За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
кублы з гразі. Пінэс саламянай трубачкай раструшчыў днішча маленькіх авальных ячэек і прадэманстраваў мне, што аса працягвае будаваць дах свайго дамка і не цыруе пабураную падлогу.
— Так загадваюць успадкаваныя ёй шаблоны паводзін, — зазначыў ён. I адразу папытаўся:
— А што лепш? Кволы клёк казурак, падрыхтаваны да лічаных аперацый, або неабсяжны і аб’ёмны розум людзей?
— Палюбуйся! — сказаў мне ён іншым разам. — Рылаў і яго сынок, напрыклад, поўныя афэлкі. Такімі нарадзіліся, і такія ёсць. Толькі пяць адсоткаў іх мазгоў прыдатныя для мыслення. Але тыя пяць адсоткаў працуюць як нястомны маторчык, дзяўбуць-дзяўбуць у адным кірунку. У процівагу вялікім мудрацам, чый палымяны розум з цягам часу развейваецца ў прасторы, як дым.
Я апавёў Давіду пра дыбку, вялікага і жахлівага коніка, якога ўсхваляваны Пінэс прывёз з Галілеі. Настаўнік працяў насякомае шпількай і аздобіў ім сваю калекцыю.
— Як ты бачыш, Барух, дыбка замаскавалася як след, — сказаў ён. — Колер мае зялёны, і калі застывае на месцы, то выглядае як прадаўгаваты лісток. Як толькі яго здабыча набліжаецца, то дыбка выскоквае ёй напярэймы. Абдымае смяротнымі абдымкамі. Нашпігоўвае калючкамі, якія ў яе вытыркаюцца з грудзей... “I ўзяў рукою Ёаў Амэсая, каб пацалаваць яго, і ўдарыў яго мячом у жывот”.
— У цябе быў мудры настаўнік, — сказаў Давід.
— Дыбка есць нават дробных птушачак, а таксама мышэй і яшчарак, — зазначыў я, горды прыдбанай у дзяцінстве і юнацтве адукацыяй.
Давіда звесткі ўразілі.
— Чаго, конік есць мыш?! — здзіўлена перапытаў. — Які гіцаль!
— Нават маленькіх змеек!
Давід узняў тост за ўсіх конікаў. Потым далікатна стаў дапытвацца пра мяне і маю сям’ю.
— Дзіўны ты чалавек! — заўважыў. — Калі ты жывеш тут, то, знакам тым, маеш грошы. Аднак ты не выглядаеш як чалавек з грашыма.
— Я селянін у адпачынку, — адказаў я. — Селянін у адпачынку ад сяла, ад сям’і і ад зямлі.
Уначы, калі я вярнуўся на вілу банкіра, я чытаў лісты, цыдулкі і кнігу пра Лютэра Бэрбанка, якую ўспадкаваў ад дзеда.
“Ніводзін чалавек не выглядаў такім прыгожым, такім ураўнаважаным, такім прасветленым. Ён нагадваў заснулае дзіцятка”.
“Мы пахавалі Лютэра Бэрбанка ў садзе яго старой хаты, у якім пражыў ён сорак гадоў, у месцы, дзе працаваў і зрабіў большасць свайго наробка. Часта ў жыцці ён вяртаўся да гэтага зацішнага кутка. Там, дзе ніцыя галіны спусціліся да самай зямлі, абступілі камель і ўтварылі ўтульны і прахалодны намёт, у якім паветра напоена водарам нарастаў на камлі. Там Бэрбанк і знайшоў вечны спачын”.
У старым асобніку “Нівы” я знайшоў засушаныя кветкі фіялкі і шафрану, якія пакінула мама для маіх прагных пальцаў. Там дзед падкрэсліў сіняй пастай урывак развітальнага слова пра свайго куміра, якое напісаў нехта “А. Фельдман”:
“Было яму ў час смерці семдзесят сем гадоў, пайшоў з жыцця ў Санта-Роза, у сціплым дамку, спаміж ружаў і сліваў, сабрэса і вінаграду”.
“Сабрэс і вінаград, дзядоўнік і блёкат”, — напісаў дзед сваёй рукой на палях крохкага часопіса, бо кветкі гэтых раслін сустрэлі яго тут, у Ізраілі.
“У засені кветак, — паўтарыў я самому сабе на поўны голас. — У засені кветак”.
Але Бэрбанк, насычаны жыццём, пладавіты і шчаслівы, можа, таксама ўцёк ад каханкі і таксама садзіў дрэвы з ядомымі пладамі. Аднак яму не давялося гадаваць кветак і дрэваў у ханаанскай дрыгве. Яго не хавалі ў зямлі, якую абяцалі яго продкам. У яго не было Працоўнага Статута і каму адпомсціць.
Зейтуні позіркам праводзіў Эфраіма. Потым Зейтуні пацёр рукі і павярнуўся. Ён зветрыў пах лёгкай нажывы і хуткай помсты.
— Давай-давай, ідзі памый саган. Ідзі! Ах ты баба, ах ты злыдня!
Сумеўшыся, вяскоўцы падхапіліся і сталі сыходзіць. На патрабаванне Рылава Зейтуні вызваліў тэрыторыю ля крыніцы і ўзяў сваю трупу на начлег па-за межамі вёскі.
— Назаўтра прыйшоў да нас стары Хусэйн з бедуінскага роду Мазарыў. На золку ён хадзіў супакоіць сваіх сабак.
Паміж абрыўкамі туману, што ўсё яшчэ аблягалі на палях, убачыў Хусэйн вагон і клетку, што едуць на ўсход, а таксама Эфраіма, што няспешна сунуўся за імі мяккім, ахайным і нястомным крокам. Распластаны ў яго на плячах Жан Вальжан усё яшчэ спаў. Спярша стары бедуін падумаў, што нехта паклікаў Эфраіма на злучку, аднак увесь дзень убачанае не давала спакою. Адвячоркам ён нарэшце вырашыў, што варта паведаміць. Вярхом пад’ехаў да дома Рылава, свайго шматгадовага прыяцеля.
— Ваш Абу-Тур сышоў, — загукаў ён, пагрукаўшы па люку хованкі. I паўтарыў:
— Ваш быдланосец сышоў!
Але ў хованцы нікога не было. У той самы час Рылаў гнаў свой грузавічок па таемных сцяжынах, што сцякаліся ў вёску. Саслізгваў пры выключаным маторы і патушаных фарах з пагоркаў, цягнучы новы чэшскі камбайн, пад завязку набіткаваны дынамітам.
Хусэйн вядома знаў, што Тоня бавіцца з Маргулісам на плантацыі спаміж вуллёў, цешыцца слодыччу іх апошняй патэнцыі. Але ж з пчоламі звязвацца не хацеў. Таму адразу паскакаў у бок сакратарыята. У след Эфраіму адразу ж выправілі пошукавую каманду, але Эфраім, Жан Вальжан, Зейтуні і яго трупа расталі, як цукар у вадзе.
— Больш я свайго вучня не бачыў аніколі, — сказаў Пінэс. — I Міркін таксама.
Ён вярнуўся, каб працерці акуляры.
— Як так сталася, што бык, які важыць тону дзвесце пяцьдзясят кіляў, адзіны такі экзэмпляр у краіне, і хлопец, які выглядае, прабачце мне, як Эфраім, прапалі?! Як такое можа стацца?
— Эфраім мог прапхнуцца паміж кажаноў, і тыя яго не заўважалі, — сказаў я яму.
— Ты ж сам апавядаў мне пра ката Маргуліса.
Пінэс стаў совацца спаміж помнікаў.
— Калі ты пачаў усё гэтае жудаснае прадпрыемства, я быў адназначна супраць, — сказаў ён.
Яго ўстаўныя зубы застукалі вільготнымі галоднымі сутаргамі.
— Памятаеш, я нават прысутнічаў на пасяджэнні Камітэта, куды ты прывёў свайго ўюткага адвакаціка?
Я не адказаў.
— He думай, быццам я змяніў сваё меркаванне, наслухаўшыся лухты, што вы там нагаварылі. “Могілкі — гэта галіна сельскай гаспадаркі”, “трупы лучаць нас з зямлёй”. Цьху, ганьба! Пачуўшы такое, я гарэў з сораму. Мне было так брыдка, так агідна... “Унук Міркіна — і такое вярзе!” — думаў я.
— А цяпер?
Пінэс засмяяўся.
— Цяпер я змяніўся, плаціна рухнула. Я збіраю ліру да ліры, каб пахавацца ў цябе.
— Ты чаго, Якаў?! — усхваляваўся я. — Каб я з цябе браў грошы?
— Пахаваеш мяне бясплатна, га?
Яго твар казаў, што я дапусціў памылку, але я не зразумеў дзе.
— Маё малятка! — сказаў Пінэс. — Маё малятка...
Ён палашчыў маю шчаку мяккай даланёю. Крэйда і інсектыцыды разгладзілі яе скуру. Жалейка і рыдлёўка ўфармавалі яе ўхоп. Далонь прайшлася па твары і саслізнула на патыліцу. Я прымружыў вочы.
— Ты здзейсніў цудоўны праект, Барух. Праўда, хацеў вытворчы заробак, а атрымаў творчы наробак. Аднак я сабе пашукаю іншае месца, каб пахавацца.
Ён марудна паклыпаўупрочкі. Яго рука нібыта засталася на маіх валасах. Засталася ўсё роўна як дзедава рука. Як водгулле нот Цыркіна-Мандаліны. Як дотык лёду на бабуліных скронях, як пёркі галубянят на стосах пасярод складу садовых суспензій.
У веку трыццаці сямі гадоў, пры вазе сто дваццаць сем кілаграмаў, у вялікім доме ля мора, я, няма што, — вучань Пінэса і дзедава малятка. Мая патыліца чакае яго вуснаў. Яго гісторый. Яго парэзаную і пасыпаную буйной соллю памідорку на стале са сняданкам.
Дотык тонкага і гарачага пылу лашчыць вялікія пальцы ног. Салодкая кроў беражэ ад трасцы і скрухі. Атрута ніколі не згусне.
Шыфрыс з’явіцца: бледны, заплямлены. Гукі малераўскай музыкі шмарганулі за чароўныя матузкі. Буслы на комінах палескіх хат думаюць пра сіёнскіх жаб.
Гук марскіх хваляў праз акно вялікага дома, шоргат мяхоў з грашыма. Дзвесце семдзесят чатыры дзяды і бабкі, адна мандаліна і старэнькі мул пахаваныя на маіх могілках. Першапраходцы, летуценнікі і здраднікі-капіталюгі.
ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ РАЗДЗЕЛ
Мы з Уры ўжо ўмелі чытаць у пяць гадоў. Ёсі вучыцца адмаўляўся. Калі дзед вымалёўваў словы на паперках, дык стрыечны брат сядзеў побач і маўчаў.
Дзед не вучыў нас асобным літарам, як Пінэс. Адразу пачаў з цэлых словаў, дадаўшы агаласоўкі*.
— Літары хай вучаць самі, — сказаў ён. — Асобныя літары не значаць нічога. Сэнс з’яўляецца, калі літары разам.
У дзіцячым саду мы гуляліся ў пясочніцы, якую пасля выкрыцця Вялікага Выкрадання Чакаляты скалаціў Эфраім з сябрамі. А яшчэ сядзелі вярхом на старым, з цэльнажалезнымі коламі, трактары “Кейз”, які насуперак пагрозам Мешулама Цыркіна вяскоўцы прыгналі ў дзіцячы садок, а не ўсталявалі на падворку ягонага музея.
Раз-пораз з сельскае крамы, што месцілася паблізу, прыходзіў Левін. Прыносіў то халодны сок, то булкі. Булкі мы бралі ў гай, які пачынаўся за Домам сходаў. Там рос дзікі часнок, рэлікт той эры, калі дзікія буйвалы яшчэ рагаталі з габрэйскіх першапраходцаў, а трасцавыя камары пілі кроў.
Мы пхалі ў булкі доўгія пёркі духмянага часнаку.
“Пазалаціць пілюлю”, — называла гэта выхавацелька Рут. “Зараз пойдзем пазалацім пілюлю”.
У кароткіх штонцах і белых палатняных панамках. Абутыя ў грубыя сандалі, якія нам сшыў Бранштэйн-шавец, ішлі мы ў гай і спявалі.
* Большасць галосных гукаў у іўрыцкім пісьме пазначаюцца не самастойнымі літарамі, а адмысловымі кропачкамі і рыскамі — агаласоўкамі, якія ставяць вакол асноўных, зычных літар.
Штогод на Пэйсах Бранштэйн прымаў нас у сваім бараку. Даваў грузілы ў рукі, каб нашы нецярплівыя ступачкі як след прыціснуліся да скуранога адрэзу, і пазначаў тоўстым і казытлівым алоўкам памер.
— Ціха, дзеці, ціха! — гыркаў шавец на нас сашчэпленымі сківіцамі, бо ягоны рот поўніўся цвікамі. Як найменш раз на тыдзень мы чулі нечалавечы лямант Бранштэйна, які даносіўся з пабудаванай за майстэрняй прыбіральні.
“Да цябе такіх сандаляў не было. Аўрагам хадзіў у зробленых з шын атопках, а мама і Эфраім гайсалі басанож”.
Да гаю мы ішлі шыхтам. Я заўсёды целяпаўся ззаду, бо быў “самы высокі”. Ёсі, з кіслай мінай, крочыў крыху наўзбоч, шукаючы гладкія камяні для сваёй прашчы. Уры ішоў схаваны ўсярэдзіне сарафана выхавацелькі Рут. 3 сарафана вытыркаліся толькі каленкі і сандалікі — усё роўна як тырчаць лапкі пчолкі з вялікай і салодкай кветкі. Рут, чый шырокі твар выпраменьваў спакой, выглядала чатырохножкай. Дзве босыя стопы, і яшчэ пара малых ступачкоў у сандаліках.