За Сіняй Гарой
Мэір Шалеў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 485с.
Мінск 2023
— А карову ты атрымаеш праз два месяцы!
“Пальмах" — падпольная арганізацыя габрэяў у Зямлі Ізраіля падчас брытанскага панавання, папярэдніца Войска Абароны Ізраіля.
ВАСЯМНАЦЦАТЫ РАЗДЗЕЛ
1 этаксама, як мой дзед, я п’ю гарбату, высмоктваючы з горкае алівы акавіту. Ссу сіламоц з заціснутага ў пальцах кубіка цукру. Гэтаксама, як ён, стаю я і гляджу з-пад далані. Выглядаю Эфраіма і Жана Вальжана, якія могуць вернуцца штохвіліны. I Шыфрыса. 3 даху свайго вялікага дома я назіраю аблічча мора і бачу белыя чаўны, якія скачуць на хвалях, грабянцы, запхнутыя за плаўкі на сцёгнах худых мужчын, мускулістых жанчын, што стаяць на дошках, кіруючы на адлегласці сцёгнамі ветразь, іх кароткія меліраваныя валасы тапырацца пад узвевамі ветру.
Аднойчы ўздыбленая хваля кінула адну з серфінгістак на ўзбярэжныя скалы. Я адклаў бінокль, пабег да яе. Узваліў яе на адно плячо, дошку і ветразь ухапіў у руку і вынес жанчыну на пясок. Там і пакінуў яе ляжаць. Па каторым часе з даху сваёй вілы я бачыў, як яна падымаецца, ашаломлена азіраецца, узіраецца на крывавыя плямы і ланцужок маіх слядоў, што застаўся на пяску.
Гэтаксама стаяў мой дзед на страсе пуні. Гэтак стаяў на верандзе дома састарэлых. Стаяў і пазіраў на Даліну. Чакаў вяртання сына.
Дом састарэлых знаходзіўся за васямнаццаць кіламетраў ад вёскі. Навісаў над усімі ваколіцамі. Раз на два дні я хадзіў туды, шыбуючы напрасткі праз палеткі, гнеўна праглынуўшы адлегласць за тры гадзіны, прыносячы дзядулі з кароўніка бітончык з малаком.
Дзядзька Аўрагам казаў:
— Пачакай, Барух, пару хвілін, каб было малако з-пад добрай каровы.
I я тымчасам цягнуў у куты цяжкія мяхі з кампостам. Падымаў і заліваў поўныя бітоны малака, пхаючы пакорлівых цялят у загоны перавозкі.
Mae кузэны, Ёсі і Уры, увіхаліся ля кароў. Ёсі, змрочны як бацька, умелы і спрытны ў працы. Ягоны стэпавы сокалпустальга сядзеў на плячы або ашываўся вакол яго, як сабака. Уры, які ў апошні час знікаў па начох, падымаўся раніцай з цяжкасцю.
— Ён ходзіць да нейкай юрлівіцы, — абураўся Аўрагам, але запанібрацкі лашчыў сынаву патыліцу.
Уры, гэтак казаў дзед, падобны да Эфраіма, але далікатнейшы і большы дзівак. Падобны да яго са стану, а таксама рысамі твару — такі ж хударлявы. Неверагодна прыгожы авал с вострымі скуламі. Дзед пазіраў на ўнука, і ўваччу знешнасць мянялася, Уры рабіўся яго зніклым сынам, застыглым у кроплі бурштыну.
“Дзеці. Суплёт пярлін, доўгія пацеркі насення”, — напісаў на цыдулцы, якую я знайшоў пасля таго, як ён з’ехаў у дом састарэлых.
Перад вандроўкай я абгортваў алюмініевы бітончык у радно і апускаў яго ў ваду, каб малако не нагрэлася і не скісла, гэтаксама я рабіў па дарозе, мінаючы сістэмы аўтаматычнага палівання.
Калі я выйшаў, паветра было сцюдзёнае, біткое, а на лістоце яшчэ ляжала раса. У ярах разлілося тумановае мора, і Сіняя Гара вызірала па-над гэтай гладзізнай, нібыта блакітная выспа. Сонца, што пачала караскацца і ўздымацца, сонца Зямлі Ізраіля, якое хацела забіць дзеда і яго брата ў пяць пятнаццаць раніцы, церабіла шлях сярод белых пялюшак туману. Пялюшкі сцяліліся па-над нівамі, як коўдра, дыбіліся і выпараліся ад цяплыні. Пакрысе Даліна аслабанілася ад мяккіх шалупаек ночы. Па каторым часе нагрэўся нават пыл. Мокрыя ступакі высахлі.
Я заўсёды выпраўляўся басанож. Сандалі боўталіся на шыі. Пяткі тапталі дарожны грунт. Асалода ад далікатнай цяплосці пылу, які колы вазоў і каваныя падковы быдла перамалолі ў шэрую муку, змяілася паміж пальцамі ног. Здараецца, я выходжу на пляж, які насупраць маёй вілы. Выпраўляюся на шпацыр па пяску, але ягоныя пясчынкі вострыя і грубыя, зусім не такія, як лагодны парашок пуцявін майго юнацтва, калі я ішоў да дзеда.
Зелянюшкі скакалі на хмызовы жываплот, што цягнуўся абапал сцежкі. Пырхаючы ў паветры, пустальгі парамі песціліся і лашчыліся з пранізлівым ціўканнем. I пад берасцянкамі-самцамі выпуджаная стайка берасцянак-саміц шмыгала ў паветры, нібыта жоўтая аблачына, а іх здзіўленае ціўканне вырывалася з іх важкіх кароткіх дзюбак.
“Паводле дзюбы пазнаеш птушку. У берасцянкі дзюба важкая і маленькая, прыстасаваная для лушчання зярнят. У сокала-пустальгі дзюба скрыўленая і вострая, прыстасаваная для раздзірання плоці”.
Адным ранкам Пінэс павёў нас да эўкаліптавага ўзлеску. Там валялася мёртвая туша каровы. За дзень да гэтага яе прыцягнулі на ланцугу, прывязаную да трактара. Жывот надзьмуўся, а рогі аралі пыл.
— “Асліным пахаваннем карова гэтая будзе пахаваная: выцягнуць яе і кінуць далёка за брамы Ерусаліма”, — са скрухай працытаваў Пінэс, загадаўшы нам захоўваць маўчанне і назіраць. Вакол яе згрудзілася купка арлоў. Іх лысыя галовы, іх цяжкі позірк і маршчыністыя шыі былі знаёмыя мне і выклікалі прыязнасць. Сваімі прыстасаванымі для драння дзюбамі яны разарвалі жывот каровы, і іх белыя бяспёрыя шыі залезлі ёй у лантух.
— Нездарма мы заклікалі сюды арла, — патлумачыў Пінэс і папярэдзіў нас, каб мы не блыталі арла з каршуном, як тое ўласціва невукам.
Пінэс апавёў нам пра дзюбы зяблікаў, якія даследаваў на Галапагосах Дарвін, “невялічкая адасобленая зграя пту-
шак, якіх эвалюцыя абдарыла разнастайнымі дзюбамі, прыстасаванымі для розных відаў харчу. Гэтак зяблікі падзяліліся на некалькі падвідаў. Прызвычаіліся да новых крыніц ежы, а іх існаванне працягнулася”.
3 гэтага месца настаўнік адчаліў у воды настаўленняў і маралі, вывеўшы з зяблікавых дзюб Дарвіна да пераваг фермы са змяшанай спецыялізацыяй.
— Сад і кароўнік, птушнік і гарод. “Трымайся за адно, але не адымай рукі ад другога”, — працытаваў ён Эклезіяста.
Раз-пораз мае крокі выпуджвалі саміцу жаўрука з яек, і яна скакала перада мной і качалася, удаючы кульгавую, пэцкаючы сабе грудзі ў пыле, абы адцягнуць мяне і ад гнязда, і ад яек. Зялёная яшчарка корпаецца ў пыле, пакідаючы на ім дробныя клінапісныя нататкі. Высока лыпаючы крыламі, узлятае курапатва. Знянацку перабягае дарогу мангуст. Гэты даўгацелы зламыснік звіваецца ўсё роўна як паўзун. Часам падасца — змяя дый годзе.
— Нават калі ўхопіць птушанятка або яйка, вужака — сябар селяніна. Бо нішчыць мышэй. Як убачыш яго, адыдзіся са сцежкі і дай яму дарогу.
Сяляне, якія ўжо выйшлі на палі, пазнавалі мяне паводле натужлівай хады і малочнага бітона, які я нёс. Усміхаліся мне, былі нават такія, хто прапаноўваў падвезці на возе.
3 асцярогай я перайшоў пашу суседняга кібуца. 3-за дрэва выйшаў мужчына з кошыкам у руках, мусіць, аднагодка Аўрагама. Я на імгненне сцяўся. Процьма гадоў мінула з часу, як Ліберзон скраў Фаню з кібуцнага вінаградніку, аднак напруга ў адносінах з кібуцнікамі не знікла. Наступныя пакаленні ўжо не ведалі першапачатковай гісторыі. Струмень часу і плаціна памяці, ідэалагічныя разыходжанні і чаргаванне сезонаў пафарбавалі залёты і жарты Ліберзона ў змрочныя тоны расколу. Непрыязь паміж кібуцам і машавам працягвала буяць. Пускала парасткі на ўсе бакі, чапляючыся за перголы варажнечы. Час ад часу бюджэты
блакаваліся, шпурляліся камяні, “ліхтары” на ўзлаваных тварах свяціліся, перуны смалялі туды і сюды, лунаючы па-над цяснінай.
Нейкі самотнік, памуляўшыся, падышоў да мяне, вочы долу, нібыта шукае паколатую падкову.
— Ты ідзеш у дом састарэлых? Ты ўнук Міркіна? Мой бацька шмат пра яго апавядаў.
Далікатным прысаромленым рухам ён перадаў мне кош.
— Вазьмі, прашу! Перадай гэта Зээву Акерману, з пятай палаты. Ён сябар твайго дзеда.
Усе былі сябрамі дзеда. Усіх іх я пахаваў побач з ім. Сёння, калі мая памяць не здраджвае, Зээў Акерман пахаваны ў шостым шэрагу, магіла нумар сямнаццаць.
У кашы былі загорнутыя пірог і плады японскай мушмулы неверагодных памераў, увелькі з каштэль.
— 3 нашага дрэва. Захочаш — вазьмі сабе адну мушмулу, але ж толькі адну!
У дзевяць дваццаць, ступіўшы на газон і абуўшы сандалі, я заходзіў у дом састарэлых.
— Прыйшоў унучык Міркіна! — паведамлялі дзяды, якія заўсёды сядзелі на ўваходзе, у роспачы чакаючы наведнікаў.
— Малака свайму дзядулі прынёс. Добры ўнучак.
Яны лагодна пазіралі на мяне. Некаторыя падобныя да дзеда так, нібыта іх вылілі з адной формы. Іншыя пераехалі сюды з горада. Тыя былі шэрыя і празрыстыя, як скуркі яшчарак, якія я збіраў на палях. Кволыя і самавітыя, як Шлёма Левін. Дзесяцігоддзі абы-якога харчавання, “ідэалагічная імпатэнцыя і адасабленне ад прыроды" пакінулі на іх свой адбітак.
Па першым часе, калі дом састарэлых толькі пабудавалі, ён прызначаўся выключна для нашых старых, з машава і кібуца. Яны прыехалі туды, сабралі сход, кінулі пруткі для вязання і дэталькі для дзіцячага канструктара ў твар рэабілітацыйным тэрапеўткам. Потым выйшлі ў пекны сад
з дэкаратыўнымі раслінамі. Цяжкімі дрыготкімі рукамі выдралі кусты жоўтай ружы і блакіт вушкападобнага свінцоўніку. Пасля пасеялі там грады з бураком, перцамі, капустай і зялёнай цыбуляй. 3 песнямі асушылі басейн з залатымі рыбкамі, а ваду пусцілі на арашэнне.
— Для поўнага камплекта не ставала толькі двух першапраходцаў-самагубцаў, — сказаў дзед. — У нас яшчэ не навучыліся даглядаць дзядоў.
— Старасць першапраходцаў сталася сюрпрызам, — апавядаў колькі гадоў пасля Ліберзон, калі Фаня памерла, а яго самога, сляпога і ўзлаванага, прывезлі ў дом састарэлых.
— Калі скалы месіянства і здзяйсненняў разбіліся на друзачкі кальцынозу, катаракты і артрыту, усіх гэта проста агаломшыла.
Я зайшоў у сталоўку, дзе майго прыходу чакаў дзед. Стаў перад ім. Усе дзяды ўперылі ў мяне зайздрослівыя вочы. Дзед усцешана палашчыў маю буйнавалосую галаву.
— Дабрыдзень, Саламея! — павітаўся я з жанчынай, што сядзела поплеч.
Нездароўчая, мажная і пахілая кабета. 3 сівымі валасамі і акулярамі для чытання. Яна ўсміхнулася мне, а я апусціў вочы.
Аднойчы я прыйшоў, але дзеда ў сталоўцы не было. Я зайшоў праз сад, зазірнуць у акно ягонай палаты. На ложку ляжала Саламея. Сукенка задраная да самага азызлага жывата. Дзед укленчыў на дыване, яго лысая галава тыцкаецца ў плоць паміж яе ног. Саламея размаўляла тымі ж рыхлымі і голаснымі гукамі той мовы, якую Пінэс не схацеў перакладаць. Я пакінуў малако ля дзвярэй.
Урэшце дзед прыйшоў шукаць мяне на лужок. Калі ён даваў мне буську, з яго губ тхнула гнілым балотам.
Я паставіў збан на стол. Адчыніў накрыўку і наліў дзеду кубак малака. Азіраючыся па баках, з гонарам прамовіў: