• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    —	Усе зараз скажуць, што я вар’ят, — праз некалькі дзён, асягнуўшы розумам, што вярзе, пачаў раптам плакацца Пінэс.
    Я намагаўся яго супакоіць. Нагадаў, што ў вёсцы няма ніводнага чалавека, які лічыўся б нармальным. Душэўнае здароўе ў нашай вёсцы ёсць вынікам дэмакратычнага галасавання. Волевыяўленнем пераважнай колькасці людзей, якія лічаць цябе адэкватнымі. Эфраім, напрыклад, аж да сённяшніх дзён вясковай грамадой лічыўся прыпыленым праз Жана Вальжана. Пракідаліся і такія, хто запісаў яго ў даносчыкі і здраднікі. У сакратарыяце машава былі перакананыя, што Пінэс з’ехаў з глузду яшчэ да інсульту, бо чуў начныя крыкі з вадавежы. Безліч людзей бачыла ў маім дзедзе псіха, бо ад дня знікнення Эфраіма дзед перастаў збіраць плады ў сваім садзе — кінуў ураджай ападаць, халодна паведаміўшы, што гадуе дрэвы толькі дзеля веснавой квецені. Пасля таго як Рылаў выявіў, што Маргуліс блытаецца з Тоняй, Маргуліса ўсе лічылі вар’ятам. Вар’ятам і доўбнем. Маргуліс, са свайго боку, лічыў ненармальнай Рыву, накінуўшыся на худзючае занядбанае цела Тоні Рылавай з акрыленай
    жарсцю тутавага шаўкапрада, вываліўшы ў яе свае салодкія сокі з дбайнай руплівасцю і “гучным гудзеннем”, як сцвярджае Уры. Тоня лічыла ненармальнай саму сябе, але аддала перавагу ўласнаму шаленству перад шалёнымі пахамі машыннага алею, пораху і ўрыны, якія тачыліся ад яе мужа.
    Нават наконт мяне, у часы, калі я яшчэ жыў у машаве, лічылі, што мне не стае клёпкі. Могілкі сталі гэтаму жалезабетонным доказам. Аднак насамрэч ужо ў школьныя гады дзеці цураліся мяне. За выняткам Уры, сяброў-аднагодак у мяне не было.
    Дзед з Пінэсам нашпігавалі мяне гісторыямі, а таксама навучылі наконт казурак і дрэваў. Мне граў ІДыркін, а таксама ён уражваў мяне сваім адмысловым забіваннем цвікоў. Скура на яго далонях была такая дубовая, ажно той уганяў цвік у дошку ўдарам далані. Ціснучы руку Цыркіна, можна было выразна чуць рып сухой драўніны.
    Мешулам пасміхнуўся:
    —	Нагнаў жа ён жаху на скарпіёнаў, якія селяцца ў расколінах сценак нашага кароўніка! Бо аднойчы адзін з іх зламаў аб бацькаву далонь джала.
    Аднак калі Цыркін-Мандаліна пачынаў даіць кароў, яго рукі мякчэлі, і ніводная цялушка не магла паскардзіцца на грубае абыходжанне.
    А Ліберзон чытаў мне казкі з кніг і аднойчы, адзін-адзінюткі раз, нават гуляў са мной у хованкі.
    —	Яны рабілі гэта ў памяць пра тваю бабулю, — заўважыў Пінэс.
    ДВАЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ РАЗДЗЕЛ
    Ліберзон не заўсёды меў на мяне час. Ён, можа, і пакінуў гаспадарку на Даніэля, але пасля гэтага цалкам аддаўся ўдасканаленню сваіх знакаў увагі да Фані.
    Ён безупынку здзіўляў яе сюрпрызамі. Забаўляў яе з майстэрствам, прыроджаным, трэба заўважыць, майстэрствам, аднак цяперака, з моманту іх знаёмства, разгорнутым на ўсюю сілу-моц. Ён ведаў, што каханне — самая далікатная і распешчаная глеба, ды абвяшчаў, што яно не цярпіць банальных і нязграбных метадаў. Усё роўна як пакіданне поля пад папар ці севазварот, якія прызначаныя для неўрадлівай глебы і пазбаўленых фантазіі земляробаў. Час ад часу ўся вёска чула Фанін смех, які вырываўся з вокнаў іх дома, і тады Уры з павагай цягнуў:
    —	Ліберзон зноўку гэта зрабіў.
    Ніхто з нас не здолеў паяднаць супярэчанне паміж Л іберзонам, ідэйным ганарліўцам, які падчас сходаў ды на старонках насценгазет абсыпаў з ідэалагічных катапульт слоўнымі каменяпадамі, і паміж схаваным у ім расхамячаным геданістам, што служыў Фаніным пажам. Ён надрэсіраваў соек у сваім садзе захоплена свістаць ёй у след, “на манер расійскіх гімназістаў”. Летняй ночкай цягнуў Фаню ў палі на распусныя выправы, якія заспеў нават я. А Пінэс апавёў, што шмат гадоў назад, калі Фаня поацавала ў запаковачным цэху, Ліберзон прыгатаваў у сваім бараку дэсерт са смятаны, какавы і цукру. Набраў усё ў рот і пайшоў гэтак у цэх, каб з пацалункам перадаць жонцы салодкую амброзію. “Па дарозе яго спынілі людзі, якія беглі пагутарыць з імі, і былі вельмі здзіўленыя, што Ліберзон бадай упершыню за ўсю вясковую гісторыю маўклівы як рыба”.
    У дзясятую гадавіну іх шлюбу, паступіўшыся некалькі сваімі прынцыпамі, паехаў на возе ў горад і там купіў ёй дарагое туалетнае мыла, ад якога тхнула легкадумнасцю і ерассю. Тады вяскоўкі яшчэ мылі цела і валасы шэрымі і пахучымі цаглінамі гаспадарчага мыла. Фаня карысталася новым бруском толькі ў пятніцу, і спакуслівы водар, што пачынаў тачыцца з яе скуры, падымаў у вёсцы хвалю шаптанняў і пратэстаў. Некаторым першапасяленцам згадаўся Рывін куфар збыткоўнасцяў і партфель Песі Цыркінай. Тыя згадкі прысаромілі Фаню, але адно патроілі жарсць Ліберзона.
    Мінулася пару месяцаў — брусок ператварыўся ў абмылак. Фаня знайшла ўсярэдзіне сапраўдны мужавы падарунак — блазенскую цыдулку, укладзеную ў алавяную рулю, якую выштукаваў бляхар. Ліберзон пачуў вясёлы вокрык, які данёсся з пральнага барака — тады ён служыў душавым пакоем, — і вокамгненна прыпусціў да жонкі.
    Згэтуль, так кажуць, Ліберзон стаў хаваць цыдулкі ва ўсе магчымыя дзіркі. Жонка знаходзіла алавяныя трубачкі ў яслях для кароў, у галовах пепсінавага сыру. Чула іх бразгатанне ў толькі што запоўненых газай каністрах. Калі Ліберзон сягнуў прафесійных вяршынь, то жонка стала знаходзіць рулькі з цыдулкамі ў страўніку курыцы, якую рэзала і трыбушыла на абед.
    — Эліезэр, як заўсёды, пераходзіць край! — усміхаючыся, заўважыў Пінэс. — Праз гэтыя звычкі ў Фані яшчэ можа развіцца манія пераследу. Хіба што ўся вёска лічыць, што Ліберзонавыя хованкі значна лепшыя і больш удалыя за смярдзючае сховішча Рылава.
    Цыркін, у процівагу свайму сябру, усё яшчэ цягнуў жылы на гаспадарцы і ўжо ладна стаміўся ад жыцця з сынам-гультаём і жонкай, “цыцастай актывісткай”.
    Мешулам у адным з кібуцаў выратаваў ад знішчэння дзясяткі скрыняў са старымі дакументамі, потым доўгія гады займаўся іх вывучэннем і размеркаваннем. Песя выскоквала
    раз-пораз са свайго тэль-авіўскага кабінета ў Цэнтральным камітэце працоўных, каб прыняць у госці замежных лідараў рабочага руху, спецыялістаў па сельскай гаспадарцы з Бірмы і чарнаскурых міністраў у стракатых спадніцах і картузах. Яна таксама займалася выхаваўчай і сацыяльнай дзейнасцю ў намётавых лагерах для габрэйскіх рэпатрыянтаў з арабскіх краін. У газеце надрукавалі яе здымак — як яна мые ў бляшаным тазіку мараканскага хлопчыка і ўсміхаецца ягонай маме. “Сяброўка машава Песя ІДыркіна навучае новую рэпатрыянтку, што такое матчын клопат,” — было падпісана пад шчодрымі грудзьмі Песі.
    Дзед запаліўся да двух сяброў маўклівай вытанчанай нянавісцю, якую маскаваў пад прыязны тон і зычлівыя манеры. Ён гадаваў мяне, абцінаў і даглядаў дрэвы, а таксама выношваў свой план. Час мінаў, пакідаючы на маіх костках шмат плоці і напаўняючы мяне гісторыямі, распускаючы Працоўную Сябрыну імя Фэйгі, ператварыўшы яе ў нятленную легенду, у патрэсканыя карцінкі, у цені, што адарваліся ад сваіх гаспадароў.
    Аднак я лічыў Цыркіна і Ліберзона сваёй сям’ёй. Аднойчы, калі я прыйшоў да Ліберзона і дома нікога не было, я ўзяў у рукі яго сшытак з байкамі.
    Быў я малым хлопчыкам, яшчэ непісьменным, але звярнуў увагу, што журнал пусты. Сшыткі белай паперы, глянцаваныя, злучаныя палатняным карэньчыкам. Ліберзон прыдумляў ці апавядаў па памяці ўсе байкі. “Страказу і мураша”, “Бусла і лісіцу”, а таксама “Кветку з залатым сэрцам”.
    Калі я апавёў Пінэсу, той разрагатаўся.
    —	Мы ўсе, агулам кажучы, прыдумваем байкі або апавядаем чужыя, — сказаў ён. — А “Страказа і мураш”, няма што, — шкодная беспадстаўная байка.
    Аднае ночы я пачуў, як Пінэс размаўляе з дзедам.
    —	Яму трэба гуляцца са сваімі аднагодкамі. Нядобра, калі малы хлопчык бавіцца з дзядзькамі.
    Але дзед адрэагаваў:
    — Гэта маё малятка!
    I стаў яшчэ больш заўзята смактаць горкую аліву.
    —	Міркін! — упарціўся Пінэс. — Знарок ці ненаўмысна, але ты грувасціш вакол Баруха груды руін. Назіраю за ім у школе. На перапынках у “плітачкі” ён не гуляе, у “квача” — таксама. Hi з кім не размаўляе. Адно поўзае па траве, у гордай самоце.
    —	Шукае жукоў, гэтаксама, як ты, — адказаў дзед.
    Раз-пораз я падымаў вочы ад зямлі і бачыў, што абкружаны колам крыкуноў і насмешнікаў.
    —	Я не турбуюся, — казаў дзед. — Бо не зайздрошчу таму хлопцу, які захоча пазлаваць яго болып, чым звычайна.
    У другім класе я зламаў два пальцы ўнуку Рылава, Узі.
    Я ўкленчыў ля белых чарнакораняў, што раслі ля плота, у пошуках вусеня бражніка алеандравага. Тлустыя і бліскучыя, тыя вусні нязграбна звіваліся на атрутнай расліне, і калі я датыкнуўся да аднаго з іх, ён павярнуўся да мяне спінай, упіўшы ў мяне два жудасныя вокі. Я ўжо ведаў, што тыя вочы — фальсіфікацыя. Проста дзве блакітныя плямы, аблямленыя чорнай падводкай. Пінэс патлумачыў, што намаляваны позірк вусеня мусіць адпалохваць тых, хто замахваецца на яго жыццё.
    Тымчасам Узі Рылаў змаху наляцеў на мяне са спіны. Учапіўся за вушы і пачаў мяне трэсці. Я схапіў Узі за запясце і выкруціў яго. Быў ён старэйшы і спрытнейшы за мяне. Калі яму споўнілася трынаццаць, на цырымонію бар-міцвы атрымаў каня і парабелум, і яго выкінулі на колькі дзён выжываць без харчу на чаркескіх* пагорках.
    Але ў другім класе я важыў ужо сорак чатыры кілаграмы і зраўняўся з ім у росце. Дзед пастаянна ўліваў у мяне порцыі калоструму і нянавісці. Паціху-патроху я разагнуў тры пальцы Узі, аж пакуль не пачуўся невялічкі хруст. Ён пабляднеў,
    * Чаркесы — каўказская народнасць, частка якой у выніку міграцыі асела ў Зямлі Ізраіля.
    паваліўся і страціў прытомнасць. Два настаўнікі знеслі Узі з месца здарэння, а я, вярнуўшыся, зноў нахіліўся над вусенем, каб зазірнуць у яго штучныя вочы.
    Увечары ў барак прыйшоў Рылаў пагаманіць з дзедам, і дзед грукатлівай чаргой кубікаў ільду, якія здзекліва адскоквалі ад яго зубоў, адбарабаніў, што Рылаўскаму ўнуку лепей бавіцца з аднагодкамі, а не лезці да малодшых, якіх, як вядома, крыўдзіць нельга.
    Стуль мяне не чапалі. Хіба на перапынках назалялі з дражнілкамі. Калі Пінэс, які меў талент вызірнуць у слушную хвілю з акна настаўніцкага пакоя, бачыў, што я зараз увяжуся ў бойку, то выскокваў ды адводзіў мяне ў жывы куток. Прытуляў далонь да патыліцы, вымаючы з цела зацятасць і лютасць.
    Двойчы на тыдзень, у дзённыя гадзіны, я выходзіў з ім на палі. У “школу матухны-прыроды”.