• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Раз-пораз прыходзілі чуткі пра бычкоў пароды шарале, якія нарадзіліся ў нечаканых месцах. Амір племені ЭльМазарыў чуў ад людзей, якія здзейснілі хадж у Меку, што ля гарадка Макны ў Саудаўскай Аравіі бачылі белае мажнае цяля, якое совалася па беразе мора. Два шатландскія біёлагі,
    якія ў Турцыі залезлі ў Сейганскія балоты, каб паназіраць за рэпрадуктыўнымі алгарытмамі лысак, згледзелі ў біноклі каратканогага бычка рабой масці, які суполіўся з буйваліцамі. Вандроўны шпак, які прызямліўся ў садзе Пінэса і стаў умольваць, каб яму знялі алюмініевае колца, што намуляла лапку, бачыў, як Эфраім пераплывае Чорнае мора з поўдня на поўнач, а таксама Жана Вальжана, які натужным галопам суправаджаў таго па марскім беразе.
    На каторы час гэтыя вятры прынеслі подых надзеі. Аднак Эфраім, нячутны і нябачны, заўзяты паляўнічы, канспіратар, выведнік і змагар, не знайшоўся. Абсягі яго блуканняў былі шырэйшыя за нашыя сеткі. Праз некалькі гадоў французскі ўдзельнік ралі, мотагоншчык, бачыў такіх цялят таксама ў Арменіі і Алжыры. Выдавала на тое, што кроплі “крэму” Жана Вальжана разнесліся ў паветры, як кветкавы пылок.
    — Ён узяў Жана Вальжана да бардэлю ў Арзёў, — абвясціў Уры.
    — Памежныя агароджы ніколі не былі для Эфраіма праблемай, — сказаў яго брытанскі камандзір, лорд Ловэт, які прыехаў да нас у госці. — Ваш сын быў выдатны салдат і сапраўдны таварыш, — сказаў ён дзеду, — нават пасля дэмабілізацыі сувязі не распаліся. Ён шмат нам дапамагаў.
    Дзед закусіў губу і не адгукнуўся. Стары лорд быў скура ды косткі. Абапіраўся на разьбяную тростку. Блакітная ваўняная хустка абвівала шыю, а калі ён смяяўся, то з трубкі нержавеючай сталі, якая вытыркалася з раструшчанага кадыка, выляталі далікатныя сыкі. Разам з ім прыбыла кабета, прыгожая і высокая, якую ў момант прыезду ў вёску працяла дрыготка.
    Лорд пакінуў аўтограф у “Вясковай кнізе памяці”, і потым мы павялі іх у дом Рахэль Левінай, бо той папрасіў паказаць, дзе Эфраім навучыўся хадзіць бязгучна. Са здзіўленнем убачыў лорд Ловэт смуглявую старую, якая, сагнуўшыся крукам па-над зайцам, які краў у садзе гародніну, напалохала звярка да смерці, крыкнуўшы “Бах!” проста ў доўгія вушы.
    Лорд Ловет зачыніўся з дзедам у бараку на доўгую гутарку. Мяне, выявіўшы і выгнаўшы з пункта падслухоўвання па другой бок драўлянай сценкі, выправілі з прыгожай кабетай у сад. Тая пахаджвала паміж дрэвамі ў квецені, туліла пяшчотныя пялёсткі да шыі, ціхенька смяялася і спявала.
    Мне сказалі ахоўваць яе, і я паслухаўся. У моц магчымасцяў я моўчкі ішоў за ёй следам, далікатна трымаў дыстанцыю і не замінаў ёй, калі яна стала танчыць паміж груш. Аўрагам і дзед не выявілі яе, яе пах патрапляў толькі не ў нос, і толькі я і яна чулі рык бычкоў, якія скакалі на плот.
    — Ты ж памятаеш гэтае месца ў Бібліі, Якаў... — папытаў мой дзед у Пінэса пасля таго, як лорд Ловэт і яго прыгожая спадарожніца з’ехалі. — “Дык мой сын, Язэп, жывы? Пайду і пагляджу на яго перад смерцю!”
    — I ён убачыў яго! — адказаў Пінэс. — Біблійны жа Якаў урэшце ўбачыў сына.
    — Але НАШ Якаў свайго сына ўжо не пабачыць! — вымавіў дзед. — Толькі рахункі з вамі трымаюць мяне ў жыцці. Вы выгналі Эфраіма з вёскі, і я нанясу ўдар вам па самым балючым, па зямлі. Саламею ўкалю ў сэрца, а вам удару па вашай зямлі.
    ТРЫЦЦАЦЬ ПЯТЫ РАЗДЗЕЛ
    Была ў яе моцная ўсходнеславянская “р”, глыбокія брынялыя “л”. Колісь усе бацькі-заснавальнікі гутарылі гэтаксама, як яна, але ізраільскае паветра разрадзіла вязкую сліну ў роце. Размякчыла паднябенне і расшырыла горла.
    “Шэсцьдзясят пяць гадоў у ягоным сэрцы стрэмілася Саламея. Ён качаўся, як звер, у пяску, па балотах — толькі б сцерці з сябе яе пах і дотык. Корпаўся ў тунэлях свайго цела, шнарачы там у пошуках яе доўгімі стальнымі прутамі памяці. Але яе скура вызірала на яго з пялёсткаў грушавай квецені і са снежных схілаў Сіняй Гары. Воды яго возера не дазволілі ніводнаму запушчанаму каменьчыку-скакуну спыніцца і пайсці на дно. Кожны пелікан, які спускаўся ля дома Ліберзона, паказваў яму яе белыя грудзі”.
    Пінэс, старэнькі ненажэра, цікаўны, хворы і тоўсты, цяпер балабоніў, што сліна на язык прынесла. Прыкінуўшыся дзейсным настаўнікам біялогіі, прытуліў мяне да грудзей, каб запусціць у нутро іголачкі сваёй любові і маралі. Калі я зарумзаў і разрыдаўся, палашчыў мне патыліцу.
    — Помста — вялікая цярпячка. Чакае, усё роўна як цыбулінка дрыміі, — сказаў ён. — Яна атрымлівае асалоду, пакуль гадамі кшталтуецца і брыняе сокамі. Акукліваецца ў пазухах душы, у глыбінях, пад тонкімі слоем пшанічных палеткаў і гладкай скуры, у расколінах і трэшчынках.
    На схіле дзён Пінэс пачаў бачыць усе помсты. Менавіта ён патлумачыў, як дзед помсціць вёсцы, як помсціць Саламеі і як нам усім помсціць зямля. Ён казаў рэчы, якія да глыбіні душы скаланулі ўсіх жыхароў вёскі і помнікі ў Доме Вечнасці для Першапраходцаў.
    — Гэтая грубая зямля, якая прызвычаілася да смуроду костак святых, да ступакоў хрысціянскіх пілігрымаў і рымскіх легіёнаў, разявіла пашчу ад рогату пры выглядзе габрэйскіх першапраходцаў. Якія грукалі па ёй і прыносілі ёй у даніну свае слёзы, усхвалявана абраблялі яе, тыцкалі малюпасенькія цяпкі ў яе гіганцкія цялесы. Называлі яе маткай, сястрой і жонкай. Разам з першымі барознамі і насеннікамі, разам са спальваннем пустазелля, асушэннем балот, расцяробам лесу мы таксама пасеялі паразу.
    Тут яго голас набыў урачыстасць:
    — Урэшце мы асушылі балоты, але пад імі выявілася значна горшая дрыгва. Гэтая сувязь з зямлёй, зліццё з прыродай ёсць не чым іншым, як крокам назад і абыдлячваннем. Мы выгадавалі новае пакаленне. “Больш не будзе адарванага ад каранёў, жалюгоднага габрэйчыка!” Ідзе генерацыя земляробаў, знітаваных з зямлёй. Нязграбных, зухаватых нахабаў, вузкалобых, з тоўстай скурай і шырокай косткай... Твой дзядзька Аўрагам зразумеў гэта яшчэ ў дзевяць гадоў. Твой дзед зразумеў гэта, калі сышоў Эфраім. А я зразумеў, калі ён стаў не зважаць на плады свайго саду, а стаў чакаць адно кветак. Уры зразумеў гэта, калі яму адбілі нагамі селязёнку.
    — Няма такой зямлі... — падсумаваў Пінэс, і было лёгка заўважыць, што ён падрыхтаваў эфектную канцоўку сказа. — ...і няма такой жонкі.
    Кволы і старэнькі, стаяў дзед перада мной і Саламеяй.
    — Ад сёння і надалей я буду жыць з ёй, — сказаў ён. — Зразумей мяне, маё малятка, у маім веку я не магу ўчыніць інакш. Аднак жыць буду не тут, не ў гэтым доме.
    Я пачуў знаёмыя крокі ля ганка барака. Пінэс пастукаў у дзверы і адчыніў іх, за яго спінай стаялі Ліберзон і Цыркін.
    Тут усе кінуліся ў слёзы, цяжка засаплі і сталі абдымацца. Уся гэтая прастуда пачуццяў, якая вырвалася са старых
    славянскіх слаёў, гэтак мяне ўразіла, ажно я выскачыў на двор. У тую ноч я начаваў спасярод пакункаў сена ў свірне, а дзед не прыйшоў нахінуць мяне. Пасля поўначы сышлі ўсе сябры, але ў бараку ўсю ноч гарэла святло. Калі я прыйшоў уранку, дзед паволі гатаваў сняданак, а крымская шлёндра ляжала на яго старым ложку.
    —	Я табе ніколі не паказваў гэтую картачку, — сказаў дзед, і яго пальцы прабегліся па абгортцы каробкі, далікатна пашнарылі, пакуль не знайшлі шуканага. Дзед дастаў стары складанчык, разрэзаў і зняў абгортку, потым двума пальцамі вывудзіў адтуль стары здымак.
    —	Гэта яна, — прашаптаў ён, ківаючы галавой у бок ложка. — Калі мы былі маладыя, там.
    Фотаздымак быў разрэзаны ўздоўж амаль цалкам, так, нібыта яго паласнулі касой. Папяровы скотч, руды і стары, змацоўваў кавалкі разам. У цёмнай блузцы з закругленым каўняром, аздобленым чорнымі пацеркамі, сядзела Саламея на разьбяным крэсле. Яе малады і парэзаны ўздоўж твар. Бровы выгнутыя, усё роўна як ганарлівыя сярпы. Яе абцятыя нажніцавай нянавісцю далоні пакояцца адна на адной з бясконцым спакоем, чыя крыніца — у пачуцці самаўпэўненасці прыгожай жанчыны.
    —	Уначы, калі мы купаліся ў рэчцы, хаваючыся сярод трыснягу і асакі, Саламея бялела, як чапля ў гушчары.
    “Яна спала з усімі афіцэрамі, — прамармытаў я сам сабе. — I са старымі генераламі Чырвонай Арміі. Усе ведаюць, штб яна нарабіла. Праз яе ты не спаў па начах. Праз яе памерла бабуля”.
    Дзед устаў, з цяжкасцю ўзняўся на дыбачкі і пляснуў мяне кулаком па твары. Быў такі стары і кволы, ажно не здолеў прычыніць мне ніякага болю, але на маёй скуры праступіў пот, як у мула падчас восеньскага арання, а на вочы нагарнуліся слёзы.
    Саламея прачнулася, і я з барака ўцёк. Праз паўгадзіны яны выйшлі на праходку па падворку. Я ішоў за імі, на
    адлегласці. Дзед паказаў ёй даільную залу Аўрагама, пуню, старога Зайцэра, які жаваў пенсійную пайку. Мул глянуў на яе абыякава, бо ў пахілым веку зразумеў, што ў жывёлы перад чалавекам ніякіх пераваг няма і што жыцці абодвух ёсць не чым іншым, як безупынным цяганнем вазоў і адчайным выцягваннем іх з пастак, ям і нізін.
    Яны мінулі рэшткі старой земляной печкі бабулі Фэйгі, чый водар хлеба, болю і гарбузовай запяканкі яшчэ не выпарыўся з пабураных сценак, і выйшлі ў сад. Здаля я бачыў яго шырокія рукавы, якімі махаў у паветры, калі па парадку знаёміў яе з дрэвамі. Я ведаў, што ён махае на развітанне — персіку, ігрушы, мігдалу, мне.
    — Толькі глянь на іх! — сказаў Уры, які падышоў і стаў ля мяне. — Яны быццам жывуць у нейкім старарэжымным рамане.
    Праз месяц яны пераехалі ў дом састарэлых. Да самое труны дзед помсціўся Саламеі каханнем. Руплівым, цвярозым, педантычным і няўмольным. 3 бессардэчным прафесіяналізмам, старадаўнімі далікатнымі рухамі мілоты, якія спрычыніся да таго, што яна стала скідваць шэрую лістоту, драпаць сценкі і тупаць нагамі, наколькі ёй дазвалялі яе старэчыя болі ў суглобах.
    Зрэшты, як напісаў мне Уры праз каторы час, “пасля дзедавай смерці ўсё стала развальвацца”. Лямант Рыўкі памацнеў стакроць, маўчанне і барозны Аўрагама паглыбіліся. Я амаль што перастаў есці, бо ў страўніку праклюнулася і набрыняла вялікая цыбуліна смутку.
    У вёску паляцела пагалоска, патрапіўшы ў загоны і куратнікі, выпырхнуўшы па-над нівамі: Міркін пайшоў з дому! За лічаныя дні жорсткія парасткі апанавалі кветнікам і градкай ля барака. Чорныя мурашы, чые жываты ляжаць на спіне, як шалёныя засноўдаліся па падлозе. У дзедавым садзе абрынуліся тры маральна нястойкія дрэвы мігдала, чыё
    полае нутро запоўнілася рудым пылам сумненняў. Бязлітасны сляпень атакаваў падворак. Сваім кароткім моцным хабатком свідраваў скуру чалавека і жывёлы, пакідаючы крывавыя дзюры і ўзлаваных жывуноў, чыя ўвага адцягвалася ад працы.