• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Я стаў па-за купай і стаў сікаць. Тут знянацку загадаў самому сабе, падмацаваўшы каманду апаясваючым сцісканнем, спыніцца. Потым схапіў вілы і бег на падворак. Толькі пасля доўгіх трэніровак я зрэшты дабіўся сухіх вынікаў.
    Дзед вярнуўся з лякарні, енчучы праз болі ад жудасных уколаў. Перш-наперш загадаў сучцы Мані, якая збегла з баявога паста, каб падышла. Стаў яе дакараць самымі нясцерпнымі словамі. Маня збегла, абражаная і зняважаная. Учапіўшы місу, знікла з нашага падворка назаўсёды. Ліберзон, які тады быў нашым скарбнікам і часам выбіраўся ў Тэль-Авіў па справах, апавёў, што бачыў Маню, якая цёгалася па гарадской набярэжнай вакол кавярняў і паддобрывалася да брытанскіх турыстаў.
    —	Убачыўшы мяне, ад сораму хацела праваліцца скрозь зямлю, — вышчарыўся ён.
    Я падцягнуў дзеду пераносны фатэлік, бо быў я, гэтак апавядаюць, хлопчыкам дужым. Я, можа, і не лічыўся надта кемным, але быў “магутным, адказным і зычлівым”. Ён сеў на фатэлік і апавёў мне гісторыю, з якой я памятаю толькі словы, якія не зразумеў. “Бацылы, антракс, гідрафобія”, і цьмяна — пра здарэнне з сялянскім сынам, якога ўкусіў валачашчы воўк. Сына адымчалі ў Парыж і выратавалі ад смерці.
    —	Глядзі, калі ласка, маё дзіцятка, — сказаў мне дзед. — Луі Пастэр нечым нагадвае Бэрбанка. Сябар земляробаў.
    Рыва Маргуліс і Тоня Рылава прыйшлі да яго ў адведкі з заклапочанымі тварамі. Дзед глянуў на іх са здзіўленнем,
    бо разам ён іх ніколі не бачыў. Яны сказалі, што вясковы Камітэт раіць сябру Міркіну вярнуць сілы курыным булёнам, і прапанавалі ў гэтай справе дапамогу. Але дзед аднекваўся. Потым загадаў мне схадзіць прынесці сякеру і крук. I мы пайшлі лавіць курыцу.
    У задняй частцы кароўніка ля абпаленага трупа гіены сядзеў Пінэс. Мераў зубы і даўжыню чэрапа. Натаваў і замалёўваў у сваім нататніку. Уражаны настаўнік маўчаў. Убачыўшы дзеда са мной, узняўся і паспяшаўся насустрач.
    —	Кажыце што хочаце, але гэта яна! — загаварыў ён. — Далібог, яна!
    Потым стаў адразаць ёй галаву. 3 веданнем справы нож прайшоўся паміж выступаў у шыйных хрыбцінах гіены. Спрытным рухам Пінэс адцяў струны вялікіх жыл на плячах і патыліцы.
    Праз які тыдзень чэрап гіены — белы, нашмараваны — красаваўся за шклянымі дзвярыма шафы ў школьным “жывым кутку”. Пінэс, які ніколі не саскрабаў плоці пры дапамозе хімікаліяў, пагрузіў чэрап у таварыства яек зялёных мух-падальніц. Лічынкі, якія вылупіліся з тых яек, праз некалькі дзён ачысцілі і нашмаравалі косткі да люстранага бляску.
    Заклапочаныя куры, якія гойсалі ля адрыны, убачыўшы мяне і дзеда з кароткай сякерай і даўгім круком у руцэ, імгненна сцямілі, у чым рэч.
    Дзед пачаў мянціць сякеру. Спярша на камяні, што, круцячыся, пагружаецца ў вадзяное азярцо і вывяргае яскаркі і пару. Потым — далікатным бруском ад касы. Перагукваючыся, куры забегалі па падворку. Залыпалі крыламі. He тое каб дзед быў заўзятым мясаедам, але для сямейнага стала лавіў птушку заўсёды сам. Цяпер ён стаў размахваць круком, які выявіўся не чым іншым, як іржавым альпінісцкім гакам, метра паўтара ўдоўжкі, скручаным на канцы. Дзед імкліва выкінуў руку, злавіў тым гакам ногі Шашаны, нашай
    рабаціністай нясушкі. Спрытна нахіліўся і ўскрыкнуў — моц уколу ўсё яшчэ віравала ў ім — ды схапіў курыцу за трахею.
    Каровы гідліва прымружылі вочы. Рухам, які я ніколі не мог асягнуць розумам і заўсёды прагнуў запаволіць, каб вылучыць кожны яго этап, дзед паклаў шыю Шашаны на бетонную сценку ясляў кароўніка. I апусціў на яе горла кароткую навостраную сякерку.
    Увенчаная грабеньчыкам галава з разяўленай скарлючанай дзюбай павалілася на чорныя гумовікі. Агаломшанае цельца дзед кінуў па бездакорнай дузе сабе за спіну. Нават не абярнуўся, бо траекторыя была яму добра вядомая.
    Абезгалоўленая курыца, пускаючы крывяны фантан, павалілася. Аднак, страпянуўшыся, паднялася на ногі для танца смерці. Дзед ужо адтуль сыходзіў. Ён не палюбляў маю моду сядзець сшэрхлым з разяўленым ротам і назіраць за курыцай і яе дробнымі ашалелымі крокамі. Сказаў:
    —	Гэтую пажаду ты, мусіць, успадкаваў ад сваёй мамы.
    Тым жа часам Шашана лётала назад і ўперад, раз-пораз завальваючыся наўбоч, аступалася. Тады з яе перарэзанага горла пырскала кроў і ўсмоктвалася ў зямлю. Усё адбывалася ў зачараваным вусцішы, паколькі пакуты яе душы ў гэты самы момант адасобіліся ад цялесных мук. Яе галава і горла, а ў ім — галасавыя звязкі, веды болі і крыніца памяці, цяпер ляжалі ў саломе ясляў.
    Я заўсёды баяўся, што курыца знойдзе сваю галаву, падлучыцца да яе і пойдзе сабе прэч. Дзеля пэўнасці я пракраўся да адсечанай галавы і шпурнуў яе катам.
    Крокі Шашаны ўсё больш запляталіся. Яе сяброўкі вярталіся кляваць зярняткі як нічога ніякага. Нават маленькі грабянец, што палаў на маіх штанах, пабляк. Калі курыца зняможана ўпала, я ўстаў і пайшоў глянуць зблізку, як яна выпусціць дых. Яшчэ некалькі дробных кароткіх пырскаў крыві, дрыготка па целе — і вось ружовыя і чорныя бурбалкі выплылі з белай адрэзанай рулі, з глыбінь якой пачуўся лёгкі
    дзіўны ўздых. Прыйшоў дзед, размазаў гумовікамі лужыну крыві, каб хутчэй усмакталася ў пыл, ды ўзяў Шашану да цёткі Рыўкі абскубаць. Але пырскі, якімі фантаніравала Шашана ў сваім танцы, яшчэ на некалькі гадзін пакінулі на падворку плямы, абседжаныя раямі зялёных мух. Пакрысе яны зніклі.
    Увечары прыйшла Фаня Ліберзон і зварыла курыны суп. Калі дзед еў Шашану, прыгожая жанчына сядзела перад ім і размераным і прыемным голасам чытала яму вясковы Статут:
    “Нашая мэта — ствараць супольнасць работнікаў, якая жыве з працы сваіх рук, без усякае эксплуатацыі...”
    “Наш шлях мусіць зліць у адно наяўнае з уяўным”.
    “Адукацыя будзе агульнай і роўнай для ўсіх дзяцей сяброў машава”.
    ‘Трамадскія ўстановы задаволяць духоўныя і эканамічныя патрэбы сям’і”.
    “Узаемная дапамога”, “Сваім мазалём”, “Аўтарытэт талакі”, “Вяртанне да зямлі” — станоўчыя, бадзёрыя словы луналі ў дзедавым пакоі, пакуль рысы яго спакутаванага твару не расплыліся ў раптоўнай паблажлівасці. На кончыках вуснаў распусціўся пазяхальны смяшок, і дзед заснуў як дзіцятка. У сне выраз твару зрабіўся гэткі самы, як пасля смерці, калі я ўзяў мяккае, цёплае і белае цела ды пахаваў дзеда на яго полі, на месцы, дзе ён хацеў сабе спачыну.
    ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ РАЗДЗЕЛ
    Пасля таго як Саламея прыехала і забрала дзеда ў дом састарэлых, пайшоў я да Пінэса, каб апавёў мне чаго яшчэ.
    Завітаў у маленькі дамок ля воданапорнай вежы. 3 адметным садам, абсаджаным дэкаратыўнымі раслінамі: кветкамі ліцыі і вечназялёным хмызняком.
    Пінэс пасадзіў у садзе насенне цёмных фіялак і рознакаляровых гіганцкіх анемонаў. Ля прылеглых да гары Арбэль ручаін выкапаў цыбуліны гіяцынта ўсходняга. На Кармэлі знайшоў горны лубін. Буйное атрутнае насенне праклюнулася, вымазаўшы сад каралеўскім пурпурам. Сярод рэшты балотнай расліннасці ля крыніцы Пінэс сабраў нарцысы і крынічнікі, а таксама казялец, што квітнеў у садзе. Блішчасты, нібыта цясляр Гідэон пакрыў кветкі лакам.
    —	Каб гадаваць ружы і хрызантэмы, я мог застацца на чужыне, — абвясціў Пінэс.
    —	...Архідэя — цудоўная палявая кветка, якую чалавек моцна скалечыў сваім доглядам, — на поўным сур’ёзе паведаміў ён мне пасля таго, як я ўзрушыўся ад гісторый пра Пекера-рымара, якога з букетам белых архідэй адзін расійскі афіцэр паслаў уломваць прыгожую генеральскую дачку.
    —	...Нават Лютэр Бэрбанк, які гадаваў і даглядаў ружы і хрызантэмы, кляўся, што не дакранецца да архідэі. Тая нагадвае гаротных кітайскіх паненак, якім змалку бінтавалі ногі.
    Заўсёды, адчыняючы зялёныя веснічкі Пінэса і ступаючы на каменныя пліты, я рабіўся Барухам з “Г” класа, якога пасля збіцця аднакласніка паслалі да старога настаўніка на гутарку.
    — Ідзі праветрыся да Якава. Можа, ён зможа цябе ўціхамірыць.
    Быў ён першым настаўнікам. Вучыў маю маці, вучыў дзядзьку Эфраіма і дзядзьку Аўрагама. Вучыў мяне, Уры і Ёсі. Пінэс вучыў усіх. Калі Пінэс вучыў першакласнікаў літарам альфабэта, па ўсёй вёсцы ўсталёўвалася ўрачыстая ціша. Вяскоўцы збіраліся ля школьнай агароджы, каб праз класныя вокны паслухаць дзіцячы смех. Пінэс пачынаў не з алефа, а з хэт, апошняй літары. Першае сугучча, якое вымаўлялі дзеці ў школе, было “ха”, “ха”, “ха”.
    — А цяпер, дзеці, адкрытая хэт. Увага! “Ха”, “ха”, “ха”!
    Год-два гуляўся з імі. Вадзіў на экскурсіі, нагружаў даручэннямі. Аж пакуль тыя не высвятлялі: сядло ўжо шчыльна прышпіленае да іх спіны, а вудзіла надзейна заціснутае ў зубах. Але яны ахвотна падпарадкоўваліся ягонаму аўтарытэту. Успаміналі яго з настальгіяй, якая ўжо не знікала давеку.
    У нашай вёсцы з усіх дзяржаўных службоўцаў адзіны Пінэс дасягнуў гонару стаўлення як да роўнага, да звання сапраўднага селяніна. Дзеці почасту строілі з яго кпіны, але пасля таго, як ён сышоў на пенсію, не было хлопчыка ці дзяўчынкі, якія б не давалі яму павагі.
    Калі-нікалі ён заходзіў у клас без стуку і, гукнуўшы “Працягвайце, працягвайце!” напалоханаму настаўніку і ўсхваляваным вучням, садзіўся ў куточку і слухаў урок. А вочы замілавана і ўзрушана назіралі за дзецьмі.
    У вёску прыбылі новыя настаўнікі. Аднак за невуцтва, за расколіны ў іхнім светапоглядзе Пінэс іх ніколі не папікаў.
    — Гэта як ваяваць з ветракамі, — заўважыў ён. — “Як гнацца за курапаткай у гарах”.
    Вучня, які правініўся, адсылалі ў дом Пінэса.
    ...Паволі вучань набліжаецца да туевага жываплота. Пхае зялёныя веснічкі. Ступае на сцежку з каменных плітак. Яго абдае вадой з маленькага распырсквальніка. Вагаючыся, вучань адчыняе ніколі не замкнутыя дзверы. Пінэс тут.
    Далікатна дакранаючыся рукой да вільготнай патыліцы, заводзіць юнака на маленькую куханьку. Каб напаіць зёлкавай гарбатай і пагутарыць. Часам — пра каналізацыйную сістэму, часам — пра байку аб вінаградніку з Кнігі прарока Ісаі. Часам — пра двухполыя кветкі ды іх гераічныя намаганні не заняцца самаапыленнем.
    Праз каторы час юнак з печывам або цукеркай у руцэ вяртаецца ў клас. Яшчэ некалькі гадзін, ціхмяны і суцешаны, смакуе прыязнасць састарэлага настаўніка і слодыч выпітае гарбаты...
    Калі быў маладым, дык садзіў чалавек дваццаць сваіх вучняў — “Залазце, дзеці, заскоквайце, кветкі жыцця!” — на воз, запрэжаны парай мулаў, і вывозіў іх на веснавую выправу, тыдні на два.