За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
3 цягам дзён Эфраім стаў хадзіць з цяляткам на шпацыр па падворку і садзе. Штоночы вяртаўся да яго ад чысткі кароўніка, аглядаў, ці ж саламяная посцілка дастаткова мяккая і сухая і ці ж ніхто з драпежнікаў на яго не квапіцца. Пасля клаўся на ложак. Яго адзінае вока блішчала ў цемры, і cappa поўнілася шчасцем. Беньямін строіў кпіны і называў яго Мінатаўрам, але Эфраім не абражаўся, а казаў, што гэтае харашмянае цяля не бачыла яго да ранення, а знакам тым прымае яго такім, які ён ёсць.
Калі Жану Вальжану споўніўся месяц, мой дзядзька ўзваліў яго на плечы і выйшаў, упершыню пасля вяртання, на вуліцу.
— Іду паказаць яму вёску, — паведаміў ён сваім сіпатым голасам.
Да яго прыляцела колькі цікаўных позіркаў, але Эфраім пад прыкрыццём маскі на твары запярхекаў і сказаў, што ўсё роўна пакажа цяляці месца, дзе яно будзе гадавацца. “Нашу вёску”. Людзі, збянтэжана пасміхаючыся, пайшлі за ім. Лашчылі Жана Вальжана і мацалі яго зграбныя часткі цела. Некаторыя з іх прыязна заўсміхаліся Эфраіму і далі добры дзень, і ў яго сэрцы прачнулася надзея. Ён вырашыў, што яго адносіны пачнуцца з новага аркуша. I калі да яго прыйшоў Хаім Маргуліс і папрасіў яго дапамогі ў знішчэнні Булгакава, Эфраім з ахвотай пагадзіўся.
Булгакаў быўулюбёным катом Рывы Маргуліс, які здзічэў і ператварыўся ў заўзятага забойцу, біча-жываглота нашых палёў.
— Кот Маргуліса быў адным-адзіным зверам, які забіваў дзеля асалоды, а не дзеля наедка, — вяшчаў Пінэс, які ўвекавечыў згадкі пра Булгакава ў якасці асобнай тэмы на занятках па прыродазнаўстве.
— I ў гэтым выявіўся тлятворны ўплыў чалавека!
Пінэс патлумачыў, што гэтак здарылася, бо тое быў свойскі кот, які пераняў чалавечыя звычкі, “і лясная мараль яму была чужая”.
Быў Булгакаў “персам”. 3 даўгою срэбнай поўсцю, якая цешыла вока. Аднойчы з аўтобуса, які заязджаў у вёску раз на дзень, проста выскачыў гэты кот. I напрасткі пашыбаваў да гаспадаркі Маргуліса так, нібыта тут нарадзіўся і пражыў усё жыццё. Раскошны, увайшоў у хату і стаў церціся спаміж Рывіных лытак, і абое прымружылі вочы ад асалоды. Ніколі раней Рыва не бачыла такой прыгожай жывёліны. Булгакаў
без напругі заскочыў на стол, палізаў малако і ўважліва абгледзеў шэраг місаў, які вышнураваўся на стале. Потым Рыва клялася, што той уголас прачытаў налепленыя на іх цэтлікі: “Люцэрнавы мёд”, “Лугавы мёд”, “Памелавы мёд”.
Адшліфаваным кіпцюром госцік бомкнуў па місе “Сенакосны мёд”, маўляў, адчыніце. Калі кот скончыў мыць вусікі, то звіўся клубком у Рывы на каленях. Тая прыгадала пра куфар са сваім пасагам, які даслалі ёй бацькі з Кіева. Пра таўсматыя кілімы, якія забараніў слаць вясковы Камітэт і якія абмянялі на галандскіх кароў і кулямёты. Пра ліможскую парцаляну і штубенскія філіжанкі, якія разбіліся на жытніх палях ды чые аскабалкі паблісквалі кожную восень, калі падвойныя нажы плуга вынырвалі з-пад зямлі.
Дваццаць гадоў пасля таго, як разбіўся апошні кубачак, у дом да Маргулісаў завітаў персідскі кот. “Адзіны кот у Даліне, які адмовіўся піць малако з пенкай”. Рыва адчула, што яго таксама даслалі бацькі. Яна назвала яго Булгакаў, у гонар аднаго расійца, аматара катоў, з якім яна пазнаёмілася на літаратурнай вечарыне ў Кіеве.
— Ты можаш намазаць на мяне цэлы вулей, — сказала яна мужу. — Але гэты кот — мой. HE грамадскі! Ён не будзе араць і валачыць вазкоў. Ніхто яго даіць не будзе!
Яна аздобіла шыю Булгакава фіялетавымі стужачкамі, насыпала ў драўляную скрыню белага пясочку. Абед зграбная жывёла ўжо ела з усімі сямейнікамі за адным сталом.
Назаўтра Рыва Маргуліс узяла ката з сабой у вясковую краму.
— Рыва, ты робіш памылку! — сказала ёй Фаня Ліберзон, якая згледзела на кацінай пысе выраз агіды, што строіла жывёліна, пазіраючы на нішчымны асартымент крамных паліц.
— Гэты кот не з нашых. Або яму будзе кепска, або нам.
Але Рыва палашчыла Булгакава і адчула, як мяккая поўсць пяшчотна кладзецца ў звіліны яе далоні і як ператвараецца
запыленая пуня яе мужа ва ўкраінскі хутар, аплецены залатым плюшчом.
Маргуліс не пярэчыў. Сказаў:
— Адно хай не набліжаецца да вуллёў! I не палюе на маіх італьянак.
Рыва мела пункцік наконт чысціні, але Булгакаў зрабіўся адзіным сямейнікам, якому Рыва дазволіла пахаджваць па зачыненых пакоях і лазіць па зачахлёнай мэблі. Калі кот качаўся ў покрывах для канапы, драбкі пылу асядалі або знікалі, а ў паветры разліваўся далікатны водар змяшаных са смятанай лясных ягад і чулася нетаропкае сованне служанак і пакаёвак.
Ён не набліжаўся да вуллёў. Ніколі не хадзіў у свіран, каб паляваць на мышэй. He лазіў на дрэвы. Калі на яго нападаў адзін з рылаўскіх сабак, не ўцякаў, а падымаў магутную лапу на свайго ворага так, нібыта вывучаў яго. Зрэшты, выстрэльваў наточанымі кіпцюрамі, адзін за адным, як вострымі перунамі.
Гэтак жыў ён гады тры, пакуль адной ноччу, падчас шпацыру па нівах з заўсёдным панскім выразам на пысе, не апынуўся ў зарасніку ля крыніцы і не сустрэў там чаротавых катоў, пугачоў і мангустаў. Ніхто не ведае, што там дакладна адбылося, але стуль булгакаўскі лад жыцця і манеры змяніліся дазвання. Спярша ён набыў сіпата-грымотны тэмбр завугольных хуліганаў. Пасля страціў прыстойныя манеры, зрабіўся агрэсіўным нецярпякам.
Змены бачылі ўсе, але ніхто не прадбачыў далейшых падзей. Як зазвычай у нашай вёсцы, слушна расшыфраваць схаваных знакаў не змаглі. Праўда, у нас ужо бачылі сабак, што скавыталі на пару з шакаламі. Вяскоўцаў, якія перабраліся ў вялікі горад. Уцёклых цялят, што спрабавалі далучыцца да статка дзікіх буйвалаў.
— Канец канцоў паштовая галубка Рылава звіла гняздо ля звычайных шызых галубоў на схіле гары. Там ёй і раскрылася ўся праўда жыцця, — кажа Уры.
Аднак ніхто не чакаў, што тое самае прылучыцца з Булгакавым.
Яго поўсць скарацілася да кароткай фрызуры бандзюка. Ён адгадаваў чорныя кутасікі на вушах накшталт рысіных. Зрэшты, даў з дому драпака. Стаў жыць у палях, пакінуўшы збянтэжанага Маргуліса і раз’ятраную Рыву. Тая пайшла Булгакава шукаць, рассыпала ў палях “кіеўскія смакоткі”, яго ўлюбёныя ірыскі, а таксама купкі чыстага пяску — але дзе там! Час ад часу Рыва бачыла свайго гадаванца — мінае як цень спаміж дрэваў пладовага саду. Аднойчы яна пабегла за ім, упрошваючы вярнуцца. Але Булгакаў павярнуўся да гаспадыні, пагрозліва выцягнуў губкі і фыркнуў. Смурод страўнікавых кіслот і гнілога мяса, што вырваўся з ягонай глыткі, агаломшыў Рыву. Яна вярнулася дадому ў слязах і ноч навылёт паліравала дзвярныя клямкі пастай для бляску і цытрынавай рошчынай.
Ад прагі наўмыснага забойства пакінуў Булгакаў у вясковых куратніках сотні трупікаў з перарэзаным горлам і заплямленых у крыві. Як усе неафіты, кот усімі лапамі трымаўся за новыя законы свайго жыцця. Наганяў такі страх, ажно куры, якія пры любой самай нязначнай небяспецы падымалі моцны гвалт, цяперака — калі Булгакаў паказваў сваю зграбную пыску праз сетку куратніка — дранцвелі ад жуды.
Булгакаў знішчаў анконскіх цыпак цэлымі дварамі. А ў гаспадарцы былых гаспадароў ён забіваў больш, чым у якіх іншых гаспадарках. Без сумневу, наўмысна.
Вяскоўцы ставілі яму пасткі і ладзілі засады. Дзе там! Нават запрасілі паляўнічага-друзі з Сіняй Гары. Аднак д’ябал у абліччы ката скочыў тому на шыю і парваў шапачку і кашулю. Друзі вярнуўся дадому-дахаты змрочны і забожканы.
У роспачы пастанавіў Маргуліс звярнуцца да Рылава. Той выпісаў з Галілеі двух старых байцоў габрэйскай самаабароны. Але кот не ўразіўся іх бедуінскім накідкам, ботам са шпорамі, маўзерам і сакрэтнымі пазыўнымі, якія тыя сталі
перакідвацца ў яго прысутнасці. Быў ён спрытны і кемны. Ведаючы людскія звычкі, не паквапіўся на атручанае мяса. Прашмыгнуў праз пастку бязгучны, як аблачына.
— Я проста ўпэўнены, што адна з курэй ад перапуду сама адчыняе яму дзверы ў куратнік! — сказаў Маргуліс дзеду і Эфраіму.
Эфраім прынёс ад брытанцаў вінтоўку і адну кулю. На захадзе сонца пайшоў і стаіўся ў стозе ў свірне Маргуліса. У маіх уяўленнях я бачу адзінае вока Эфраіма, што цікуе паміж шчылін бортніцкай сеткі і асця.
Калі заявіўся Булгакаў, то Эфраім выскачыў з хованкі і пакрочыў на сваіх бясшумных нагах шчыльна за заднімі лапамі ката, усміхаючыся пад пчалярскай маскай сам сабе.
Маргуліс і дзед схаваліся ў майстэрні. “Вызірнулі з акна і ўбачылі драпежніка і паляўнічага на яго, што ішоў следам, як два моўкныя цені”. Тры зялёныя кропкі, дзве нізкія і адна высокая, зіхцелі ў цемры. Перад парогам у інкубатар Эфраім загадаў кату: “Hands up!”
Булгакаў застыў.
“He ад страху, а ад здзіўлення”, — тлумачыць дзед.
Кутасікі на яго вушах сталі дубарам, і ён павярнуўся паглядзець, хто гэта такі спрытны, які здолеў загнаць яго ў кут. Эфраім зняў маску з твару, і каціны рот раскрыўся ад гідлівасці. У гэты разяўлены рот Эфраім і смальнуў свінцовую кулю, з якой яшчэ раней зрэзаў медную абалонку. У чэрапе Булгакава вастрадзюбая куля расшчапілася і размятала мазгі на драбнюткія шматкі, якія на зямлі і сценках яшчэ клекаталі ад назапашанай зламыснасці і паскудніцтва.
— Цяпер мы зраўняліся ў выродлівасці, — прамовіў Эфраім раструшчанай поскудзі, чыё цельца безупынку дрыгацела і сцякала згуслымі атрутамі. Сказаўшы, ён вярнуўся ў свой пакой.
ДВАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
т.ас ад часу ў мяне спыняецца нехта з вёскі. Галодны салдат па дарозе дамоў, у Даліну. Бухгалтар або загадчык аддзела, якога прывялі ў прыморскія гарады пільныя справы.
Яны пахаджваюць па вялікімі доме. Ашаломленыя, выходзяць на газон глянуць на пляж і купальшчыц. Хто маладзейшы, сарамліва просіць пазычыць плаўкі, якіх у мяне няма, а хто старэйшы, застывае перад даляглядам, пераводзіць вочы на жываплот або апускае іх на зямлю, прагнучы даць вачам адпачынак сузіраннем слупоў і агароджаў, сярод якіх ён рос.
Маё сэрца ўжо не адгукаецца на мора. Я больш не чую марскога гадзінніка, толькі зрэдку, калі адмыслова хачу яго пачуць. Выгляд хваль таксама перастаў гіпнатызаваць мяне. Ад такое блізіні мора страціла свой стоены вусціш. Выглядае далікатным і лянотным, песціцца і перакочваецца на сонцы, нават зімовымі днямі, калі робіцца попельным і ўсхваляваным, а дождж выдзёўбвае на ім дробныя ранкі, падаецца, што яно гарэзіць. Я ў ім плаваю, і яно мяне не страшыць.