За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
лютым гандлярам скацінай і грубым мяснікам. Калі Дані Рылаў выказаў незадавальненне, Пінэс адно пасміхнуўся і працягнуў лунаць па-над шматлікімі гнёздамі і выглядаць сваіх любых птушанят. Мешулам жа не змог пакінуць інцыдэнту без рэакцыі. Падверг верш абструкцыі, пабачыўшы ў ім перакрут фактаў.
— Хто тады мог дазволіць карміць качак таматамі і гаспачамі?! — абурыўся ён. — Сорам і ганьба! Дзеля рыфмы людзі гатовыя сказіць гісторыю!
Аднойчы ноччу Пінэс згледзеў, як я хаджу-тапчуся ля яго дома, вартуючы яго ад помсты братоў Рылавых.
— Ідзі спаць, Барух, — сказаў ён, выйшаўшы на парог. — Mae споры ўжо разляцеліся з ветрам. Таму старых, хай сабе і нямоглых, настаўнікаў нельга зрубіць пад корань. Пасля маёй смерці насеннікі, якія я пасеяў, усё роўна праклюнуцца.
У іншым нататніку, болып сакрэтным, дзясяткі гадоў запісваў заўвагі пра вучнёўскія сем’і. Заўсёды настаўляў, каб дапамагалі бацькам па гаспадарцы, аднак ведаў, што пракідваліся сяляне, якія эксплуатавалі сваіх дзяцей праз усякую меру.
Апавёў пра першыя дні свайго настаўніцтва. Тады ў школе вучылася жменька вучняў сярод нягеглай таннай мэблі. Летнімі дзянькамі малыя вучні сядзелі на цыноўках, і шторанак Пінэс скіроўваў у клас дапытлівы доўгі позірк, “як пастух правярае статак свой”. Вочы фіксавалі, каго з дзяцей аблашчылі, накармілі і расцалавалі. А каго — сагналі з ложка на досвітку, каб малое перад школай адпрацавала сваю змену. Рыва Маргуліс зазвычай будзіла дачку а пятай, каб тая да заняткаў паспела падмесці і нашмараваць уваходную дарожку. He раз тая спазнялася, бо мама, калі памыты бетон недастаткова зіхцеў, перасоўвала стрэлку насценнага гадзінніка на гадзіну раней. Яшчэ не было аўтаматычных даілак, і дзеці, якія на золку даілі ўласнаруч, прыходзілі ў школу з нагэтулькі знямелымі рукамі, ажно не маглі тры-
маць самапіскі. Калі вучнёўская галава саскоквала на плячо, а вочы заплюшчваліся, Пінэс нічога не казаў. Аднак рабілася ясна, што ў той жа вечар той пойдзе цішком пагутарыць з бацькамі вучня.
— Кожнае дзіця — цэлы свет, — і зноў і зноў углядаўся ў іх.
Меў завядзёнку прыходзіць у клас да вучняў. Вешаў карцінкі і выслоўі на сценку, сядаў на крэсла і чакаў дзетак. Аўрагам апавёў, што ў тыя дні Скот і Амудсэн спаборнічалі па дарозе да Паўднёвага полюса, і Пінэс штодня паведамляў вучням аб хадзе іхняй гонкі. Узімку, калі вулкі вёскі жахліва разгразіліся, насіў вучняў на карку або ўпрагаў самога сябе ў свае знакамітыя гразевыя санкі і развозіў па хатах. Гаўкаў на манер вупражных лаек і фактычна спаборнічаў з антарктычнымі экспедытарамі.
Аўрагам і Мешулам вучыліся ў яго самым першым класе, у якім навучаліся ўсяго дзевяць вучняў. Аўрагам быў ціхмяны і стрыманы. Руплівец і чысцёха. Мешулам — узбураны пачуццямі. З’едлівы і звяглівы. Моцна зацікавіўся аповедамі Пінэса пра першыя дні аліі, але на занятках па прыродазнаўстве відавочна нудзіўся.
— Твой дзядзька быў сірата па маці, а мама Мешулама дома не бывала.
Пінэс бачыў, што Мешулам прыносіў у ссабойцы не бутэрброды, а пустыя лусты. Таксама быў у курсе, што Цыркін корміць сына гарбузовай, замешанай на яйку, гламэздай — адзінай стравай, якую ён умеў гатаваць. I што часам літасцівыя суседкі прыносілі дзіцяцку поўную місу якога-небудзь едзіва або запрашалі хлопчыка да сябе.
— Мешулам мог стаць гонарам вёскі, — казаў Пінэс. — Ён вельмі разумны. Валодае ўнутранымі рэзервамі. Але змалку яго закінула ў галактыку, дзе абношаная вопратка і нішчымны гарбуз — не знак бяды, а атрыбуты светлай будучыні.
Ведаў Пінэс — вёска Мешулама-гультая не трывае.
— Але ад цябе я чакаў, што ты лепш зразумееш жыццё Мешулама, — сказаў Пінэс.
— Дзед яго таксама не цярпеў, — аскірзнуўся я.
— Твой дзед нікога не цярпеў, — сказаў ён. — Толькі мяне, час ад часу, а з гэтым людазненавіднікам можна паспрачацца. Ты ж глядзіш на свет і на вёску ягонымі вачыма, праз прызму яго жаданняў, заціснуты ў ягоных цуглях і абцугах.
Цешачыся гэтай гульнёй слоў, колькі імгненняў шчэрыў зубы самому сабе. Потым апавёў, як Мешулам святкаваў барміцву.
Песя, як заўсёды, недзе пырхала ў горадзе. Цыркін-Мандаліна, як заўсёды, быў стомлены ад цяжару гаспадаркі. Мешуламу давялося самому рыхтаваць пачостку для сяброў. У каморы знайшоў некалькі абвялых кавалкаў торта, якія засталіся ад візіту Хаіма Вейцмана*.
Ён разрэзаў іх на тоненькія скібы, рана зранку прынёс іх у клас.
Калі Пінэс прыйшоў а шостай ранку, то ўбачыў, як юнак у роспачы палівае ссохлыя кавалкі слязьмі і салодкім віном, каб вярнуць ім смак. Пінэс ціха-ціхенька выйшаў. Пайшоў дахаты і вярнуўся ў клас са змазанымі сочывам пячэнькамі.
— Твая мама пакінула іх да твайго дня нараджэння, — сказаў Мешуламу, які ведаў, што настаўнік хлусіць, але прамаўчаў.
Усе гэтыя дэталі Пінэс запісваў у нататнік, які менаваў “племянной кнігай”. Усё, што не запісвалася ў класны журнал, патрапляла туды, занатаванае пекнымі літарамі старога настаўніка. Яго почырк быў нагэтулькі прыгожы і захоўваў такую празрыстую яснасць, быў нагэтулькі ўзорны і зграбны, ажно ўсе дзеткі вёскі перанялі яго.
* Хаім Вейцман — выбітны хімік і першы прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль, ураджэнец Моталя. Падчас апісаных падзей ён быў высокапастаўленым чыноўнікам габрэйскага руху.
У кожнага з нас такі самы стромы нахіл літары бэт, што расце на тонкай сцяблінцы, такі самы гіганцкі серп літары гімэль. I такое ж стромае і адчайнае падзенне апошняй рыскі ў мэм-сафіт.
Нават сёння вяскоўцы пішуць аднолькавымі літарамі. I ўжо былі траўматычныя выпадкі ананімных любоўных лістоў, чыіх адпраўнікоў няправільна ідэнтыфікавалі, а таксама выпадкі з імяннымі чэкамі, якія прызналі фальшывымі
з тае самае прычыны.
У тыя дні да нас з візітам прыехаў сам Хаім-Нахман Бялік, і Пінэс падаў яму сшытак вершаў, які ўклалі для яго вясковыя дзеці. Шаноўны паэт быў уражаны падабенствам почыркаў і легкадумна заўважыў, маўляў, сшытак уклаў настаўнік, сам-адзін. Ад крыўды Пінэс не вымавіў ані слова, але ўжо ў той жа вечар узяў дзяцей да ўзножжа Гільбоа вучыць тэматычныя вершы іншага нацыянальнага паэта — Шаўля Чарніхоўскага.
Я глянуў на яго ў час, калі ён адкрыў зялёныя веснічкі і пачаў валачыць ногі на пад’ёме да дому Левіна. Тоня і Рыва былі дзве апошнія старыя ў нашай вёсцы. Ён, Зайцэр і Шлёма Левін — тры апошнія дзяды.
— Зайцэр і ў маладыя гады не быў вялікім гаваруном. Рахэль засяродзілася на запаўненні майго страўніка. А Левін, які ў жыцці не пракапаў ніводнай канавы, увесь вечар капаў пад сваіх сяброў, — паведаміў Пінэс, калі вярнуўся з гасцей уначы і заспеў мяне ля магілы дзеда.
ТРЫЦЦАЦЬ ПЕРШЫ РАЗДЗЕЛ
Штогод Зайцэр браў удзел у двух урачыстых цырымоніях. У дзень веснавых агледзін камісія па культуры запрасіла яго выйсці на сцэну з рэштай бацькоў-заснавальнікаў. Даніна павагі, якой з усяго быдла ўганаравалі адно яго і карову Хагіт.
На Шавуот прыйшлі тры прычасаныя юнакі ў белых сарочках і ўзялі Зайцэра на двор Мешулама. Там накідалі на “Першы Воз” збор-каляду: і ўпрыгожаныя жычкамі снапы пшаніцы, і малочныя бітоны, і садавіну, і крыклівых немаўлят, і куранят, і цялят.
Толькі тады Зайцэр пагадзіўся зняць з галавы старую кепку з дзіркамі для вушэй. I ўздзець на галаву вянок кветак, які дадаў яго пысе ноткі распуснасці.
Гэтак далі знак раз’юшанаму Левіну, але таго толькі апанавала ятра, ён абазваў Зайцэра “старым дармаедам”, а потым апавёў на павышаных тонах, як уначы забыўся на асобнік ілюстраванага штотыднёвіка ў нашым кароўніку, а калі вярнуўся па яго, то ўбачыў Зайцэра, які сядзеў на азадку, разваліўшы капыты ўбакі, абапёршыся на камель смакоўніцы, і разглядаў штотыднёвік — “яго тыднёвік!” — пры месяцовым святле.
Уся гэтая спрэчка ўсчалася непадалёк ад ляжанкі мула, якога навязалі за аброць да смакоўніцы, а побач — харч і пітво. Зямля, амаль дасканалым сярпом, ужо была ўтрамбаваная яго капытамі, і світа з дзвюх егіпецкіх чапляў, якія прыляцелі з Ярданскай даліны, даставала далікатнымі дзюбамі з яго скуры дробных паразітаў. Зайцэр апусціў сваю вялікую сківіцу ў бочку, сёрбнуў і на выцягнутых губах дастаў выкшталцонае ячменнае насенне. Яго пысу расквеціла нейкае
падабенства ўсмешкі. Праз выцвілую кепку вушы наструніліся так, нібыта ён уважліва слухаў. Убачыўшы гэта, Левін узлаваўся яшчэ мацней, пайшоў і, ударыўшы нагой паілку для мула, перакуліў яе. Цярпенне Аўрагама лопнула, і ён прагнаў дзядзьку з падворка.
Назаўтра стары вярнуўся. Папрасіў прабачэння і ўзяўся за працу зноўку. Аўрагам, якому таксама зрабілася сорамна за ганебныя паводзіны, прыйшоў да мяне палялякаць.
— Мы ім шмат чым абавязаныя: і Зайцэру, і Левіну, — сказаў ён. — Ясна, да скуралупаў мы Зайцэра не павядзём, але абражаць дзядзьку Шлёму таксама нельга. Мы, можа, як сяляне — невялікае што, і без яго дапамогі тата б рады не даў.
Ёсі ненавідзеў Левіна, і Уры прапаноўваў зрабіць з абодвух старых кілбасу. 3 гэтае прычыны Аўрагам прасіў мяне быць напагатове, і я адразу ж выявіў, што стары дзядзька пракрадаецца да Зайцэра і выдаляе ад яго посуд для вады, спадзяваючыся, што ніхто гэтага не заўважыць і Зайцэр сканае ад смагі.
Акучваючы зямлю ля помнікаў, я раз-пораз махаў старому мулу, маўляў, ёсць той, хто глядзіць яго і дбае пра яго здароўе, але Зайцэр у адказ не махаў. 3 часу смерці дзеда ён страціў апошнія рэшткі жыццёвага аптымізму і пад градам Левінскіх удараў і шпілек ператварыўся ў зацюканага злюку. Шторазу, калі схуднелы цень дырэктара вясковай крамы з’яўляўся на падворку, старая скаціна наструньвалася, і пакуль яго вялікая галава хавалася ў яслях і спажывала нятанны ячмень, яго задняя частка пераносіла вагу з левай нагі на правую дробнымі, асцярожнымі рухамі, каб адна з іх у момант патрэбы заўсёды магла спрацаваць.
Аднак Левін ператварыў сваю звягу з мулам у ідэалагічнае процістаянне.
Быў ён выдатным рахункаводам. I адным вечарам прыбыў да Аўрагама, і прадэманстраваў яму “выдатковую табліцу”, і падрыхтаваў усе сумы, якія ўклалі ў гэтага “гультайскага ненажэру” і “серыйнага дармаеда”.
Стаяла гарачая ноч. Паветра поўнілася цвырканнем і ціўканнем. Вокны былі адчыненыя, і я чуў запальчывую спрэчку цалкам.
Левін дэкламаваў свае “навухаданосы" з’едліва-манатонным голасам біблійнага апавядальніка: