• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    “Зрэшты, яна проста старая кабета”, — сказаў я самому сабе.
    Была высокая, але ўжо пахілая. Валасы мела густыя і белыя. Твар зморшчаны, друзлыя палоскі тлушчу звісалі з шыі. Узроставыя плямы праступалі на твары і руках, як лішайнікі на старых аліўных дрэвах. Але яе схаваныя сукенкай сцёгны засталіся гонкія. Лыткі дрэнчыла безупынная дрыготка, але Саламея была фігурыстая і сухарлявая.
    Яна таксама піла фактычна кіпень. Калі шклянкі спусцелі, дзед з Саламеяй нібыта па сігнале ўскочылі і абняліся. Дзед прытуліў да яе твар, і яны сталі ледзь-ледзь з ёй рухацца. Яго вусы леглі на яе шыю. Адна рука дробнымі хуткімі пагладжваннямі лашчыла плячо так, нібы ўспамінала, хто гэта, а другая рука слізгала ад грудзей да жывата, рухамі даўнейшай руціны, якая ўсе гэтыя гады чакала сваёй чаргі на складзе былых завядзёнак.
    “У кожнай пары, — патлумачыў мне потым Уры, — ёсць свой абмежаваны рэпертуар любоўных рухаў і жэстаў. Ствараецца той рэпертуар за кароткі час, доўга засвойваецца, але ўжо не забываецца ніколі”.
    “Тыя рухі застаюцца нават пасля таго, як каханне выпарылася, — дадаў ён. — Пасля таго, як людзі перастаюць дыхаць адно аднаму ў скуру або даваць нырца на скрут галавы ў вочы партнёра”.
    Уры здаўна апалчыўся супраць чалавечых вачэй. Заўсёды лічыў, што вочы нічога не выражаюць. I ўсе метафары і параўнанні, якія надаюць воку ўласцівасці люстэрка душы, ёсць не што іншае, як “нікчэмны аптычны падман”. Уры чытаў па губах, расшыфроўваў зрухі мімічных зморшчынак ля рота. Калі вёў гутарку, то глядзеў суразмоўцу не ў вочы, а менавіта туды.
    Саламея плакала, скаланаючыся. Дзядуліны пальцы садаўнічага вандравалі па яе скуры, далікатна сціскаючы і абследуючы. Плаціны часу трэснулі, і пад моцай вадаспада
    кволыя каленкі старых людзей вось-вось маглі падкасіцца. Толькі цяпер дзед заўважыў, што я яшчэ тут, і адкаснуўся ад яе. Яны сядзелі і глядзелі адно на аднаго. Паветра было настолькі згушчанае, столькі словаў і дотыкаў чакала выхаду з хованкі, ажно я абвясціў, што мне трэба закрыць вентылі, і пайшоў паблукаць у садзе.
    Калі праз дзве гадзіны вярнуўся, у бараку ўсё яшчэ гарэла святло. Комін вадзяной печкі вуркатаў, я перарваў іх гутаркі па-славянску.
    — Што было — тое было, — сказаў мне дзед. — Зараз мы з Саламеяй будзем жыць разам. Нам шмат часу не засталося.
    Чым далей я караскаўся, тым далей разлівалася слабасць па маім целе і тым мацнейшай рабілася жуда.
    Ухоп Пінэса паслаб. Аднойчы, калі спускаўся па драбінах, траха не бразнуўся з вышыні дзесяці метраў. “Доўгі час я нейкай чароўнай сілай прыліп да драбін”. Ад сцюдзёнага жалеза ў калені перадаўся боль. Страх укалоў і спаралізаваў дыяфрагму.
    — Чаму ты мяне не паклікаў? — усхадзіўся я. — Калі б ты ўпаў, то я б цябе злавіў.
    Пінэс сумна пасміхнуўся.
    — Я табе зараз не байку апавядаю, Барух! Мы кажам аб праўдзівым здарэнні, — сказаў ён. — Да таго ж ты, можа, і дужы, як твой бацька, аднак я цяжэйшы за тваю матку.
    Ён агойтаўся. I, паколькі пад’ём лягчэйшы за спуск, намысліў караскацца ўгору. Разлёгся на вільготным бетоне, каб аддыхацца і ачомацца.
    He мінулася і паўгадзіны, і Пінэс, які ўжо хацеў спускацца, пачуў гук спрытных рук, якія абвівалі драбіны, і перарывістыя ўздыхі высілку і весялосці. Прыхінуўшыся, убачыў дзве цьмяныя і спрытныя постаці, якія караскаліся ў яго кірунку. Схавацца яму не было дзе. Збянтэжаны, сунуўся да сценкі назіральнага пункта вартаўніка, як мага больш скурчыўся і ўбачыў, як тыя двое караскаюцца і залазяць на дах.
    У цямрэчы згледзець рысы твару не змог, але іх рухі падказалі яму, што там маладыя людзі, якія ўпэўненыя ў сабе і сваім целе. “Перакананыя, як уся моладзь, што кожная частка цела паслухмяна выканае любы іх загад”.
    Парачка паспяшалася разваліцца на лежбішчы з мяхоў. Са сваёй хованкі Пінэс чуў трэск здзіраных апранах і слодычнае церце тканіны аб скуру, а таксама ціхусенечкія стогны асалоды. Забытае цмоканне вільготных слаёў плоці, якія датыкаліся і прыліпалі. Ад гарачых целаў сыходзіла любоўная пара, якая згусцілася ў паветры і апякла ноздры. Зачараваны адчувальным на дотык грахом, настаўнік зветрыў ледзьве ўлоўную ўзрушанасць у найбольш мёртвых частках цела, аж пакуль не ўбачыў вытанчаную хлапчуковую галаву, якая вытыркаецца з-за парэнчаў, як тая дрыгаціць кучаравым сілуэтам на тле цёмнага неба.
    Нахабны крык пачуўся проста побач.
    — Я пярдолюся з жонкай Якубі! — загарлаў малады каханак.
    Пінэс скурчыўся, як напалоханая палёўка ў норцы. Яго скроні маглі вось-вось трэснуць ад пульсуючага ў іх сораму і маркоты. Якубі быў малады ладны сакратар машава. А жонку яе Пінэс ведаў з часоў, як тая была вучаніцай у школе.
    “Унучка Бэн-Якава. Бэн-Якава, які загінуў у арабскіх пагромах. Прыязная і разумная дзяўчынка, выгадавалася ў мяне на вачах у добрую працавітую дзяўчыну і, як падавалася, прыстойную”.
    Выгук разляцеўся ў паветры, літары закруціліся і апусціліся на вёску, усё роўна як венчыкавыя пялёсткі міндальнага дрэва. Усе вяскоўкі, страпянуўшся ў ложках, пасміхнуліся так, нібы ім нешта прыснілася. У цішы, якая зноў абвалакла верхавіну вежы, чуў Пінэс толькі ўдары ўласнага сэрца і лагодны смяшок, які вылецеў блізка-блізка, вырваўшыся з жаночага горла. Тая прасіла каханка заткнуцца і моцна прытуліла яго галаву паміж грудзьмі, каб заціснуць рот.
    Далей яны ляжалі моўчкі. Бег крыві ў старых нагах настаўніка суцішыўся таксама. У цела стала тачыцца прахалода. Гэтак пакутаваў, аж пакуль парачка не ўстала, не прывяла да ладу вопратку і не спусцілася па драбінах.
    Ён вырашыўяшчэ пару хвілін пачакаць, кабунікнуць прыкрага выкрыцця. Потым устаў, схапіўся за парэнчы, зірнуў уніз і ўбачыў некалькі мужчын, якія выскачылі з хмызняковай цемры біруліны і, як дзікія зверы, наваліліся на парачку.
    Жанчыну за валасы адцягнулі наўзбоч, а хлопца “збілі з ног, сталі таўчы цяжкімі кулакамі і працоўнымі чобатамі”. Усё адбывалася так, нібыта ў жудаснай моўчы на ціхім рэжыме працавала паслухмяная машына. У халоднае паветра выляталі толькі гук удараў нагамі і выцягаў, дэфармацыя плоці, выгукі і енк.
    Калі нападнікі сышлі, Пінэс спусціўся з драбін і наблізіўся да маладзёна — зазірнуць яму ў змярцвелы твар. Спляжаная плоць, якая зіхцела, усё роўна як раструшчаны гранат, усім спектрам колераў, прымусіла сэрца настаўніка схаладнець і скалануцца.
    “Ён ляжаў на жываце. Я асцярожліва павярнуў твар да сябе, і хлопец застагнаў ад болю. Гэта быў Уры Міркін! Гэта быў твой стрыечны брат Уры”.
    ТРЫЦЦАЦЬТРЭЦІ РАЗДЗЕЛ
    ДЦгэтуль коле сэрца, што той ноччу я не быў там, каб выратаваць кузэна ад лап нападнікаў. У той час я блукаў ля медпункта. Паліклініка ў доме састарэлых паведамляла вясковым лекарам пра стан іх старых пацыентаў, і я спадзяваўся пачуць нешта пра дзедава здароўе ў яго апошнія дні.
    — Каб жа я быў там! — плакаўся я Пінэсу. — Каб жа я толькі быў там! Я б выратаваў Уры. Я б іх усіх пазабіваў!
    Mae кулакі сціснуліся і расціснуліся. На патыліцы праступіў пот.
    Усё гэта Пінэс апавёў мне пасля таго, як Уры выгналі з машава. Усе ведалі, што здарылася, але стары настаўнік толькі мне прызнаўся, што быў там і залазіў на вежу. Прадстаўнікам Камітэта, якія дапытвалі яго, сказаў праз бессань, маўляў, выйшаў на шпацыр па вулках і набрыў на маладзёна, які ляжаў непрытомны ля ног вадавежы. “I тады закрычаў я на іх моцным голасам, што злыдні і гвалтаўнікі яны. Казакі* і рэфаімскія выблядкі!”
    Пінэс запытаў у Уры, ці той жывы, і калі той не адказаў, паспяшаўся да ружовага кветніка ля сінагогі, намачыў насоўку вадой з-пад крана і абцёр маладзёну патрэсканыя губы. Сухарлявая спляжанае цела натужліва варушылася, аддаючы болем паламаных рабрын і раструшчаных тканак.
    “Нібыта палы анёл, які моцна пабіўся”.
    Ён узяў Уры пад пахі і з цяжкасцю перацягнуў яго да найбліжэйшага дома. Раменніца была зламаная, плячо — вывіхнутае.
    — Чаму ты не паклікаў мяне? Я б аднёс яго на руках! — мармытаў я.
    * “Казак” — у габрэйскім кантэксце фактычна лаянкавае слова.
    Пінэс паклаў Уры ў ложак і ноч навылёт сядзеў пры ім. Раздзеў дагала і ўбачыў цалкам — зграбнага, збітага на горкі яблык. Прамыў і расцёр яму раны мяккай анучкай.
    Ад болю і ран Уры безупынку курчыўся і енчыў. На яго скуры распусціліся каляровыя сінякі, і водар жаночага бутона, што ўсё яшчэ сыходзіў ад яго сцёгнаў, біў ва ўсхваляваныя ноздры Пінэса наводмаш, “напоўніўшы пазухі носа”, назапашваючыся пад скроневымі і лобнымі косткамі, усё роўна як слой расы.
    Ноч навылёт сядзеў Пінэс ля Уры, гледзячы на яго.
    “Ён запытаўся, з якой мэтай я крычаў і што ўва мне такога, што зацягнула ў пасцель усіх вясковых жанчын”.
    “Ён быў надта агаломшаны, замардаваны і збянтэжаны, каб адказваць на мае пытанні”.
    Гукі ўдараў і кухталёў, зламаных костак, трэск суставаў, енк парэпанай скуры не адпускалі Пінэса. У цемры апазнаць нападнікаў ён не здолеў і цяперака падазраваў кожнага вяскоўца ад шаснаццаці да шасцідзесяці гадоў.
    —	Сталі мы звярамі ляснымі, — стаў разважаць ён. — “Брат брата жыўцом зглыне”. Косткі чэрапа ператварілася ў дзіркатую абалонку, якая з цяжкасцю тармазіла яго раздражнёнасць і гнеў.
    —	...Усё жыццё я стаяў у праломе, і цяпер, на тле панішчаных муроў, сустрэў я твар да твару ліхую сілу.
    Зранку пакінуў ля ложка шклянку гарбаты з печывам ды паклыпаў у наш кароўнік. Там даілі Аўрагам і Ёсі, узлаваныя на Уры, што не прыйшоў на працу. На задворку я ўзяўся разгружаць воз кармавога бурака.
    —	Уры ў мяне... — пачаў быў настаўнік.
    Але не паспеў ён працягнуць, як у кароўнік заявіліся чальцы вясковага Камітэта. Аўрагам пакінуў даенне на мяне з Ёсі, а сам пайшоў з імі ў дом. Праз колькі хвілін адтуль пачуліся неймаверныя енкі Рыўкі. Да ганьбы быць дачкой дзяржаўнага чыноўніка, нейкага там рымара, а не ад-
    прыроднага селяніна, да сораму за мужа, першынца, які ўсіх расчараваў, дадалася зняслава за сынавы пералюбы. Упершыню ў жыцці я чуў тое, што жадаў пачуць без таго, каб падцікоўваць і падпільноўваць, не караскацца па галінах, каб не падпаўзаць і не падслухоўваць.
    — Усё пачалося з той юрлівай выхавацелькі, якая дазволіла яму хадзіць ля сваёй сракі! — раўла мая цётка.
    — Навошта так крычаць? — ушчуваў Аўрагам.
    — Усё пачалося з цябе, у якога цечка з дзевяці гадоў! 3 твайго брата, які лез каровам у похву, і тваёй сястры, якая раскідвала ногі ў мужчын над галавой!