За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— Рэдкая з’ява, — зазначыў Пінэс. — Вельмі рэдкая! Стэпавая пустальга, якая зімуе ў Ізраілі. Такая адданасць!
— ...Выгані гэтую праклятую птушку! — загаласіла Рыўка.
Уры засмяяўся.
— Радуйся, што ён прыляцеў сюды, а не да твайго бацькі! — сказаў Аўрагам.
Бацька Рыўкі, рымар Танхум Пекер, у свой час вельмі ўсцешыўся, калі пачуў, што ўнук гадуе пустальгу.
— Зробім з яе паляўнічага сокала! — сказаў ён, і яго лысіна заблішчэла ад перспектывы ўпаляваць вострыя перажыванні.
У дваццатыя гады Танхум Пекер быў на вёсцы адным з самых запатрабаваных спецыялістаў. Рабіў і ладзіў вуздэчкі, збрую, аброжкі і лейцы. Яго хамуты славіліся па ўсёй Даліне, бо ніколі не ўядаліся скаціне ў шыю. Дзед апісваў мне, як Пекер рэзаў палоскі для пуг. Як вёў нож па вялікіх нарастах на скуры. Як крахтаў ад напругі, высунуўшы кончык языка. Рух пекераўскіх рук быў нагэтулькі ўпэўнены і дакладны, ажно хвост будучай пугі, адлучаючыся ад скуранога палатна, адразу ж пачынаў вібраваць і дрыгацець.
“Калі з’явіліся трактары, яго крыніца існавання ссякла. Аднак ягоныя пальцы і боты ўсё яшчэ тхнулі скурай і шмаравідлам для сёдлаў, пах гэты тачыўся і ад драўляных сцен майстэрні”.
Дык вось, некалі Пекер стаў мроіць пра паляўнічага сокала, “такога самага, як у паноў і афіцэраў”. У маладосці Пекер служыў дзеншчыком кавалерыйскага афіцэра ў войску расійскага цара Мікалая.
— От дзе былі дзянькі... — зазвычай мройна вымаўляў ён, гэтак даводзячы бацькоў-заснавальнікаў да шалу.
— ...У форме з залатымі эпалетамі афіцэры! Шпагі! Памешчыцкія дочкі! Балі, пышныя сукні, танцы, салодкі шэпт у садзе...
Пекер любіў апісваць штогадовы баль у доме паліцмайстра губернскай сталіцы:
— На стол падалі аграмадных рачных рыбін: барбусаў і ляшчоў. Мне таксама далі папіць і перакусіць. А потым усе танчылі.
— Жыдзюган Пекер таксама танчыў і шаптаўся ў садзе? Або толькі лізаў боты свайго гаспадара? — саркастычна пацікавіўся Ліберзон.
— Танчыў, — быў ганарлівы адказ Пекера.
— 3 конюхам штабс-капітана або з кабылай генерал-губернатара?
Пекер не паддаўся. Ён у дадатак кроіў сёдлы і папругі для коней габрэйскага падполля пад брытанскім прыгнётам. Праз гэта ён трапіў на старонкі гісторыі і спатоліў той сверб быць увекавечаным, на які пакутавалі ўсе вясковыя старажылы. Яму хапала персанальнага артыкула ў энцыклапедыі “На варце Бацькаўшчыны”, своеасаблівага помніка яго дзейнасці, а дадатковыя тытулы яго не вабілі.
Дзед па вялікім рахунку Пекера не цярпеў, бо ў часе вайны, калі Працоўная Сябрына імя Фэйгі занялася лугавым выпасам, габрэйскія падпольшчыкі абыходзіліся з імі бесцырымонна. To скрадуць жывёлу са статка, то чыноўнікам з сіянісцкага кіраўніцтва панавыдумляюць пра Сябрыну Бог ведама чаго. Заробак Сябрыне не заплацілі, адзіная пара абутку дасталася Фэйзе, цяжкая праца і голад пакінулі на іх доўгія барозны. Цыркін сядзеў гадзінамі, граў з шырока адкрытым ротам. Спрабаваў стрымаць перарывістыя ноты, аздобіць страўнікавую баладу. Лейцы ўеліся ў Фэйзіну скуру. Але яна, танклявая і смуглявая, здрыгануўшыся, клала змораную руку ды лашчыла галовы сваіх сяброў.
— Хлопчыкі мае! — казала. — Каханачкі мае!
Яе хлопчыкі абгарнулі ногі анучамі. Яны болып не пырхалі, не луналі. Скура, цяжкая, самавітая, ужо нарасла на іх плоці. Голад прыціснуў жываты да зямлі.
...Калі становяцца нерухома, я не ў стане іх убачыць, нават калі заплюшчу вочы, яны рассыпаюцца, нібыта аграмадныя камякі зямлі...
Раз на два дні ІДыркін гатаваў ім ліпнючую кашу з кукурузы і бабоў. Гатаваў у бляшанай печцы, якую пабудаваў у яме, зрабіўшы комін з пабітага парцалянавага збана.
Гады і гады пасля, калі нават смак дыму ўжо выпарыўся з іх вуснаў і валасоў, дзед з паплечнікамі брыдзіўся сяброў
вайсковай арганізацыі “Вартаўнік”. Ганіў іх як “вяльмож, якія прагнулі заснаваць у Галілеі камуну арабскіх скакуноў”.
“Паляўнічы сокал”, — паўтарыў Пекер і дастаў са сваёй скрыні старыя шылы і крывыя голкі. Ён пасеў на лімарскую лаўку — прыціскныя лапкі з драўлянай, усталяванай па цэнтры лавы, стальніцы. Ёсі, Уры і я селі побач, зачараваныя зладжанасцю рухаў ягоных пальцаў і прыемным водарам рымарскай працы. Стары мачаў іголкі ў воск, пляваў на руды пазногаць адзінца. Тым пазногцем ён пункцірам адзначаў на скуры лінію парэзу. Сшываў разам тонкія і мяккія кавалачкі скуры, каб атрымаўся каптурок на галоўку пустальзе.
— Калі птушцы адзець нешта на вочы, яна сядзіць нерухома і паслухмяна, як дзіцятка, — патлумачыў ён.
Ён выразаў кончык для кручкаватай дзюбы пустальгі ды з таўсцейшае скуры сшыў сабе доўгую, да локця, рукавіцу. “Пальчатка, каб абараніць руку. Каб пустальга не падрала кісць на шматкі. Глянь, якія ў яе кіпцюры!”
У той жа час пустальга ўжо пачала вылятаць на паляванне. Але пачуўшы свісток Ёсі, спяшалася вярнуцца і прызямліцца ля ног гаспадара.
— Гэта вельмі добра, што яна слухмяна вяртаецца. Зараз навучым яе стаяць на руцэ. Пабачыш, Ёсі, праз пару тыдняў яна стане цягаць нам на абед зайцоў.
— Дзе там! Стэпавая пустальга — надта малая. У лепшым выпадку прыцягне табе мыш, — заганіў задуму Пінэс. — Для палявання табе трэба ястраб. Да таго ж, Ёсі, паляванне пры дапамозе драпежных птушак было брыдкай забаўкай атрафіраванага класа-чужаеда, які жыў з эксплуатацыі і разбэшчанасці.
— Скажы свайму маралісту, хай лепей працягвае лавіць па начах сваіх жаб, — зняважліва прасіпеў Пекер-рымар, калі Ёсі, запінаючыся, перадаў словы Пінэса.
Ёсі з дзедам узялі пустальгу ў поле. Нам з Уры сказалі ісці наводдаль, каб не перашкаджалі. Пустальга слухмяна
сядзела на руцэ старога рымара. Белыя кіпцюры ўпіліся ў рукавіцу. Яе галаву, зграбную, здранцвелую, нахінулі скураной маскай. Пекер выбраў пасоўнае месца. Памачыў палец слінай.
Дазнаўшыся напрамак ветру, зняў маску і адпусціў драпежніка.
Прыгожая птушка памкнулася наўздым. У ясным паветры чырвоная грудка і рудыя палоскі на брушку зіхцелі.
— Давай свісні ёй!
Ёсі запхнуў два пальцы ў рот і засвістаў. Пустальга затармазіла ў паветры. Распрастала пер’е хваста на манер веера. На якое імгненне завісла на месцы і неўзабаве са згорнутымі крыламі па дыяганалі дала нырца ў бок людзей. Стары рымар выпрастаў ёй насустрач абароненую рукавіцай руку.
Пустальга выпрастала канцавіны, каб затармазіць і сесці, аднак працягнутая наперад рука падала ёй іншы знак, асадзіўшы яе назад. Птушка ўдарыла аб паветра крыламі і скарэктавала свой палёт у бок пекераўскай лысіны.
— Душа ў пяткі схавалася! — падзяліўся Пекер з лекарам, які зашываў яму скуру на чэрапе. — Думаў, мне гамон...
Ёсіна пустальга за гладкую галаву зачапіцца не здолела, адно безупынку запускала і даставала вострыя, як шыла, кіпці. Твар Пекера залівала кроў. Ён страціў прытомнасць проста ў полі. Праклятая птушка спуджана дала драпака, а мы прыпусцілі дахаты гукаць дапамогі.
Дома ўжо нікога не засталося. На падворку працаваў толькі стары Зайцэр. Ён і пабег з намі ў поле.
Зялёныя мухі ўжо абляпілі галаву Пекера. Пашкуматаная скура на скальпе звісала з чарапной косткі. Мы дапамаглі Зайцэру пагрузіць параненага на спіну і суправадзілі іх у медпункт.
Некалькі дзён пасля, калі здароўе пайшло на дабро, Танхум Пекер ужо соваўся знадворку. На яго галаве бялеў ватны турбан. Рымару адразу ж сталі даваць мянушкі —
Арлінае Вока, Німрод-Звералоў і Султан Абдул-Хамід. Ліберзон напісаў у вясковай насценгазеце, што “наша грамадства хоць і прагне вяртання да матухны-прыроды, аднак аніякага звароту да эксплуатацыі звярыных інстынктаў дзеля задавальненняў прымітыўнай прахамаці не будзе”.
— Жывёла палюе, каб насыціцца, а чалавек — каб наталіць вычварэнне, — заявіў Пінэс у школе і зачытаў нам адпаведныя ўрыўкі “Кнігі джунгляў” Рэд’ярда Кіплінга, які “хоць і быў каланіялістам, але, няма што, чалавекам вучоным”.
Я падняўся і каменем, што трымаў у руках, выбіў шыбу. Аскепкі шкла пасыпаліся на стол Аўрагама і Рыўкі.
— Дзед яе не забіваў! — загырчаў я.
— Які камель, такі сук, які дзед, такі ўнук, — кпліва заўважыла Рыўка. — Ідзі-ідзі адсюль, пакуль у косці табе не ўвярнула!
— Хопіць, спыніся! — гыркнуў ёй Аўрагам.
— Хай твой татачка заплаціць за акно!
— Супакойся, Рыўка, зараз жа!
— Чакай-чакай! Калі дзед памрэ, гэны будзе біцца з нашымі дзецьмі за спадчыну, — сыкала Рыўка.
— Хопіць! — закрычаў Аўрагам.
Ён устаў, выскачыў з дому і падышоў да мяне.
— He зважай на яе, Барух! — сказаў мне дзядзька Аўрагам. — У яе нервы. Ты зможаш заставацца тут заўсёды. Я не выкіну з хаты пляменніка.
Я глянуў на яго. Яго драбнюткія крокі, барозны на полі яго лба, а таксама пахілыя плечы атулялі Аўрагама герметычнай абалонкай, якая целяпалася з ім, як панцыр чарапахі.
Час ад часу браў нас і сваіх блізнят у гумно і заахвочваў глянуць-памацаць вязанкі сена. He разумею, ці ж ён цешыўся або злаваўся, бачачы, як я валіў яго абодвух сыноў на падлогу. Уры зазвычай навальваўся на мяне знянацку, ззаду, і заўсёды бакі зрываў ад смеху, калі я падымаў яго ў паветра. Ёсі, абражаны і пакрыўджаны, у слязах бег да мамкі.
Аўрагам узяў мяне за руку. Яго дотыкі мне падабаліся. Я ўжо тады цьмяна разумеў, што некаторыя нашы сямейнікі дзеляць міжсобку аднолькавы від болю. У вёсцы гаварылі, што ў дзяцінстве Аўрагам накінуўся на незнаёмую жанчыну, якая прыехала ў машаў на адведзіны, біў нагамі па сцёгнах, галасіў і кусаў яе за жывот, ажно пакуль удар Рылава не адкінуў хлопчыка на зямлю.
Але мой дзядзька стаў выдатным селянінам, шмат чытаў спецыялізаванай літаратуры. He раз яго клікалі ў суседні кібуц дапамагчы з дыягназам тамтэйшаму ветэрынару. Аўрагам дбайна вёў журнал кароўніка. Кожная кароўка атрымала падрабязны радавод. Там былі штодзённыя назіранні за надоямі, працэнтам тлустасці малака, апладненнямі, родамі і спаронамі, а таксама выпадкамі абязводжвання ў цялят. Гэта надзвычай скрупулёзны журнал. Асабліва раздзелы з датамі, у якія каровы згубілі сваіх дзетак, якіх выправілі на рэзніцу.
Мама памерла, Эфраім знік — і Аўрагам быў адзіным дзіцём бабулі Фэйгі, які застаўся дома. Усе тыя гады ён хадзіў да матчынай магілы. Мы з Уры бачылі, як той едзе на цяжкім ровары Теркулес”, які належаў Эфраіму, на могілкі, што на пагорку.
— Паехаў пагутарыць з бабуляй, — казаў Уры. — Ён апавядае ёй усё, што робіцца ў вёсцы.