За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Зайцэр для новага рыўка ўзяў усю волю ў капыты. Пусціў моцную пярдыку, паслізнуўся і — з капылоў далоў. На перадку воза пачуўся моцны трэск — “Лангвіт” паламаўся. Аглоблі, шуснуўшы долу, абвіслі на шыі мула. Дзед падняў дугу. Схапіў галаву Зайцэра аберуч, і абодва дзяды бязгучна заплакалі.
Дадому вяртаўся Зайцэр без воза, з пахілаю галавой. Я ішоў побач моўчкі.
— Гэта працоўная скаціна, — сказаў мне дзед. — Залезь яму на спіну, каб ён не пачуваўся, што ідзе ўхаластую.
Я залез на мула. I знізу адчуў дрыготку прысаромленай скуры і яго вільготнае дыханне. На падворак воз пацягнулі коні Цыркіна па мянушках Мічурын і Сталін. У той самы вечар Аўрагам з дзедам пастанавілі выслабаніць Зайцэра ад усіх цяжкіх работ. Мы тады ўжо набылі свайго першага “Фергюсана” на нафтавым рухавіку. Зайцэр заняўся выключна перавозкай малочных бітонаў. Колькі гадоў пасля жылы на нагах сталі катаваць Зайцэра, а паразіты крывяных чарвякоў запоўнілі яго парожніны і спрычыніліся да агульнай млявасці. Таемная мова фурманоў выветрылася з мазгоў.
Дзед прывязаў яго на доўгую вяроўку ў цені смакоўніцы. Аўрагам паставіў перад ім дзве палоўкі ўздоўж распілаванай бочкі, для вады і для аўса, і час ад часу дзед браў яго на павольную праходку, толькі яны ўдвух, панюхаць кветкі і паразважаць.
У процівагу тым старым, якія забываюцца нядаўнія падзеі, але памятаюць даўнейшыя, хворы настаўнік стаў забываць дзяцінства і юнацтва.
— Ведаю, хто я і куды іду, але не памятаю, адкуль прыйшоў, — патлумачыў ён. Трэба меркаваць, патлумачыў грамадзе, мне і самому сабе.
Я прыйшоў у госці да яго ў сад. I паглядаў на яго маркотна. Дзень да таго ён прыйшоў у Дом Вечнасці для Першапраходцаў на пахаванне Будзёнкіна. Зараз быў засмучаны і стурбаваны. Усё жыццё верыў у моц выхавання, а ў маім адхіленні вінаваціў сябе. “Можа, гэта здарылася ў пячорах Бэйт-Шэарыма? Ці калі мы назіралі за жукамі-далакопамі?”
Але я ведаў, што яго раз’юшанасць аціхла. Гэтаксама было з яго рэакцыяй на начны крык з вадавежы. Апавядаючы пра
яго, ён не шаптаў нешта па-славянску і не размахваў рукамі. Яго поўны твар аквеціўся мінай здзіўлення і цікаўнасці. Пад мазгавой абалонкай пульсавала крывяное балота, якое ён ужо быў не ў стане ўпакорыць або засыпаць.
— Вось дык вось, Барух, якія справы! — пасміхнуўся ён. — Са мной адбылося нешта накшталт мутацыі. А мне нават няма каму яе перадаць у спадчыну.
Быў вельмі стары. Штотыдзень я мяняў яму бялізну, прасціны і настольнікі.
— Чаму ты даглядаеш мяне? — аднойчы запытаў мяне, хітравата зіркаючы. — Ты што намысліў?
— Мы абодва засталіся адны душою, — адказаў я. — У цябе няма ўнука, у мяне — дзеда.
Ён раздратавана пасміхнуўся. Але вочы выразна казалі, што мая фармулёўка яму даспадобы.
У яго на вёсцы засталося мала сяброў. Дзед, Ліберзон, Фаня, Цыркін — ужо леглі ў труну. Нават Рылаў даў дуба. Шторанак прыходзіла Тоня да яго помніка на кароткі візіт, спраўджвала, ці той адтуль не выскача. Потым валюхалася па жвіры, абапіраючыся на алюмініевымі хадункі. Сядала на магілу Маргуліса і ў старэчым маразме аблізвала сабе пальцы. Паводле тэстамента я пахаваў тут Маргуліса, набальзамаванага і муміфікаванага, як хецкага ўладара. Сыны налакавалі яго чорным праполісам. Паклалі цела ў да краёў залітую мёдам труну і задраілі яе воскам. У месяц тамуз, калі зямля ад гарачыні робіцца бялёсая і ад сухмені нават колецца, з магілы пачала выходзіць аранжавая пара. Маргулісавыя пчолкі, ачмурэлыя ад настальгіі і слодычы, кружлялі над помнікам, гучна і смутна зумкаючы.
— Яны былі як наложніца ўладара Саўла Рыцпа, што абараняла трупы сваіх сыноў, — урачыста прашаптаў Пінэс.
— ...У гэтым і палягае розніца паміж намі і вамі, — дадаў ён. — Мы шчыруем аддана і засяроджана, вы — груба і крыкліва. 3 вышыні воданапорнай вежы.
Удома Рыва адскрабала з падлогі апошнія ліпнючыя парэшткі, што пакінуў муж, мроячы пра беласнежныя абрусы, кітайскія разьбяныя шкатулкі, ангорскіх котак і пыласосы.
— Каб жа Рыва ведала, што кітайскі разьбяны лак ёсць не чым іншым, як выпаражненнямі тлі, тады, можа быць, яна супакоілася б.
Кроў Пінэса прарабіла новыя раўчукі, цвелячы нервовыя канчаткі і скаланаючы рэзервуары памяці.
— Нібыта нарадзіўся я ў дзень свайго прыплыцця ў Ізраіль, у васямнаццацігадовым веку, — сказаў ён. — А гаспадар гасцініцы ў яфскім порце быў мне бацькам. Бо ён — першы чалавек, якога я ўбачыў пасля нараджэння.
Ён забыўся на імёны бацькоў і сёстраў, на родныя ўкраінскія краявіды. На неміраўскую ешыву, у якой вучыўся да таго, як знянацку ўцёк да Ізраілевай зямлі.
“Сцерлася ўсё”.
Раптам пачаў выносіць на людзі сваю сваю закарэлую нянавісць да Рылава. Ніхто не разумеў з якое прычыны — Рылаў жа пайшоў у магілу.
— Балабол, Ваал, вельзэвул! — кляйміў ён нябожчыка. — Выпладак з Сымонавага і Левінага ахвосця!
Пінэс сыпаў талерку з горкай, пхаючы ў сябе неверагодныя колькасці харчу. Падчас яды жаваў што шалёны так, нібыта за спінай стоўпілася полчышча галодных кракадзілаў і штохвіліны пагражала выхапіць кавалак з горла. Насліненыя, напалову зжаваныя драбкі вывальваліся з яго рота на бліскучае ад вільгаці падбароддзе. Наўзбоч бартоў талеркі ўфармаваліся невялічкія купкі ежы.
— Я, мусіць, трушчу, як Жан Вальжан? Злізваю “як карова языком”.
Паабедаўшы, саслаб і аблёг на ложак.
— Пасля яды важна паляжаць на сале, — абвясціў ён. — Нельга гвалтаваць уласнае цела паралельна некалькімі заняткамі. “Час абдымаць і час ухіляцца ад абдымкаў”.
He толькі я — уся вёска рупілася пра сенільнага настаўніка. 3 вясковае крамы дасылалі Пінэсу прадукты проста да кухоннага стала — каб таму не прыйшлося цягаць кашы. Рахэль Левіна прыносіла гатовыя стравы. Ступаючы ядвабнымі ступакамі, знянацку палохала настаўніка бразгатаннем каструль, калі ўжо збірала на стол.
— Жадаю пухкі сняданак! — аднойчы абвясціў ён. — He з мясных каструль. Прынясі мне ад пладоў твайго саду веснавы абед, што звястуе лагоду і спакой.
Раз на тыдзень я прыносіў яму гародніну, якую выгадаваў ля барака. Яе ён трушчыў з катастрафічнай паспешнасцю. Бускіла цягаў яму з дома, які знаходзіўся ў суседнім гарадку, пузатыя рондалі. У паклонным веку Пінэс утрэскаўся ў кускус мадам Бускілы. Еў страву прагна, адкідаючы мяса. Беручы ў рот толькі параную гародніну і цеста. Жаўтаватыя кускусіны ліплі да ніжняе губы.
“Ты завабіў, і я пацягнуўся", — працытаваў Пінэс для Бускілы.
— Тваёй жонцы трэба было пайсці працаваць на работніцкую кухню ў Пэтах-Тыкве. Там бы ёй не наважыліся зрабіць “цягнічок”.
— На здароўечка, шаноўны! — расчуліўся Бускіла.
Ён любіў Пінэса, дбаў пра яго. Часам прыхваткам цалаваў руку ды імгненна адскокваў, каб не атрымаць другой рукой, якая прышлёпвала яго, як павук муху. Пінэс не любіў усходняга звычаю цалавання рук, але Бускіла тлумачыў, што “так трэба”.
Я прапанаваў яму даваць грошы за прыгатаваныя жонкай для Пінэса абеды.
— Як жа табе не сорамна! — абурыўся Бускіла.
— Пінэс — праведнік. Святы. Мы мусім слепа яму падпарадкоўвацца. Вы гэтага не разумееце. Знакаў чытаць не ўмееце. Белыя галубы, якія заўсёды сядзяць на даху яго дому, — думаеце, гэта так сабе птушкі? А змяя, што поўзае па ягоным садзе і ахоўвае парог?
— Калі ён, крый і барані Божа, памрэ, — вочы Бускілы стуліліся, то з яго магілы выйдзе святло. А магіла заміраточыць. Для мяне прыносіць яму абед — гэта гонар і абавязак.
Уры пакпіў з Бускілавых вераванняў. За вочы стаў называць старога настаўніка “Неміраўскі рэбе”. “Хадзем наведаем праведніка”, — казаў ён мне.
Тым жа часам гутаркі з Пінэсам рабіліся ўсё больш аднастайныя. Ён зноў бачыў у нас школьнікаў. 3 грунтоўнасцю і поўным ротам апавядаў пра Шамгара, сына Аната, і яго бітву з філістыйцамі. Або пра лад жыцця сініцы звычайнай. А аднойчы нават паспрабаваў задаць нам хатнія заданні.
I па-ранейшаму, раз на пару месяцаў, чуў начныя выхвалянні дамарослага донжуана, што ляцелі спаміж вершалін.
— Упэўнены, ён робіць свае справы проста на верхатуры воданапорнай вежы, — сказаў ён ротам, набіткаваным стручкамі маладога гарошку.
— Бо гома сапіенс, у процівагу птушкам, не спароўваецца на вачох іншых прадстаўнікоў свайго віду.
— Ён пярдоліўся — даруйце за выраз — з паловай вёскі, — хітравата падміргнуў ён. — Нават з замужнімі жанчынамі. Сёння ноччу там была жонка старэйшага ўнука Ісраэлі... Я гэтага не разумею! Яны ж пабраліся шлюбам пару месяцаў назад. Яна падалася мне ўраўнаважанай дзяўчынай.
Пінэс выказаў здзіўленне, што пажадлівыя выгукі чуе толькі ён.
— Ужо некалькі гадоў... Як такое можа быць? У машаве ж ёсць начная варта, якая пільнуе, чуйнуе. Ці сяляне, што ўстаюць, каб прыняць роды ў жывёлы або падрыхтаваць індычак для перавозкі. Ускручваюцца на золку, каб распыліць на палях хімікаты. Кіроўцы малочных цыстэрнаў выязджаюць на досвітку. Але ж аніхтосенькі не чуе!
На хвілю задумаўся.
— Думаю, гэта гаротны Даніэль Ліберзон, які ніяк не хоча суцешыцца. Або Эфраім. Вяртаецца ноччу і помсціцца.
Мы збянтэжана пераглянуліся, думаючы, што ж там віруе ў шкарлупіне галаўных мазгоў, калі там родзяцца падобныя фантазіі?
— Я гэта расследую! — паабяцаў Пінэс. — Нават калі гэта стане апошнім клопатам у маім жыцці! Залезу на вадавежу і буду чакаць яго там.
Я пасміхнуўся і не надта адгаворваў. Стары настаўнік зрабіўся тоўсты, нездароўчы і лядашчы. Я не дапускаў думкі, што той палезе на вежу па драбінах. Аднак Пінэс прыступіўся да развязання таямніцы са сваёй заўсёднай грунтоўнасцю. ІДягам доўгае часіны ляжаў у шэзлонгу, вывучаючы старыя нататнікі. Шукаў матывы ўчынкам і выкрываўчыя доказы.
Быў у настаўніка адмысловы нататнік крылатых выразаў, вершыкаў і выслоўяў, якія, колісь сарваўшыся з вучнёўскіх вуснаў, зрабілі на яго ўражанне. Калі ён раз-пораз натыкаўся на такі твор або выраз, то пасылаў яго з падборкай некаторых іншых у вясковую насценгазету. Тыя публікацыі выклікалі гнеў сярод былых вучняў. Бо некаторым ужо стукнула пяцьдзясят ці нават шэсцьдзясят гадкоў.
Аднойчы ўся вёска рагатала над надрукаваным у насценгазеце даўнейшым вершыкам Дані Рылава:
Кача, кача, дробна скача.
Кача, кача
есць гаспача.
Кача старая стала
і пададуць яе да стала.
Сорак гадоў пасля напісання гэтага твора яго сачыніцель-гуманіст зрабіўся гадоўцам жывёлы, кум і сват