• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    — Як сам? — пытаюцца яны.
    — Ды добра.
    Я намагаюся іх гасцінна, у моц майго разумення, прыняць. Абгрунтаваныя легенды пра маё багацце прырабілі крылы, мусіць, яны чакаюць вячэру з мармуровага мяса і шпікавай косткі. Аднак я па-ранейшаму нашу старую вопратку і па-ранейшаму ем вясковую ежу. Хіба каровінага калоструму я больш не п’ю, бо дастаткова выгадаваўся, і ўзмужнеў, і здзейсніў усе дзедавы планы.
    На задворку, ля броўкі газона, я перамяшаў сем кубоў дзёрну з вёскі з садовым пяском. Бускіла на чорным пікапе
    прывёз зямлі, і цяпер я гадую некалькі кустоў памідораў. Пер’е цыбулі, гуркі і перцы. Курэй, якія там гойсалі, я запёр у клетках, бо тутэйшыя дзеці шпурлялі ў іх камяні, а я баяўся, што выскачу і саб’ю падшыванцаў на горкі яблык.
    — Выдатна, выдатна, — кажуць госці. Яны блукаюць па пакоях, ступаючы гэтаксама асцярожліва, як колісь ступалі паміж маімі помнікамі. Моўкныя, не ў сваёй талерцы, уражаныя, у пошуках таямніц і тлумачэнняў.
    Я прымаю іх на кухні. Гатую салату, крутыя яйкі, таўку бульбу са смятанай і смажанай цыбуляй, крою селядзец.
    — Што чуваць на вёсцы?
    Яны апавядаюць мне пра Рахель Левіну, якую не бяруць гады, пра жонку Якава-сакратара, якая адкрыла ў вёсцы драматычны гурток, пра спрэчкі стасоўна арцельнай структуры, пра сына Маргуліса, які строс з сябе ярмо кааператыўнай адказнасці, адкрыў на шашы прыватную крамку па продажы прылад для пчалярства і гэтым узняў на сяброўскім сходзе цэлую буру.
    — Гэта збольшага твая віна! — кіўнуў мне Узі, унук Рылава, які знянацку намаляваўся ў маім доме за колькі месяцаў да таго, як яго забілі ў адной з войнаў, так, нібыта забыў, што скокаў на маёй спіне і тузаў за вушы. Так, нібыта яго бацька Дані не абзываў Эфраіма крыўднымі мянушкамі. Я не вінавачу яго ў кароткай памяці — бо цяперака разумею, што ёсць людзі, чыя памяць слабейшая за маю, — і не бянтэжуся. Мяне, гэтаксама як Мешулама, трэніравалі на бегавых дарожках чужых успамінаў.
    — Збольшага ты вінаваты! — настойвае Узі. — Ты зламаў у нашым жыцці нешта істотнае.
    — Так хацеў дзед, — стомлена адмахваюся я.
    Узі адно ўсміхаецца:
    — Дружбаку ты можаш адкрыцца, — кажа ён з саркастычнай хітрынкай. — Хопіць строіць дурня! Усе даўно пабачылі, ты разумнейшы за свой выгляд.
    Аднойчы, калі я адчыніў дзверы, перада мной стаяў Даніэль Ліберзон.
    — Я выпадкова апынуўся паблізу і падумаў, што варта завітаць, — злосна прамовіў ён.
    — Запрашаю, — адказаў я.
    Даніэль быў першым, хто не стаў пераступаць кітайскі дыван у гасцявым пакоі. Ён пратопаў па ім у сваіх працоўных чобатах наўпрост да кухні, адчыніў лядоўню і зазірнуў усярэдзіну.
    — У цябе што, няма халоднай вады?
    Я, нібыта апраўдваючыся, паказаў яму маленькую нішу ў дзверцы лядоўні, якая вывяргала кубікі лёду.
    — Які прагрэс! — усміхнуўся ён. — Колькі гадоў мінула, як твая бабка плакала ў нас па амерыканскай лядоўні твайго стрыечнага дзеда.
    Нават цяпер мне проста прыгадаць і ўявіць яго, як ён паўзе ў пялюшках да калыскі маёй мамы. Прывязанасць і любасць яшчэ не пакінулі яго твару, і забойства яшчэ не пасялілася на яго пальцах.
    Ён зіркнуў праз акно і набраў паветра поўныя грудзі.
    — Паветра тут такое іншае, — прамовіў. — Хадзем, Барух, пройдземся па пляжы.
    Даніэль паціху соваўся, і адлегласці паміж яго крокамі былі нагэтулькі размераныя і роўныя, нібыта нехта іх мераў сантыметрам. Здаля я памахаў Давіду, старому, які дае на пракат шэзлонгі.
    — Дык чым ты заняты цэлымі днямі? — папытаўся Даніэль.
    — Нічым асабліва.
    — Я калі-нікалі хаджу на ваш участак, у гадавіну па дзеду і па маме. Уры выдатна ў нас працуецца. Спраўны работнік. Сур’ёзны. Твой стрыечны брат моцна змяніўся. У лепшы бок.
    Даніэль не падобны ані да таты, ані да мамы. У Эліезэра Ліберзона да самай смерці была кучаравая галава. Даніэль ужо амаль што лысы, дужэйшы за бацьку, спакайнейшы.
    — I часам я падымаюся на пагорак, да магілы тваёй маткі.
    “Калі ён хоча пра гэта гаварыць, хай пагаварыць, — кажу я сабе. — Замінаць не стану. Я гэтаксама, як ён, прыкуты і ўкрыжаваны. Клін успамінаў, і зямля тыцкаецца ў ноздры ўсіх нас”.
    — Сёння я не злуюся, — працягваў ён. — Я ў выніку прыйшоў да высновы, што закахаўся ў яе ў слушным веку і што гісторыя скончылася своечасова.
    За нашай спінай чуваць магутны гуд, хлопец з дзяўчынай на блакітным матацыкле едуць па броўцы вады, падымаючы пырскі і вільготны пясок, маланкі залацістых крылаў і вострыя малюнкі шын.
    — Аж да сёння, нават пасля таго як я ажаніўся з іншай, нарадзіў дзетак, дагэтуль ёсць людзі, якія глядзяць на мяне, і ў іх вачох я бачу Эстэр.
    Жонку Даніэля я ведаю шапачна. Маленькая і прысадзістая жанчынка, нагадвае асліцу. Вельмі руплівая. Ён прывёў яе, спалоханую і ўзрушаную, з паселішча новых рэпатрыянтаў, у якім быў важатым. У нашай вёсцы яна заслужыла званне “румынка-румынка, а нармальная”.
    — Дагэтуль памятаюць Эстэр і мяне, калі мы былі дзецьмі. Мешулам кажа, што наша каханне расцанілі па вёсцы як магчымасць, як прароцтва, якое вылецела наўпрост з лекцый Пінэса. Сын Ліберзона з дачкой Міркіна. Каб не мая мама і не твой дзед, тое прароцтва спраўдзілася б.
    — Як там Мешулам?
    Яго голас перасекся.
    — Ты... мог быць маім сынам, — прашаптаў ён. — Але тады, ясна рэч, выглядаў і паводзіўся бы інакш.
    — Або ўвогуле не нарадзіўся б, — кажу я.
    — Гэта было дзіцячае каханне! — заўважыў Даніэль.— У васьмігадовым веку, калі ўсе хлопчыкі ненавідзяць дзяўчатак, Пінэс паставіў нас побач у школьным хоры, і стуль я ў яе закахаўся.
    “У кожнага здарэння, якое адбылося ў Даліне, ёсць больш версій, чым удзельнікаў”, — аднойчы сказаў мне Мешулам.
    — Калі мы былі ў трэцім класе, яна пацягнула мяне на Гару. “Там ёсць курапатвы, — сказала яна мне, — я хачу, каб мы налавілі курапатваў і сарвалі кветкі для гербарыя”. Мы гойсалі там цэлы дзень, і перад заходам сонца яна сказала: “Давай застанёмся начаваць паміж скаламі”. Яна нічога не баялася, але ўжо тады ўмела даць пачуць, што чакае ад мяне, каб я яе абараняў, можаш сабе ўявіць? Дзевяцігадовае дзяўчо.
    Усю ноч мы ляжалі паміж скал. Яна сказала мне, што ніколі са мной не ажэніцца, бо я надта сур’ёзны, надта залежны. Ад усяго гэтага мяса, што яна ела, яна выглядала як дзяўчынка, але разважала як жанчына.
    — I што было потым?
    — Уранні Зайцэр знайшоў нас. Ноч навылёт вёска прабавіла на нагах. Рылаў прывёз пастухоў-бедуінаў з пагоркаў і вершнікаў з Тэль-Адашыма. Але зніклых дзяцей заўсёды знаходзіў Зайцэр. Ён і адвёў нас дадому.
    —	3 вамі, што было з вамі потым?
    —	3 намі?! — яго голас узняўся да рыку.
    Два рыбары, што хадзілі сюды вудзіць рыбу штовечар, абярнуліся.
    — Што з намі было, ты пытаеш?! Ты што, здзекуешся? Хіба ты не ведаеш?!
    Я не адказаў. Параўнанне розных версій падзей заўсёды прыносіла мне расчараванне.
    — Яна абрала твайго бацьку! Які быў настолькі дужым, абыякавым і тупалобым быдляком, ажно змог зачараваць ілюзіяй мужчынскай памяркоўнасці.
    — Ён яе выратаваў! — закрычаў я. — Калі ты з Эфраімам пабег шукаць драбіны, ён злавіў яе, прадухіліў падзенне.
    — Box... — уздыхнуў Даніэль. — ...Табе пра гэта ТАК апавялі? Што яе выратаваў ЁН?
    Я маўчаў.
    — Яны былі цікавая пара, твой бацька і твая матка, вельмі цікавая... На вёсцы ўсе вярзуць абы-што. Маўляў, я да яе заляцаўся і цягаў рондалі са смажаным мясам. Што на яе вяселлі я схаваўся ў эўкаліптавым лесе і галасіў адтуль. Што быццам я напісаў плугам яе імя літарамі памерам кіламетр на кіламетр.
    — Ты не пісаў?!
    — Вось скажы мне, — злосці поўныя косці звярнуўся да мяне Даніэль. — Ты думаеш, падчас арання нівы, перад сяўбой, у кагосьці ёсць час крэмзаць на зямлі кіламетровыя літары? Ты што, мехам ляснуты? Скажы мне, напрамілы Божа, ты зусім без клёпкі? Ты дзе жывеш? Ты ведаеш, што робіцца ў вёсцы? Што робіцца ў дзяржаве? Што працоўны рух гібее і марнее? Што моладзь з’язджае? Што вёска загрузла ў даўгах? Што мы прадаём даілкі і выкарчоўваем сады? Ты ведаеш, што нашы людзі гінуць у войнах? Або ты думаеш, што абеліск палеглым салдатам — гэта першабытная знаходка, якую Пінэс выкапаў з-пад зямлі?!
    Каторы час мы крочылі моўчкі. Пакрысе дыханне Даніэля суцішылася і шчокі перасталі дрыгацець.
    — Вось хто мне насамрэч падставіў плячо, дык гэта твой дзед, — сказаў ён урэшце.
    — Я выдраў яе з сэрца пасля таго, як твой дзед выйшаў да мяне. Ён пачуў, як я енчу насупраць нашага барака. Ён выйшаў на сваіх крывых нагах і сказаў мне: “Ты так яе ніколі не здабудзеш”. I тады я, Даніэль, сын Эліезэра Ліберзона, спартовец, танцоўшчык, закаханы юнак, падняўся з зямлі і нарэшце падумаў сабе: “Слухай, нявыкрутка, дабіцца яе сапраўды няма як”.
    Зноў маўчанне.
    — Я выдраў яе з сэрца, усё роўна як выдзіраюць пустазелле, як сірыйскага мескіта, як гумай, як пырнік! He пакінуў аніводнай сцяблінкі на зямлі і спаліў усё націнне. Яна не была вартая ані хвіліны кахання.
    — Я не надта знаюся на каханні і ўсім такім, — прамармытаў я.
    — Тая ноч на Сіняй Гары — гэта адзінае, што я захоўваю ў сэрцы, — цягнуў Даніэль. — Былі мы дзецьмі, мне цяжка гэта зразумець, але насамрэч мы былі немаўлятамі. Чаратовыя каты падыходзілі да нас. Шакалы нюхалі нашы ступакі. Яна ноч навылёт гаманіла, і я ад страху лашчыў яе і цалаваў у шыю, таму чуў яе словы праз рот.
    Галасавыя звязкі ў горле маткі дрыгацелі, скаланаючы паветра на скуры. У дзевяцігадовым веку Даніэль не даўмеўся, што згэтуль і надалей усё сваё жыццё ён будзе адно скочвацца з жахлівага адхону цверазення.
    — Што ты казаў?
    — Нічога, я тут проста... — адказаў я.
    — Я не збіраўся табе ўсё гэта апавядаць. Патрапіў сюды выпадкова. Ведаю, што ў дзяцінстве ты вельмі прывязаўся да маіх бацькоў. Яны таксама вельмі цябе любілі. Ясна, да пэўнага моманту. Дай мне веры, я не збіраўся гэта ўсё табе апавядаць!
    — Ды няшмат ты апавёў, — сказаў я. — I большасць я ведаў.
    — Ты не адступіш, так?
    Ён глянуў на мяне з уважлівай цікаўнасцю.
    — Калі я быў маленькім, дык шмат за табой назіраў. Ясна, ты не заўважаў. Аднойчы я выйшаў на экскурсію з тваім класам, Пінэс папрасіў, каб я вас суправаджаў. I я назіраў за табой. “Каб жа толькі нічога з ім не здарылася, бо ўрэшце абвінавацяць мяне”, — падумаў я. Ты быў дзіўным хлопчыкам, ліп да Пінэса. Цягаў яго хімікаліі і сеткі, а падчас яго прамоваў твае губы варушыліся.