• Газеты, часопісы і г.д.
  • За Сіняй Гарой  Мэір Шалеў

    За Сіняй Гарой

    Мэір Шалеў

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 485с.
    Мінск 2023
    112.51 МБ
    Пад загалоўкам “Зямля есць сваіх жыхароў” абазваў Пінэс даследчыкаў “ачарняльнікамі”, “ваўкамі ў авечай скуры” і падзяліўся ўласнымі ўспамінамі.
    “Падчас агледзін дзялкі пад вёску мы ўбачылі магілы немцаў, якія спрабавалі тут пасяліцца і памерлі ад ліхаманкі. Потым сустрэлі старога араба, які араў парай быкоў.
    У цябе ёсць схунэ, маеш ліхаманку? — запыталіся яго.
    — He, — адказаў ён нам. — Вы, калі прыедзеце, то будзе ў вас у вашай крыві, будзе вайна чатыры гады. Нешта-нейкае, што будзе змагацца з вамі. А як пройдуць гэтыя пяць гадоў і вы застаняцеся жывыя, то будзеце жыць.
    — Дзеці ў вас шмат паміраюць? — запыталіся яго.
    — Так, — адказаў. — Старыя жывуць, а дзяцей Алах забірае...
    Праз год ад трасцы памерла жонка, мая Лея. 3 ёю ва ўлонні — дзве ненароджаныя дачушкі. Бязвінныя блізнючкі, якія ніколі не бачыла дзённага святла. Сёння я прыгадваю свой грэх. Я хацеў забіць сябе, але сябры выцягнулі з маіх рук стрэльбу. Мая жонка і дочкі сталіся ахвярамі балот, якіх у Ізрээльскай даліне нібыта не існавала”.
    У вёсцы паўстала з мёртвых старая дыскусія аб стрэльбе.
    — Што ён там зноўку вярзе пра стрэльбу? — абурыўся Мешулам, якому артыкул Пінэса падаўся адцягваннем увагі другарадных дэталей ад барацьбы. — Стрэльбу ён узяць забыўся.
    — Рылаў выкінуў баёк, — сказаў Левін.
    — Тады цябе тут увогуле не было! — сказалі Левіну.
    — Рылаў ціскаўся з Леяй Пінэс, — сказала Рыва Маргуліс.
    — Прашмандоўка памерла не ад малярыі, а ад зваротнага тыфу, — дадала Тоня Рылава.
    — Хто трэба — ведае, хто не трэба — не, — Рылаў дастаў галаву з урынавай ямы, каб удыхнуць паветра, і вокамгненна даў нырца і з вока знік.
    САРАКАВЫ РАЗДЗЕЛ
    Калі артыкул апублікавалі, я расчуліўся. Упершыню бачыў я словы нашых гісторый, што разлягліся насупраць такой колькасці вачэй. Я зноў зірнуў на Сінюю Гару і стаў блукаць у пошуках ценю Шыфрыса, зялёнага вока Эфраіма і бляску рагоў Жана Вальжана. Шторазу, калі я выносіў на абмеркаванне гэтую тройцу, Уры мыў мяне здзекамі. У саркастычных лістах дакучаў пытаннямі, ці ж Эфраім ускіне на плечы таксама Шыфрыса або Шыфрыс узваліць Эфраіма разам з Жанам Вальжанам.
    Артыкул Пінэса ўзняў пэўную цікаўнасць у нашай вёсцы і сумежных паселішчах, аднак грамадскай буры, на якую спадзяваўся Пінэс, не ўзнялося.
    Мешулам, горкі, як лісток валошкі, выплюхнуў:
    — Я ж вам сказаў: трэба крокі, што скалануць усю краіну.
    Ён вярнуўся ў Барак Першых. Сеў паміж старадаўніх качалак для цеста, пральных дошак, закураных каганцоў, гліняных гаршкоў, сітаў і рашотаў, маслабоек, жорнаў ды газавых інкубатараў, і ў яго галаве завялася ідэя. Ён надумаў эксперыментальным чынам аднавіць балота, а таксама зладзіць працэс яго асушэння. 3 надзеяй, што людзі з усяго Ізраіля папрыязджаюць на гэтае відовішча глянуць.
    Далей на далей, ён з натугай выкапаў на падворку вялізную і пляскатую яму, запоўніўшы яе вадой.
    — Тут паўстане балота! — абвяшчаў ён усім, хто пытаўся.
    I паколькі зямля ў нас важкая, чорная і непратачальная, воды ў ёй стаялі некалькі дзён. Я схадзіў глянуць. Прыляцелі камары і стрыбаўкі і адклалі там яйкі. Аднаклеткавая раска пафарбавала яго ў хрэстаматыйны смарагдавы колер,
    і там сапраўды паўстала нешта кшталту багны. Мешулам з гучнымі спевамі спехам капаў вадацёчныя каналы і нават паўтыкаў колькі галінак эўкаліпту. Аднак суседзі не здолелі стрываць камарынага назаляння і квакання юрлівых жаб, ад якіх цяпер не было адбою. Людзі ўначы з вадзяной помпай, падключанай да трактарнага кардана, уварваліся на ягоны падворак, спусціўшы Мешуламу юшку і ваду.
    Тэму закранулі на агульным сходзе, Мешулам паведаміў, што гэта адно пачатак. I ў найбліжэйшыя дні прыкрыя лужыны выявіліся ў дужа нечаканых месцах, такіх як уезд у вёску, на газоне Дома сходаў, ля абеліска загінулым салдатам і ўрэшце — на тэрыторыі дзіцячага садка.
    Уначы я сачыў за ім і бачыў, як той цягне шланг ад школьнага пажарнага крана да падворку садка. А палове на восьмую раніцы, калі малыя прыйшлі ў групу, то высветлілася, што напорны шланг раскідаў пясок па падворку і пясочніца, якую шмат гадоў таму пабудавала “Шайка-лейка”, затопленая. У ёй стаяў Мешулам з закасанымі калашынамі без кашулі і чакаў збаўленчай трасцы. Валасы і грудзі злосна сівелі, цыганская касынка яго бацькі чырванела на чале. Каляровыя цацкі з пластыку плавалі ля яго сцёгнаў. Калі жоўтавалосыя дзеткі, ціўкаючы, як кураняткі, сталі прыходзіць у садок, я не на жарты спалохаўся. Ведаў, што гэта ўсё дурота і драбяза, але от хоць ты што — спалохаўся ўсё роўна.
    Нічога не здарылася. Дзеці, можа, і жахнуліся. Двое з іх сталі біцца ў істэрыцы, а сын Якубі некалькі месцаў пасля гэтага заікаўся, але анічога не здарылася. Нават Мешулама ў сэрцы балота не ўкусіў аніводзін трасцавы камар. Хіба раптоўны і здзеклівы вецер скінуў з сумежнага сасновага гаю ападкі вусеняў тутавага шаўкапрада на плячо, выклікаўшы сверб, які трывожыў Мешулама доўгі час.
    На тым жа тыдні паехалі ў госці да Уры. Ён цікавіўся, як справы ў Зайцэра, абазваў яго “дублёрам чалавека” і запы-
    таўся пра Пінэса, чый артыкул на правах рэкламы бачыў у газеце. Я апавёў пра новы выбрык Мешулама.
    — “Нарцыс, балотны ўладар”, — сказаў Уры, і мы абодва разрагаталіся.
    Рыўка сказала, што не бачыць асаблівай розніцы паміж балотам Мешулама і маімі могілкамі. Тут Уры раптам начапіў міну сур’ёзнасці і заявіў маці, маўляў, цяпер, з вышыні часу, ён выразна бачыць розніцу паміж працэсамі гніцця. Пакаяўся, што таксама меў да тых працэсаў дачыненне і што, маўляў, вёску яшчэ чакаюць неспадзяванкі.
    Мы вярнуліся дадому і сказалі, што пойдзем адпачываць. Моцная спёка разлілася на падворку. Каровы драмалі ў сваіх загарадках. Маторы лядоўняў у даільным памяшканні ціхенька зумкалі. Здаля пабачылі Зайцэра, які ляжаў пад смакоўніцай, яго галава была нечым прыкрытая. Спярша ніхто не звярнуў на гэта ўвагі, бо ў гарачыя дні Зайцэр почасту нахінаў галаву вялікай зялёнай прасцінкай. Аднак пакуль мы атрэсліся ад дрымоты, сонца стала хіліцца да далягляду і яго промні зайгралі сонечнымі зайчыкамі на зеленаватых цельцах мух. Аўрагам закрычаў нямым голасам і пабег да старога мула, бо таго зіхоткіх покрывам пакрылі мухі-падальшчыцы.
    Зайцэр яшчэ дыхаў. Яго рабрыны паволі ўздымаліся і апускаліся, і на зямлі побач з яго шыяй качаўся дзіўны ліпнючы шарык. Мінулася колькі секунд, перш чым мазгі асэнсавалі ўбачаную жуду, і ўсе зразумелі, што гэта не што іншае, як левае вока мула, якое выбілі з вачніцы каменем.
    Крывавая лужына, раскіданае каменне, знаёмыя сляды гумовікаў і адбіткі падкоў абмалявалі сцэну злачынства. Шлёма Левін скарыстаўся з нашай адсутнасці. Спёчнай парой, калі ўсе хаваліся па дамах, пракраўся на падворак. Стаў на бяспечнай адлегласці ад навязанага Зайцэра і пачаў абсыпаць таго каменнем, пакуль не выбіў мулу вока і тое не выцекла долу.
    Аўрагам выклікаў ветэрынара, наіўнага чалавека, які ніколі не апускаўся да разумення сутнасці зносін паміж
    селянінам і скацінай. Абодва сядзелі ля Зайцэра і абглядалі жудасную рану.
    — Цяжкая рана, а аслюк — надта стары, — пастанавіў ветэрынар — Трэба пусціць яму...
    — ...кроў? — здзівіўся Аўрагам.
    — Кулю ў лоб! — адказаў ветэрынар і ўзняўся з карачак.
    Аўрагам выгнаў ветэрынара з падворка. 3 шафкі для медыкаментаў кароўніка Прынёс шпрыц для кароў і сульфідыну. Прачысціў мулу вачніцу. Прадэзінфікаваў, і перавязаў, і запусціў у вены паўтара літра “Біякома”. Па ягонай шчацэ безупынку каціліся слёзы, але рука не здрыганулася. Тры ночы сядзеў ля Зайцэра, і калі расчараваўся ў звычайных леках, дык напаіў яго пасалоджаным нятлустым малаком і накарміў яго ячменнай кашай з макавай настойкай і рысавым шалупіннем. Папаіў з бутэлечкі для кармлення, з якой карміў аднадзённых цялятак, якія пакутавалі на смертаносную дызентэрыю.
    Але стары керхаў і канаў, не маючы змогі расплюшчыць адзінае вока. Урэшце выратавала яго дзедава “чорная мяшанка”, якую я захоўваў у бараку, у бляшанай пушцы. Аўрагам рызыкнуў і намазаў Зайцэру цэлую жменю ў глыбокай ссохлай вачніцы-адтуліне. Праз некалькі гадзін упарты дзядок вярнуўся да жыцця, а мой дзядзька, падхапіўшыся, пайшоў дадому спаць.
    Я назіраў за ім за камлём алівы — як ён крочыць з пахіленай галавой. Паветра цячэ і дрыгаціць вакол яго пахілай галавы, і начная лямпа кароўніка распырсквае ад яго ног цені.
    Я заўсёды любіў Аўрагама. Ён, можа, быў невялікі гаварылец, можа, ніколі не лашчыў мяне, але мне былі вядомыя маршруты яго спакутаванай душы. Да журбы, якую ўспадкаваў ад дзеда з бабуляй, дадаў свой імпэт. Гэтак я памятаю яго і цяпер, пасля таго як не бачыў шмат часу, — нахілены ля вялікай тушы Зайцэра, нахілены па-над цуркамі малочнай ракі, якая хвошча з-пад ягоных кароў. Пахаджвае па падвор-
    ку ў сіняй спяцоўцы і рудых чобатах. Яго пачварны лоб рассякае паветра доўгімі барознамі.
    Больпі мы Левіна каля нашага дома не бачылі.
    — Эфраім бы яго падстрэліў, — сказаў Ёсі, які прыехаў на першую пабыўку з войска і стаў рыхтаваць лютыя акцыі адплаты кшталту задушэння пры дапамозе коўдры, стральбы кулямі “дум-дум” у каленную рэпку і ўжытак мін з падскокам. Аўрагам просам прасіў, каб мы не хадзілі звесці рахункі і не апавядалі пра жудасны ўчынак ягонага дзядзькі. Аднак шыла ў меху не схаваеш. Той стары багамольны цырульнік, які абыходзіў паселішчы, — менавіта ён панёс пагалоску, і з усяе Даліны да Зайцэра пайшлі яго сябры.
    Былі яны ў вялікіх гадах. Апошнія з бацькоў-заснавальнікаў. У сваіх старарэжымных фуражках, у шэрых халатах і скарлючанымі ад раматусу і працы рукамі. Усе волас у волас — дзед. Шмат гадоў яны не збіраліся разам. Кожны з іх выгадваў для сябе абалонку-хованку. Пракідаліся сярод іх прыяцелі, якія не бачыліся ад вяселля Урыных бацькоў. Цяпер пахаджвалі па нашым падворку і пасля спусціліся да смакоўніцы. Пад іх нагой — узараная зямля, па-над галавой — высокае неба словаў. Людзі яны былі цяжкія, важкія, гэтак казалі ў нашай вёсцы, пакаленне тытанаў, старэйшыны племені. Я прыгадаў дзеда, яшчэ жывога і здзеклівага, і сказаў Пінэсу, што адвечнае процістаянне таго пакалення прывяло сяброў да яе найвышэйшай стадыі — да расшчаплення асобы.
    Пасля таго як старэйшыны адведалі Зайцэра, то пацягнуліся далей, выглядаючы як адна цэлая шэрая камлыга, у кірунку маіх могілак. Там старцы зладзілі помнікам сваіх сяброў інспекцыю. Панюхалі квецень дэкаратыўны дрэваў і ўмеркавана перакінуліся словам. Я стаяў наўзбоч, падысці не наважваўся.