• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    — Цана вызначаецца адлегласцю ад магілы Якава Міркіна, хай яму будзе светлы рай, — патлумачыў ён.
    * Эдмонд Ротшыльд (1845-1934) — французскі фінансіст і габрэйскі мецэнат. У XIX ст. скупаў землі і вытворчыя плошчы ў Зямлі Ізраіля, He быўшы сіяністам, то-бок прыхільнікам палітычнай незалежнасці габрэяў, тым не менш стварыў шмат працоўных месцаў для габрэйскіх першапраходцаў першай і другой аліі.
    —	Наш тата чатыры дні працаваў з Міркіным у ПэтахТыкве, — прамовілі яны.
    —	Габрэй габрэю — брат і сябар, — адказаў Бускіла. — Усе некалі працавалі з Міркіным.
    —	Тата пытае, як там маецца Цыркін-Балабайка, — працягваў старэйшы сын.
    —	Мандаліна, — паправіў Бускіла. — Цыркін-Мандаліна. Пяты шэраг, сёмая магіла, вуньдзе пад вялікай алівай. Ён быў блізкі сябар Міркіна.
    —	Наш тата таксама, — сказаў амерыканец.
    —	У нас няма зніжак, — адчаканіў Бускіла.
    —	Самы важны крытэр — каб ваш тата, хай Госпад дасць яму здароўечка і да ста дваццаці, быў з другой аліі.
    —	Ясна.
    —	Каб зарэзерваваць месца, даём задатак зараз. Рэшту, хай усцеражэ і абароніць Бог, — пасля перадачы цела. Калі ласка, наш офіс там.
    Пінэс зацікаўлена назіраў за працэсам продажу, потым застагнаў і павярнуўся да мяне. Быў тады Пінэс ужо вельмі стары. Вочы яго патухлі, сківіцы і язык безупынку рухаліся так, нібыта перажоўвалі бясконцую кашу. Ён парадкам раздабрэў.
    “Стары і цяжкі”, — казаў ён пра сябе.
    —	Урэшце Зейтуні здаўся, — паведаміў, — пагадзіўся, што выступяць адно мядзведзь і асілак.
    Было гэта маўклівае і прафесійнае прадстаўленне, аднак нейкае абы-што.
    — Мядзведзь, можа, і рашыў арыфметычныя задачкі, — дадаваў Уры ўсё новыя адценні і эпітэты да гісторыі з Зейтуні. — Але пытанні ставіліся трывіяльныя, кожны трэцякласнік на іх адкажа.
    Асілак выклікаў пэўнае зацікаўленне, калі пальцамі з шыферных цвікоў заплёў косы і калі раструшчыў цагліны
    аб лоб. Сяляне глянулі на яго з інтарэсам, гэтаксама, як глядзяць ацэншчыкі на выдатны экзэмпляр працоўнай скаціны. Жарсці трохі падагрэліся, калі той пачаў гуляць і перакочваць мускулы так, нібыта пад скурай сноўдаліся вялізныя пацукі, ад плячэй і да дзвюх дзіцячых ямачак на самым нізе спіны.
    Калі асілак, з рыкам падняўшы “Апалонаву штангу” — пару цягніковых колаў і масіўную вось паміж імі, — выпрастаўся, пунсовы і дрыготкі ад самазадаволенасці і напругі, у той самы час з магілы маіх бацькоў з’явіўся Эфраім, які трушком прыбег, каб пабачыць прадстаўленне. Несучы пры гэтым на плячах Жана Вальжана, тысяча трыста кілаграмаў рагоў, капытоў, насення і мяса.
    Вяскоўцы выскаліліся. Асілак глянуў на Эфраіма шалёнымі вачыма, падазроная дрыготка ахапіла яго цела. Той скінуў груз і сеў у пыл. Зялёнае вока Эфраіма цікавала праз сетку насунутай на галаву маскі.
    — Бляск! — загаласіў Зейтуні і паспяшаўся да Эфраіма. — Шыкоўна, і гэтая маска таксама!
    Зейтуні задыхаўся. “Ад грошалюбства і ўчутага шанцу звесці старыя рахункі”, — зазначыў Пінэс.
    Эфраім адышоўся наўзбоч, Жан Вальжан пазяхаў на плячы і паглядаў на пааскубанага мядзведзя, які скакаў праз запалены абруч і верашчаў ад болю.
    — Колькі ты хочаш за выступ? — запытаўся Зейтуні.
    Па публіцы прабегся стогн незадаволенасці. Эфраім павярнуўся да людзей разам са сваім цяжэзным бычком.
    — Перад імі я гатовы выступіць задарма, — сказаў ён і сарваў маску з галавы.
    Публіка аціхла.
    — Вітаю, сябры! — сказаў Эфраім.
    “Мы апусцілі вочы долу. Ад агіды і сораму”.
    Мой дзядзька зноў звярнуўся да Зейтуні і яго людзей. Асілак убачыў дзядзькаў твар і стаў ванітаваць шрубамі і Ka-
    валкамі бетону. Галубы фокусніка заплюшчылі свае круглыя вочы. Прадказальніца будучыні, падхапіўшыся, загаласіла:
    — Я бачу мора агню і сцены болю!
    — Забі зяпу, дурная! — заенчыў Зейтуні.
    — Ну, Зейтуні, што скажаш пра мой выхад? — пацікавіўся Эфраім.
    — Ды мне пляваць на знешнасць, — адказаў Зейтуні. — Чалавек глядзіць у вочы, а Зейтуні — у сэрца. У мяне ты атрымаеш процьму грошай.
    — Грошай мне не трэба, — адказаў Эфраім.
    Амаль неўпрыкмет міргнуўшы, Зейтуні паклікаў гутаперчавую дзяўчыну, і тая скруцілася вакол ног Эфраіма на манер бранзалета. Потым яна прыціснула шчыкалаткі ў сябе за патыліцай ды стала соўгацца на спіне, як перакуленая чарапаха. Потым вызваліла адну нагу і абматалася ёю. Яе пляскаты жывот хваляваўся. Адну шчаку яна паклала на пагорак лабка, які ў такой паставе моцна выпінаўся.
    Пінэс сарамліва закашляўся.
    — Там жа пад скурай ёсць такая падушачка тлушчу, — патлумачыў ён.
    — Яна ўсяго толькі выявіла забароненую пажаду, да якой употай цягнецца плоць, — сказаў ён. — Агідная і жахлівая. Памыйная котка, гіена.
    Ад часу вяртання ў вёску жыў Эфраім без жанчыны. Злоснікі-аднавяскоўцы абгаворвалі, маўляў, задавальненне той знаходзіў у назіранні за спароўваннямі Жана Вальжана. Калі быў юнаком, так казалі, раз-пораз спаў з жонкай ветэрынара, жанчынай пажадлівай і грубай, якая любіла назіраць, як яе муж вылягчаў жарабят і цялкоў. Цяперака яго жывот сціснуўся ад жара спакусы і нянавісці. Вільготныя ўспаміны скаціліся па адхонах і выгінах яго пурпуровага паланкіна. Ён перавёў адно-адзінае вока з гутаперчавай дзяўчыны на яе гаспадара.
    Сказаў:
    — Я прыйду пагутарыць з табой увечары. Пакуль пачакайце тут.
    Ён падкінуў Жана Вальжана, уладкоўваючы, каб было ямчэй несці. Развярнуўся і размераным бясшумным крокам пабрыў дадому так, нібыта бязважка ступаў у пустынных баявых макасінах.
    — Ззаду здаля гэтая парачка выглядала як гіганцкі масляк з малюпацкай ножкай, — казаў Пінэс.
    Ён з цяжкасцю падняўся з лавы. Зняў акуляры, якія ў цяпле затуманіліся. Бясконцымі рухамі па коле працёр іх крысом сваёй блакітнай піжамы.
    — Хто там? Барух? Гэта, часам, не Будзёнкін?
    — Гэта ён, — адказаў я.
    Іцхак Будзёнкін, першапасяленец Даліны, напаўглухі, рот маршчыністы і дрыготкі, нібыта леташняе збожжа, што з’явілася само па сабе. Паволі праполваў каля брамы градку цыній.
    — Што ён тут робіць?
    — Ды прыцёгся тыдзень таму, — патлумачыў Бускіла. — Збег з кібуцнага лазарэта. Прыйшоў пешкі, напаўмёртвы, і папрасіў застацца, пакуль не памрэ цалкам.
    — I ў такіх умовах ён тут жыве?! На вуліцы, як сабака?
    — Чаго на вуліцы?! — абурыўся я. — Ён папрасіў трохі папрацаваць матыкай, а ўначы пойдзе спаць у кароўнік.
    — У кароўнік?
    — Я прапанаваў яму пайсці спаць у барак, але ён хоча пабавіцца з Зайцэрам.
    — От, слановыя могілкі... — заўважыў Пінэс.
    Потым падышоў да Будзёнкіна і шчыра павітаўся.
    Старац яго не пазнаў.
    — Жэўжык, не перашкаджай працаваць! — загарачыўся той. — Пасля абеду вазьму цябе на кірмаш і куплю табе там пеўніка на палачцы.
    — Ён мяне не ўспомніў! — бедаваў Пінэс. — Даўно-даўно мы колькі дзён працавалі разам на грэйпфрутавай плантацыі. Каля пампоўнай станцыі на Ярдане. Мы шмаравалі камлі “чорнай пастай” твайго дзеда. Там гойсалі ашалелыя ад спёкі і самоты пацукі ўвелькі з ката. Яны залазілі на цытрусавыя дрэвы і грызлі кару. Жудасныя раны.
    Ён сеў — стомлены, замаркочаны.
    —	Мы нават не маглі прадбачыць, што здарыцца потым, — сказаў ён. — Рылаў мусіў прагнаць гэтага правакатара і спакусніка, гэтага Зейтуні! Злупіць скуру ўдарамі нагайкі, так бы мовіць, “пакараць пугай і скарпіёнамі”.
    ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ РАЗДЗЕЛ
    На гарадскі пляж, які ляжыць на поўдзень ад маёй вілы, я выходжу толькі адвячоркам. Купальшчыкі і серфінгісткі ўжо сышлі. Як скінуць вокам, нікога. Пляж засеяны паўабгрызенымі канапкамі, шкілетамі вінаградных гронак, забытымі сандалямі. Дзіцячыя крыкі яшчэ вісяць у паветры, усё роўна як заплямленыя анучы, неахвотна распускаючыся ў паветры. Удалечыні — патрульны карабель, шэры і магутны. Гайдаецца ў пене, пільнуе здабычу.
    Давід, стары пры шэзлонгах, толькі ўбачыўшы мяне здаля, ужо ставіць чайнік на маленькую пліту ў сваёй саламянай халабудзе. Я зазвычай прыношу яму якісьці ласунак або пляшку моцнага алкаголю з лёхаў банкіра. Або томік з кнігазбору. Кнігалюб гэты Давід, чытае па-французску і па-іспанску.
    “Давід, цара падвід”, — любіць прадставіцца ён у рыфму і выбухае рыпучым смехам. Зубы яго — вялікія і белыя. Цела зморшчанае, падсмажанае зыркім сонцам.
    Мы п’ём горкую гарбату, гамонім сабе. Наўкола пясок засеяны малюпацкімі крабікамі. Жаўтаватымі, з далікатнымі клюшнямі.
    —	Яны прыбіраюць мне пляж, — кажа Давід.
    Крабікі выскокваюць са сваіх норак, гойсаюць сюд-туд. Іх клюшні ўзнятыя ў самым старажытным чалавечым руху, кранальным руху адчаю і ўмольвання. Гэткім, як яны, быў Эфраім, што прыціснуў далонь да твару, калі выйшаў з аўтамабіля ў цэнтры вёскі. Гэткай была бабуля Фэйга, што намагалася злавіць пеліканаў і дождж.
    Іншыя крабікі рамантуюць інтэр’ер сваіх падземных пячорак, і толькі сухія фантанчыкі пяску сведчаць пра іх прысутнасць. 3 вышыні чалавечага росту ўбачыць іх цяжка, бо маюць афарбоўку пад колер пяску. Але ж я — той, які мог згледзець багамола на сухіх калючках, які адчыняў патаемныя дзверкі ў пастках павукоў-немезідаў, які адрозніваў сярод сухога садовага хлуду вусеняў-землямераў, — заўважаю тых крабікаў у момант вока.
    — Ты такіх любіш? — запытаўся Давід, які сачыў за маім позіркам. — Яны ж не кашэрныя.
    — Люблю, — сказаў яму. — Але не ем. У мяне ёсць цётка, якая есць саранчу.
    — У пустэльні ёсць саранча, якая стаіць нерухома. Ты можаш прыняць яе за камень, — захіхікаў Давід.
    — Трэба толькі цярпенне, — адгукнуўся я.
    У зарасніку серабрыстай параніхіі схаваліся крыхотныя блыхі, што замаскаваліся пад бліскучыя сухія лісточкі.
    — Трэба толькі цярпенне, Барух, — некалі сказаў мне Пінэс, калі мы ўдвух падпільноўвалі ля кветкі. — Частка гэтых белых лісточкаў, што цяперака целяпаюцца, — гэта блышкі, якія ўмеюць імітаваць рух ліста на ветры. Запасёмся цярпеннем. Калі суцішыцца вецер, тады ўсё й пабачыш. Тое, што спынілася, гэта ліст.... Атой, хто скача, той блыха!
    Ён патлумачыў мне, што чалавек і казурка — дзве супрацьлегласці, што змагаюцца з навакольным светам двума адрознымі спосабамі. Чалавек, кволы і ўразлівы, абапіраецца на сістэматычнае вучэнне і вынаходствы, а казурка, пладавітая і магутная, не вучыцца нічому. Усё схаванае ў ёй — з ёю ад нараджэння.
    — Нават складаныя і комплексныя паводзіны, такія, што мы бачым у вуллях Маргуліса, — дадаў ён, — не ёсць вынікам адкрыццяў і вучэння.
    Дзед глядзеў, як мы стаім на двух бітонах ад малака ля сцяны кароўніка і вывучаем у самым куточку столі асіныя