За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
Комін грубкі вуркатаў, а дзед корпаўся і парадкаваў зліплыя залежы папер. Потым соваўся па бараку, вымяраючы яго з кута ў кут. Я ж да працы не вярнуўся. Валачыўся за ім, навісаў крукам над яго мізэрным цельцам. Выдае, маё навісанні абрыдзелі яму, бо дзед раптам на мяне вызверыўся. Але я не адчапіўся. Я баяўся, што калі на секунду адвяду вочы, то ён знікне і выпарыцца.
Адвячоркам прынёс яму з кароўніка малако, але ён імгненна ўсё вырыгаў, раззлаваўся і крыкнуў мне, каб я памыў падлогу. Потым выбачыўся і папрасіў, каб я дапамог яму дайсці да купальні і пасядзеў з ім, пакуль ён мыецца. У купальні я захоўваў яго табурэтку, стары драўляны зэдлік для даення, які адбялілі і адпаліравалі грубыя баваўняныя тканіны працоўнай вопраткі. Ён сеў, каб не паслізнуцца на вільготнай кафлі. I пусціў такую гарачую ваду, ажно яго белая скура паружавела і ахуталася парай, а па ўсіх шыбах пацяклі вадзяныя кроплі. Дзед рупліва намыльваў цела і скабліў яго. 3 вялікай засяроджанасцю, рукой, абгорнутай шараванкай, шмараваў паміж клубоў і пальцаў ног, за вушамі. А я сядзеў і чакаў, прытуліўшыся да сценкі, у цені яго заплямленай
вопраткі, што вісела на плечыках. Я ўжо мог адчуць хвіліны нутраной засяроджанасці дзеда і таму не замінаў.
Калі той скончыў, то я дапамог яму падняцца і загарнуў цела ў вялікую прасціну, старую і мяккую, якой ён прывык выцірацца, і аднёс, “як нянька немаўля”, назад у пакой. Дзед паволі адзеў новую піжаму, якую я купіў яму, і папрасіў зашпіліць яму гузікі піжамнай кашулі. I пасля сказаў: “Пахавай мяне ў маёй зямлі, паміж дрэваў”.
Лёг у ложак, паклаў акуляры на маленькі начны столік, нацягнуў коўдру да шыі і занурыўся ў глыбокае забыццё. Праз шэсць гадзін ваганняў я нарэшце зразумеў, што з такой непрытомнасці вяртання няма.
Рыўка і доктар хацелі адымчаць яго ў шпіталь, але Аўрагам сказаў, што калі бацька вырашыў памерці, то замінаць яму нельга. А першай ночы доктар Мунк сказаў, што такая непрытомнасць можа цягнуцца суткамі, і Рыўка з Аўрагамам пайшлі трохі адпачыць. Дзедава цела працягвала дыхаць, вібраваць, а зямля — рудая, сухая і гніласная — тачылася з яго.
Тры дні запар я сядзеў ля драўлянай сценкі і ні на хвілінку не звёў вачэй. Людзі заходзілі і выходзілі, ад моцнай стомы я трызніў і ўжо не адрозніваў, хто з іх зайшоў пра дзверы, а хто вылез з закрытага дзедавага куфэрка. На трэцюю ноч, калі ад бессані маё цела зрабілася порыстым і млявым і мройная смуга развеялася, то я вырашыў, што дзед памёр. Я ўстаў са свайго месца, падышоў да яго і падняў. Быў ён малы і лёгкі.
— Зямля, зямля... — раптам сказаў ён. — Зямля дасць свой голас.
Я ўзяў яго на рукі і пакрочыў у поле. Мы мінулі пуню і загон з заспанымі цялятамі. Ля старой каморы Эфраіма спыніліся, каб узяць вілы для копкі, кірку і рыдлёўку. Моўчкі абмінулі Зайцэра, па чыёй скуры прабягалі хвалі ўнутранай дыскусіі. Здаля пачуўся брэх шакала, які напалохаў індыкоў. Тоўсты слой расы пакрыў паверхню зямлі, лісточкі і сядзенне “Фордсана”, які прыпаркаваўся тутсама.
— Тут, — сказаў дзед.
Я падняў кірку і некалькі разоў выцяў зямлю, потым стаў капаць і выкідаць віламі камякі. Стаў раўняць сценкі. I гэтак капаў і капаў, бо моцы маёй — шмат, а душа смылела, як агонь; выграб паміж яблынямі і грушамі кубічную прасторную яму паўтара метра ўглыбкі за дваццаць пяць хвілін.
Зняў з яго піжаму і паклаў яго ў яму. Цела, белае ды гладкае, вымалёўвалася ў цемры. Я засыпаў яго пылам, які выкапаў. Утрамбаваў нагамі. Потым паклаў зверху цяжкія камяні, якія назбіраў вакол дзялкі. Лёг на зямлю і занурыўся ў глыбокую дрыму.
А сёмай ранку я прахапіўся. Сонца тачылася праз лістоту і біла мяне па целе, мой дзядзька Аўрагам гукаў мяне па імені. Змрочны доктар Мунк стаяў наводдаль. Якубі, сакратар машава, узвышаўся нада мною, нагой біў па плячах і хацеў ведаць, “што ўсё гэта азначае”.
Наважыўшыся, Доктар Мунк, лямантуючы што дурны, накінуўся на мяне ў жалюгоднай спробе раскатурхаць.
— Як мне цяпер афармляць пасведчанне аб смерці? Хто вырашыў, што ён памёр? Што ўвогуле тут адбываецца?
I ўсякую падобную лухту. 3 дзіўным выразам твару Якубі падняў піжамныя штаны дзеда так, нібыта шукаў разгадку паміж столак.
— Пакінь піжаму! — загарлаў я голасам, які ніколі датуль не вывяргаў мой рот.
Ён ніяк не зрэагаваў, і я, адапхнуўшы доктара Мунка наўзбоч, з цяжкасцю падняўся на ногі і бычынай моцай адкрытай далоні даў Якубі плескача па твары. Яго губы наліліся, як слівы. Ён паваліўся назад, усё роўна як прымітыўная лялька, і сеў на азадак, збіты і агаломшаны. Двума скачкамі я апынуўся ля яго і выдраў у яго з рук піжаму.
— Гэта за дзеда і за Эфраіма! — сказаў я.
Якубі пачаў выпроствацца, абапіраючыся на фалангі пальцаў.
— Нават і не думай, — папярэдзіў я яго.
Якубі, можа, і быў кату па пяту, але гэтаксама, як большасць хлопцаў у вёсцы, — хлопец дужы, з багатым баявым досведам. Устаў ён на ногі, выцер кроплі крыві з падбароддзя і сухім тонам папярэдзіў мяне:
— Праз гадзіну мы прыйдзем сюды, каб адкрыць магілу. Мы пахаваем яго на вясковых кладах, у шэрагу бацькоўзаснавальнікаў, поруч з тваёй бабкай. Таму ў тваіх інтарэсах, Барух, каб усё прайшло гладка.
Яны сышлі, але праз колькі хвілін вярнуўся адзін Аўрагам. Ён цягнуў цяжкі буксірны ланцуг ад трактара і жалезную двухцалёвую трубу. Скінуў іх на магілу і, нічога не сказаўшы, пайшоў да сваіх кароў.
Недзе праз паўгадзіны з’явіўся зноў. Цяпер з ім было пару мужчын, сярод іх Якубі, які ўжо атрымаў медычную дапамогу, а таксама Пінэс і Даніэль Рылаў. У той час я ўжо капаў ямы для дэкаратыўных хмызоў, якія хацеў пасадзіць укруг дзедавай магілы.
Выпрастаўшыся, я пераступіў ім дарогу.
— Дзед прасіў пахаваць яго тут, — паўтарыў я.
— Ведаем, ты вельмі прывязаны да дзеда... — сказаў Пінэс. — Але гэтак паводзіць сябе нельга. Ёсць вызначаныя месцы, дзе хаваюць людзей.
Ён хацеў ужыць супраць мяне прыём, які ўжываюць супраць укормленых бычкоў: наблізіцца пры дапамозе супакаяльных сюсюканняў і неўзамет пакласці гіпнатычную далонь на карак. Але я ўжо ведаў усе гэтыя хітрыкі настаўнікаў і жывёлагадоўцаў. Ухіліўся і моўчкі стаў на магільным, выкладзеным каменнем капцы.
— Пакінь ты яго, Пінэс! — сказаў сакратар. — He трэба тут праводзіць класных гадзін. Хопіць нам ужо бед з гэтай сям’ёй.
Ён паварушыў рукою, і кончыкам вока я выхапіў мажную постаць Даніэля Рылава. Той пакрысе набліжаўся ў мой
бок з настаўленымі ў бакі рукамі. Цяжкі буксіровачны ланцуг з абсалютна жудасным круком на апошнім злучве стаў свістаць, раскручваючыся па-над маёй галавой зыркім, зіхоткім колам. Дані і людзі з ім падысці не наважваліся.
Пінэс, які бачыў, як я ссоўваў цяжэзныя камлыгі, каб знайсці пад імі ветраных скарпіёнаў і земляных вос, падышоў да сакратара. Аўрагам таксама наблізіўся, злосна шэпчучы на вуха чутныя ўсім словы.
— Мы не хочам скандалу!
Лоб яго варушыўся і звіваўся:
— He забывайся, мы цяпер у жалобе. Тата памёр, і нам трэба гэта спакойна перажыць.
Якубі задумаўся, ацэньваючы сітуацыю.
— Ладна, мы пойдзем. Але ўрачыста абяцаю: нашы інстанцыі гэтага так не пакінуць.
Да сёння я не ведаю, хто меў рацыю. Уры, які сказаў, што дзеду ўласцівыя прароцкія здольнасці, або я, што меркаваў, маўляў, дзед распрацоўваў свае планы так доўга і так грунтоўна, ажно будучыні давялося скарыцца, скіраваўшы свае воды ў межы канала, выкапанага для яе дзедам. А потым яна, дапяўшы, разбудзіла мяне.
Дзед ведаў, што ніхто не зможа выкалупаць яго з ягонай зямлі. Ведаў — ніхто не стане змагацца з пачварным унукам, якога ён выгадаваў. Ведаў, што па каторым часе я пахаваю ў зямлю іншых людзей. Што стану збіраць трупаміны запаволенага дзеяння, а таксама грозлівыя мяхі з золатам.
Ведаў, што аніхто не выкалупае нас з яго зямлі, бо вёска ніколі не выносіць скандалы навонкі. У нас усе праблемы вырашаюцца на месцы. Толькі ў крайніх, надзвычайных выпадках выклікаюць паліцыю. Але забойстваў ці згвалтаванняў у нас аніколі не здаралася, а дробнымі крадзяжамі, бойкамі ды іншымі кепствамі заўсёды займаюцца нашы інстанцыі пры падтрымцы грамадскага ціску і вясковай насценгазеты.
Цэлы месяц я ахоўваў магілу. Аўрагам падтрымкі ніяк не выказваў, але супраціву не чыніў. Ёсі з мамай зноў вярнуліся да пашыранай думкі, маўляў, я вар’ят. Уры быў уражаны маім блазнаваннем, Пінэс — блюзнерствам.
— He магу паверыць, што гэты дурны сон стаў яваю, — заўважыў ён.
— Так мне загадаў дзед, — адказаў я.
— Такога рабіць нельга, — сказаў Пінэс.
— Так мне загадаў дзед!
— Гэта гвалт, ланцугі, якія раскручваюцца ў паветры, жалезныя пруты. Нібы Цэрбер ля брамы апраметнай.
— Так мне загадаў дзед.
Пінэс глядзеў на мяне з дакорам. Але нават ён пакрысе адступаў, як бы запраграмаваны на капітуляцыю. Дзед ведаў, што збіты з панталыку Пінэс паспрабуе пераканаць мяне і зазнае паразу. Месца старога настаўніка на раскідзістых суках эвалюцыі належала да прадстаўнікоў адгалінавання, чые шыі былі дакладна дапасаваныя да ўдаўкі слоў.
“Пахаваны ў роднай зямлі”, “сышоў у зямлю, якой усё жыццё аддана служыў” — гэтыя спалучэнні слоў душа Пінэса перамагчы была не ў стане.
“Памер і пахаваны ў садзе ля свайго дома”, — з непрыхаванай зайздрасцю працытаваў ён.
Ён нічога не сказаў, нават калі я пахаваў Саламею. Фаня пару дзён шалела-абуралася, покуль не зразумела, што сэнсу няма, і сціхла. Толькі праз колькі месяцаў, калі прыбыла труна Розы Мунькінай і яе ружовы помнік з’явіўся ля дзедавага, а я пачаў гандляваць магіламі, душа Пінэса скаланулася і да дна страсянулася.
Для саду насталі апошнія дні. Пасля таго як я пахаваў дзеда, Уры напрарочыў, маўляў, дрэвы закрасуюць ад трупнага перагною. Але сумежныя дрэвы досыць хутка памерлі так, нібыта ім у сарцавіну ўпырснулі атруты.
Дрэвы, што стаялі наводдаль, апанавалі хваробы і неспакой. Нават калі не было ветру, яны гучна біліся галінамі,
кара ўсеялася кляшчамі. Дрэвы скідвалі недаспелыя плады, а дзіркі ў іх сталі рабіць і жук, і жаба. Квецень парадзела, а з венчыкаў тачыўся смурод мёртвых мух і пчол, што памерлі там у каламутна-жоўтай атруце нектару і пылку. Маргуліс вынес адтуль свае борці. Дываны венчыкавых кветак змёў вецер. Зямля зрабілася голая. Час ад часу я зрываў апошнія плады, што яшчэ віселі між мёртвых галін, але іх смак і тэкстура нагадвалі мясныя катлеты. Уначы пугачы і тхары іх грызлі. Хутка сад дзеда сканаў і згніў цалкам.