За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— “Будзе спор і блаславенне, калі ад вока схаваныя намеры”, — з дабрадушным гумарам працытаваў Гмару Пінэс, пабачыўшы шматногае відовішча.
— Спыніся, чуеш?! — закрычала Рыўка на сына. — Пра цябе трубіць уся вёска. Што гэта такое!
Але нават пяцігадовыя хлопчыкі не любяць адмаўляцца ад шчаслівых імгненняў.
— Мне так хадзіць падабаецца, — сказаўУры.
— Але так не ходзяць, — умяшаўся Аўрагам.
— А ты ўвогуле сціхні! — а дрэагавала Рыўка. — Мы чулі пра вершыкі, якія ты гарлаў у дзевяць гадоў. Яблык ад яблыні...
— Рут мне дазволіла, — сказаў Уры.
— Цікава, што яна дазволіць табе праз пару гадоў? — падскокнула Рыўка.
— Рут добра пахне, — упінаўся Уры.
Праз Уры вясковы Камітэт абвясціў Рут, што яна мусіць хадзіць на працу ў штанах. Уры задаволіўся тым, што часам
падыходзіў да яе пасля дзесяцігадзіннага сняданку і здымаў кашульку. Валіўся на гладзізну яе сцёгнаў і прасіў, каб яна “зрабіла яму прыемносткі на спінцы”.
У першы школьны дзень дзед узяў паўдні адпачынку ад дрэваў і павёў Ёсі і Уры дадому. Ёсі падышоў да сценкі. Падняў вочы на ўлётку, якую павесіў Пінэс па-над дошкай аб’яў, і паволі, на ўвесь голас, прачытаў:
“He мечам салдата зваяваная Зямля Ізраіля, а плугам селяніна!”
Дзед выбухнуў смехам:
— Ну ашуканец! — сказаў ён Ёсі, і той запунсавеў ад прыемнасці.
— Сядзеў сабе ціхенька поруч і ўсё разумеў!
Я быў на галаву вышэйшы ад усіх дзяцей, і таму мяне пасадзілі ззаду. Я паклаў ранец, нямецкі скураны партфель майго бацькі Беньяміна, і ўбачыў, як Пінэс заходзіць у клас. Я ўжо некалькі разоў атрымоўваў ад яго навуку. Калі мне было пяць, ён узяў мяне на плантацыю і паказаў бляклафіялетавае гняздо, крытае саматужнай стрэшкай, а збоку — круглы ўваход.
— Гэта гняздо афра-азіяцкай прыніі, — паведаміў ён. — Птушаняты ўжо адляцелі. Таму табе можна засунуць руку і памацаць.
Нутро гнязда было ўсланае насеннем старасценя і птушынымі пёркамі. Утульна і ўгрэўна.
— Прынія — наш сябар, знішчае шкодных інсектаў, — сказаў Пінэс. — У яе дробнае цельца і даўгі хвост.
Ён завёў мяне да свайго дома. Сярод сотні спустошаных яек, якія захоўваў кожнае ў сваёй скрынцы, знайшоў яйка прыніі. Драбнюткае, бляклае. 3 чырвонымі кропкамі на дзюбцы. Праз колькі дзён мы заскочылі ў гушчар, каб паслухаць шлюбныя ціўканні прыніі-самца. Убачылі, што хвост дапамагае ёй трымаць раўнавагу цела. А яе доўгая і вострая дзюба сапраўды зручная для збору інсект...
— Добры дзень, дзеці! Мяне завуць Якаў.
Пінэсаўскія акуляры праплылі па-над дзецьмі. На імгненне яны спыніліся на маім колісь набіткаваным кружэлкамі ранцы і пасміхнуліся мне. У ноч, калі забілі маіх бацькоў, гэты ранец знаходзіўся ў яго доме і таму ацалеў пасля пажару. Напярэдадні школы Пінэс прынёс яго мне. “Заўтра ты ідзеш у школу, Барух. Вось ранец твайго бацькі. Я захаваў яго для цябе”.
Штогод заходзіў Пінэс у першы клас прывітаць вучняў. Зазвычай скарыстоўваў першы занятак, каб што-небудзь апавесці. Гэтым разам павёў гутарку пра Самсона, які разадраў ільвіную пашчу. Звярыны рык, які вылецеў з пінэсаўскага горла, напалохаў усю школу.
— А цяпер скажыце мне, дзеці, чаму Самсон лічыцца героем? — запытаў Пінэс у канцы.
— Бо забіў ільва, — адказала Яэль, унучка Рылава.
— Бо пабурыў палац філістыйцаў, — адказаў Ёсі.
— Бо не баяўся пчол, — адказаў Міка, унук Маргуліса. — Самсон соваў пальцы ў мёртвую тушу льва і галаруч цягаў адтуль мёд.
— Я пра гэта не падумаў... — прамовіў уражаны Пінэс.
Пасля заняткаў ён сабраў усіх настаўнікаў на гутарку.
— “Малады быў, а цяпер састарыўся", — пачаў ён цытатай. — Пакаленні дзяцей прайшлі праз мае рукі, але па-ранейшаму іх востры клёк прыводзіць мяне ў захапленне. Сёння ўранні хлопчык з першай групы сказаў, што геройства Самсона вынікае не з фізічнае моцы, а з адвагі. Гэтая адвага выразілася ў тым, што набраў мёд голымі рукамі з вулля дзікіх пчол.
Пінэс абвёў позіркам іншых настаўнікаў.
— Каштоўны скарб даверылі вам. Далікатныя саджанцы! Пяшчотныя. Найпрыгажэйшыя, што гэтая вёска толькі садзіла на нашай зямлі. Ваш абавязак — арашаць і даглядаць, узбагачаць глебу і атуляць увагай. Адно — не злоўжывайце секатарам!
Увечары Пінэс апавёў пра ўнука Маргуліса і пра гутарку з настаўнікамі, а я ляжаў на ложку ў іншым пакоі. Цікаваў і лавіў кожнае слова.
— Разумееш, Якаў, — пачаў тлумачыць настаўнік, — унучак Маргулісаў бачыць бацьку і дзеда. Як тыя ходзяць у спецвопратцы, начапляюць абарончую маску, рукавіцы, задзьмухваюць дым у вулей. Але ж Самсон! Без усякай абароны падышоў да тушы і здабыў мёд рукамі, “лёгка, нібыта корак са збану адтыкнуў”. I вось малы хлопчык абвяшчае: “Ён — герой!”
— Усё гэта добра, — адгукнуўся дзед. — Але разарваць пашчу льву ніхто не зможа, з маскай пчаляра або без яе.
Яго голас перасекся. Твар зморшчыўся, нібыта ад болю.
— Пры чым тут гэта, Міркін? — абурыўся Пінэс. — Якая розніца, меў той хлопчык рацыю ці не? Тут важная сама думка. Свежая, салодкая і духмяная. Думка дзіцяці з неўскаламучаным і вострым клёкам. Менавіта ты як селекцыянер мусіш разумець, як цяжка такое выгадаваць!
— Спыніся ты з параўнаннямі, Якаў! — адказаў дзед. — Няма ніякай сувязі паміж саджаннем дрэваў і выхаваннем людзей. Паміж зверам і чалавекам, паміж златкай і ідэалогіяй.
Пасля школы я ішоў есці абед з дзедам. Хіба часам, калі той запоркаўся на працы або быў не ў гуморы, я еў у Рахэлі Левінай.
У яе кудзерках, упартых і густых, ужо прабівалася сівізна. Рахэль заўсёды ўвіхалася па доме ў салатавым працоўным халаце. Я зачаравана сачыў за яе ступакамі, якія бесшумна слізгалі па падлозе.
— Ты хочаш навучыцца хадзіць бязгучна?
— Ага, — адгукнуўся я, бо начуўся гісторый пра дзядзьку Эфраіма і ўжо ступіў на сцежку сваіх падаконных падцікоўванняў-падслухоўванняў.
— Хадзем пакажу.
Яна правяла мяне ў невялічкі сад. Ля дома ў іх была сціплая дапаможная гаспадарка — пара-тройка курэй, клетка з трусамі, грады з гароднінай і прыправамі.
Калі Левін прыбыў у вёску і ўсталяваўся на працу службоўцам, дык спрабаваў гадаваць гародніну ля дома. Але нешта лятальнае і фатальнае хавалася ў яго руках — ажно кожная кветка, да якой яны дакраналіся, чэзла і вяла.
Сам жа Левін за абедзве шчакі пёр свае шэрыя памідоры і бляклыя перцы. Нават сіліўся пераканаць прысланых з прафсаюза сельскай гаспадаркі інструктараў, маўляў, проста тут, вачавідкі, праклёўваюцца новыя гатункі гародніны, якія ён, Левін, і выгадаваў.
Калі ажаніўся, Рахэль узяла догляд за садам на сябе. I Левін, які заўсёды хацеў быць селянінам, зрэшты пачаў “есці і цешыцца ад пладоў сваёй зямлі”. Рахэль Левіна спарадзіла гародніну і кветкі, прывезла ў драўляных і бляшаных скрынях з бацькоўскага сада кусцікі базіліку. Увечары прыходзілі людзі і быдла, стаялі ля плота з заплюшчанымі вачыма і ўдыхалі водар.
Рахэль адчыкнула ад жываплота пару ссохлых галін і кінула на сцежку.
— Глядзі, Барух, — сказала яна і бязгучна па іх слізганула. — Зараз ты.
Пад маімі нагамі галінкі захрабусцелі. Рахэль засмяялася.
— У твае годы Эфраім слізгаў, як фланелевая анучка па паліроўцы стала, — заўважыла яна.
— ...Калі ты апускаеш нагу, то апускай яе мяккай і плоскай. Дыхай толькі жыватом, а не грудзінай.
Яна падкінула яшчэ хлуду, але трэск стаяў ранейшы.
— Ступаеш, як старая карова, — уздыхнула яна. — Пачакаем, пакуль вернецца Эфраім.
На абед прыйшоў Левін. Ён зусім не быў падобны да бабулі на фотакартцы. Заўсёды бледны і лядашчы. Ніколі не хадзіў бязгучна, бо валачыў ногі.
“Можа быць, сям’я Левіных уся такая, як ён, — падумаў я, — і бабуля памерла менавіта з гэтае прычыны?” Раз-пораз Аўрагам запрашаў мяне да сябе на абед. Але мне не падабалася там праз Рыўку. Я лічыў за лепшае есці з дзедам, хоць той і не ўмеў гатаваць нічога за выняткам бульбы ў мундзірах. Пасля абеду я пракрадаўся і сядаў на бетонным ходніку ля іх кухоннага акна і лавіў кожнае слова гутаркі, якую яны вялі за ядой.
Уры, няўтомны аматар кпіны, а таксама малы паляўнічы на вострыя перажыванні, усё ж здолеў папсаваць бацькам апетыт раптоўным пытаннем.
— Ад чаго памерла бабуля?
Я мог пачуць, як змрачнее лоб Аўрагама.
— Ад хваробы.
— Якой?
— He дуры галавы, Уры!
— Ніра Ліберзон сказала, не ад хваробы.
— Скажы ўнўчкам Ліберзона, каб не совалі носа ў чужое проса.
Моўча. Па каторым часе — Рыўкін голас:
— Яе забіў ваш любіменькі дзядуля! А што ты думаў...
Я падняўся і зазірнуў за падаконне. Рыўка раз’юшана скабліла цыратавы абрус. Яе грудзі, жывот і сцёгны трэсліся пад сукняй, як статак другіх падбароддзяў. На плямах сочыва, што засталіся ад сняданку, паселі мухі. Аўрагам жаваў моўчкі. Ёсі пераймаў бацьку. Абодва нагружалі відэлец пры дапамозе лусты хлеба.
— Мама, салата сухаватая, — прамовіў Ёсі. Яны з бацькам любілі мачаць хлеб у салатны сок.
— Вызначыся, чаго хочаш — салату ці балота! — аскірзнулася Рыўка.
— Ён мае рацыю, — заступіўся Аўрагам. — Мы ж любім сок.
— Вы за адзін прысест трушчыце бохан хлеба і ўжо нагулялі занадта сала!
— Чаго гэта ён забіў яе? — вярнуўся да роспытаў Уры, калі адчуў, што дыскусія пра салату не мае перспектывы.
— Кубы льду, што яна цягала, і лісты той яго крымчучкі забілі бабулю, — прамовіла Рыўка.
— He думаю, што гэтыя гісторыі для дзевяцігадовых хлопчыкаў, — заўважыў Аўрагам, і яго лоб патрэскаўся ад зморшчын.
Тут пачулася адчайнае лапатанне. Гэта быў Ёсін сокалпустальга, які біўся крыламі аб аконную шыбу. Я спрытна сагнуўся і на карачках адпоўз ад сцяны.
Стэпавую пустальгу Ёсі дастаў з гнязда. Аблепленага белым пухам, задыханага, струнка выпрастанага і раз’юшанага на ўвесь белы свет птушаня. Цэлыя тры месяцы лавіў Ёсі для сваёй жывой забаўкі яшчарак і мышэй, пакуль птушаня не ўвабралася ў пер’е. Пустальга чаплялася за свайго гаспадара, усё роўна як сабачка: бегала за ім па падворку, кульгаючы і валюхаючыся на кіпцюрах. Урэшце Ёсі зацягнуў яе на дах кароўніка і пхнуў у паветра — каб навучылася лятаць. Тая сапраўды навучылася, аднак падворка не пакінула. Залівалася трэлямі, клікала Ёсі безупынку. Пакідаць акно адчыненым забаранялася, бо птушка адразу ж прыпускала ўсярэдзіну, дзе ад прыліву радасці драла фіранкі і біла вазы. Уся яе біялагічная радзіна даўным-даўно зляцела з Ізраіля ў вырай, пакінуўшы яе тут адну.