• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Выхадцы з Жан-Вальжанавых сцёгнаў засялялі загоны і кароўнікі сумежных вёсак нават пасля таго, як ён і ягоны гаспадар зніклі. Нават сёння, калі я прыязджаю адведаць вёску, здараецца, сутыкаюся з асабліва светлым бычком, чый лоб неймаверна шырокі, малады цялок з магутным каркам ды кудзеркамі. “Крэм” Жана Вальжана ўсё яшчэ віруе ў вясковых кароўніках.
    Вясковыя дзеці беглі за маім дзядзькам і яго цялком у надзеі ўбачыць прадстаўленне, але Эфраім быў сама далікатнасць. “Прыйшоўшы з быком да цялушкі, патрабаваў, каб усіх прысутных выставілі вонкі”. У куце кароўніка разгружаў Жана Вальжана, правяраў, ці чыстая і сухая падлога, каб бык падчас акта не паслізнуўся, не зламаў сабе суглобы сцягна. Потым развешваў на ўсю сценку адрэз радна. Толькі ён з Жанам Валжанам заходзіў да каровы. Па другі бок людзі чулі ўдары вялікіх падкоў і рыпуча-пяшчотныя словы Эфраіма. Потым гучны рык каровы, калі на яе заднія ногі прызямляўся жудасны цяжар, і імгненна — глыбокае дыханне быка, які вывальняў насенне.
    Пасля Эфраім апускаў заслону, высоўваў пакрытую маскай галаву, сарамліва казаў: “Скончылі”. I прымаўся нашмароўваць вільготныя сцёгны быка нечым кшталту парашку-дэзынфектара ад чумкі. Праз колькі месяцаў ён назапасіў дастаткова грошай, каб пабудаваць Жану Вальжану невялікае адасобленае стойла і набыць сабе вялікае радыё, патэфон і кружэлкі. На даху дома сканструяваў антэну,
    што наклікала навіны, і пасля абеду ляжаў у пакоі і слухаў мелодыі шатландскай дуды, а таксама кружэлкі Беньяміна, раз-пораз прымаючы ў сябе брытанскіх жаўнераў з армейскай выведкі, за якімі імгненна пачаў цікаваць Рылаў.
    Усе гэтыя гады Шлёма Левін прыходзіў працаваць на нашым падворку. Селянінам ён заўсёды быў кепскім, аднак яго поцяг да зямлі пакуль што не суняўся, і дзед быў яму ўдзячны, бо памятаў яго дапамогу пасля смерці Фэйгі. Догляд за дзецьмі і праца на падворку і хатняй гаспадарцы. Цяпер прыгадаў Левін, што быў “як мама падлетка”, выступіў супраць “фокусаў Эфраіма з быком”. I сказаў, што трэба прасіць яго працаваць на звычайных сельскагаспадарчых працах, і менавіта такія заняткі вернуць яго да грамадскага жыцця. Але дзед катэгарычна запярэчыў яму:
    —	Як на мяне, усё, што цешыць сэрца Эфраіма, — прыдатнае.
    Тым жа часам пахіснулася здароўе “тоўстай мадамы". Мама Жана Вальжана так ніколі ў Ізраілі і не акліматызавалася. Аднойчы атруцілася клешчавінай і памерла. Цяперака прыляпіўся сірата да Эфраіма з яшчэ большай моцай. Зайцэр, які вельмі ўпадабаў Жана Вальжана, які любіў кожнага, хто намагаецца засяродзіцца на адной справе і вылучыцца ў ёй, і нават спагадаў ягонаму сіроцтву, злавіў Левіна на падворку і лаканічна паведаміў, што “быдла таксама бярэ ўдзел у выбаўленні народа Ізраілева”.
    —	Калі ён дастаткова дужы, каб валачыць быка на плячах, — сказаў Левін, — хай выконвае іншыя працы. Нядобра хлопцу ляжаць аднаму ў пакоі і зарабляць на актах пажады.
    Але ад часоў ранення Эфраім выбіўся з сілы. Яго моц датычыла толькі Жана Вальжана. Іншыя грузы падняць быў не ў стане. Мой бацька Беньямін, напрыклад, мог знесці два мяхі гною на спіне ад воза да кароўніка і не задыхацца. А Эфраім і пад адным хістаўся. Ніхто не мог даўмецца,
    як дзядзька падымае быка. Ніхто, апроч Пінэса, які напісаў у допісе, размясціўшы яго ў вясковай сценгазеце:
    “Да пытання Эфраіма і Жана Вальжана не варта падыходзіць з біялагічнымі ці фізічнымі стандартамі. Тут мы маем справу са зрухамі душы — з такімі цнотамі, як сяброўства, самаахвяра, вялікая надзея і ўзнёсласць”.
    “У кожнага чалавека ёсць свой бык, якога трэба падымаць з зямлі, — пісаў Пінэс. — У кожным з нас хаваюцца плоць і насенне, а таксама каровін рык, што тоіцца ў нутрах і просіцца вонкі”.
    ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ РАЗДЗЕЛ
    Уначы я чуў, як Рыўка гутарыць з Аўрагамам.
    — Ты пэўны, што гэтая карова скалела ад атруты, або твая сястра зарэзала яе, каб падсмажыць мяса?
    Апанаваны страхам, я пабег да дома Пінэса. Той ніколі не замыкаў дзвярэй, і яго старое цела, якое ўзлягала на спіне з выпрастанымі канцавінамі, цалкам паклаўшыся на дзяцей, выпраменьваючы давер і разуменне, што захоўваліся ў ім для ўсіх і кожнага.
    — Рыўка вучылася кепска, — суцешыў ён мяне. Нават не наракаў, што я ўварваўся і пабудзіў яго. Стуль, як памёр дзед і я ўсынавіў Пінэса ў якасці дзеда, ставіўся ён да мяне з падвойнай увагай.
    — He давай ты веры гэтым гісторыям, — дадаў сурова. — Бо ёсць некаторыя, якія апавядаюць, што Эфраіма вывезлі адсюль, бо ён перадаваў брытанцам сакрэты. Маёр Стоўбс быў яго добрым сябрам, і тут некаторыя — не буду паказваць пальцам — зрабілі з гэтага недарэчныя высновы.
    У тыя дні прыбыў у вёску птушкавод, што круціўся ў аколіцах Рылаўскага падворка больш, чым трэба. Труп птушкавода колькі дзён пасля знайшлі ў эўкаліптавым лесе. Згуслая пунсовая кветка распусцілася ў яго спаміж вачэй, а вырваная з Бібліі старонкі была прымацаваная шпількай проста да грудзей.
    — Лухта! — сказаў Пінэс. — Эфраім сышоў праз смерць тваіх бацькоў. Ён быў да іх прывязаны. Беньямін яму быў за брата, любіў яго сардэчна.
    Але некаторыя ў вёсцы лічылі, што Эфраім знік праз адну цыркачку, якая з’явілася з чалавекам па імені Зейтуні,
    некаторыя казалі, што адчаяўся праз немагчымасць вярнуцца, “інтэгравацца ў грамадскае жыццё”.
    — Ну колькі чалавек можа цешыцца ў кумпаніі скаціны?! — кідаў мой дзед, у якога лёс Эфраіма выклікаў нянавісць і крыўду.
    — He хавай мяне на іхніх могілках! — увесь час перад смерцю паўтараў ён. — Яны гіены, якія адпудзілі майго сына. Пахавай мяне ў маёй зямлі.
    — А мы тут у чым вінаваты? — пыталася Рыўка. — Ён быў хлопцам, якому ніхто не мог паглядзець у твар. Пачвара і вар’ят. Мы тут пры чым?
    — Я ведаю Эфраіма. Ён рыхтуе помсту, — зазначыў маёр Стоўбс, пасля таго цэлы дзень ён і яго людзі капалі на гаспадарцы ў Рылава, але ім не зайшло ў галаву, што зброя схаваная ў яме з мачой.
    А Рылаў прамаўчаў.
    — Ён забіў Булгакава, майго ката, — сказала Рыва Маргуліс.
    3 часу смерці ката яна атабарылася на складзе сваіх чысцячых сродкаў. Збірала і назапасіла лізол, мыючыя парашкі, тысячы ануч і безупынку балбатала пра цану, якую ёй давялося заплаціць за сваё вяртанне на родную зямлю.
    Усе вяскоўкі, узброеныя анучамі і венікамі, змагаліся з пылам, які прыносілі колы вазоў. Але Рыва была, мусіць, самая ўпартая ў справе чысціні, і, пасля таго як памёр Булгакаў, пыл пратачыўся праз вокны, каламуцячы празрыстасць яе настальгіі, вар’яцтва ўзмацнілася. Да трох замкнутых пакояў дадала таксама душавы пакой, бо высветліла, што пакідае пасля сябе кроплі і тыя выпараюцца да мікраскапічных бялёсых плям на плітцы. “Плітачная аса”, — назвала яна ямы, і сям’я Маргулісаў была пасланая прымаць душ у памыўцы для кароваў або ў пральні.
    Уся вёска бачыла, як Рыва траціць розум, але Маргуліс і яго сыны, якія жывіліся самымі чыстымі і духмянымі
    натурпрадуктамі, былі людзьмі спагадлівымі. Людзьмі лёгкімі і паблажлівымі. Жыццё побач з пчоламі навучыла іх шанаваць любы занятак. Яны не папікнулі сваю вар’ятку і яе просьбу выканалі.. Каб суцешыць яе ў журбе і напоўніць яе жыццё сэнсам, на гадавіну смерці ката Маргуліс купіў жонцы вялікі амерыканскі пыласос.
    Рыва адкрыла вялікую кардонавую каробку, з якой тачыўся моцны і знаёмы пах раскошы. У яе заняло дыханне ад прыліву шчасця. На адзін вечар яна амаль даравала мужу тое, што паклікаў Эфраіма забіць Булгакава. Яна ўключыла пыласос — і яе цела завібравала разам з яго магутным рухавіком, які ссаў бруд, пакідаючы за спінай вычышчаныя сцежкі. Аднак пасля напоўненага шчасцем тыдня Рыва адчыніла корпус пыласоса і знайшла ў яго нутрах купу смецця. 3 болем і злосцю ў голасе стала дакараць мужа, маўляў, той ашукаў яе. Пыласос не чысціць, а проста пераносіць бруд і гразюку ў іншае, схаванае ад вачэй месца.
    “Яна адкрыла закон захавання гаўна ў прыродзе”, — сказаўУры, калі пра выпадак дазналася вёска.
    У той жа ранак Рыва ўздоўж і ўпоперак нашмаравала пыласос, загарнула яго асобныя дэталі ў мяккія і чыстыя анучкі. Замкнула іх у ванным пакоі, выйшла на пасеку і стала крычаць на мужа.
    — Гэта проста замятанне пылу пад кілім! — загаласіла яна. — Вось яна, гэтая вашая метода! Ва ўсіх жыццёвых сітуацыях менавіта гэта вашая метода.
    Маргуліс глянуў на жонку і зразумеў, што нават выкшталцоны кветкавы пылок ужо не супакоіць яе.
    — He набліжайся! — сказаў ёй. — Пчолы могуць на цябе напасці.
    Ён сам умеў совацца між вуллямі, не страсаючы паветра. Праз завесу ўзлаваных працаўніц, гатовых кінуцца на абарону свайго гаспадара, абглядаў Хаім Маргуліс жонку. Цяпер упершыню ён убачыў тоўстыя і тонкія шнары на скуры, што
    развіліся на каленях за гады скрупулёзнага мыцця падлогі. Пальцы, якія скараціліся напалову ад празмернага скаблення акунутымі ў агнявую ваду анучамі.
    — Пакінь мяне, Рыва, — сказаў ён. — Ты вар’ятка.
    У той жа вечар пайшоў да Тоні, дачакаўшыся, пакуль Рылаў спусціўся ў яму з ліхтаром і аўтаматам. Калі зачыніліся маленькія дзверцы, замаскаваныя зямлёй і саломай, Маргуліс зайшоў у дом. Яго рукі, што тачыліся водарам міра, заплямілі замок. Маргуліс працягнуў абедзве свае загнутыя да верху і салодкія рукі і сказаў Тоні, што ён згодны.
    Эфраіма не памятаю зусім. Раз-пораз намагаюся вывудзіць з памяці пакрытую маскай галаву, што схілілася над маёй калыскай, або зялёнае вока, што перыцца на мяне праз дзірачкі сеткі. Нават гэтая ўразлівая карціна — чалавек, які нясе быка на плячах, — у памяці не захавалася.
    Бацькоў таксама не помню. Калі мне было два гады, Міркіных насціглі жудасныя ўдары. Мама і тата памерлі, Эфраім і Жан Вальжан збеглі з дому.
    Дык мяне забраў да сябе дзед.
    У вёсцы хадзілі пагалоскі, збольшага сярод сябровак, што стары ўдавец не здольны гадаваць дзіцятка “ў належных педагагічных і гігіенічных умовах”, але дзед увагі не звяртаў. Ён ужо выгадаваў дзяцей. Да мяшанкі аліваў, болю страты і цукру дадаў таксама мяне.
    Самота і настальгія размываюць вобраз дзеда. Часам я магу ўзнавіць яго перад вачыма як цэлы партрэт, бледны і выразны, але збольшага я не магу бачыць больш за адну дэталь, выхапленую святлом і зіхоткую ўсё роўна як астравок зімовага поля пад сонцам, што вызірнула праз разрыў у хмарах. Белая рука пакоіцца ля шклянкі гарбаты. Зрух пляча. Вусы і шчака пахіліліся. Тонкія камлі ног, пакручастыя ад працы і старасці.