За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Калі калючкі мескіта прабілі падлогу і брыдкія плады павылазілі, як ракавыя пухліны, я падхапіўся з ложка. Паклікаў Ёсі, і мы з матыкамі вырушылі ў сад. Сталі капаць услед за доўгімі і цяжкімі пруткамі карэнне, якое разбягалася пад зямлёй і разносіла па глебе праклён сваіх галін. За дзень капання Ёсі агарнула роспач. На далонях намуляў булдыркі, а ўвечары не мог разагнуцца.
— Нічога не зробіш, — абвясціў ён. — Давядзецца раз на тыдзень абцінаць яму суччо, паліваць саляркай і спадзявацца на лепшае.
Але я прагнуў дабрацца да сэрца мескіта, да цела, што выпусціла адгалінаванне каранёў, і чакаў, пакуль дзед сыдзе з дому, а цяперака пад зямлёй падкраўся да мяне.
Глыбокая баразна, якую я выкапаў, перасекла падворак і вырушыла ў палі. Я сунуўся праз сад. Ад магутных удараў матыкі адляталі камякі. Я прашыўся скрозь рысавыя палеткі і лугі з канюшынай. Працерабіў сабе шлях сярод разбураных пазіцый брытанскіх батарэй, адпудзіўшы секачоў і кратоў, выгнаўшы на зямную паверхню станожак і гліняныя чарапкі. Па дарозе адразаў кожнае адгалінаванне асноўнага кораня. Праз чатыры дні выпрастаўся і ўбачыў крынічку.
Тут, у месцы, дзе Пінэс сустрэў араба-аратага, ля малінаў, пры якіх ляжаў немаўлятка Аўрагам, зіхочучы ў цемры, дагэтуль вісеў жахлівы пах Булгакава. Яго ваўняная поўсць матлялася на ветры, а атрутнае дыханне гіены ўсё яшчэ тачылася па лісточках дытыхіі.
Знянацку ўпарты корань, зрабіўшыся таўсцейшым, палез уніз, паглыбіўся ў зямныя бездані. Я прыціснуў яго да сцёгнаў, упёрся нагамі ў зямлю і пачаў цягнуць. У мяне тады
якраз адышла костка — быў я стадваццацікілаграмовая махіна. Высокі, як мама. Дужы, як тата.
Пакрысе ўсхадзілася зямля, выслабаніўшы жаўтаваты корань. Той падняў разам з сабой вялікія камякі, шкілеты пацукоў і закамянелы памёт свіргулёў, вялікія піўныя куфлі з волава і расплясканыя бляшаныя цацкі, якія былі яшчэ гарачыя ад рук нямецкіх дзяцей, якія абдымалі іх, канаючы ад трасцы.
Калі я паваліўся назад, вылез увесь корань. Яго белыя шчупальцы звіваліся ў паветры, як чарвякі-паразіты, што шукаюць апірышча. У глебе расчынілася аграмадная яма. 3 яе струменілася бялёсая і атрутная пара. Навонкі рваўся шоргат камарынай мітусні. Я зазірнуў усярэдзіну і ўбачыў відовішча сівой даўніны — рухомую жамяру, маленькіх інсект, прыціснутых усім целам ад макаўкі да твару. Уцягваючы паветра з караткаватых дыхальных трубачак, чакаюць. Як усе вучні Пінэса, я таксама ўмею з заплюшчанымі вачыма пазнаць лічынку трасцавага камара.
3 ямы падняўся гырк. Балота, якое ўпакорылі дзяды ў тоўшчы зямлі камлямі эўкаліпта, гыркала мне ў твар. Калі сонечныя промні дапялі да яго, то яно ажыло і заварушылася.
Душэўны неспакой апанаваў мяне. Неспакой пачутых мной гісторый. Усе старадаўнія жахі першапраходцаў, якія спляліся ў маёй плоці, — абудзілася ўсё дашчэнту. Я спехам стаў закідваць яму камякамі зямлі. Скачучы што падсмалены, утрамбоўваў зямлю з усяе змогі і вагі.
Вярнуўшыся дадому, убачыў, што пёркападобныя лісты мескіта аблятаюць і вянуць. Адной рукой выдраў з зямлі парэшткі і пайшоў спаць.
Я заставаўся ў ложку дні навылёт, удыхаючы з драўняных сценак барака водар смалы, пах гаю і дух дзеда. I толькі тады скеміў: у магутным знішчальным цяні ягонай постаці маё жыццё ператварылася ў нізкарослую папараць, у лясны перагной.
Доўгія ночы ляжаў я без коўдры, чуючы дробныя крокі па страсе, а таксама дрыготкае ціўканне жоўтавалосых куранят.
Нарэшце прыйшоў Аўрагам. У руцэ поўны бітон. Аўрагам сказаў, што дзед хоча малака.
У той жа год мне паведамілі, што паколькі я сірата, то вызваляюся ад вайсковай службы. У вёсцы палічылі, што ў мяне знайшлі разумовыя адхіленні.
— А чаго здзіўляцца? — казала цётка Рыўка. — Гэты хлопчык узяў сабе ў мацеры шалёнага дзеда.
Цётка Рыўка, якая ніколі не была памяркоўнай жанчынай, ад часу сыходу дзеда ў дом састарэлых болыл нянавісці не хавала. Праз боязь, што “шалёны дзед” перадасць мне ў спадчыну гаспадарку, спрабавала намовіць сыноў хадзіць да яго ў адведкі ў дом састарэлых. Аднак Ёсі сказаў, што ў яго шмат працы ў кароўніку, а Уры расставіў усё на свае месцы, каб у маці не засталося ані найменшых сумненняў.
— Гэтыя дрэвы мяне не цікавяць, я не збіраюся быць селянінам, — паведаміў ён. — Як тут можна ўвогуле жыць? Ад рана да рана тут пляткараць пра кароў!
Ніхто не наважыўся пакрыўдзіць мяне. Я быў самы дужы хлопец у вёсцы. У чатырнаццаць гадоў у акруговым першынстве па перацягванні каната я ўжо атрымаў у камандзе месца “якара”. Дзед падышоў да мяне перад спаборніцтвам і сказаў:
— Барух, ты проста ўпрыся нагамі і не рухайся. Мы ім пакажам!
Але цяпер не было нікога, апрача Пінэса, хто б інструктаваў мяне. Ён выпрабоўваў на мне новыя ідэі і адказваў на мае пытанні. Зайцэр часам зазіраў праз акно і ківаў, але тады ўжо Зайцэр быў вельмі старэнькі, і словаў у яго амаль што не вылятала з рота.
Уранку я падымаўся, і толькі кволыя парэшткі дзедавага паху яшчэ луналі ў пакоі. У аліваў, якія я марынаваў сабе, ужо
не было таго смаку. Яны хутка мякчэлі і гнілі — сырое яйка ішло на дно каменем або куляй выстрэльвала з бака.
Быў “самотным птахам на вільчаку”, як выславіўся Уры. Пакуль таго не выгналі з машава, ён штодня завітваў да мяне. Заўсёды прыносіў кавалкі пірага, якія сцягнуў з матчынага серванта: адзін мне, другі — сабе.
— Як ты так жывеш?! — абураўся ён.
Ластаўкі гняздзіліся ў падстрэшку, шэры мох рабіў сценкі шурпатымі на дотык.
— Нелыа так заняхайваць барак! Гэта, мусіць, апошні экспанат часоў другой аліі. Прынамсі, з тых, што засталіся на паверхні зямлі, — сказаў мне Мешулам, калі прыйшоў папрасіць старую шапку для адной са сваіх выстаў. Тое была “шапка працоўнай моладзі” без палёў і брылёў, зробленая з шэрай моцнай тканіны. Ідучы на палі, мне часам падабалася насіць яе.
Цяпер, самотны, я пахаджваў паміж апаленых сценак барака, скуголячы ад тугі. Па дзеду, які пакінуў мяне, па тату і маме, якія памерлі, па дзядзьку Эфраіму, які сышоў, па ўсіх зорках на небе, якія прыйдуць і збавяць мяне ад смутку і адзіноты. Я бачыў павукоў, якія трымцелі ў закуточках, турэцкіх яшчарак-геконаў, што трымаліся на адных лапках, пазіраючы на мяне наіўным чарноццем сваіх вачэй. Удзень я шчыраваў сярод дрэваў дзеда, які з вышыняў свайго любоўнага гняздзечка загадаў Аўрагаму пакінуць сад на мяне.
— Каб малятку было што рабіць, — сказаў ён. — У яго ўмелыя рукі.
Я абцінаў суччо ў садзе, рабіў “вочкі”, звязваў галіны і нашмароўваў “чорнай сумессю” раны, якія ўсеялі камлі. Гэтаксама, як дзед, я дазваляў садавіне саспець і апасці. Раз-пораз прыходзіў Аўрагам папрасіць дапамогі ў кароўніку — я заўсёды адгукаўся. Ахвотна разгружаў з воза цяжкія сцірты сена і ўкладаў іх у пуню. Чысціў пратокі для памыяў.
М ЭІ Р Ш АЛ ЕЎ
Цягнуў за хамут збянтэжаных і ўсхваляваных цялушак на першае спатканне з быком-асемяняльнікам.
У дні, калі я адчуваў, што праз скруху і роспач крышацца косткі, хадзіў у загон для адкорму пабарукацца з бычкамі. Калі я трымаў за рогі пяцьсоткілаграмовага бычка і гарэзіў з ім, то Зайцэр падымаў ад старых газет маршчыністы голаў і назіраў за мной. Калі я набліжаўся да загона, на хаду здымаючы майку, бычкі-мяшанцы парод брагма, ангус, шарале вывяргалі са сваіх глыбокіх грудзей радасны рык. Яны любілі і мяне і тыя гарэзаванні, якія я прыносіў у іх жыццё, жалюгоднае і кароткае.
У тыя гады адкорм бычкоў на мяса быў вельмі прыбыткоўны. Аднак калі пад’язджалі на грузавіках гандляры ялавічынай, дзядзька Аўрагам змрачнеў. Гандляры намотвалі хвост бычка на кулак і балючымі рухамі рукі направа і налева накіроўвалі быдла на пагрузачную рампу грузавікоў. Аўрагам трываць гэтага быў не ў стане. Два-тры дні пасля таго, як зарумзаных бычкоў адымчалі на разніцу, дзядзькавы цягліцы так напіналіся, ажно той пахаджваў па падворку, валюхаючыся і ўздрыгваючы, як механічная лялька.
Калі я гарэзіў з бычкамі, ён не казаў нічога, але выраз задаволенасці слізгаў па столках яго лба. А па твары распаўзалася павольная ўсмешачка.
Раз-пораз я бачыў цётку Рыўку, якая хавалася за таўсматым камлём эўкаліпта і цікавала за мной праз штыкеціны загона. Як я выходжу раздзеты і спатнелы, расхлістаны, з напятымі жыламі.
— Ідзі знайдзі сабе дзяўчыну замест таго, каб качацца ў гразюцы з быкамі! — узлавана крычала яна і спрытна ўцякала.
У дзедавых шуфлядках я знайшоў старыя паперы, дакументы, ссохлыя кветкі мамы. Лісты, якія дасылалі прыяцелі з усіх канцоў краіны, каб пракансультавацца з дзедам наконт саду.
“Зямля мая густая, і пасля дажджу ў ёй стаіць вада. Ці садзіць на ёй персікавае дрэва?” — пытаецца ў лісце Ар’е БэнДавід з Кфар-Іцхак.
Дзед падшыў да кожнага ліста копію свайго адказу. Ён раіць “шаноўнаму Ар’е” пасадзіць трыццаць шэсць дрэваў на дзесяці сотках і прышчапіць на іх алычу.
Пагрызеныя і пабітыя болькамі парэшкі лістоты, якую дасылалі яму на дыягностыку, цяпер пакрышыліся ў канвертах.
Тамсама — цыдулка ягоным почыркам:
“Даражэнькі Шымон! Там, дзе я пісаў пра зняцце залішніх лоз, я не меў на ўвазе відаградніку, які быў пасаджаны сёлета. У такім веку нельга чапаць лозы, якія выраслі з «вочка» прышчэпка. Трэба здымаць толькі лісцікі, якія выраслі з дзічкі”.
Потым я натрапіў на новыя знаходкі.
“Жыву я ў арандаваным пакоі разам з іншымі працаўнікамі, — пісаў Шлёма Левін з Ерусаліма сястры ў Галілею. — Вяртаюся дадому з параненымі і напухлымі ад часання камянёў рукамі, зняможаны і знеахвочаны рабіць хоць што. Непадалёк адсюль ёсць колькі вялікіх аліўных дрэваў. Я іду туды, прытуляюся да аднаго з іх і плачу як дзіця. Ці стану я калі-небудзь працаўніком? Або, можа быць, гэта туга па маме?”
Дождж барабаніць па страсе барака. Марудны паўнаводны дождж Даліны, які ператварае глебу ў пастку, а плоць — у губку. Мне даспадобы хадзіць пад дажджом на дзядоўскі капыл — з пустым мехам на галаве, сагнутым, як спічасты гіганцкі каўпак, што асланяе мне галаву і плечы.
Раз на тыдзень я завітваю на фільм у Дом сходаў. Глянуць, як Рылаў аплявухай выганяе кагосьці, хто сеў на яго заўсёднае месца. Часам хаджу я да крыніцы паляжаць у гушчары і паназіраць за небам. Сюды ўцёк дзед з малым Аўрагамам, першынцам, і цэлая вёска паднялася на воданапорную вежу, каб глянуць на ззянне вакол хлопчыка.