• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    — У прыроды няма марнатраўства, — абвясціў Пінэс, калі мы ішлі па прасёлачнай дарозе ў кірунку цясніны. — Усё прыдасца. Як сказана ў Эклезіясце, “трымайся аднога, але і ад другога руку не прыбірай”. Ты ж, пэўна, чуў прыказку — “Пусты і непатрэбны, як часночнае шалупінне”? Але бач, знайшоўся адзін чарвяк, які ў гэтым шалупінні жыве! Ёсць павучыхі, якія харчуюцца сваімі партнёрамі. Каровіны ляпёхі, гнілая садавіна, тканіна, папера — для прыроды прыдасца ўсё.
    Рукі Пінэса самкнуліся за спінай, як у памешчыка, які выбрыў на агледзіны ўласных уладанняў. На плячах я нёс вайсковы заплечнік. У ім — пінцэты, сачкі, пустыя пушачкі ад запалак і як след запакаваныя атруты.
    — Гэты ранец даў твой дзед, — апавёў Пінэс. — Ранец для брытанскіх радыстаў, які належаў твайму дзядзьку Эфраіму.
    Я папрасіў Пінэса злавіць багамола, казурку, якая цікавіла мяне сваёй вальяжнай хадой і крывадушным выразам
    тварыку. Але аранжавы жучок з чорнымі плямамі на спіне хутка пераступіў нам сцежку. Я звярнуў увагу настаўніка на яго. Пінэсавы вочы шнапарылі наўкола, а рот безупынку адкрываўся. Убачыўшы жучка, ён расчуліўся.
    — Можа быць, гэтым разам нам пашчасціць, — вымавіў і загадаў не спускаць з яго вачэй.
    Жучок ляцеў па простай лініі, яўна па справах. Яго антэны, што нагадвалі кароткія паліцы, рухаліся безупынку.
    — У яго дасканалы нюх, — прашаптаў Пінэс, паўзучы за ім на карачках. Праз чвэртку гадзіны жучок прыспешыўся і зветрыў далікатны пах падлы. Знік пад коўдрай саломы.
    — Толькі гляньце! — вымавіў Пінэс, разгроб саломінкі і агаліў трупік шчыгла. Мы паселі гэтак, каб вецер зносіў смурод паўз нас, і Пінэс прысягнуў, што не спусціць вачэй з будучага развіцця падзей.
    З’явіўся другі жучок, цярэбячы сабе дарогу спаміж камякоў зямлі. Гэтыя двое не гублялі часу і паспяшаліся спарыцца каля падлы.
    — Глянь калі ласка, Барух, — прамовіў Пінэс. — У матухны-прыроды шмат абліччаў. Ёсць пары, якія сустракаюцца на поле кветак, іншыя ідуць у тэатр, а гэтыя двое — пасярод смуродзішча.
    Тут два жучкі сталі капаць пад мёртвым шчыглом, вывяргаючы драбкі зямлі і драбнюткія каменьчыкі. Трупік пакрысе знікаў у выкапанай пад ім ямцы. Мы сядзелі там колькі гадзін, пакуль птушка, засыпаная пылам, не знікла з вока.
    — Зараз, — працягваў Пінэс. — Зараз маман-жачок адкладзе ў падле яйкі і датуль, як вылупяцца лічынкі, будзе перажоўваць плоць, каб рабіць яе мякчэйшай для сваіх дзетак... Хай будзе мая доля з вамі, убогія гэтага свету, бо вы соль зямлі.
    Ён адпусціў маю руку, і мы вярнуліся дахаты.
    Калі лекары сказалі, што Пінэс ужо можа вярнуцца дадому, Бускіла замовіў яму таксоўку. Я прапанаваў яму пажыць у мяне пару тыдняў, але Пінэс адно скамандаваў: “Дахаты!”
    Калі мы прыбылі дахаты, слёзы смутку і намагання запоўнілі вочы старога настаўніка. Ён моцна састарыўся. Дробныя тромбы загрузлі ў ім з дакладнасцю скальпеля. Адцялі яго нітачкі памяці, прарвалі плаціны, што будаваў ад часоў прыезду ў Ізраіль. I пачалі безупынку дасылаць сігналы да адказнага за голад мазгавога цэнтра.
    — Усе хлопцы ўжо параць зямельку, — сказаў Пінэс. — Ад вайны са спакусамі і ад цяжкае працы. Толькі мы з Левінам яшчэ жывыя. Два гультаі-летуценнікі.
    Стуль ён больш не выкладаў і амаль што не запрашаў вучняў дадому. У палі больш не выходзіў. Часам сядзеў у садочку і назіраў за мурашамі і конікамі, якія скакалі па газоне. Паміж палявымі кветкамі скруціўся змораны ўдаў, якога Пінэс выпусціў з клеткі “жывога кутка”. Сваю заалагічную калекцыю настаўнік раздзяліў паміж мною і школай. Суставаногія бляклыя паўзуны ў слоіках з фармалінам, а таксама спустошаныя шкарлупінкі ад птушыных яек засталіся ў школьным “жывым кутку”.
    Апрача звычайнай класіфікацыі, Пінэс падзяліў жывёлаў на карысных і шкоднікаў і гэтаксама размеркаваў свой прыватны збор на дзве вялікія групы: “Нашы сябры” і “Нашыя ворагі”.
    — Няпростае рашэнне! — бедаваў Пінэс. — Напрыклад, шчурка-пчалаедка знішчае вос, але таксама пчолак Маргуліса. А мангуст трушчыць грызуноў, але таксама куранят...
    — ...Убачыўшы казурку, птушку, сысуна або паўзуна, задайся пытаннем: “Ці наш ты, ці з непрыяцеляў нашых?” — параіў Пінэс падчас яшчэ першых супольных агледзін у палях, калі мне было шэсць.
    — Сваю калекцыю ў спадчыну я перадам табе, — усцешыў мяне ён. — Ты яе годны.
    Ён зазвычай шмат раіўся з дзедам, які быў спяцом па шкодніках, і абодва перадавалі мне навуку па іх ідэнтыфікацыі і нейтралізацыі. Разам са мной хадзілі ў сад, ставілі
    мяне насупраць аднаго з ігрушы, і іх рукі клаліся на мае плечы.
    —	Глядзі ўважліва! — казаў дзед.
    Двое мужчын, адзін у коркавым шаломе, другі ў шыракаполым капелюшы, стаялі перада мной у шэрых кашулях з урачыстымі выразамі твару. Усхваляванасць, тлумачэння якой я не ведаў, вісела паміж імі ў паветры.
    —	Я нічога не бачу, — адказваў я.
    Пінэс укленчыў і на камлі ігрушы паказаў маленькую дзірачку, паўсантыметра ў папярочніку. На зямлі, пад дзіркай, грувасцілася купка дробненькага пілавіння.
    — Гэты паразіт можа знішчыць дрэва цалкам, — сказаў Пінэс.
    Дзед дастаў стальны дрот, тонкі і доўгі. Ягоная дзюбка была вузкая, навостраная і скручаная на манер спружыны.
    “Садовая вуда”, — патлумачыў дзед і ўкленчыў ля камля. Асцярожнымі ўпэўненым рухам усунуў ён дрот у норку шкодніка. Пакрысе паўтара метра дроту зніклі ўнутры камля, і дзед ціхутка ўздыхнуў, бо зразумеў глыбіню ўжо ўчыненай шкоды.
    — Поскудзь такая! — вылаяўся, калі адчуў, што дрот упёрся ў плоць лічынкі.
    Ён трохі павярнуў дрот і стаў уядацца ў плоць так, нібыта адкаркоўваў шніпарам корак, і пакрысе пацягнуў на сябе. Пакуль сківіцы і кіпцікі паўзуна аддзіраліся ад сарцавіны ігрушы, з тоўшчы камля неслася адчайнае лапатанне і вусцішны посвіст. Потым істота стала чапляцца за сценкі норкі, пакуль яе выцягвалі на свет Божы.
    — Калі ласка! — выгукнуў дзед і дастаў канец дроту. Абмяклае цельца, аранжава-жоўтае з чорнымі кропкамі, звісала з дзюбкі, звіваючыся і выгінаючыся. Дзед паднёс яго ўсутыч да майго твару.
    — Глянь на яе як след, маё малятка, — прамовіў дзед. — Гэта наш вораг. Чарвіца леапардавая.
    Гэтак пачаліся мае заняткі па сельскай гаспадарцы. Двойчы на тыдзень мяне пасылалі шукаць дробныя купкі пілавіння ля ўзножжа дрэў.
    Памятаю, як я ўласнаруч дастаў свайго першага шкодніка з камля яблыні-медунічкі. Звіванні пачвары і скрыгат зубоў перадаліся па стальным дроце маім пальцам, маім суставам, маёй хрыбціне.
    — He бойся, Барух! — сказаў дзед. — Яна ў цябе на кручку.
    Ён стрэс тую леапардзіху на зямлю і размазаў нагой.
    Калі лічынка ў садзе Ліберзона забіла абрыкос, Пінэс выкапаў мёртвае дрэва. Раскалупаў камель невялічкай сякеркай, пакуль не знайшоў адну з іх. Кавалак камля з лічынкай у ёй ён адцяў.
    — Цябе мы далучым да калекцыі! — бадзёра выгукнуў Пінэс. — А тваім братам зладзім бліскучы самасуд.
    Мы знеслі парэшткі дрэва па-за межы саду і спалілі іх.
    — Бывайце здаровы, паскуды! — гукнуў Пінэс, калі ад палаючых галін данёсся перадсмяротны лямант і праклёны.
    Мы пайшлі дадому. Нікеляваным пінцэтам Пінэс выцягнуў вусеня і абгарнуў сурвэткамі.
    — Некаторыя вусені ў момант смерці вылучаюць мазлівую вадкасць, — патлумачыў ён, агортваючы лічынку паперай.
    Ён засунуў звіванага вусеня ў прабірку. Заткнуў яе прасякнутай бензінам ваткай. Загадаў мне сесці. Даў пячэнькі і пачаў чытаць лекцыю:
    — Гэта момант ісціны для кожнага калекцыянера! Няма нічога цяжэйшага за бальзамаванне вусеня. Ён крамяны, хутка і лёгка гніе. У яго няма знешняга панцыра, які захоўвае форму.
    Калі вусень у выпарэннях бензіну скалеў, настаўнік дастаў яго і паклаў на шкельца. Дробным і вострым скальпелем зрабіў наадрэз каля анальнай адтуліны.
    — Я скраў скальпель у Соні з лазарэта, — раптам сказаў ён, і яго цела скаланулася ад стоенай весялосці.
    Потым уздоўж цела вусеня, ад галоўкі да хваста, пракаціў аловак. Праз надрэз пырснулі кішкі. Пінэс абрэзаў іх і выкінуў у акно.
    —	“I будуць ежаю птушкам нябесным і звярам зямным”, — падмацаваў дзеянне біёлаг-біблеіст распеўнай цытатай з прарока Ярэмы.
    Узяў маленькую саломінку. Уваткнуўшы яе ў пустое цельца, асцярожліва падзьмуў. Вочы Пінэса за шкельцамі акуляраў стуліліся, іх заслала пялёнкай засяроджанасці. Вусень пакрысе надзімаўся. Пінэс ціхенька ўстаў. Навіс па-над настольнай лямпай. Пакруціў вусеня па-над распаленай лямпачкай і паціху працягнуў надзімаць.
    —	Ты можаш рабіць гэта таксама па-над гарачым прасам, але толькі не над адкрытым агнём.
    Праз колькі хвілін скура вусеня высахла і загрубела.
    —	Паводле тэхналогіі яго варта яшчэ намазаць празрыстым лакам, — сказаў Пінэс і выціснуў кропельку разведзенага клею на парэз, які быў у задняй частцы лічынкі.
    Потым узяў адцінак камля і разрэзаў яго так, каб працярэблены лічынкай леапардавай чарвіцы тунэль стала відаць збоку. Здзьмуў і счысціў пілавінне з дрэва і паклаў забальзамаванага шкодніка ў яго колішнюю хатку. Занатаваў на цэтліку дату і месца злову. Дастаў са скрынкі наніцаную на шпільку леапардавую моль, тлустую і валасатую, з плямамі на крылах, і прысунуў яе шчыльна да кавалка камля.
    —	Вельмі важна паказаць іх у натуральным асяроддзі, — задаволена выдыхнуў ён.
    ТРЫЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
    На схіле дзён Левін стаў нясцерпным буркуном. Дзед, адзіны, перад якім той трымцеў, ужо памёр. У момант слабасці я аддаў Левіну старыя працоўныя гумовікі, якія дзед насіў у садзе. Левін усеўся на ложак і запхнуў туды свае ногі-жардзіны. Потым падняўся ды шчаслівы, як хлопчык на Пэйсах, патупаў, аглядаючы стаптаныя насы і раз-пораз ківаючы галавой, як усцешаны жарабок.
    — Навошта ты даў яму дзедавыя гумовікі? — абураўся Ёсі. — Цяпер ён перакананы, што важны гусь.
    Натхніўшыся гумовымі ботамі, Левін пачаў умешвацца ў кіраванне гаспадаркай. Занядбаў бухгалтэрыю крамы. Пачаў падымаць на Рахэль голас, блукаць па палях і глядзецца на сваё адлюстраванне ў лужынах. Стаў называць сябе “Саладзенькі Левін”. Прасіў, каб Рахэль навязвала сабе блакітную хустку, а пры позірку на конікаў і цвыркуноў на сподзе яго душы пачыналі варушыцца няўцямныя страхі.
    Адной ноччу, калі я больш не мог утрымацца і пайшоў глянуць у акно яго дома, убачыў, як ён дастае чорны нататнік і суне яго пад нос Рахэлі.
    — Усе грахі Працоўнай Сябрыны! — сычэў ён. — Тут усё запісана.