За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Велічэзная зграя галубоў спуджана ўзляцела па-над дахам кароўніка. Пасля таго як лопат крылаў аціх, ад Рыўкінай салонкі засталося толькі дзынклівае водгулле.
Камітэт цярпліва чакаў. Калі вэрхал суняўся, бацькам паведамілі, што “прынятая пастанова на каторы тэрмін адлучыць Уры ад машава”. Жонку сакратара Якубі, сказалі яны, уночы ўжо адымчалі ў горад, на кватэру сястры. Мешулам ІДыркін, якому тады бралася на пяцьдзясят, але які заставаўся цнатліўцам, сказаў потым, што “калі б з вёскі выправадзілі чыста ўсіх каханак Уры, дык тут бы засталіся адно Тоня і Рыўка”.
Уры адвезлі ў тутэйшы шпіталь. Я адведаў таго адзін раз, але ён папрасіў, каб да яго больш не прыходзілі.
— Добра, што дзед не ведае, — сказаў ён, — добра, што ён ужо памёр.
Медсёстры, якія квапіліся на яго красу, што праступала нават праз раны і бінты, пачалі падазраваць, што той увогуле абыякавы да жанчын. Калі Уры агойтаўся, было вырашана выправіць яго да яго дзядзькі, брата мамы, які быў важным падрадчыкам земляных работ і жыў у Галілеі. Аўрагам і Рыўка праводзілі сына да чыгуначнае станцыі. Я залез на страху свірна і глядзеў, як яны ідуць праз Дом Вечнасці для Першапраходцаў.
Яны затрымаліся ля магілы дзеда, мінулі плантацыю і потым, як мурашы, згубіліся ў жоўтых абшарах саламянага жніўя. Гэтак я назіраў за Зайцэрам, які ішоў і знікаў у сваіх суботніх выправах, гэтак бачыў Эфраіма, які дае дзерака, гэтак бачыў бабулю Фэйгу і ўсіх вяскоўцаў, якія бягуць па рэйках, Левіна, які вяртаецца з пахавання сястры.
Уры апрануў сінія адпрасаваныя штаны з бавоўны і светлую кашулю, узяў драўляную валізку. Рыўка ішла поплеч, а Аўрагам за колькі крокаў ад іх — з пахіленай галавой, нібыта збіраўся бадацца. Яны перайшлі іржышча, абмінулі даўно закінутыя агнявыя пазіцыі брытанскай артылерыі і дапялі да схаванай спаміж гіганцкімі эўкаліптамі чыгуначнай станцыі. Калі цягнік з’ехаў і ад яго далятаў толькі гудок, я ўбачыў, як Аўрагам з Рыўкай вяртаюцца. Яна крочыць колькі крокаў паперадзе і ўсхвалявана махае рукамі, а ён раз-пораз нахіляецца над зямлёй, каб рассыпаць у пабачаныя па дарозе мышыныя норы зярняты атруты маркі “Чырвоная смерць”.
Пра выпадак з Уры я гутарыў з Пінэсам пару разоў. Той сказаў мне, што ў маім сэрцы ніколі не радзілася кахання да жанчыны, таму зразумець таго, што адбылося, я не ў стане. У той час, без колішніх тармазоў і стрыманасці, Пінэс ужо мог ад шчырага сэрца казаць усё, што думае на гэты конт.
— Ты любіў аднаго дзеда! — заявіў ён. — Часам ты мне нагадваеш эфраімскае цяля. Ты, мусіць, таксама чакаеш, што нехта возьме цябе на плечы і панясе на размнажэнне з жанчынай.
Я не апавёў яму, што ўсе гэтыя гады я быў у курсе любоўных прыгод Уры. Ніколі не бачыў яго ў час самога чына, але шматкроць выпадкова чуў распусныя прызнанні жанчын, якія дзяліся пікантнымі прыгодамі. Падчас абмеркавання Уры яны ўздыхалі і рагаталі, абмацваючы адна адну пальцамі і позіркамі. Потым я бачыў тых жанчын у вёсцы, як тыя ўсміхаліся адна адной змоўніцкімі ўсмешкамі. Унучку
Рылава і Ліберзона, жонку Шукі-асемянатара, дачку цесляра Гідэона, маму Міхаль Маргуліс, саму Міхаль, якая вучылася з намі ў адным класе, жонку лекара, жонку ветэрынара, якая, нягледзячы на свае гады, хвалявалася, як жыта пад ветрам, і прычытала “Эфраім, Эфраім!” — усіх іх.
— I самае дзіўнае, — сказаў мне, шчыра здзіўлены маёй абазнанасцю Уры, — ім падабаецца, што я так крычу, яны ўсе ўсё ведаюць, па сарафанным радыё. А той выкрык важнейшы для іх за сам чын.
Першай была сіпатая Эдна, унучка Рылава, грудзі ў яе выгадаваліся ўжо ў дзевяць гадоў, а самцы грэцкай молі раз на месяц масава разбіваліся аб антымаскітную сетку акна ейнай спальні.
Тады ёй было дзевятнаццаць, а Уры — пятнаццаць. Яго прыгажосць і дасціпнасць не давалі ёй спакою, ажно адной ночкай яна ўхапіла хлопца і пацягнула на воданапорную вежу.
— У мяне не засталося выбару! — апраўдваецца Уры, і па яго твары разлівается добра знаёмая мне хітраватая ўсмешка. — У яе ж быў пісталет.
Ён караскаўся за ёй па драбінах, вочы ўперліся ў азадак, абцягнутыя штанамі, якія бялелі ў цемры.
— Яна была такая жарсная, — апавёў мне ён. — 3 яе выходзілі стогны і хлюпы, якія выдае ступак, які выцягнулі з гразі, і я адчуў, што мушу ўціснуцца ў яе ўсім целам, запусціць рукі і ногі, тулава і галаву. Але тут мне раптам успомніўся ейны дзед, усе яго бомбы, вінтоўкі і выбухоўкі, і што ён бы мне зрабіў, калі б заспеў мяне ў хованцы з яго ўнучкай, і тады я засмяяўся...
— Ты чаго рагочаш? — запыталася Эдна.
— Я пярдолюся з унучкай Рылава, — з нетаропкай пыхлівасцю прашаптаў Уры ёй у рот.
— Дык абвясці пра гэта ўсім, — з пагардай працадзіла яна і не паспела яго спыніць: Уры падняў голаў па-над парэнчамі вежы і загарлаў на поўныя грудзі:
— Я пярдолюся з унучкай Рылава!
Словы сутыкнуліся з начнымі вятрамі, ударыліся аб галіны дрэваў і рассыпаліся на літары і кроплі.
Ніхто з вяскоўцаў іх не пачуў, бо словы разляцеліся на нечытэльныя аскабалкі.
Нават я, вялікі слухач, іх не пачуў. Аднак Пінэс, чые вушы не былі прыпыленыя зямлёй і чыё жыццё побач з інсектамі і дзецьмі навучыла супастаўляць і камбінаваць склады і рашаць галаваломкі, — пачуў.
Таксама пачулі ўсе вяскоўкі, чыё тупамернае жыццё навучыла шукаць уражанняў нават у брудных паілках для курэй і пад калматымі лістамі сямейства гарбузовых.
Адзінокі настаўнік з жахам ускруціўся, прагны да адплаты. Але вяскоўкі ўсе разам прачнуліся і ўсміхнуліся ў цемры. Яны апазналі голас і шанц, гігатанне жарабка, зыркае святло, што слепіць вочы. Лежачы на сваіх панцырных ложках, адчулі далікатную і дарагую парфуму, гладкасць празрыстых фужэраў і дотык маладога цела.
— Ты ніколі гэтага не зразумееш, — закінуў мне Уры. — Ты жанчын не любіш. А я вось думаю пра індычак у цьмяным памяшканні, пра бабулю і Саламею, пра салодкія пальцы Хаіма Маргуліса, пра гаротнага Даніэля, які любіў тваю маму ва ўзросце трох тыдняў. Я думаю пра тое, што сказала бабуля, што ў кожнага дзесьці ў свеце ёсць яго палоўка, якую я абавязкова знайду!
— Калі б Фаня Ліберзон была жывая, то я б сказаў, што гэта помста тваёй бабулі, — сказаў Пінэс. — Салодкая кроў Працоўнай Сябрыны ў артэрыях сям’і Міркіных ператварылася ў атруту, якая ніколі не згусне. Твой дзед, які не даў ёй кахання, жыў, апанаваны смуткам і нянавісцю да Саламеі. Аўрагам у дзевяць гадоў пратрубіў серэнаду, хоць стуль і замоўк. Уры, які звёў з розуму нас усіх. А ты — таксама цялятка з Міркінскай дынастыі. “Сарна ў цянётах”. Бессардэчны. “Моцны сілаю”.
Удары, якія дасталіся Уры, скаланулі і настаўніка.
— Мы памыліліся, — напісаў ён у насценгазеце. — Памыліліся ў выхаванні, у бачанні будучыні, памыліліся ў місіі. Прыпадабніліся да быдла, што ўбілася па шыю ў дрыгву зямлі.
Цяпер, у веку дзевяноста пяці гадоў, Пінэс падняў вочы і выявіў, што па той бок плаціны наплыў пагроз высах, а па абліччы зямлі дзьмуць адтуль свежыя ветры.
— Ці ведаеш ты, якія цудоўныя думкі гадуюцца ў маім сэрцы? У маіх скронях лунаюць яны, як матылькі-бражнікі.
“Толькі цяпер я зразумеў, — пісаў ён у нашумелым на ўсю вёску артыкуле. — Уры Міркін ёсць ці не самым адметным мысляром, якога выгадавала наша вёска. Гэтаксама, як прарок Ярэма ў даліне Геены Вогненнай, як прарок Ілля на гары Кармэль, як Ётам на вершаліне гары Грызім, так і Уры Міркін вяшчаў з воданапорнае вежы”.
ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ РАЗДЗЕЛ
“Усё здарылася пасля таго, як дзед пакінуў дом, пасля таго, як ён памёр”, — напісаў мне мой выгнаны кузэн. Ён ужо дэмабілізаваўся. У машаў ехаць адмовіўся, вярнуўся да свайго дзядзькі ў Галілею — працаваць на трактары-скрабалцы.
“Зайцэр і Ліберзон аслеплі і памерлі. Пінэс здурнеў, Мешулам навадніў вёску балотцамі, тата з мамай эмігравалі. Ёсі застаўся ў войску, кажа абрывіста і мысліць адпаведна, перакручвае іўрыт на моладзевы манер. Мяне выгналі... Але ты — з усіх нас чамусьці менавіта ты! — зрабіўся самым багатым селянінам у Даліне...”
“...Атрымаў лістад Пінэса. Ён згадвае нас. «Дваўнукі Міркіна, — піша ён, — далі мне навуку. Адзін у пытаннях смерці, другі — у любоўных тэмах. Адзін — масавымі скокамі ў дамавіны, другі — у вагіны». Гэта была цытата. Шкада, што дзед не дажыў да новай стылістыкі Пінэса”.
“Што было ў гэтым старым чалавеку, што трымала ўсіх разам? — напісаў мне Уры. — Хто ведае, кім ён быў насамрэч? Ці гэта анёл сказаў яму, падсцябнуўшы: «Давай, расці ў свет белы!» — або нашаптаў шатан Працоўнай Сябрыны імя Фэйгі, нашай гаротніцы? Я гэтаксама, як ты, думаю шмат пра Эфраіма. Вось, напрыклад, дзед даў тую маску для яго? Або для сябе? Часам мне здаецца, Эфраім уцёк праз дзеда, а не з якое іншае прычыны”.
На пляжы вялікія адбіткі маіх ступакоў ператвараюцца ў размытыя краслюнкі. Са здзіўленнем углядаюся я ў гэтую нішчымную рыхлую глебу, у яе зграбныя і бескарысныя крупінкі. Тутэйшы пясок — рыхтык зямля Даліны ў скорым руху. Хутка брыняе і хутка выпараецца, хутка вымываецца
і хутка намываецца, хутка драпаецца і хутка загойваецца, хутка запамінае і хутка забывае.
Сляды малых дзетак, чые пальцы ног пакінулі вільготныя грудочкі, пячатка гумовых сандалікаў, акруглыя жаночыя пяткі, што вядуць да кромкі вады і растаюць, сляды пляжных бегуноў, чые падэшвы, падобныя да дурнаватага і спакутаванага твару, выдзіраюць у пяску ямкі з вострымі краямі. Калі б тут прайшоўся Эфраім, дык пад цяжарам Жана Вальжана пакінуў бы вялікія ямы, глыбейшыя нават за мае адбіткі.
Мне цяжка ўявіць чалавека, які дасць драла праз дзеда. Жаданне ўтуліцца пад яго крылейка, вярнуцца і ўчапіцца за крысо яго вопраткі палымнее ўва мне аж да сёння.
“Ты памыляешся, — кажу я бязгучна Уры, — далібог, памыляешся! Ніхто не можа ўцячы ад дзеда, нават наш дзядзька Эфраім”.
Пошукі не спыняліся да самай дзедавай смерці. На ўсе краіны Усходу была накінутая шпіёнская сетка. Абвясцілі ў росшук чалавека, чый твар накрыты маскай, а на плячах пакоіцца бялявы ўкормлены бычок. Палкоўнік Стоўбс служыў цяпер у Транс-Ярданскім Легіёне. Кульгаючы на раструшчаную нагу, шукаў Эфраіма ў Заярданні. Бедуінскія старцы, сябры Рылава, атрымлівалі весткі з Сірыі і Лівана. У Ізраілі па гэтым пытанні працавалі людзі з кібуцнага руху. Кожны, каму даводзіцца цёгацца па трактах і шляхах, сустракаючы па дарозе людзей і скаціну, — сельскагаспадарчыя ментары, партыйныя актывісты, а таксама могэлі, лекары і ветэрынары, — атрымаў інструкцыі пільнаваць і чуйнаваць.