• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Але некалькі падзеяў захавалася ў маім сэрцы. Ясныя і цэлыя карціны ад першага года ў ягоным доме.
    Першая карціна — узважанне. Дзед рупіўся ўзважваць мяне штомесяц. Ужо змалку пачаў уводзіць у мой рацыён рознае зерне і лічынкі, якіх прынёс ад Маргуліса. Шторанку, калі апранаў мяне, далікатна шчупаў тлушч на плячах і сцёгнах, тлустасць і гарт, і з асалодай ацэньваў мой надзвычайны рост.
    Толькі з цягам часу я зразумеў, што вымяраў ён маю адпаведнасць ягоным планам.
    Узважванне — прыемны рытуал, мне вельмі падабалася. Усіх немаўлят узважвалі ў медпункце, а пасля таго як выраслі — у школьнай медсястры. Мяне ж дзед узважваў сам — на складзе з угнаеннем.
    Памятаю сябе ў палатняных штонцах. Горда стаю басанож на прахалодным жалезе, на падстаўцы вялікіх вагаў. I магутныя грузчыкі, пакідаўшы мяхі з сумессю, смяюцца навокал, і дзед смяецца, наладзіўшы грузілы на планках. Дастае патрапаны нататнік і замілавана запісвае лічбы. Пасля ляпае мяне па карку. Шурпатая скура яго далоні дакранаецца да скуры, і я мружу вочы.
    Памятаю, як дзед даў мне драўляны малаток і мы разам пляскалі па алівах, каб выціснуць з іх горыч. Пакуль не пырснуў едкі сок у вочы і я не ўцёк адтуль з крыкамі “мама, мама!”.
    Памятаю, як ён мыў мяне ўвечары, мачулам і гаспадарчым мылам. Скабліў мае суглобы, апавядаючы пра купанне ў шырокай рацэ. Пра аграмадных гусакоў, пра чаплю, белую і прыгожую, нібыта жанчына. Як чапліна грудка бліскае спаміж сцяблінаў чароту.
    Добра памятаю, як дзед мяне карміў. Калі мне было тры, ён ужо пакідаў сняданак на стале і сыходзіў на працу. Калі я прахопліваўся з ложка, мяне чакала заўсёдная пайка. Дзве скібы хлеба, з якіх дзеля мяне зрэзалі “цвёрдзенькае” — так ён называў скарынку. Ужо пакроены мой улюбёны пепсінавы сыр, пер’е цыбулі, парэзаная памідорка, пасыпа-
    ная паваранай соллю буйнага памолу. Усё яшчэ цеплаватае яйка ўкрутую і шклянка малака, перамяшаная з калострумам, які дзед браў з кароўніка Аўрагама.
    Я сядзеў за сталом і еў адзін. Паволі, цешачыся свежымі смакамі і пахамі, што выходзілі з маёй талеркі, і тымі, што прыляталі з акна, а таксама самастойнасцю малога хлопчыка. Потым адчыняў сеткавыя дзверы і, валюхаючыся, выходзіў на ясны, што струменіўся на падворак, дзень. На мне — толькі лёгкая белая піжамка. Нікога не ўбачыўшы, па базальтавым жвіры тупаў басанож — ступакі ўжо сталі цвёрдыя і дужыя — наўпрост да кацянят, што грэліся на пяколку.
    3 ваколіцы далікатным пошумам даляталі вясковыя клопаты. Прыглушаны вадаспад пырхання рухавікоў і цыканне распырсквальнікаў вады. Гупат матык, шаргаценне лістоты і глыбокі рык скаціны. Гукавая заслона, што і сёння таксама падымаецца ўнутры мяне і ўхутвае вушы пялюшкай.
    Я азірнуўся і ўбачыў галубоў на страсе, амаль саспелыя сланечнікі. А таксама дзеда, што, усцешаны, саскоквае з даху кароўніка. Навостраныя вілы для гною, што колісь належалі Эфраіму, — у яго правай руцэ. А яго левіца падтрымлівае расшпіленыя штаны. Ён сікаў па-за гарой смецця, калі раптам убачыў гіену, чый хвост матляўся спаміж ног, і яе заслінены ад прагавітасці і голаду рот, яна прыцёглася цішком-нішком з палёў і заскочыла на падворак.
    — А ты сядзеў там, дражніў кацянят, што грэліся на сонцы, і трусіў на іх пыл.
    Калі гіена з’явілася, кацяняты далі драла пад пакідзішча бакаў. Маня, ахоўная сучка, што была ў нас тады, стала настрашана брахаць, з перапуду скокнула, як вавёрка, на дах кароўніка і, працятая дрыготкай, сшэрхла на дахоўках.
    Быў пагодны дзень, і таму, што было так яскрава, гэтая карціна захавалася ўсё роўна як гераічны, заліты святлом здымак. Гіена ў спакуслівай усмешцы паказала зубы, звярнула да мяне мокры нос, яе працятыя дрыготкай заднія лапы
    абаперліся на зямлю, пакідаючы на ёй плямы чужых пахаў. Я яе не спалохаўся, так апавядалі, бо быў звыклы да жывёлы. Але раптам пры выглядзе бягучага старога, які трымаецца за штаны і сахор, на пысе гіены з’явіўся хітры і помслівы выраз.
    Бледны твар дзеда напяўся і зрабіўся засяроджаны. Падавалася, ён плыве ў прасторы цёплага паветра. Падчас бегу падняў руку і шпурнуў вілы ў звера, але не пацэліў. Гіена, з чыёй пашчы цякла ліпучая пена раз’юшанасці, глянула на мяне і на яго, не ведаючы, да каго звярнуцца, а дзед працягваў бегчы, моўчкі кленчачы і енчучы, кінуўся на гіену і сціснуў вакол яе калматай грудкі худзючыя рукі.
    Гіена залямантавала і зарыкала, перабіраючы лапамі, і ўзляцела ў паветра. Яе вільготныя іклы ўпіліся ў дзедава плячо. Рукавы шэрай баваўнянай кашулі падраліся на палоскі, але я па-ранейшаму памятаю гук зламаных рабрын, які вырваўся на празрыстае паветра з тулава гіены, калі белыя рукі старога, што прывыклі да цяжкай працы, а таксама разгортваць лісты, махаць на развітанне, ездзіць конна, разадралі гіене жывот. Я нават не зварухнуўся. Праз спакой, упэўненасць і, можа быць, праз звычайную цікаўнасць я назіраў за двума ўдзельнікамі бою. Аж пакуль дзед не падняўся з пылу, лаючыся праз сціснутыя зубы па-славянску, і вялікі труп, са звязанымі лапамі, абмяк пад яго рукамі.
    — Ты... ах ты... ты!.. — безупынку сіпеў ён, пакуль не прыйшлі суседзі і няйначай як сілком выцягнулі труп з ягоных рук. Ён абняў мяне, сказаўшы:
    — Ніхто больш не забярэ цябе ў мяне, ніхто болып не забярэ цябе ў мяне...
    Потым аднёс мяне на руках дахаты.
    Там каторы час стаяў моўчкі. Калі атрута пачала віраваць у яго артэрыях, раптоўна прамармытаў старажытныя модлы. Заспяваў надтрэснутым голасам плаксівую мелодыю. Дзіўна захістаўся, і яго імгненна адымчалі ў лякарню.
    Суседскі сын уторкнуў у мёртвую гіену вілы. Потым аднёс да купы смецця за кароўнік. Там выліў на труп газу
    з жоўтай дзежкі ды запаліў. Смярдзючы дым ад падлы лунаў па-над вёскай колькі дзён.
    — Ніякай табе гістарычнай свядомасці! — скардзіўся Мешулам мне даросламу. — Гэтую гіену трэба было здаць мне ў музей.
    Вяскоўцы пагаджаліся: тое быў гераічны ўчынак. 3 гэтай нагоды апублікавалі ў цэнтральнай тэль-авіўскай газеце невялічкую хроніку пад загалоўкам “Ветэран другой аліі выратаваў унука”. Калі я трохі падрос і навучыўся чытаць, то корпаўся ў шуфлядках дзеда. Я чытаў выразаную заметку, аж пакуль не вывучыў яе на памяць.
    “Якаў Міркін, прадстаўнік другой аліі, адзін з першапасяленцаў Ізрээльскай даліны, выратаваў свайго малога ўнука, Баруха Шынгара, з лап гіены, якая ўварвалася ў межы яго гаспадаркі. У момант, калі Міркін калі рабіў у кароўніку, ён заўважыў небяспечнага звера, які яшчэ даўней напаў на некалькіх жыхароў Ізрээльскай даліны. Ён бачыў, як звер набліжаецца да ўнука, што гуляў на падворку. He вагаючыся, з рэдкаснай адвагай ветэран накінуўся на гіену і задушыў яе галаруч. Міркін быў укушаны, і яго адвялі ў лякарню Аб’яднаных прафсаюзаў працаўнікоў Зямлі Ізраіля, дзе абавязалі прайсці серыю ўколаў супраць сабачага шаленства. Унук, трохгадовы хлопчык, сын сябраў Беньяміна і Эстэр Шынгар, забітых год таму арабамі-пагромшчыкамі, якія кінулі гранату ў іх дом”.
    ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ РАЗДЗЕЛ
    — Ну ты змяніўся! — сказаў я дзеду некалі гадоў пасля, калі вырас. Даследаваўшы, я ведаў здарэнне ўздоўж й упоперак.
    Тады мы пахаджвалі паміж дрэваў, і дзед вучыў мяне, як расшчапіць галіны айвы, калі яны растуць не туды, куды трэба. Надта доўгія, без сучкоў, парасткі.
    — Скажы цяпер, маё малятка, дзе ты хочаш, каб расшчапілася галіна?
    Я зноў глянуў на яго з недаверам. Раней я ведаў, што насечка галін — гэта руціннае дзеянне ў доглядзе сада. Ён памераў аблыселую галіну. Абраў на кары развіты бутон. I надрэзаў над ім адтулінку ў форме паўмесяца. У наступнае квіценне з такога бутона вырасце бакавая галіна. Дзед абцяў дрэва.
    Эліезэр Ліберзон, пасля таго як аўдавеў і аслеп і ўжо ні бачыў нічога, апроч ценю кахання да Фані, апавёў у доме састарэлых, як дзед пачаў выслаўляцца ў якасці садаўнічага.
    — Я бачу яго перад вачыма, з яго дзікім хушхашам, — з асалодай выдыхнуў Ліберзон. — Гэта рабіла моцнае ўражанне. He кожны дзень шчыплы сацыялісцік з Усходняй Еўропы паказвае карэнным плантатарам са старых паселішч, што яны нуль без палачкі.
    Я ведаў, што дзед палаяўся з плантатарамі, бо выведаў, што некаторыя з іх прадаюць з бутона прышчэпкі апельсіну “абы-як і абы-каму”, праз што і гатунак “шамуці” страціў сваю якасць.
    — I тады прыйшла эпідэмія камозісу і знішчыла цэлыя плантацыі, — апавядаў Ліберзон. — Камлі згнілі, лістота зжаўцела, дрэвы пазагінала. Крэмы, дэзынфекцыйныя срод-
    кі, медзяныя кіслоты, вапнавае малако — няма рады. Усё роўна як у лякарні, яны нават прадэзынфікавалі матыкі — усё без выніку.
    Дзед запатрабаваў, каб яму для эксперыментаў аддалі заражаны ўчастак, і сяляне ў роспачы (большасць ставілася да маладых першапраходцаў з недаверам) капітулявалі перад ім. Далі яму плантацыю, грошы і працаўнікоў. Ён прывёз прышчэпленыя флянцы хушхаша і пасадзіў іх побач з хворымі дрэвамі. Калі яны прыжыліся, выразаў лапік з камля кожнага хушхаша, а тым часам зрэзаў нажом гнілую кару заражанага апельсіна, адцінаючы да самай сарцавіны. Потым прыціснуў іх папарна, адзін да аднаго. Звязаў і сціснуў разам участак дотыку аголеных тканак, хворай і здаровай. А таксама развесіў вакол камлёў сухія мяхі.
    — Цытрусавыя, што каналі, ачунялі, нібыта ў іхнія артэрыі пералілі новую кроў, — дадаў Ліберзон.
    — Маладыя першапраходцы зладзілі вакол гэтага танцы з бубнам, — сказаў Мешулам. — Справа была не толькі і не столькі ў аграноміі і батаніцы. Гэта было сімвалічна. Новая гарачая кроў хушхаша, якая вылекавала гніль, што распаўсюдзілася па плантацыях працоўных паселішч першай аліі, старэйшага пакалення. Ты толькі можаш уявіць, якія ашалелыя скокі яны зладзілі вакол гэтага?.. Ты не ў курсе пра гэта?! Дык пра гэта пісалі ва ўсіх газетах!
    — Пра першапраходцаў, якія мочацца, у газеце не пішуць! — аджартаваўся дзед.
    Але я, мусіць, з дзіцячай упартасці, больш упадабаў сапраўдны выпадак, што дзед, калі ўбачыў гіену, мачыўся ў смеццевай яме, а не “працаваў на падворку”. Бо пераход ад сікання да бегу патрабуе прыняцця рашэння на іншым узроўні. Як вядома, лягчэй адкінуць наўбоч бак з сумессю або абярэмак сена, чым вызваліцца ад сілы мочаспускальнага прыцягнення.
    Пасля гэтага выпадку ў пасляабедзенныя гадзіны я завітваў часам у кароўнік. Дзед драмаў у бараку або ў садзе пад якім-небудзь дрэвам. Зайцэр зняможана туліўся да сценкі, зазіраў у старую газету, якую Шлёма Левін забываў на падворку. Каровы вадзілі носам у загоне, і нават мухі, страціўшы прытомнасць, пачывалі ў куце на купе запыленых мяхоў або прыціскаліся да кавалкаў салодкіх пладоў ражковага дрэва, сонныя ад асалоды і ляноты.