За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— ...Там таксама твая мама, — мімаходзь заўважыў ён, але я яму не папусціўся.
Толькі раз на год з багавейным трымценнем падымаўся я з дзедам да бацькоўскіх магіл. У нашай вёсцы час кальцаваўся на дажджавых хмарах, вымяраўся высакоснымі месяцамі*, даўжынёй барозны і таямнічымі працэсамі незваротнага гніцця, і я не хацеў вымяраць яго ў гадавінах смерці.
* У габрэйскім календары, у адрозненне ад хрысціянскага, з месяцовасонечнымі разыходжаннямі “змагаюцца" не пры дапамозе дадавання трыццаць першага чысла ў некаторыя месяцы і далучэння аднаго
Колькі гадоў пасля, калі я ператварыўся з дзедавага маляткі ў прафесійнага далакопа, праз тоўшч грунту я навучыўся чуць, як у трупаў лопаюцца жываты. Але тады я адно сядзеў з дзедам ля бацькоўскага помніка, а потым пайшоў з ім да капца яго жонкі, як заўсёды дагледжанага і зіхоткага. Бетонная ніша ля асновы помніка зіхцела і каласілася жоўтабелымі нарцысамі і лілова-зялёнымі суквеццямі базіліку.
— Нарцысы на магіле пасадзіў тата, — сказаў Уры. — Каб, прыйшоўшы, яму было лягчэй расплакацца.
дня ў высакосны год, а ўстаўляючы раз на некалькі гадоў цэлага высакоснага месяца, “дадатковага месяца адар”.
ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ РАЗДЗЕЛ
Калі нам было адзінаццаць, Пінэс зладзіў вучням ці не апошнюю сваю экскурсію. Паведаміў:
— Як у старыя добрыя часы, на возе, запрэжаным коньмі.
Калі быў малады, то зазвычай браў вучняў да самай мяжы Галанскіх вышыняў і Аўрантыды. У выправы, які доўжыліся тыдні тры. Вучні сушылі кветкі, збіралі казурак. Елі і начавалі ў машавах, кібуцах, а таксама ў арабскіх вёсках, якія папярэдне ўхваліў Рылаў.
Узлаваныя бацькі скардзіліся, што Пінэс забірае юнакоў і юначак ад сельскагаспадарчых прац менавіта ў крытычны сезон, калі лішнія рукі патрэбныя найбольш. Аднак сам Пінэс, на прысвечаным гэтай праблеме пасяджэнні, зазначыў, што ў ягоным рамястве “крытычныя ўсе сезоны”.
— Насенне, якое пасее школа сёння, дасць плады толькі гадоў праз дзесяць, — абвясціў ён. — Таму, сябры, цярпенне!
Цяперака рыхтаваў экскурсію на тры дні.
— Прашу прабачэння, дзеці, вашы бацькі будуць, пэўна, выхваляцца вам доўгімі экскурсіямі, але мае сілы не такія, як у іх час, доўга вас весці я не змагу. Мы дойдзем толькі да Кішона і парэштак старажытнага Бэйт-Шэарыма.
На досвітку дзед прывёў мяне да настаўніцкага дома.
— Ахоўвай маё дзіцятка, Якаў, — прамовіў ён.
У адзінаццаць гадоў я выцягнуўся і быў высокі, як дзед. Пінэс рассмяяўся і сказаў, што, вядома, будзе ахоўваць.
Даніэль Ліберзон пайшоў у якасці важатага. Ён ехаў конна, узброены стрэльбай і пугай. Ягоны позірк лупіў скуру панад роўнем маіх вачэй, шукаючы на лбе схаваныя знакі.
Ля ручая Кішон мы падаставалі з заплечнікаў кішэнныя Бібліі з чырвонымі карэньчыкамі і сталі дэкламаваць “Песню Дэворы” тонкімі ўсхваляванымі галасамі:
I вось выйшлі ўладары на бітву, I біліся ханаанскія ўладары Ля Таанаха да вод Мэгіда...
...3 нябёсаў выйшлі на бітву
Зоркі са сваіх арбіт, ваявалі з Сісрам.
Ручай Кішон падхапіў ворагаў, Старажытны ручай, ручай Кішон!
Пінэс гайдаўся ў старадаўнім рытме слоў. Потым даў прачуханца старэйшынам горада Мероз, “якія, стаіўшыся ў сваім правінцыйным гадзючніку, адмовіліся дапамагаць нашым узброеным сілам у бітве з ханаанцамі”.
Нарэшце сказаў:
— У ханаанцаў было дзевяцьсот калясніц. Яны мчалі па Ізрээльскай даліне, а мы схаваліся спаміж дубоў Тавора.
Ягоны палец шырокімі жэстамі рубіў паветра. Голас, памацнеўшы, трымцеў:
— I тут пайшоў дождж! А што з’яўляецца, дзеці, у нашай Даліне, калі ідзе дождж?
— Гразюка!! — закрычалі мы.
— Колькі гразюкі?
— Ой, шмат! — закрычалі мы. — Боты храснуць — не дастаць.
— Каровам па жывот, — задуменна зазначыў мой стрыечны брат Ёсі.
— I гразюка дайшла да конскіх жыватоў! — цягнуў нас Пінэс далей. — Колы калясніц загрузлі, а тут выскачылі з дубравы мы. А ўжо драць лыка, пакуль дзярэцца, мы ўмеем! “...I ціха было ў краіне сорак гадоў”.
“Гэтая ціша, — пасля паўзы прамармытаў Пінэс, хутчэй самому сабе, чым нам. — Гэтая ціша мераецца ў гадах”.
Мы былі дзецьмі і асягнуць розумам яго мармытанняў не маглі.
Назаўтра паехалі на парэшткі старажытнага Бэйт-Шэарыма. Ужо па дарозе Пінэс палохаў нас, што мы ўбачым “жудаснае месца”.
— Сюды прыбывалі нябожчыкі з дыяспары, каб пахавацца ў роднай зямлі, — прамовіў нам ён, калі мы стаялі ў пахавальных пячорах, вялікіх і ўрачыстых. Ягоны голас залунаў у сутонневай халадэчы. Яго цень дрыгацеў і згушчаўся ў старадаўніх западзінках ад разцоў каменяроў.
— Тут жыў і памёр Егуда га-Насі. Пасля таго як гэтага духоўнага лідара тут пахавалі, усё месца ператварылася ў папулярныя могілкі.
— Але ж мы, — імгненна схамянуўся ён, — прыбылі на родную зямлю, дзеці, каб тут жыць, а не паміраць. Продкі верылі, што пахаванне ў Зямлі Ізраіля адпусціць ім грахі і наблізіць да раю. Мы ж не верым ані ў перасяленне мёртвых у Зямлю Ізраіля, ані ў выкупленне грахоў! Наша выкупленне грахоў — гэта праца на зямлі, а не выдзёўбванне грабніц у скалах. Наша перасяленне мёртвых — гэта аранне глебы! Нашу душу ўфармуем разцом цяжкай працы! А страшным судом нас будуць судзіць яшчэ на гэтым свеце!
— Начорта ты шпігуеш іх гэтай лухтой? — запытаў яго мой дзед падчас чарговага начнога чаявання дзядоўскай кампаніі. Але тут умяшаўся Ліберзон, маўляў, Пінэс мае рацыю, бо замагільны свет — прыдумка ашуканцаў, згламэзданая на абломках ідэй ксяндзоў і рабінаў, якія не змаглі выканаць сваіх абяцанак-цацанак у свеце гэтым.
Праз дзесяць гадоў, ужо на маіх могілках, калі замежныя габрэі пазанімалі іх большую частку, Пінэс нагадаў мне пра тое падарожжа на парэшткі Бэйт-Шэарыма.
— Татальны педагагічны правал! — канстатаваў ён. — Я і думкі не меў, што нехта з маіх вучняў паквапіцца на такое! Тады я проста агучыў асцярогу. А цяпер во скрушна пытаю, ці не я навярнуў цябе на гэтую вар’яцкую задуму?!
— Дзевяноста адсоткаў другой аліі эмігравала з Ізраіля, — дадаў Пінэс. — I цяпер на гэтую зямлю іх вяртаеш ты.
Мы стаялі ля магілы Цыркіна-Мандаліны.
— Ляжыць сабе і выцілінгвае мелодыі, — заўважыў Пінэс. — Ляжыць і музыкуе.
Тамсама, ля магілы Цыркіна-Мандаліны, з Пінэсам здарылася зліццё крыві ў мазгі. Ён прыгнуўся над зямлёй, як зазвычай, калі хацеў да яе прыслухацца. Раптам яго твар аквеціўся кволай усмешкай, а выраз твару пакрысе змяніўся так, нібыта беспасярэдне ў галаве ён учуў схаваны ток. Спярша я не скеміў, што адбываецца, але калі настаўнік стаў валіцца, я адкінуў матыку і паспяшаўся да яго. Саромеючыся заключыць яго ў абдымкі, я адно выпрастаў рукі. Каб ён змог абаперціся, але той рады не даў.
Гэтая рука, што анатамавала пад лупай галавасцікаў, выцягвала кручочкі, якімі цвыркочуць цвыркуны, цяперака малаціла паветра, як сляпы няўмелы хобат.
Пінэс з цяжкасцю падняў галаву, і калі паспрабаваў сказаць нешта, яго губы сказіліся. 3 горла выляталі адно рыпучыя бухіканні. Ён паваліўся на зямлю пяспешна, як той, што тоне ў канаве з твані. Яго твар пашарэў, дыханне стала хапатлівае, а па шчоках пацяклі цуркі поту. Я закінуў Пінэса сабе на плечы і пабег у медпункт.
Доктар Мунк, вясковы лекар, якога ўсе баяліся, выправіў Пінэса на хуткай дапамозе ў шпіталь, а я суправаджаў настаўніка.
— Цяжка сказаць, калі гэта скончыцца, — сказаў мне лекар у прыёмным пакоі.
— Мы пакінем яго ў нас. У гэтых рэчах часта здараюцца вялікія сюрпрызы: як у лепшы, так і ў горшы бок.
Пінэс ляжаў у ложку і звіваўся, як гіганцкая, выхапленая променем святла лічынка. Белае, скарлючанае і вільготнае, яго цела на просцінах калацілася ў курчах. Безупынку еў
і пастаянна сіліўся нешта сказаць. Калі я даў яму ў руку паперчыну і самапіску, каб напісаў, што хоча сказаць, пачаў маляваць крамзолі на левых палях паперы і пасля працягваў пісаць у паветры. Адна яго нага натужліва варушылася. Вочы напухлі і круціліся ў вачніцах, як дзве слівы.
Скура зрабілася вільготная, і раніцай, калі медсястра яго мыла, за вяхоткай цягнуліся тонкія шэрыя павуцінкі. Уночы пялёнка зноў вылазіла з яго скуры так, нібыта ён намагаўся схавацца ў кокане і прачнуцца здаровым і акрыленым, насустрач святлу сонечных промняў і кветкаваму пылку.
Пінэс моцна мяне трывожыў. To па-звярынаму хіхікаў, то мачыўся ў пасцель і раз-пораз сіліўся дакрануцца паказнікамі абодвух рук у паветры. Я быў пры ім дзве ночы і тры дні. Бразгатлівыя сківіцы старога настаўніка, якія ні на хвілю не спынялі малоць харч, малай драбніцай не звялі мяне з розуму. На шчасце, з вёскі даслалі змену, каб глядзець яго да выпіскі.
Толькі праз тры тыдні да скуры вярнуўся колер і выгляд, а з рота Пінэса пачалі вылятаць словы. Напачатку цяжкасць выклікалі некаторыя зычныя, але калі ён разгаварыўся, яго словы зноў зрабіліся гладкімі і прыгожымі. Потым я скеміў, што ён не ўжывае мінулага і будучага часоў.
— Добры знак, — сказаў я лекару напаўпэўнена, — стары хоча прыляпіцца да рэальнага часу, у якім жыве.
Пакрысе да Пінэса вярнуліся словы і законы словаўтварэння, што, як мурашы, накідваліся на апалы плод і цягнулі яго па даўжэзным усхваляваным ланцужку да свядомасці.
— Выдатна, — адказаў лекар. — У яго прагрэс.
Цяпер, калі Пінэс змог размаўляць, працэс выздараўлення набраў моцы і хады. Лекар быў уражаны. Ён не разумеў, што Пінэс — чалавек мэты, фармулёўкі і закона і ўжо сёння можа ігнараваць нервовыя канчаткі. Звярнуўшыся з прамовай наўпрост да сваіх нутраных органаў, ён здольны загадваць ім працаваць. Так вярнуўся да Пінэса рух ног, а потым— суладдзе рук.
Тры дні вёў гутарку выключна сам з сабой, але на чацвёрты звярнуўся да мяне, вымавіўшы абсалютна выразна:
— Продкі маіх продкаў былі першабытнымі людзьмі і пячорнымі жыхарамі.
Я ашаломлена глянуў на яго. А Пінэс, якога мая някемнасць раззлавала, дадаў, нібыта надыктоўваў дыктоўку:
— Сувязь з зямлёй адно ператварае людзей у дурных кароў і сляпых кратоў!
Тады я даўмеўся — стары настаўнік можа вярнуцца дахаты, а таксама хадзіць і размаўляць, махаць сачком для лоўлі матылькоў, аднак душэўнае здароўе да яго не вернецца ніколі. Тыя прыярытэты, якія расстаўляў, тыя муры яго веры, якія ўзводзіў, а таксама рэзервуары яго надзеі — усе яны расплыліся ў вадкіх карунках пены пад каламутнай крывёй, якая пырснула з мазгавых абалонак.