• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    — Калі ты ўжо супакоішся? — стомлена прамовіла Рахэль. — Цыркін і Міркін ужо ў магіле. Ліберзон, небарака, аслеп. Жыве ў доме састарэлых. Ты за кім ганяешся?
    — Яна заўсёды смяялася, — адказаў Левін. — Па вечарох гаманіла з імі і смяялася. А яны спявалі хасідскія напевы, адмыслова перакручваючы словы, каб насмяшыць яе і зняважыць мяне.
    Фейзін смех, плямы скрадзенага шакаладу, грэблівыя позіркі Зайцэра — усе яны прабаразнілі на скуры Левіна барозны, як драпежныя зубкі саранчы.
    Ён памятаў, як Ліберзон дакучаў яму пытаннем, ці павінна Працоўная Сябрына імя Фэйгі ўзяць чынны ўдзел у класавай вайне Кітая.
    — Масы жаўтаскурых працаўнікоў! Мы спяшаемся вам на помач! — загукаў малады першапраходзец у цямрэчу.
    Фэйга рассмяялася і абняла Ліберзона. Прыціснулася да яго ўсім целам. У тую ноч Левін не звёў вачэй, бо зразумеў, што сястра не адрознівае паміж уяўным і наяўным.
    У Пэтах-Тыкве Міркін, насуперак рэлігійнай забароне, закурыў у суботу, чым выклікаў сварку з пабожнымі сялянамі. У Яфа Цыркін апавядаў двум дасціпным хасідам плоскія жарты місногдымаў. У Рышон-ле-Цыёне Ліберзона заспелі на тым, што, аслонены вінаграднымі лозамі, ён засунуў руку пад блузку дачкі дырэктара школы. Уся троіца апраналася і распраналася ў прысутнасці ягонай сястры.
    Употай ён пачаў занатоўваць у маленькі чорны сшытачак усе грахі Працоўнай Сябрыны, якія скралі ў яго сястру, і адным вечарам узяўся той сшытачак прагартаць, каб агаласіць ім увесь спіс.
    — Ты забыўся напісаць, што Міркін скраў у Яфа яблыкі, — заўважыў Ліберзон.
    — Нічога я не забыўся! — сказаў Левін цяпер Рахэлі. — Яны зневажалі мяне і забілі маю сястру. Але кара насцігла толькі Міркіна. Аднаго яго!
    Потым пачаў цікавіцца ў Мешулама феноменам самагубстваў у першыя дні аліі. На старых кібуцных і машаўных могілках ляжаць першапраходцы, якія перарвалі жыцці. Німб раскаяння і віны дагэтуль зіхціць вакол іх помнікаў. Большасць самагубцаў перабраліся на мае могілкі. Левін хадзіў паміж магіламі, чытаў жудасныя словы: “Звёў рахункі з жыццём”, “Наклала на сябе рукі”, “Паклаў канец пакутам”, “Выпіла кубак з атрутай”. Уяўляў і мармытаў.
    Раз-пораз з лямантам выбягаў на могілкавую дзялку, трымаючы ў руках пшыкалку з дыхлафосам. Рахэль спяшалася за ім. Яна была маладзейшая за яго, але шал пампаваў у бледныя сцёгны мужа імпэт і хуткасць.
    Аднойчы, калі Рахэль ужо прыбегла на палі, яе муж паспеў выпіць атруту да донца. Лёг на зямлю, чакаючы смерці. Аднак доўгія гады працы на магазінным складзе па суседстве з выпарэннямі аманьяку, партыёну, дыгалдрыну і мецыду вакцынавалі яго супраць згубных хімікалій. Праз дзве гадзіны ляжання пад сонцам Левіну абрыдла. Ён устаў і вярнуўся ў роспачы дамоў. Рахэль маўкліва крочыла поплеч.
    Нават пасля таго як дзед памёр, Левін працягваў прыходзіць да нас на двор і шукаць занятку. Мой дзядзька Аўрагам, які памятаў пяшчотныя рукі Левіна, што кармілі яго, мылі і ахіналі, калі ён быў сіратой, не чапляўся да яго. Ён дазволіў дзядзьку сабраць старэтныя кавалкі жалезнага дроту, якія засталіся паміж стагамі саломы. I нават калі карысці ў іх не засталося, усё лепей, чым яны маглі ўткнуцца ў буйвала або незнарок забіць карову.
    Левін нават зладзіў сабе маленькае працоўнае месца ў свірне. Бавіўся там гадзінамі, крэсліў крывую надояў рознымі колерамі і прастаў выкрыўленыя цвікі, каб зноў пусціць іх у ход.
    Мы чулі ўдары малатка і енкі болю, на якія індычкі адгукаліся дружным хорам.
    Я пачуў, як Уры кажа бацьку падчас абеду:
    — Выдае, твой дзядзька прастае не цвікі, а пальцы.
    Ёсі скардзіўся, што Левін падымае ўдушлівыя хмары пылу, калі вытрасае і згортвае пустыя мяхі з-пад камбікармоў, праз яго лютуе паміж свойскімі птушкамі эпідэмія хларынгіту. Ёсі нават выходзіў на падворак і моцна лаяў Левіна. Яго сварлівая маці Рыўка з балкона ўстаўляла свае тры грошыкі.
    Левін, абражаны і раз’юшаны, вяртаўся ў дом, песцячы ў думках разнастайныя помсты. Колішнія здзекі Працоўнай
    Сябрыны нахлыналі і затаплялі памяць. Аднойчы ён нечакана прыйшоў падчас пасляабедзеннага адпачынку Аўрагама.
    — Са мною вы абыходзіцеся як са скацінай, а з Зайцэрам дагэтуль цыркаецеся і трымаеце ў гаспадарцы!
    — Зайцэр працаваў з татам яшчэ ў першыя дні, — адказаў Аўрагам. — Мы не будзем выкідваць яго толькі таму, што той пастарэў і саслаб.
    — Зайцэр — дармаед! — налягаў Левін. — I працы для яго няма.
    — Зайцэр — найпершы мул у вёсцы! — адказаў Аўрагам. — Мы з татам ніколі не ставіліся да яго як да простай скаціны. Ён у нас шмат працаваў і праліў шмат поту. Больш, чым некаторыя двухногія першапраходцы.
    — Зайцэр БЫЎ найпершым мулам у вёсцы, — адказаў Левін, бо палічыў падыманне тэмы поту за персанальную абразу. — I я не чуў пра аніводнага каня, карову або мула, якія б атрымлівалі пенсію. Трэба здаць яго арабам на кілбасу або заводу ў Хайфскай затоцы — на клей! Ніхто не трымае старога мула, які ўжо не ў стане цягнуць вазы, у якасці інвентару.
    — He прымушай мяне абіраць паміж вамі! — сказаў Аўрагам. — Зайцэр ніколі не быў інвентаром.
    Большасць мулаў у нашай вёсцы былі англійскага ці югаслаўскага паходжання. Толькі двое з іх былі нямецкага: засталіся тут пасля Першай сусветнай вайны. Зайцэр, так апавядалі мне, быў адзіным мулам, які рэпатрыяваўся з Беларусі разам з групай габрэйскіх першапраходцаў, якія прыбылі з горада, які называецца Магілёў. Яны купілі яго ў апошні дзень перад ад’ездам у Адэсу. Адзін з першапраходнікаў згледзеў Зайцэра, якога прадавалі на кірмашы, і здзекліва крыкнуў сваім сябрам:
    — Ведаю я гэтага аслюка! Ён нашчадак аслюка праведніка Баал Шэм Това.
    — Вальтэр’янцы! — з асудай сказаў хасід, які трымаў Зайцэра за лейцы. — Як гэта можа быць, каб у аслюка, мула-самца, завяліся дзеці?
    — Ты хіба сумняваешся ў моцы праведніка? — адрэагаваў першапраходзец пад улюлюканне сваіх сяброў. — Калі рэбе схоча, дык нават у аслюка будуць сыны!
    Магілёўскія хасіды пабеглі іх біць, але звон манет суцешыў жарсці. Першапраходцы купілі мула, і ўдзячны Зайцэр цягнуў іх транты да самага порта. Калі яны падняліся на борт “Карнілава”, то ўбачылі маркотныя вочы мула і дакінулі трохі манет. Пры дапамозе вялізнай сеткі, якая звешвалася з портавага крана, Зайцэра паднялі на палубу і прывезлі ў Зямлю Ізраіля.
    — Яны ніколі не пашкадавалі. Бо Зайцэр на любой працы працаваў за дзесяцярых.
    Менавіта Мешулам Цыркін адкрыў, што колісь Зайцэр працаваў у Сэжэры разам з Давідам Бэн-Гурыёнам. Ён прачытаў адзін з лістоў першага кіраўніка дзяржавы, “паперчыну”, якую здолеў абменяць у Нацыянальным архіве на іншыя дакументы эпохі.
    “Сэжэра, дваццаць другі дзень дадатковага месяца адар, 5668 (1907) года.
    На досвітку, а палове на пятую, я падымаюся, заходжу ў кароўнік і кармлю скаціну. Растрасаю быкам сена ў яслі, падсыпаю крыху французскай сачавіцы і ўсё перамешваю. Пасля гатую сабе гарбату і снедаю. На досвітку выганяю статак: дзве пары быкоў, дзве каровы, два цяляткі і асла — напаіць у паілцы на падворку перад праўленнем”.
    Гэта быў лічаны раз, калі я бачыў, як Мешулам усміхаецца.
    — “I асла”! — заскавытаў ён, пляснуўшы сябе па жываце і сцёгнах. — “I асла”! Гэтым “аслом” у Сэжэры быў Зайцэр. Але
    дзе ты станеш патрабаваць ад усходнееўрапейскага сацыялдэмакрата ведаць розніцу паміж аслом і аслюком!
    Зайцэр колькі гадоў быў сябрам у камуне магілёўскіх першапраходцаў, сям-там дачыняўся з дзедам і ягонымі сябрамі і нават колькі сезонаў з імі працаваў.
    Калі яго камуна ўладкавалася на сваёй зямлі, Зайцэр стаў узважваць зноў, які ж тып сельскагаспадарчага паселішча яму пасуе найбольш.
    “Яго схільнасць да адасаблення і ўласнай ініцыятывы не знайшла Зайцэру месца ў рамках камуны ці кібуцнага руху”, — вызначыў дзед самую галоўную праблему Зайцэра.
    Зайцэр ненавідзеў грамадскія сходы і спрэчкі. Прадметы грамадскага абмеркавання кшталту “Статус цяжарнай камунаркі”, “Пра вытворчы наробак выхадцаў Латвіі”, “Паляпшэнне харчавання працаўнікоў сяла” яго не абыходзілі. А завядзёнкі прылюднага каяння камунараў і кібуцнікаў ён дык увогуле брыдзіўся.
    Аднойчы, апавёў мне Уры, калі адна з кібуцніц прыйшла памыць кароўнік і паклала спаць у Зайцэраўскія яслі абкаканае дзіцятка, Зайцэр адчуў, што ягонае разуменне “камунальнага побыту” ад кібуцнага бачання кардынальна розніцца. Ён пакінуў кібуц і пайшоў спраўдзіць, як з гэтым справы абстаяць у машаве.
    — Такіх рупліўцаў, як Зайцэр, яшчэ пашукаць! — казаў дзед, калі я быў малы. — Ён заўсёды наперад ведаў, на якую дзялку мы ідзём, кіраваць ім было не трэба.
    Зайцэр араў і баранаваў нашы нівы, карчаваў пнеўе. Цягаў гружаныя вазы. Усё роўна як астатнія, расчульваўся пры выглядзе семядоляў, якія толькі-толькі праклюнуліся, а таксама бітонаў, што напаўняюцца малаком.
    Калі адчуваў, што падковы патрабуюць замены ці падбіцця, сам хадзіў да кузні братоў Гольдманаў. Каб асланіць ад спакусаў гэтага свету, рымар Пекер пашыў для ўсіх вясковых мулаў і коней шоры. Дык вось, Зайцэр быў адзіны,
    каму шоры не прымацавалі. “Апроч працы яго нішто не магло ўзрушыць”.
    Даў пудла Зайцэр толькі аднойчы, калі зжаваў краскі дурнап’яну, які расквітнеў ля купы смецця. Зайцэру ўдарыла ў галаву, яго захістала. Стаў падміргваць маладым цялушкам і потым двое сутак паводзіў сябе як недалугі юрлівец.
    3 цягам часу Зайцэр знядужыўся. Дзед, які ўжо на ўласнай скуры зведаў немачы старога веку ды з аднаго ківа мог выявіць іх у змарнелым целе мула, прапанаваў паслабіць лямку. Аднак прызнаваць надыход старасці Зайцэр адмовіўся. Ажно да таго, калі, запрэжаны аднойчы ў воз, не паваліўся.
    Звычайна я магу лепш аднавіць толькі тыя выпадкі з жыцця, якія замацуе мне ў памяці нейкі іншы, скажам, непасрэдны сведка. Але той дзень, усё роўна як дзень майго выратавання з зубоў гіены, памятаецца, нібы здарыўся ўчора. Дзед, Зайцэр і я паехалі па ўгнаенне і загрузілі на воз мяхоў дваццаць. На невялікім пад’ёме перад павароткам Зайцэр раптам дзіўна, тонка запырхаў, і цяжкі воз паехаў назад.
    Дзед ніколі не сцябаў Зайцэра пугай і гэтым разам толькі прыспешыў яго крыкамі ды пляснуў па спіне лейцамі. Цела Зайцэра працяла дрыготка. Ён здолеў спыніць воз, які пачаў быў каціцца. Потым пацягнуў воз ізноў. Азадак Зайцэра апусціўся амаль што да зямлі. Сцёртыя падковы выкрасілі з бетоннай шашы яскаркі. Яго натужлівыя дыханне ператварылася ў глыбокае сіпенне. Дзед адпусціў лейцы і з воза злез. Букет трывожных вен расквітнеў на яго лысіне. Ён паспрабаваў супакоіць мула і паслабіў вупраж.