанчынка, каб прыбраць вілу.
Уначы сяджу ў маёй вылізанай кухні, п’ю гарбату і разважаю, уяўляю начную вёску. Як кажуць у нас, “людзі спяць, а вёска дрэмле”.
У нашай вёскі форма літары Н, дамы сялян шнуруюцца ўздоўж вертыкальных стоек, а ўчасткі растуць абапал. Гаспадарка Міркіна знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы вёскі. У цэнтры стаяць школа, Дом сходаў, інкубатар, малачарня, медпункт, вясковая крама, склад угнаенняў і пошта. Дамы дзяржаўных службоўцаў высяцца паралельна дамам сялян, ва ўнутраным перыметры вёскі, абкружаныя маленькімі кветнікамі і невялічкімі гаспадаркамі.
Цяпер ужо ніхто не дасць веры, што тут некалі панавала пустка. Старыя фотаздымкі ў скрынях Мешулама — буданы на тле голага ландшафту, людзі ў благой адзежыне, брыдкія, скура ды косткі, цялухі, худзючыя куры — іх нібыта сфатаграфавалі ў іншым месцы. Цяпер ля ўезду ў кожную гаспадарку буяе высокая алея кіпарысаў ці казуарынавых хваін. Ёсць і тыя, хто пасадзіў ля ўязной брамы пальму “вашынгтонію". Гэтыя дрэвы са зграбным камлём моцна выгнала ўгору, і цяпер іх ускудлачаныя галовы гайдаюцца ў надхмар’і.
Тузін такіх пальмаў я пасадзіў прыгожым шнурам ля ўезду ў Дом Вечнасці для Першапраходцаў.
Дома тады засталіся адно Аўрагам, Рыўка і Ёсі. Кожную суботу яны ездзілі ў госці да Уры. Раз-пораз запрашалі далучыцца да іх.
Ёсі кіраваў старым “студэбекерам”. У яго яшчэ не было правоў, але быў ён цудоўным узважаным кіроўцам. Даро-
га штохвіліны патанала ў зрэнках яго вачэй, нібыта безупынку варылася і асэнсоўвалася ў свядомасці. Аўрагам маўчаў, і Рыўка, якая намагалася была пачаць гутарку на ўсемагчымыя тэмы, зрэшты адчайвалася і нацягвала на твар выраз пакрыўжданай цялушкі.
Яе брат, у якога цяпер жыў Уры, пакінуў вёску пасля вайсковай службы. Праз каторы час зрабіўся ўплывовым падрадчыкам земляных работ. Яго трактары баразнілі ўвесь Ізраіль, а філіялы канторы дабраліся да Афрыкі, Цэнтральнай і Лацінскай Амерыкі. Быў ён чалавекам заможным, нізенькім і жыццярадасным. Вельмі палюбляў мяне і заўсёды спрабаваў уцягнуць у жартаўлівае баруканне.
Цяпер з усяе змогі ляпнуў па спіне і запытаў, ці не жадаю працаваць у яго “ў якасці бульдозера”.
— Чуў, што ты робіш грошы, — хітравата сказаў ён і даў дробным кулачком мне ў брушны прэс. — Калі табе трэба трактар-пагрузчык для тваіх магілак, толькі скажы мне.
— Я капаю матыкай і секачом, — адказаў я.
— Хутка ён купіць цябе разам з тваімі экскаватарамі, — заўважыла Рыўка.
Паколькі акалічнасці пераезду прыбылі разам з ім, Уры стаў прадметам мрой усіх дзяўчат аколіцы. Але цяпер ён адасобіўся ад зямных асалод.
— Ведаеш, пра што я думаю? — запытаў мяне, калі мы засталіся сам-насам на колькі хвілін. — Думаю я пра тваіх бацькоў, пра твайго тату, які падняў вочы і ўведаў, што жанчына ўпадзе на яго з неба. Пра тваю маму, якая памерла ў сне, абдымаючы мужа і бачачы сны аб мясе.
ТРЫЦЦАЦЬ ШОСТЫ РАЗДЗЕЛ
Ад дня, што з’ехаў з Саламеяй, дзед адведаў вёску толькі раз. Я ўсё яшчэ помню, як уздрыгнула маё сэрца, калі я вярнуўся дамоў з палеткаў і ўбачыў машыну хуткай дапамогі, што прыпаркавалася на нашым падворку. Я забег у барак і ўбачыў дзеда, што ляжаў на сваім ложку, а вясковы доктар і Аўрагам сядзелі поруч.
Я запанікаваў. Але дзед сказаў, што проста прыехаў у rocpi, бо яго крануў сум па доме. Ля дзвярэй доктар сказаў, што больш прыязджаць дзеду нельга.
Доктар Мунк у вёсцы быў навак. Прыбыў ужо пасля таго, як дзед з’ехаў у дом састарэлых. Была ў яго бялявая жонка, прыязная жанчынка, што пасябравала з усімі і часам выходзіла на замену ў школе. Ад яе тачыўся водар кашэчай чысціні, а яе летнія сукенкі духмяніліся пахам паламаных цытрынавых лісточкаў. Праз месяц пасля іх прыезду Пінэс і жанчыны ўжо чулі крык: “Я пярдолюся з доктаравай жонкай”.
Доктар граў на віяланчэлі і нават пару-тройку разоў выступаў перад мясцовымі музыкалюбамі. Цыркін схадзіў на адзін канцэрт і абвясціў, што “яго мандаліна гэтаксама заенчыла б, калі б ён заціснуў яе паміж ног”.
— Дзядуля думае, што вось-вось памрэ, — сказаў мне доктар Мунк з панібрацкім фальшам у голасе. — Яго брыдкі псяюх у прыліве зласлівасці паспрабаваўукусіць мяне за лытку.
— Я агледзеў яго, ён у парадку. У яго ўзросце такое здараецца, хадзем супакоім яго.
У доме састарэлых дзед сказаў, што просіць адведаць дом, і ніхто нічога не западозрыў. Але, прыехаўшы, адразу запатрабаваў ад Аўрагама, каб даслаў кагосьці па доктара.
— Я паміраю, — паведаміў доктару Мунку, калі той прыйшоў. — Скажыце, што адчувае чалавек у хвіліну смерці?
Я быў здзіўлены. Дзед ніколі не меў патрэбы ў лекарах. Ён спадзяваўся адно на медсёстраў і фельчараў. Нашага папярэдняга лекара, які памёр колькі гадоў таму, не цярпеў. Быў той дзіўным габрэем, веганам, які рэпатрыяваўся з Шатландыі яшчэ да таго, як пра яе пачаў прыгадваць у сваіх лістах Эфраім. Той лекар шмараваў плесняй забруджаныя раны і палавыя органы, з якіх капала, задоўга да вынаходства пеніцыліну. Еў параныя клубні восенніку, клубні мандрагоры і перацёртыя шкарлупкі ляснога арэха. Шторанку песціў сябе сонечнымі ваннамі, а гасцёў частаваў мальвамі, якія збіраў абапал дарог, а таксама агародным пастулкам, які сцягнуў з курынай кармушкі. Яго іўрыт смяшыў усю вёску. “Карова баднула Рылава ў галаву, і той у смецці праляжаў паўгадзіны без мазгоў”, — гэтак гучаў адзін з яго самых вядомых медыцынскіх вердыктаў.
Яго харчаванне было нагэтулькі збалансаванае і здаровае, ажно ён зусім не пастарэў і ў веку васьмідзесяці гадоў, калі пальмавыя і канюшынавыя даўганосікі прыкончылі яго запасы клятчаткі ўнутры і ён фактычна расцерушыўся на жоўты пыл, па-ранейшаму не меў на скуры аніводнай зморшчынкі.
Доктар Мунк ведаў гісторыі, якія хадзілі па вёсцы пра Якава Міркіна.
— Чуў пра вас шмат, дзядуля, — сказаў ён і стаў гартаць медыцынскі журнал, які прынёс з медпункта. — Рады пазнаёміцца.
Ён патэлефанаваў да лекара дома састарэлых, памераў ціск і пульс і дзеля большай пэўнасці — зрабіў кардыяграму.
— Дзядуля, — сказаў, — вы здаровенькі. На Алімпіяду я б вас не паслаў, але вы здаровы.
— Давай расставім усё па сваіх месцах, — адказаў дзед. За яго памяркоўным тонам шалела сцюжа. — Па-першае, я табе
не дзядуля. Па-другое, дыягназаў я не прасіў. He набівайся мне ва ўнукі і не пасылай мяне на Алімпіяду. Адно скажы, што адчуваюць.
— Па шчырасці дык не ведаю, — абразіўся доктар Мунк,— Гэта таксама залежыць ад прычын смерці.
— Старасць, — сказаў дзед. — Прычына смерці будзе вельмі банальная. Старасць.
Усюю тую ноч я не звёў вачэй. Вялікае пачуццё шчасця знаходжання побач з ім у бараку, а таксама страх, які выклікалі яго словы, прымусілі мяне застацца чуйным ды наструненым. А дзед з вялікай цяжкасцю ўзняўся і нахінуў мяне. Вярнуўся ў ложак і заснуў як дзіцятка.
Калі паднялася сонца, я прыгатаваў дзеду сняданак. Мы паелі разам, і потым той папрасіў адвесці яго ў поле. Я адымчаў яго на інвалідным вазку, зробленым са старога трактара. Мы ехалі паўз кароўнік, і старыя кароўкі прачула выдыхалі ў яго бок, але сярод пагалоўя ўжо пракідваліся бычкі і цялушкі, якія яго не зналі.
— У кармушку для кароў трэба пакласці саляны лізунец, — заўважыў дзед Аўрагаму, які падышоў да кароўніка.
— Сёння соль ужо ёсць у канцэнтраваных кармах, тата, — адказаў Аўрагам.
— Але каровы любяць лізаць соль, — упінаўся дзед.
Мы прайшлі паўз смакоўніцу і аліву. Дзед абняў Зайцэра за шыю. Палашчыў яго мызу, якая, нягледзячы на старэчыя плямы, засталася аксамітная і гладкая, бы нос жарабканемаўляткі.
Мы дапялі да саду, які з выгляду буяў і квітнеў.
— Выдатна, — сказаў дзед і памацаў лісты і галіны. — Схадзі прынясі нешта ўзяць на зуб.
Ён панюхаў кітайскія слівы “сымона” і гатунак “віксан”, які тады больш ужо ніхто не садзіў, заўважыў, што ў глебе крыху не стае азоту, і прапанаваў, каб да налецця спаміж дрэвамі я пасеяў лугавы гарох — дзеля паляпшэння якасці зямлі.
— А зараз, Барух, слухай уважліва, — знянацку сказаў ён. — Доктар вярзе, што сліна да губ прынесла. Я хутка памру і прашу, каб ты пахаваў мяне тут, у маім садзе.
Я адчуў, як ад вусцішнай усмешкі дранцвее левы кончык рота, а твар б’е дрыготка.
— Але Аўрагам хоча захаваць гэты сад, а я даглядаю яго, як ты і прасіў...
— Ты будзеш даглядаць яго, не хвалюйся, — сказаў дзед. — Я не займу шмат месца.
— Паслухай уважліва, маё малятка! — сказаў дзед. — Я не прыехаў сюды ў госці. Я прыехаў памерці. Я хачу памерці дома, і табе будзе лягчэй адразу пахаваць мяне тут, нікому нічога не сказаўшы і не ўзломваючы маразільнік у доме састарэлых.
— Але, дзеда, чаму?
Я пачаў заікацца.
— Яны выгналі з вёскі майго сына! — завучана прадэкламаваў ён. — He хачу, каб мяне хавалі на іхніх могілках. He хачу быць часткай іх. Я скалану і да дна страсяну іхнюю зямлю... Ты пахаваеш мяне тут!
Яго твар пасур’ёзнеў.
— Гэта мая і твая тэрыторыя. Потым пахаваеш тут Саламею. Таксама хай падцягнуцца сюды і астатнія. He дай нікому выкінуць нас адсюль. Я разлічваю на цябе, Барух. Ты адзіны, хто можа зрабіць гэта для мяне.
Пакуль я марудна асэнсоўваў прамоўленае, дзед не спускаў з мяне вачэй. Цяпер я, здаецца, зразумеў, з якое прычыны карміў мяне гароднінай, угнойваў калострумам і гісторыямі, навошта выратаваў мяне ад гіены, чаму з такой пунктуальнасцю мяне ўзважваў.
— А зараз вярні мяне ў барак, — загадаў ён.
Я адвёз яго. Сэрца гнаіла. Я адчуў усю сваю абмежаванасць, сваю глупоту. Пачуваўся моў дурная скаціна.
Паклаў дзеда ў ложак, а ён загадаў мне вярнуцца да працы.
— Я тут паляжу адпачну, — сказаў ён.
Удзень на поле прыйшла адна з курэй, важна лыпаючы крыламі. Я вярнуўся за ёй у барак да старога, які ўжо траціў цярпенне. Ён прымусіў мяне бегчы ў вясковую краму купіць для яго ў Левіна новую піжаму.
— Я хачу папесціць сябе, — сказаў ён з усмешкай.
— А шаўковых прасцін для мула табе купіць не сказалі? — здзекліва запытаўся ў краме Левін.
Калі я вярнуўся з мяккай фланелевай піжамай — шэрай у сінюю лінеечку — у руках, дзед загадаў мне запаліць дровы пад старым бакам для награвання вады і прыцягнуць да ложка куфэрак.