За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— Пінэс быў мне як другі дзед, — сказаў я.
— ...На іх вяселлі і ў наступныя некалькі дзён усе глядзелі на мяне з нейкім такім шкадаваннем, спагадай. “Мы ж людзі з прынцыпамі! Сябра машава пакутуе — трэба дапамагчы, нават калі ён маладзенькі і дурненькі”. Толькі мая матуля, шпаркі матылёк, багіня кахання, кпіла з мяне.
— ...Разумееш, — дадаў ён пасля кароткай паўзы, — усё здарылася праз насланнё, якое мая мама выгадавала ў дачыненні да тваёй гаротнай бабкі. Выключна праз гэта.
— ...У нашай вёсцы каханні, нянавісці, узаемныя прэтэнзіі — усё роўна як злучаныя сасуды, — патлумачыў ён, калі мы вярнуліся на вілу. — Ты націскаеш у адным месцы, а ўся брыда і гразюка вылазіць з другога. Урэшце ўсё выроўніваецца, збалансоўваецца, аціхае і разгладжваецца. Я аддаў высокую цану за тое, што твой дзед працягваў кахаць сваю крымчучку. Мешулам забіў Хагіт, бо Песі Цыркінай было цяжка працаваць у гаспадарцы. Атвая бабуля, гаротная Фэйга Цыркіна, расплацілася за ўсіх. Я яшчэ памятаю яе, дарма што быў дзіцём, калі тая памерла, памятаю. Яна была адной-адзінай прычынай сварак маіх бацькоў.
— Калі я прыехала ў вёску, дык бачыла тваю бабулю лічаныя разы, — апавяла мне Фаня Ліберзон, калі я быў малым.
— I заўсёды здаля. У першы раз я пабачыла яе ля дазорнай вежы. Яна ішла з імі да Сіняй Гары, і нібыта ток прабег спаміж сябрамі маёй брыгады. Яны зашапталіся і сталі паказваць пальцам у бок Працоўнай Сябрыны. Фэйга апранала вопратку галілейскіх працаўнікоў — белую кашулю і чырвоныя арабскія чобаты. Ажно добра было відно нітачкі, якімі прывязаліся людзі маёй брыгады да яе.
Фаня ўсміхнулася:
— Я не арала, не сеяла, не крышыла камення. Хоць у маёй брыгадзе ўсе былі вялікія ідэалісты. Шмат гаманілі пра роўнасць і супольную працу, аднак дзяўчат пасылалі працаваць на кухню. За вечар да таго я спаліла сачавічную поліўку — такога шквалу абраз і зняваг я не забуду ніколі! Мне зладзілі “цягнічок”. Сталі пляскаць талеркамі па стале. Пачалі перадаваць іх з рук у рукі па ланцужку, а апошні шпурляе на падлогу. Я праплакала ўсю ноч...
Калі Фаня прыйшла ў вёску, дык папрасіла Ліберзона, каб прадставіў яе Фэйзе. Імя Фэйгі Левінай было славутае найперш сярод працаўніц.
— Я сарамліва падышла да яе, глянула ў вочы.
Фаня заўважыла, што позірк бабулі расфакусаваны, а вочы абслізгваюць яе абапал. Да канца не верачы, што яна гэта зараз робіць, Фаня падняла рукі і прыціснула да халодных скроняў Фэйгі. “Скроні заўсёды былі астуджаныя, вільготныя. Ледзяныя скроні”.
Вачам бабулі вярнуўся фокус, і дзве жанчыны зрабіліся неразлучнымі сяброўкамі. У наступныя гады бабуля нарадзіла трое дзяцей, аднаго за адным. Фаня спярша нарадзіла мёртвага, а потым — Даніэля, свайго адзінца.
— Ты мусіла ажаніцца з усімі трыма — або ні з кім! — сказала Фаня. Яна ведала, што адносіны паміж Якавам Міркіным з жонкай — роўныя, але каханнем там не пахне.
— Пасля дзесяці гадоў разам яны былі як тры браты і сястра, — зазвычай казала Фаня кожны раз, што людзі параўноўвалі гісторыі і высоўвалі дапушчэнні датычна Працоўнай Сябрыны імя Фэйгі. Фаня не даравала мужу і двум яго сябрам. Злосць палала ў ёй аж ад дня бабулінай смерці і ні аціхла ні на хвіліну.
— Я бачыла, як яна сядзіць на базальтавым валуне ды плача на беразе Галілейскага мора. Быў вечар, яны ўтрох расчэсвалі яе валасы. Гэтай карціны ніколі не забуду, — апавядала Фаня Рахэлі Левінай.
Дзве старыя сядзелі ў садочку, дзе гадаваліся прыправы і пахучыя зёлкі, і тутэйшы алейны водар ахутаў таксама мяне.
Даніэль пасміхнуўся.
— Усе ведалі, што ты хаваешся і ўважліва слухаеш, — сказаў ён. — Як на мяне, дык мне было ўсё роўна.
Мы паселі на плоскім даху маёй вілы.
— Тут я зладзіў назіральны пункт, — сказаў я яму, накрываючы на стол.
— Я яшчэ памятаю твайго дзеда маладым. Тваю бабку і як Эфраім пад стол хадзіў.
— Твой дзед быў самы мудры з тых, каго я толькі ведаў, — заўважыў Даніэль назаўтра зранку. — Мудры і зламысны.
Даніэль быў у гуморы. Выйшаў у мой маленькі садок. Сарваў перац ды з асалодаю зжаваў.
— Цудоўны перац! — сказаў ён. — У нас ужо ніхто не гадуе гародніны, адна Рахэль Левіна. Мы цяпер усё роўна як гарадскія — купляем гародніну ў краме — адтуль у яе такі смак.
— Я заўсёды задаюся пытаннем, — прамовіў я, — з якое прычыны ўсе прыязджаюць з усіх канцоў свету, каб пахавацца побач з ім?
— Гэта ўсё мода, напэўна. Але ён напраўду чалавек, якога ўсе багомяць. Нават мой бацька заўсёды побач з ім пачуваўся вінаватым, а Цыркін пагатоў...
I дадаў:
— Ведаеш, калі я быў маленькі, дык шмат бавіўся ў вашым бараку, як ты ведаеш, дык да яго прыходзілі з усёй краіны запытацца пра пладовыя дрэвы. Па ўсёй краіне ведалі, што ён лекуе эпідэмію камозісу, што лютуе на плантацыях...
Пра колькі хвілін дадаў:
—...Мусіць, лічылі яго прарокам. “Міркін прымае пад пальмай” гучыць так, нібыта гаворка ідзе пра камандны пункт прарочыцы Дэборы. Міркін, з зялёнымі пальцамі ды німбам тугі, што расквітнеў вакол яго галавы.
ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ РАЗДЗЕЛ
Вялікая любасць нарадзілася паміж Эфраімам і Жанам Вальжанам. Праз некалькі тыдняў, калі цяля стала прыбаўляць штодня па кілі з лішнім, нашэнне на плячах стала з’явай звычайнай. Нягледзячы на цяжар, Эфраім пачуваўся лёгкім і шчаслівым, нібы цялятка было ягоным костка ад косткі і плоць ад плоці. “Тоўстая мадама”, як празвалі карову ў вёсцы, ужо ведала, што яе сынок паспяхова вернецца з праходкі, і са спакойнай душой адпускала яго да Эфраіма. Цяляці выправы таксама падабаліся, і яно ўжо чакала свайго гаспадара на падворку, скакала перад ім гулліва ды любоўна бадала яго ў бок мулкім ілбом, песцілася, як дзіцятка, якое просіць пагуляцца. У той час, так мне падаецца, вага Жана Вальжана сягнула ста пяцідзесяці кілаграмаў. Эфраім не адчуваў цяжару, але дзіўная звычка спрычынілася да з’яўлення злоснікаў і апанентаў, у тым ліку і спаміж быдла. Напаляліся спрэчкі. Сябры машава баяліся, што звычка Эфраіма прывядзе да паўстання сярод буйнарагатага пагалоўя.
Ясная рэч, з’явіліся насмешнікі і дурні, якія сяброўства Эфраіма з бычком-маляткам мылі здзекамі.
“Чаго горшага — іншыя каровы і мулы хутка запатрабуюць, каб іх насілі на руках гэтаксама, як Жана Вальжана”, — напісаў ананімна адзін з сяброў машава ў насценгазеце.
Злоснікі балбаталі пра гэтых “адрынутых”: Жана Вальжана і Квазімоду, ягонага гаспадара. Калі ў нашым доме даведаліся пра гэтыя мянушкі, дзядуля пабляднеў, як нябожчык, і да самое труны застаўся белы. Калі настала вясна, Эстэр і Беньямін спадзяваліся, што сонца верне дзеду колер. Але дзед да апошняга дня застаўся белы як малако. Пад
бледнай скурай пульсавала нянавісць, халодная і руплівая нянавісць, што стварыла і спляла павуцінне яго дзей.
Беньямін пайшоў да Дані, сына Рылава, пасля таго, як пакрысе, але напэўна вылічыў, што менавіта ён даў Эфраіму мянушку Квазімода. Беньямін паклаў яму на плячо сваю цяжкую руку і сказаў:
— Ты спаць у свой ложак асцярожна. Бо для мяне ты капут, ферштэйн?
Гаротны мой дзядзька, які любіў Жана Вальжана і “спадзяваўся, што пры яго дапамозе зможа зноў прыхіліць сваіх сябрукоў”, кінуў якар у пратоках сваёй самоты. Ціхмяны і дзіўны, крочыў са сваім неверагодным грузам на плячах. Нібыта прабіваў нябачныя перагародкі з няскладным шляхотным цяляткам на спіне. На вясковыя вулкі яны больш не завітвалі, а выходзілі на плантацыі і сады ды бяскрайнія нівы. Сяляне, якія іх бачылі, саступалі дарогу. Толькі дзеці беглі ўслед і прасілі пагладзіць Жана Вальжана.
Ва неўласцівай для сябе манеры дзед звярнуўся да сяброў вясковай грамады і запатрабаваў вярнуць сына “ў кола грамадскага жыцця”. Хай у яго твар знявечаны, але ён, барані Божа, ператворыцца ў вар’ята-быдланосца. Але Эфраім узбудзіў у вёсцы страх — жудаснымі рысамі твару, маскай на галаве і тым, што насіў цяля на плячах, перакуліўшы грамадскую павестку нашай абшчыны.
— У наш скрупулёзны Статут не ўваходзілі параграфы датычна прадстаўнікоў другога пакалення, чый твар зрабіўся знявечаны ды якія практыкуюць нашэнне прадстаўнікоў буйнарагатага сектара на ўласным карку, — з’едліва перадражніў кагосьці дзед.
— Тым жа часам Жан Вальжан рос, а мой няшчасны сын насіў яго і насіў... Калі Жан Вальжан увабраўся ў шлюбны ўзрост, ягоная вага была тысяча трыста кілаграмаў першараднай плоці. Набрынялая ў целе дзядзькі моц жахала
і ўражвала. Але Жан Вальжан ва ўсім Ізраілі адзіны ў сваім родзе, і чальцы машава сталі падпільноўваць яго ля ганка, умольваючы суполіць бычка з іх цялушкамі.
Спярша Эфраім быў на зле, на просьбы не адгукаўся. Глыбока ўнутры прызнаваў, што ягоны спакой парушаны праз мужчынскасць бычка, што выходзіла на паверхню і біла праз край. Бо нават я часам тое ж адчуваю сам-насам. Эфраім сам працяглы час быў без жанчыны. Можа быць, нават падумваў, што так яму лепш, дарма што я нічагенькі не ведаю ў гэтых тэмах. Але Жан Вальжан прагнуў суполіцца, і стала заўважна, што яго патэнцыя патрабуе вывальнення, бо часам ягоны востры чэлес выпаўзаў са свайго футарала навонкі і навобмацак рухаўся ў паветры, як чырвоная палка сляпога.
У той жа час прыйшоў ліст з французскай акругі Шароль. Той ліст захоўваецца ў бараку, і Бускіла пераклаў мне яго, не здолеўшы схаваць смяшок. Гаспадыня фермы, якая прадала карову рамонтніку гоначных матацыклаў у Дыжоне, хацела ведаць, “ці ж бычок ужо скоча на цялух”, і нагадала, што “кожная кропля ягонага creme — на вагу золата”. Ангельцы і шатландцы, сябры Эфраіма, таксама намякнулі яму, што бычок не проста статычны сімвал іх баявой дружбы, але таксама практычны выраз іх жадання бачыць свайго брата па зброі акрыялым і заможным.
Вяскоўцы ўжо гатовыя былі падлічваць кругленькія сумы за гэтыя наскокі агромністага шарале, а з сумежных паселішч пачалі прыходзіць узрушаныя заатэхнікі і малочныя тэхнолагі, чыё дыханне перарывалася ад погляду на Жана Вальжана і стоеныя ў мясных слаях перспектывы.
Гэтак Эфраім стаўся важным чалавекам. Шторанку ён падымаўся, расчэсваў светлую грыву Жана Вальжана, на скорую руку мыў рогі і падковы, што блішчэлі на сонцы. Пляскаў па магутным карку і рыпучым голасам пяшчотна сіпеў: “Ну, быдляціна ты гэтаткая, хадзем працаваць”.
Жан Вальжан заплюшчваў вочы, крыху ўцягваў жывот, рассоўваў свае тоўстыя ногі, Эфраім кленчыў пад імі і прымушаў схіліцца. Рукамі хапаўся за агромністыя капыты, і дзядзькава пачварная галава амаль што хавалася за пагоркамі светлага жывата, што ўздымаўся ад дыхання. На яго грудзях, усё роўна як таямнічыя плады, гайдаліся цяжкія яйцы, схаваныя ў ружовы гладкі мех, з якога ён даставаў свой агрэгат.