За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
На дзедавым помніку Аўрагам выгравіраваў імя бацькі, даты нараджэння і смерці, і выгравіраваў на першым аліўным дрэве:
“Пекната алівы свежай”.
ТРЫЦЦАЦЬ СЁМЫ РАЗДЗЕЛ
У першую вясну пасля смерці дзеда магільны капец пачаў сыпацца і варушыцца. 3 зямлі выскачылі чырванаватыя жучкі з чорнымі кропачкамі на спіне. I сталі чакаць прыбыцця новых нябожчыкаў. Тыя з’явіліся — не запыліліся.
У Доме Вечнасці для Першапраходцаў вёўся глянц-парадак, у вёсцы ж панаваў гармідар. Паказацца на вочы “інстанцыям” я адмовіўся, Бускіла вярнуўся са слуханняў узбуджана-вясёлы, зачытваючы некалькі пасажаў (на яго думку, забаўных) з пратакола пасяджэння.
Сябра Ліберзон: Сябры! Амаль што год сябра Барух Шынгар хавае нябожчыкаў на тэрыторыі Міркінскай гаспадаркі. Без дазволу адпаведных інстанцый сябра Барух Шынгар закапаў там свайго дзеда. Паводле Барухавых словаў — на просьбу нябожчыка. Праз колькі месяцаў сябра Шынгар пахаваў Саламею Моцкіну, новую рэпатрыянтку з Савецкага Саюза, якая пражывала разам з сябрам Якавам Міркіным у яго апошнія дні. Пасля Шынгар пачаў хаваць там людзей за грошы і нават імпартаваць трупы іншаземцаў, якія колісь дэзерціравалі з Ізраіля.
Сябра Рылаў: За апошнія паўгода на гаспадарцы Міркіна пахавана як найменей пяцьдзясят галоў.
Адвакат Шапіра: Папрашу спадара Рылава выбіраць словы.
Сябра Рылаў: Мы не проста людзі. Мы з Камітэта! I гэты Камітэт патрабуе ад сябра Шынгара вызваліць магілы з гаспадаркі Міркіна і спыніць жудаснае прадпрыемства.
Адвакат Шапіра: 3 вашага дазволу... Гэта не прадпрыемства, гэта саматужная вытворчасць. Мой кліент атрымлівае
грашовае ўзнагароджанне за аказанне рытуальных і пахавальных паслуг усім ахвочым спажыўцам.
Бускіла: Мы нікога не прымушаем.
Сябра Рылаў: Ты, Бускіла, сціхні!
Сябра Ліберзон: Машаў мае могілкі на пагорку. Прыгожыя, годныя клады, абсаджаныя дрэвамі, яны глядзяць на Даліну і аддаленыя ад вёскі на пару кіламетраў, згодна з патрабаваннямі гігіены. Чаго няма ў Міркінскай гаспадарцы, дзе могілкі лепяцца да жылых дамоў.
Адвакат Шапіра: Паводле цыркуляра ведамства народнага здароўя ад 1940 года, з папраўкамі 1946 года, Міністэрства аховы здароўя мае права адмовіць у дазволе на адкрыццё новых могілак у выпадку, калі “ёсць небяспека, што а) меркаваныя могілкі пагражаюць забруджаннем рацэ, калодзежу або іншым водазберагальным рэсурсам, б) меркаваныя могілкі будуць стаяць бліжэй чым за сто метраў ад ужо ўзведзенага жылога дома. Усе могілкі трэба абкружыць плотам, агароджай або ўстойлівай сцяной увышкі як найменей паўтара метра”. Новыя могілкі ў абавязковым парадку трэба аснашчаць спраўным сцёкам вады. Мой кліент лічыць, што Дом Вечнасці для Першапраходцаў адпавядае ўсім гэтым умовам, што засведчыла і ўхваліла ўпаўнаважаная дзяржаўная камісія. А выдадзеную той камісіяй ліцэнзію я маю гонар прадэманстраваць шаноўнаму спадарству.
Сябра Ліберзон: Сябра Шынгар парушае Статут машава. Мы вярнуліся на родную зямлю, каб заснаваць сельскагаспадарчае паселішча, жыць з уласнага мазаля.
Адвакат Шапіра: Мой кліент ніякім чынам не дзейнічае насуперак духу і ідэалагічным падвалінам машава. У поўнай згодзе з апісанымі вышэй прынцыпамі мой кліент не бярэ наёмных працаўнікоў і ў абавязковым парадку, у поўнай адпаведнасці з законам, аддае ўсе свае даўгі перад грамадствам, у тым ліку падаткі. Дазвольце адно дадаць: мой кліент, вяртаючы габрэяў у іх родную зямлю і ствараючы
месца памяці аб першапраходцах, нясе гонар і пашану пасяленчаму руху.
Сябра Рылаў: Што ты вярзеш!
Адвакат Шапіра: Мой кліент зарабляе, ва ўсіх сэнсах гэтага слова, з зямлі. Працуе з уласнага мазаля і лічыць сябе земляробам. А пахавальныя работы паважае за аграрную галіну. Для капання, пасадкі, угнаення і арашэння ўжывае сельскагаспадарчыя прылады. Так бы мовіць, цешыцца працай сваіх рук. Пасадкі майго кліента даказалі сваю абгрунтаванасць як з эканамічнага аспекту, так і з земляробчага. Магілы, прашу заўважыць, трывушчыя перад пагрозай неўрадлівасці, навалаў грызуноў, шэрані ды разнастайных захворванняў. Да справы далучаю завізіраваны каштарыс, які даказвае, што сотка з магіламі дае прыбытку болып за любы іншы сельскагаспадарчы пасеў. Як у абсалютным вымярэнні, так і адносна выдаткаваных інвестыцый.
— Вось гэта іх і прыкончыла! — цешыўся Бускіла. — Прыбытак, сябра Шынгар, грошы, тое, што наша сельская гаспадарка прыносіць больш за іхнюю.
ТРЫЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ РАЗДЗЕЛ
Слава Пінэса пачалася з адкрыцця пячоры першабытнага чалавека.
— Вёска ды я былі яшчэ юныя, — сказаў ён мне.
Як усе яго вучні, я таксама ведаў тую пячору. Яна месцілася на ўскрайку пагорка з вясковымі кладамі, на скалістым схіле, які выходзіў на Даліну. Усе гады яе ўваход хаваўся паміж кактусавым зараснікам і горамі камення, якое пакінулі па сябе нямецкія пасяленцы. На пахаванні Фэйгі Пінэс заўважыў птушыную парачку — сыча і сычыху, якія са сну кланяліся і падалі ніц перад жалобнай працэсіяй, пазіраючы на людзей цікаўнымі шчылінамі залатых вачэй.
— “3 іхняй чары яна піла, іхні хлеб яна ела”, — сказаў Пінэс на яе свежай магіле. — “Ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй. Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах”.
Праз колькі дзён ён вярнуўся і агледзеў некалькі маленечкіх драпежных птушак, што звілі сабе гнёзды паміж каменных грудоў, а таксама серабрыстыя чэрапы мышэй-палёвак. На падлозе валяліся пагрызеныя конікавыя крылцы і земляныя камякі, сухія ды важкія. Смуродам падлы тхнула ад парачкі куранят, чыё белае апярэнне і злосныя сыканні навялі на думку, што гэта два карлікавыя хасіды.
— Я падышоў, стаў на карачкі і ўбачыў уваход.
Тады ён палічыў старажытную пячору прытулкам манахаў-пустэльнікаў. Ён абмінуў скалу, працерабіў сабе праход паміж кактусамі і прабраўся ў пячору.
Ад сценак тачыўся чужы выцвілы пах ссохлай гнілі, а таксама журбы застыглага часу. Плошча пячоры невялікая,
крэмніевыя прылады хаваліся пад слоем попелу і экскрэментаў. Глеба лёгка лушчылася, дастаткова паскрэбці пальцам. Калі Пінэс працягнуў здзіраць верхнія слаі, то знайшоў тую знакамітую лобную костку, дзякуючы якой сюды і прыбеглі ангельскія навукоўцы. Тыя зладзілі раскопкі і пастанавілі, што тут жыў “ізраільскі гома сапіенс”.
— Няма такой рэчы — “ізраільскі чалавек разумны”, — праз шмат гадоў зазначыў Пінэс. Пасля таго, як інсульт палепшыў яго здольнасці да самаіроніі і талерантнасці датычна такіх выбрыкаў, як выбрыкі Уры, а таксама стасоўна такіх нараканняў на жыццё, як нараканні Левіна.
Даследчыкі з Лондана знайшлі ў пячоры пяць чалавечых шкілетаў. Тры дарослыя, два — дзіцячыя.
— Я думаў пра цяпкі, якія стануць калупацца ўжо ў нашых магілах. Перад маімі вачыма мільгалі секачы, што рыліся ў Леінай магіле, адкрываючы зроку паміж матчынымі рабрынамі і сцёгнамі блакітныя костачкі дзвюх нявінных дзяўчатак-блізнючак.
Каменныя калуны, гіганцкая сцягновая костка буйвала, расшчэпленая па даўжыні, хрыбеткі раструшчанай хрыбціны насарожанят выразна казалі Пінэсу, што тут сяліліся не хлебапашцы, а паляўнічыя.
У ім прачнулася стоеная нянавісць. Назапашаныя наканечнікі стрэл, крэмніевыя лёзы, нізкія лобныя косткі, масіўныя надброўныя дугі — усе гэтыя дэталі нагадалі яму Рылава.
Пінэс выйшаў з пячоры, сеў на парозе і стаў сузіраць Даліну. Шырокую, урадлівую, што паслухмяна рассцілалася ля ягоных ног. Рэдкія баракі, маладыя вулкі і малыя дрэвы, падалося яму, нібыта слізгаюць па гісторыі гэтай прыціхлай зямлі, круцяцца і дрэйфуюць на яе слаях. Першыя крыжаванкі палёў падаліся яму чаргаваннем карунак і заплатак. Быў тады малады, і гэткі шалёны марш-кідок праз эпохі Даліны закруціў галаву.
У дэлегацыі археолагаў, якая прыбыла з Брытаніі, быў стары прафесар, што адразу сардэчна пасябраваў з Пінэсам, а таксама вясёлая хеўра студэнтаў-штыкляў у коркавых шаломах і спушчаных да азадка расклёшаных штанах. Яны дробна захіхікалі, калі той прадставіўся Yaakov Pines, Якаў Чэлес па-ангельску. Ангельскі прафесар ужо потым тактычна пацікавіўся, з якое прычыны той не памяняў імені.
— I я такі адказаў гэтаму прыязнаму гою, што Якаў — прыгожае габрэйскае імя.
Брытанцы паставілі вялікі намёт на пагорку і штодня куплялі ў вёсцы яйкі, малако і сыр. Абеды елі ў Рывы Маргуліс, за поўную аплату. Нагамі, у падцягнутых да самых калень шкарпэтках, яны барабанілі пад сталом. Уражана вагалі галовамі пры выглядзе крыштальных сервізаў на стале, засланым сібірскім карункавым абрусам, ды залатых абадочкаў на філіжанках.
— Усё гэта Рыве пазычыў Камітэт, але зрэшты тыя рэчы былі ейныя, — апавёў Пінэс і перайшоў на шэпт:
— 3 куфра, які прыбыў з Украіны...
Калі Пінэс апавядаў мне пра адкрыццё пячоры і брытанскіх археолагаў, знакаміты куфар збыткоўнасцяў ужо закапаўся пад тоўстым слоем пылу і забыцця.
“Ён стаў адной з першых перашкод на нашых шляху, якую мы з поспехам адмялі”.
Разам з вершыкам Аўрагама, навалай саранчы падчас Першай сусветнай і смерцю Леі Пінэс куфар пакоіўся ў зямлі Даліны, і да яго дакраналіся толькі гідраўлічныя плугі.
Пасля таго як Рыва выйшла замуж за Маргуліса, то даслала бацькам ліст. Апавяла пра мужа і яго вуллі. Апісала сваё захапленне ад цяжкай працы на зямлі. I далучыла свой фотаздымак — шчуплае дзяўчо з Ізраіля. У сукеначцы з грубай арабскай тканіны. Раскідвае на падворку курам корм і выцягвае з борці мёд.
— Калі яны ажаніліся, — працягвае Пінэс, — ніхто, нават сам Хаім Маргуліс, не быў у курсе, што нявеста — дачка самага багатага габрэя Украіны, Бейліна з Кіева.
Праз паўгода ў вёску прыбыў воз, запрэжаны трыма парамі быкоў. Шэсць казакаў і чатыры чаркесы, чые сёдлы ашчэрыліся вінчэстарнымі рулямі і бліскалі кінжаламі ў похвах, скакалі на нервовых коніках і зіркалі наўкола. 3 гіганцкага куфра, які ляжаў на возе, яны падаставалі мэблю з чорнага дрэва. Вытанчаныя, амаль празрыстыя на прасвет сервізы на дванаццаць персон, падушкі і ядвабныя пярыны, набіткаваныя гусінымі пёркамі, бухарскія дываны і блакітныя цюлі. Бацькі Рывы пад самым носам бальшавіцкай улады здолелі перабавіць кантрабандай даччын пасаг.
У той жа вечар члены Камітэта заўважылі нездаровы бляск у вачах некаторых жанчын, а ашалелая ад зайздрасці і ідэалагічных прынцыпаў Тоня Рылава запатрабавала склікаць сход.