• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    “Кожны дзень мелены ячмень — восем кілаграм. Віка пасяўная — паўтара кілаграма, сена — тры кілаграмы”.
    Потым паўтарыў увесь спіс некалькі разоў, аж пакуль Аўрагам папрасіў не дурэць.
    Левін, бразнуўшы дзвярыма, сышоў. Згорблены, абражаны, лаючыся напаўголаса, мінуў кузуарынавыя хваіны, у якіх хаваўся я. Але ад наплыву болю мяне не заўважыў.
    Цэлы тыдзень Левін не хадзіў да нас, але з’явіўся яго адказ у форме артыкула вясковай насценгазеты. У тым артыкуле ён згадаў пра “адну сям’ю, што трымае мула-абібока, якога завальвае разнастайнымі ласункамі-пачастункамі, насуперак прынцыпам прадуктыўнай працы, якія вызнае наш працоўны рух”.
    На колькі тыдняў наша насценгазета, якая ў звычайныя часы публікавала адно статыстычныя звесткі стасоўна надояў і цэн на малако, а таксама “нясціплыя абвесткі тэхнікаў-асемянатараў”, зрэдчас — халтурныя опусы вясковых юначак, а яшчэ жалобныя і ўрачыстыя абвесткі з розных нагод, цяпер на сваіх палосах публікавала палеміку ў справе Зайцэра Левіна.
    Большасць падтрымала Зайцэра, але пракінуліся і тыя, хто аддаў перавагу рахункаводу. Дані Рылаў, праз сваю блізкасць да рэзання кароў, прэтэндаваў на дасціпнасць, напісаўшы фельетон “Светлая будучыня”, у якім рахманыя і талерантныя будуюць санаторыі для хворых асліц і дамы састарэлых для курэй, што перасталі несціся, і ўсё гэта — на каштоўных землях нашай бацькаўшчыны, і прыпячатаўшы, маўляў, здзіўляцца пра гэткі пансіён Зайцэра не варта ў “сям’і, вядомай фактамі нашэння на сябе буйнарагатага быдла”.
    Але ўрэшце ў скандал умяшаўся ўласнай персонай Эліезэр Ліберзон. Ліберзон, апошні сябра Працоўнай Сябрыны імя Фэйгі, ужо жыў у доме састарэлых — у той самай палаце, дзе колісь жылі дзед з Саламеяй.
    Удавец, сляпак, якога вяскоўцы — ды і ён сам — лічылі мёртвым. Дык вось, ён перадаў мне, маўляў, будзе рады, калі я прыйду ў госці з аркушам і алоўкам.
    Мы селі на балконе. Ліберзон дапытваў мяне пра ўсё, што робіцца ў вёсцы. Колісь дзед рабіў гэтаксама. Але ў дзедавым голасе не тачылася эліезэраўскай настальгіі або гневу. Ліберзон цікавіўся, ці паліваю я кветкі на магіле яго жонкі і ці гутару час ад часу з яго сынам.
    — He вельмі каб, — адказаў я ды імгненна перапалохаўся.
    — То-бок я, вядома ж, паліваю! Але з Даніелем не вельмі гутару.
    — Усё магло стацца інакш, — зазначыў Ліберзон.
    — Ага, — пацвердзіў я.
    — Чаго ты агакаеш! — узлаваўся Ліберзон. — Ты ж не разумееш, пра што я! Агакае ён.
    Я замаўчаў.
    — Прынёс аловак з паперай?
    — Ага.
    Тады ён раздражнёна надыктаваў мне колькі кароткіх, хвосткіх радкоў для друку ў вясковай насценгазеце. У іх казалася, маўляў, нават калі ў тэзах Шлёмы Левіна — чыю працу ў вясковай краме сялянская грамада, безумоўна, дужа цэніць — ёсць нейкая эканамічная слушнасць, аднак недапушчальна, каб чыноўнікі падпускалі падобныя заўвагі на адрас вытворчага сектара машава, да якіх належыць наш адданы паплечнік Зайцэр.
    — Перапрашаю, Барух, што падняў голас, — па каторым часе, перад самым маім сыходам, сказаў сляпак.
    — Прыйдзе дзень, і ты таксама пабачыш, што бачу я. Перапрашаю. I прыходзь да мяне яшчэ.
    Уначы Пінэс і Левін ляжалі без сну. Кожны на сваім месцы. Замыслялі планы і плялі інтрыгі.
    Левін хацеў адпомсціць мулу, праз якога яго мыў здзекамі Эліезэр Ліберзон, абразіўшы, як яго ніколі не абражалі. Праз аконную шыбу я назіраў яго старыя раны, што ўсе адкрыліся — ды з іх пачала тачыцца сакрэцыя сораму. Нахабныя хуліганы Працоўнай Сябрыны імя Фэйгі зноў абсыпалі яго кпінамі. Пясочныя віхуры і цунамі чакаляды вось-вось мусілі накрыць яго. Чэрві і вусені ганарыліся ў ягоным ложку, лупілі з яго скуру.
    Тым жа самым часам Пінэс нёс парэшткі кускуса ад лядоўні да ложка. Зацвэгаў падушку і стаў разважаць над выгукамі прагі і юру, якія, прызямліўшыся на балонкі яго далікатных вушэй, растапталі ўсё самае святое. Цяпер, калі кроў сагнала прэч злосць і закупорыла прагу помсты, ён проста хацеў ведаць, хто крычаў.
    Пінэс з цяжкасцю падняўся. Выйшаў з саду. Перайшоў вуліцу. Стаў совацца між доўгіх ног воданапорнай вежы. Пасля таго як ператрываў некалькі хваляў гарачыні і холаду, што абдалі яго з макаўкі да пят, знянацку схапіўся за жалезныя драбіны і стаў караскацца ўгору.
    — Да таго я лазіў туды толькі аднойчы, — апавёў ён мне. — Трыццаць гадоў таму, калі старшакласнікі падняліся на вежу, каб пакатацца на тарзанцы. Палез я з Эфраімам, Мешуламам і Даніэлем Ліберзонам, Аўрагамам ды іншымі юнакамі. Яны каталіся і потым спускаліся па тросе, а мы з Мешуламам злезлі па драбінах.
    Пінэс асцерагаўся, што нехта ўбачыць яго, але найболып баяўся, што яго кволае цела схібіць.
    “Апошнія клеткі развагі, якія засталіся ў галаве, сігналізавалі мне, што варта вяртацца”.
    Страх вышыні змярцвіў усе клеткі яго цела, аднак той усё роўна караскаўся ўсё вышэй і вышэй. Змяклы і ўразлівы, не наважваючыся, зірнуў долу. Цягам руху дагары паветра халаднела.
    Вільготнымі рукамі Пінэс трымаўся за жалезныя папярочкі, якія лушчыліся ў пальцах. Цягнуў і валачыў змярцвелае цела з моцай, немавед адкуль узятай, ажно пакуль не скончыўся мур.
    Ён перакінуў адну нагу праз парог і, не мудруючы, паваліўся на бетонны дах вежы. ІДела працяла дрыготка вусцішу і натамлення. Колькі хвілін ляжаў там, “як забітая падла”. Покуль з замілаваннем не адчуў шурпатую прахалоду бетону, якая вярнула яго да цямы. 3 цяжкасцю выдыхнуў і агледзеўся.
    Дах вежы быў круглы і пляскаты, абнесены нізенькай сценкай-агароджай, паверх якой беглі трубкі-парэнчы. Бліжэй да краю высілася руіна агляднага пункта ахоўнікаў, якія колісь стаялі тут на варце, узброеныя пражэктарам і звонам. Колькі пустых мяхоў і пашкуматаных сігнальных сцяжкоў, бялёсых ад пылу, валялася ў закутку.
    Пінэс падняўся. Прытуліўся да парэнчаў. Галава ў яго закруцілася. Ён абапёрся аб халоднае жалеза і сяк-так агойтаўся.
    Раптам міжвольна выгукнуў: “У-гу! У-гу!” Але выгук выйшаў кволы — распусціўся ў кронах дрэваў і павевах начнога ветру. Сіпуха, маўклівая, бы вандроўнае насенне старасценю, знянацку праляцела ля самай галавы. Напалохала настаўніка, хоць ён заўсёды прылічаў гэтую совападобную да “сябровак селяніна”. Меркаваў, што “рэдкія налёты на куратнік з лішкам кампенсуюцца яе бескампраміснай барацьбой з мышамі”. Пракідваліся сяляне, якія палявалі на сіпух за маўкліва-вусцішны палёт і падабенства белых рыс тварыка птушкі да чалавечых. Гэтыя свавольствы заўсёды прыводзілі настаўніка ў стан гранічнай раз’юшанасці.
    Пад нагой разляглася вёска. “Ужо не белыя намёты спасярод пусткі. A — хаты, кароўнік і паша. Працярэбленыя і выбрукаваныя дарогі. Дрэвы і людзі, што пусцілі глыбокія карані”.
    Вёска спала. Вецер свістаў у драўняным суплёце галін. У курыных жыватах утвараліся пацеркі жаўткоў. На складзе ўгнаенняў вуркаталі міксеры. У цемры траскаталі палівальныя сістэмы.
    Паўтары гадзіны сядзеў Пінэс у засадзе, аднак выніку — нуль. Зрэшты, з сэрцам, змярцвелым ад жуды, спусціўся па драбінах і сунуўся ў бок дому.
    Амаль сшэрхлы, сказаў сам сабе: “Я змог, заўтра зраблю яшчэ раз”.
    ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ РАЗДЗЕЛ
    На схіле дзён, у доме састарэлых, дзед быў нагэтулькі кволы, ажно дні навылёт заставаўся ў ложку або сядзеў у інвалідным вазку. Саламея як магла даглядала яго, але здаровай і моцнай яе таксама назваць было цяжка. Паміж імі ў паветры лунала пара даўнішніх мараплаваў і вакзалаў. Дзед і Саламея безупынку дакраналіся адно да аднаго, адно аднаго абглядалі. Падбадзёрвалі, сыходзіліся і разыходзіліся.
    Крымская шлёндра гадзінамі паглядала на дзеда, датыкалася да кончыкаў яго пальцаў, чытала клінапіс зморшчын на ягонай шыі і плакала. Ужо праз колькі тыдняў дзед як бы стаптаўся. Грудзі здзьмуліся, тулава скарлючылася. Яе позірк, які больш не мог жывіцца эмоцыямі і мроямі, пачаў смактаць клеткі плоці.
    Яго стаўленне да яе, далікатная абалонка педантычнага кахання, выявілася нервозным і рызыкоўным, нібыта мастацтва канатаходца. Адзін няслушны рух — і дзед рызыкаваў зноў уваліцца ў яе вочы і там распусціцца. Аддаць духі і захлынуцца ва ўласнай касцяной муцэ.
    Толькі цяпер я разумею, што былі там у пакоі чацвёра: дзед і Саламея — у старасці і ў маладосці. Часам абое старыя ці маладыя. Часам Саламея была маладая, а дзед — стары. Часам — наадварот. Час, які я вывучыў адно паводле муміфікаванага плода і выспяванні бурлівага лёку для аліваў, ператварыўся ў іх пакоі ў флюгер, які адначасова павернуты абодвума бакамі і якому ніводзін вецер не зможа нічога зрабіць.
    Малако, якое я прыносіў, глытаў ён з цяжкасцю, але ўпарта выпіваў усё да дна. Час ад часу моршчыўся і вырыгваў
    ліпнючы цурок кіслага сыру сабе на грудзі. У “цяжкія дні” я цягаў яго ў душавы пакой абмыцца. Намыленае цельца аблягала на маіх вялікіх руках, а яго позірк, усё роўна як узмах белай касынкі, разбягаўся па прасторы. У “лёгкія дні” дзед змушана пасміхаўся кволай усмешкай і дапытваўся пра падзеі на гаспадарцы.
    3 Саламеяй я не размаўляў, хоць і назапасіў да яе шмат пытанняў. Калі яна прыехала ў Ізраіль, я яе ненавідзеў. Яе і тых савецкіх людзей, якія выпусцілі яе адтуль. Тыдзень пасля яе прыезду дзед стаў ладзіць пераезд у дом састарэлых. Ад нас свае планы схаваў, і калі паведаміў нам, што пытанне ўлагоджана і завершана, мы ўсе знямелі. Аўрагам зморшчыў лоб. Рыўка стала цяжка дыхаць і зрэшты вымавіла:
    — Цудоўна, цудоўна, ты, спадзяюся, ведаеш, што робіш.
    Ёсі прамаўчаў, а Уры захіхікаў і сказаў:
    — Ну ты, дзед, і круцель!
    Унутрах мяне схаладнела ад жуды. Я ведаў, што гэта звязана з жанчынай, якая прыехала з Савецкага Саюза, пастукала ў дзверы барака і ўвайшла ў святліцу казачнай гераіняй.
    — Вітаю, Якаў! — сказала яна. — Пачастуеш мяне гарбатай?
    Дзед устаў. Яго рукі трэсліся. Ён, ясная рэч, ведаў, што Саламея мае прыехаць. Пеліканы прыляцелі як па раскладзе, і тэлеграму з Ерусаліма ўчора ўрачыста прывёз Бускіла.
    Бускіла любіў тэлеграмы. Ён выдрэсіраваў Зіса на выпадак, калі ён атрымліваў тэлеграму, рыкаць усё роўна як “французская карэта хуткай дапамогі”.
    “Гэта і ёсць цымус маёй працы”.
    — Гэта мой унук, — вымавіў дзед. — Яго імя Барух.
    Гэта былі першыя словы, што ён сказаў ёй пасля даўжэзнай разлукі.
    Калі ён падаў ёй шклянку гарбаты, яна рассмяялася, бо дзед у збянтэжанасці перакочваў у роце аліву. Паблажліва рассмяялася ды ўладным жэстам паклала руку на яго перадплечча.